Піратэхнічныя вырабы па сваім прызначэнні падзяляюцца на тэхнічныя (спецыяльныя) і бытавыя. Пры рабоце з апошнімі неабавязкова мець спецыяльныя веды ці навыкі. Аднак, падкрэслю, у месцах масавага збору людзей — на тых жа дыскатэках — выкарыстанне пістонаў, хлапушак, трашчотак, шуціх, “рымскіх свечак”, бенгальскіх агнёў, а таксама піратэхнікі з іншай групы патрабуе пісьмовага дазволу Дэпартамента. Канешне, самі ПВ павінны быць ліцэнзаванымі. Адзначу і тое, што арганізатар шоу абавязаны мець атэстацыю на права правядзення феерверкаў, спраўнае і атэставанае ва ўсталяваным парадку пускавое абсталяванне, тэхналагічную дакументацыю, якая рэгламентуе бяспеку выконваемых работ. Сёння ў Беларусі маюць на гэта права два атрады спецыяльнага назначэння МНС і восем прыватных арганізацый.
Існуе табліца радыусаў бяспечных адлегласцей, якая дакладна інфармуе, на колькі метраў ад месца выбуху неабходна адыходзіць гледачам. У большасці бытавой піратэхнікі яны вялікія, таму ў закрытых памяшканнях выкарыстоўваецца толькі частка з іх. Папулярнасцю карыстаюцца “пакаёвы”, вялікі і малы “канцэртныя” фантаны, дзе бяспечная зона складае ад аднаго да трох метраў. Але дакладна адказаць, якую піратэхніку і ў якой колькасці можна выкарыстоўваць, змогуць пажарныя службы, бо вызначыць памеры залы і праверыць, ці ёсць паблізу ад будучага “фантана” лёгкія на загаранне рэчы, можна толькі на месцы. Увогуле, па дазвол аб выкарыстанні піратэхнікі на дыскатэках у закрытых памяшканнях да нас яшчэ не звярталіся.
Неабходна ўлічваць, што пры загаранні піратэхнічны састаў выдзяляе газападобныя і кандэнсаваныя прадукты, таму для падобных мерапрыемстваў неабходна падбіраць памяшканні з добрай вентыляцыяй. Каб пазбегнуць непрыемнасцей, лепей праводзіць піратэхнічныя святы на вуліцы: там прасцей вызначыць бяспечную зону і папярэдзіць непрыемныя выпадкі.