Праверка “лайкаў” на трываласць

№ 14 (1297) 08.04.2017 - 14.04.2017 г

Як народнае фундатарства не стала “халастым стрэлам”
Фатограф Валерый ВЯДРЭНКА стаў першым, хто выдаў аўтарскі фотаальбом, сродкі якога на дзве траціны належаць тым, каму творчасць і ідэя майстра неабыякавая. Таму падчас сустрэчы фатограф распавёў карэспандэнту “К”, калі “лайкі” ў “Фэйсбуку” — не проста “націсканне на кнопку”, але і “зваротная рэакцыя”, а таксама абазначыў некаторыя праблемныя моманты нашай спадчыны на прыкладзе Лошыцы.

/i/content/pi/cult/632/14042/6-1.jpgАльбом патрэбен, бо…

— У нашай краіне спачатку робяць выставы, і толькі пасля фатограф, магчыма, здолее выдаць альбом. На Захадзе, напрыклад, зусім іншая практыка. Там творца напрацоўвае матэрыял, шукае выдавецтва, і калі апошняму падабаецца — выдаецца альбом, а затым робіцца выстава, якая становіцца фонам для прэзентацыі друкаванага выдання. Мой літоўскі знаёмы неяк сказаў, што ў яго ажно 35 альбомаў! “Дык гэта ж нармальна. Я ведаю людзей, у якіх і 50 альбомаў ёсць. А як інакш? Куды мне з гэтымі фотаздымкамі?” Над выданнем альбома задумаўся і я. Мне падаецца, калі зроблена толькі выстава, то няма завершанасці. Быццам бы кропка не пастаўлена…

У адрозненне ад мастака, фатограф мае патрэбу ў альбомах. Мастак можа ўсё жыццё пісаць карціны, а потым выдаць 2-3 фаліянты як вынік творчай дзейнасці. У чалавека ж з камерай больш матэрыялу, і выстава для яго — умоўны фармат. І яшчэ адно: фатаграфія ў альбоме выглядае больш натуральна, чым жывапіс, бо карціны ў ім — рэпрадукцыі, а здымак, няхай ён нават дзесьці і “гуляе” па тоне, усё роўна ім і застаецца.

Фотаздымкі ў “Лошыцкім дыярыушы” размешчаны ў храналагічнай паслядоўнасці, і мне хочацца, каб ён успрымаўся як фотааповесць. На якую аўдыторыю разлічаны альбом? Арыентаваўся на тых, хто шчыра цікавіцца нашай гісторыяй і спадчынай. Бо, мяркуючы па маёй персанальнай выставе, альбом — не рэкламны буклет, а падстава для разваг. Спачатку хацеў выдаць 100 асобнікаў — для сябе і сяброў. Прадстаўнікі краўдфандынгавай платформы “Талака” сказалі, што гэта “пусты” варыянт, халасты стрэл, бо частка пойдзе ў бібліятэкі, а астатняе раздам. Таму тыраж атрымаўся ў 300 экзэмпляраў, і ён абмежаваны. У нейкай ступені ў гэтым ёсць свая ўнікальнасць. Зараз на руках у мяне засталося 250 асобнікаў (астатнія накіраваны ў бібліятэкі), з якіх 100 раздаў па падпісцы (дасылаў у Расію, Нарвегію, Ірландыю), а астатнія будуць пакрысе знаходзіць сваіх гаспадароў. У мяне няма мэты адразу прадаць наклад: няхай паступова яго набываюць… І хачу, каб у мяне пыталі не “Колькі каштуе ваш альбом?”, а “Ці ёсць яшчэ “Лошыцкі дыярыуш”?”

Выпрабаванне “Фэйсбука”

— На мой погляд, сайт Талака.by перагружаны рознай інфармацыяй, але платформа маладая, таму ёсць над чым працаваць. Чаму так мяркую? Па-першае, дзесьці 20 % людзей, якія хацелі ўнесці свой уклад на выданне альбома, страцілі жаданне толькі таму, што не змаглі скарыстацца сістэмай аплаты. Сайт жа павінен быць на ўзроўні плаката: чалавек “кінуў позірк” — і ўсё адразу зразумеў. Напрыклад, з ЗША так і не змаглі даслаць грошы. Па-другое, на маю думку, павінна быць тры этапы абяцанняў “падарункаў”, максімум — чатыры.

Што да збору сродкаў, то ўсе яны сабраныя праз маю аўдыторыю ў “Фэйсбуку”. Я там правёў дастаткова актыўную кампанію. З аднаго боку, было цікава. З іншага былі і непрыемныя моманты: мне даводзілася сябе “ламаць”, прымушаць людзей звярнуць на сябе ўвагу, а я не люблю такія “формы”. Але, на жаль, яны эфектыўныя. Калі пачынаеш падштурхоўваць людзей, яны змяняюцца. Некаторыя мяне папракалі, маўляў, цяжкі час, і сярод маіх падпісчыкаў вялікая колькасць пенсіянераў… Але я ведаў: хто захоча, той дапаможа. І я быў у шоку, калі за месяц сабралі 102 %. Шчыра кажучы, напачатку меркаваў, што набярэцца дзесьці 30-35 %. Прычым дапамога была абсалютна нечаканая: дасылалі грошы нават тыя людзі, хто ў “Фэйсбуку” не ў “сябрах”: яны не падпісаныя на мяне і ім проста падабаюцца мае работы.

Што яшчэ мяне здзівіла? Жаданне падтрымаць. Потым высветлілася: многія дасылалі немалыя грошы і нават не разлічвалі на альбом. Пытаўся, чаму яны мне дапамагаюць. У адказ: “А мы хацелі, каб ваша справа атрымалася. Нам цікава паўдзельнічаць”. “Лошыцкі дыярыуш” зроблены на дзве траціны на сродкі людзей. Нават калі набраў бы і 30 %, то ўсё роўна надрукаваў альбом, але толькі 100 асобнікаў, бо гэта — не нагода палепшыць сваё матэрыяльнае становішча. Усё, што мне ўдасца зарабіць ад яго продажу, пойдзе на друк наступнага, бо на сёння ў мяне ёсць матэрыял на 10 альбомаў.

Якія высновы зрабіў? Звяртайцеся да людзей, стукайце ў дзверы. Калі ўзнікае ідэя і яе рэалізацыя залежыць ад сродкаў — не варта саромецца пра гэтае казаць: многія людзі могуць нават і не ведаць пра яе. Віртуальнасць, як аказалася, эфектыўнейшая за рэальнасць. Два месяцы таму марыў і не ўяўляў, як рэалізаваць задуму. А сёння — у руках паўнавартасны фотаальбом. Гэта клас! Але ў наступны раз я не хацеў бы займацца зборам сродкаў, бо маральна да гэтай справы не падрыхтаваны.

Наогул для мяне “Фэйсбук” — пляцоўка для праверкі камерцыйнай і творчай паспяховасці работы, маіх уяўленняў “падабаецца” / “не падабаецца”. Аднойчы выклаў работу, над якой доўга працаваў, і мне падавалася, што яна ўдалася. Але не ўбачыў той “аддачы” ў “лайках”, на якую разлічваў. Бывае і наадварот. Акаўнт трэба падтрымліваць. Хаця б раз на дзень выкладваць твор. У сеціве я пастаянна маю зносіны з гледачамі, бачу іх рэакцыю, магу з імі спрачацца, магу смяяцца і не адчуваю сябе адзінокім. І гэта больш рэальна, чым “пустая” рэчаіснасць. Больш за тое, я выпрабаваў на трываласць “лайкі”, за якімі стаіць “жывая” цікавасць і дапамога.

Што да будучага альбома “Нацюрморт”, то, магчыма, цікавасці з боку падпісчыкаў будзе больш, чым да альбома, прысвечанага Мінску. Паколькі ў мяне галоўная сувязь са светам — “Фэйсбук”, я прааналізаваў “лайкі” і прыйшоў да высновы: “Вязынка” і “Нацюрморты” — лідары. Беларускай аўдыторыі падабаюцца Лошыца, Гервяты і асабліва — “Краявіды смутку”, што мяне адначасова і радуе, і здзіўляе. Апошні па настроі нагадвае Лошыцу. Але ў будучым альбоме ўжо не будзе фотапластыкі, толькі дакументальная фатаграфія. Тым больш не хочацца навязваць свае эмоцыі і эстэтычныя прыхільнасці.

Такіх “лошыц” па Беларусі — сотні

— Для мяне выстава, паўтаруся, успрымаецца ў комплексе з альбомам. Дакументальная частка вельмі важная: паказваю, што страціла Лошыца. Здымаў з 2004 па 2012 гады. Калі ўважліва разгледзець дакументальны матэрыял, то можна зразумець, адкуль у фотапластычных работах невясёлыя сюжэты, адпаведны каларыт і агульны настрой. Ці выцясняюць вобразы дакументальны складнік? Мая асаблівасць у тым, што, калі працую з фотапластыкай, выкарыстоўваю менавіта тыя элементы, якія належаць пэўнай мясцовасці.

Баяўся, што Лошыцу “разбяруць”, а на аднаўленне сродкаў не будзе. Той стан, настрой, які быў ува мне падчас працы, мяркую, перадаў. Але пачуццё трывогі мяне не пакідае і сёння… Бо такіх “лошыц” па Беларусі — сотні. І ёй яшчэ адносна пашанцавала, бо яна — у Мінску. Павінна быць культурнае месца ў мікрараёне, каб людзі змаглі адпачыць. Але паколькі з тых часоў засталося толькі некалькі партрэтаў гаспадароў, звестак захавалася няшмат, тое, што нам сёння прапаноўвае Лошыца, — фантазія, з якой можна пагаджацца ці не. Яна мае адносіны хутчэй да нашага ўяўлення пра тое, як магла жыць шляхта або як павінна была жыць.

Праз некалькі гадоў я нават баюся прадставіць Лошыцу. Чаму? Уласна музей — сядзіба і флігель. Думаю, у ім нічога дрэннага не адбудзецца. А вось добраўпарадкаваннем тэрыторыі займаюцца іншыя людзі. Сядзіба  — стрыжань, але насамрэч Лошыцу любілі за асяроддзе. Мяне не радуе, што там пачаліся ўпрыгожванні ў рамантычным стылі: з’явілася бетонная постмадэрнісцкая ратонда, нейкія лаўкі, навесы… Гэтае “ўпрыгожванне” не мае аніякіх адносінаў ні да мінулага, ні да нашай культуры ўвогуле. Да гэтага без іроніі і сарказму ставіцца немагчыма. Пакіньце тэрыторыю каля сядзібы такой, якой яе бачылі гаспадары. Пакіньце хаця б намёк на музейную прастору! На жаль, сядзіба не ўспрымаецца як цэнтр Лошыцкага парку… Канешне, тое, што цяпер, лепш за разваліны, але і падставы для радасці таксама не бачу. Лошыца для мяне — сімвал становішча нашай спадчыны і яе перспектыў.

Тым часам

На краўдфандынгавых платформах Беларусі працягваецца збор сродкаў на рэалізацыю культурных праектаў. Так, і сёння можна знайсці праект па набыцці старадаўніх манет у калекцыі Нацыянальнага гістарычнага музея (падрабязна пра яго “К” напісала ў пазамінулым нумары), на выданне новага дыска групы “Троіца”, на дзейнасць бясплатных беларускамоўных курсаў “Мова нанова”, на пастаноўку фольк-оперы “Чарадзей”, на паказ фільмаў на беларускай мове паводле праекта “Беларускія ўікэнды”, на выданне паштоўкі “Пінск. Прывітанне з Беларусі” (серыя “Гарады Беларусі”) ды на набыццё старадаўніх паштовак 1918 года з краявідамі тагачаснага Магілёва. Вядзецца збор сродкаў на выданне новага альбома Піта Паўлава “Зброя. Золата. Кабеты”, на набыццё праектара “Epson”, экрана і 10 крэслаў-мяшкоў для якаснай падрыхтоўкі дзяцей з сіндромам Дауна да ўдзелу ў здымках мюзікла. Збіраюць грошы і на выданне шматлікіх кніг.

На здымку: Валерый Вядрэнка з альбомам, выдадзеным за народныя грошы. / Аўтапартрэт

Аўтар: Вольга РОПАТ
арт-журналіст