Арганізм рэагуе на басы і біты

№ 21 (839) 24.05.2008 - 30.05.2008 г

Да тэмы ўплыву дыскатэк на самыя розныя аспекты сучаснай маладзёжнай маскультуры “К” звярталася не аднойчы. І пасля аднаго з такіх матэрыялаў — артыкула “Дэнс, дэнс, дэнс, альбо Прафесія — DJ” Рамана Альшэўскага ў № 5 за 2006 год — да нас у рэдакцыю з лістом звярнулася Ірына Новік, дырэктар Вілейскага дома культуры, якая на нашых старонках падзялілася ўласным досведам у галіне дыскатэчнай працы з моладдзю…

Але на гэтым гісторыя не скончылася: Ірына Генадзьеўна звязалася з рэспандэнтам нашай газеты — загадчыкам кафедры менеджменту сацыяльна-культурнай дзейнасці БДУКіМ Аленай Макаравай і прапанавала пакласці свой практычны досвед у аснову магістэрскай працы. І вось у лютым гэтага года на базе Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтваў магістэрская дысертацыя Ірыны Новік пад назвай “Выхаваўчы патэнцыял дыскатэкі як формы арганізацыі маладзёжнага вольнага часу” была паспяхова абаронена, стаўшы на сённяшні дзень у нашай краіне ці не самым грунтоўным навукова-практычным даследаваннем па гэтай тэматыцы.

Мы шмат гаворым пра выхаваўча-развіваючае значэнне дыскатэк. Але ж любы інструмент, а такі магутны, як музыка, — асабліва, мусіць трапляць у рукі людзей высокапрафесійных, тых, хто можа ўлічваць як станоўчыя фактары падобнай дзейнасці, так і негатыўныя, адмоўныя моманты. Менавіта таму мы і прыводзім невялікую цытату з работы Ірыны Новік, каб даць магчымасць задумацца: дыскатэка — гэта не толькі “рух пад музыку”.

“Сёння назапашана нямала звестак пра адмоўны ўплыў некаторых фактараў рок- і тэхна-музыкі на маладзёжную аўдыторыю. Вядома, што на дыскатэках — любімым месцы баўлення вольнага часу сучаснай моладзі — выкарыстоўваецца магутная гукавая апаратура. Шляхам звышгучнасці музыка інтэнсіфікуе працэс тармажэння коркавых рэакцый на прынцыпе ап’яняючага эфекту. Дынаміка і рытм уплываюць на дыханне, пульс, крывяны ціск, супраціўляльнасць скуры і мазгавую электрычную актыўнасць. Пры дысанансах і дысгармоніях, як і пры музычным тэмпе на метраноме — 120 удараў у хвіліну, адбываецца звужэнне зрэнак і кантрактура сасудаў.

Асабліва падкрэсліваецца той факт, што працягласць аднастайнага рытму замінае мазгавой дзейнасці слухача і ўзмацняе эмацыяналізацыю, якая, нічым не затарможаная, можа прывесці да афекту і агрэсіўнасці. Занадта моцная гучнасць пры аднолькавым рытме на працягу доўгага часу ўзмацняе ўзбуджэнне. У аснове многіх музычных твораў утрымліваецца інтэнсіўна ўзрастаючая роля барабанаў, а таксама фазы ўдарных інструментаў. Яны, як акустычна экзальтаваныя шумы з няпэўнай танальнасцю і інтэрваламі, з доўгатэрміновай накіраванасцю і рэзкай дысгармоніяй, вядуць да звышгучнасці і да фаз узбуджэння і неўрознасці. Празмерны гук з’яўляецца прычынай стомленасці, аслаблення памяці і ўвагі. Павышаецца ўзбудлівасць, што ахоплівае пачуццёвасць успрыняцця і адмоўна ўплывае на эмацыянальна-эстэтычную сферу.

Інфрагук, што прадукуецца басасістэмай, спараджае вібрацыю, якая лакалізуецца галоўным чынам у эрагенных зонах. Асцінатнасць рэжыму, адвольнае спалучэнне гукаў выклікаюць напружанне; імітацыя завываючай сірэны выклікае стан адмоўнай індукцыі. Паказчыкі тэстаў фіксуюць затарможанасць функцый мыслення ў большасці абследуемых.

Празмерная эмацыянальная ўзбудлівасць не паддаецца валявому кантролю свядомасці, пры гэтым эстэтычныя перажыванні падаўляюцца, узнікае стан псіхалагічнага дыскамфорту. Калі ж эмацыянальны водгук не выводзіцца на ўзровень эстэтычных пачуццяў, то ўспрыняцце носіць рэфлексіўны характар, рэакцыя на музыку адвольная. Вызначаны таксама негатыўны ўплыў нізкіх і высокіх частот ультрагукавых і інфрагукавых ваганняў, дасягнутых электронным шляхам, якія не ўспрымаюцца слыхам, аднак выклікаюць вібрацыю падкоркавых зон мозгу, дэзарганізуюць коркава-падкоркавыя ўзаемадзеянні. Пад уплывам нарастаючай рытмічнай, тэмпавай, дынамічнай магутнасці ўзнікае пераўзбуджэнне нервовай сістэмы, якое праяўляецца ў некантралюемых эмоцыях, што адсоўваюць арганізаваную свядомасць на другое месца. Можна канстатаваць: істотна на дынаміку псіхічнага стану ўплывае сам змест і форма музычных твораў.

Такім чынам, устаноўлена прамое ўздзеянне музыкі на многія працэсы, што працякаюць у арганізме. Псіхафізіялагічныя праявы адбываюцца ў сенсорнай, вегетатыўнай, інтэлектуальнай сферах, на аснове якіх адбываюцца і асобасныя змены”.