Ударылі песняй па мячы!

№ 13 (1296) 01.04.2017 - 07.04.2017 г

Але безумоўны хіт пра беларускі футбол не адбыўся
Пры падтрымцы Федэрацыі футбола Беларусі вырашана знайсці лепшую сучасную беларускамоўную песню аб ці не самым папулярным відзе спорту нашай краіны, для чаго і арганізаваны праект “Мова — Музыка — Футбол”.

Любы чалавек альбо калектыў (не важна, ці займаюцца яны музыкай прафесійна), маглі выслаць свае кампазіцыі на беларускай мове на адзін з інтэрнэт-рэсурсаў, дзе шлягер і шукаўся. Першапачаткова паступіла 20 заявак, з якіх арганізатары да наступнага этапу — галасавання — адабралі адзінаццаць. З іх “сеціўныя заўзятары” і кампетэнтнае журы зафіксавалі лідараў — шасцёрку прэтэндэнтаў на п’едэстал і спецыяльныя прызы.

У красавіку ж у адным з мінскіх клубаў пройдуць два паўфіналы-канцэрты, на якіх прадстаўнікі ўсё тых жа “арбітраў” вылучаць пару фіналістаў. Пераможцу вызначыць пашыраны склад журы, а імя яго назавуць у маі падчас вялікага канцэрта на “Барысаў-арэне”, што стане дэсертам да аднаго з матчаў футбольнага чэмпіянату Беларусі. Тады ж узнагародзяць “сярэбраных і бронзавых медалістаў” ды ўручаць спецпрызы. Той жа, хто заняў першае месца, зможа зняць кліп на любы свой твор пад чулым кіраўніцтвам рэжысёра Арцёма Лобача, запісаць уласную песню на добрай студыі, атрымаць ратацыю пераможнай кампазіцыі ў FM-эфіры ды абзавесціся мячом з аўтографамі гульцоў нашай зборнай.

Не пакінуць па-за ўвагай і ўсіх без выключэння канкурсантаў, а таксама тых выканаўцаў, якія калісьці выконвалі і, быць можа, працягваюць спяваць і дагэтуль беларускамоўныя песні пра айчынны футбол: іх творы выдадуць на CD-носьбіце.

“К” пасільна адгукнулася на гэты праект і звярнулася да некалькіх артыстаў, якія, да ўсяго, уваходзяць у футбольны клуб зорак беларускай эстрады “Арт-старс”, каб тыя, праслухаўшы намінантаў яшчэ на стадыі “адзінаццаць надзей”, далі ім сваю ацэнку. А вось узначаліў каманду экспертаў...

Віталь РАДЗІВОНАЎ, нападаючы i капiтан клуба “БАТЭ”, гулец зборнай Беларусі па футболе

— Не буду казаць за ўвесь беларускі футбол — ці здольныя гэтыя песні ўзбадзёрыць нашых гульцоў, стаць папулярнымі ў заўзятараў, — а выкажу асабістае меркаванне. Тры кампазіцыі станоўчыя эмоцыі ў мяне выклікалі, іх энергетыку я адчуў. Гэта трэкі гуртоў “Адразу май” (“Небасхiл”), “МIП-бэнд” (“Будзеш першым!”) і “Лiс i Лес” (“Крывічы”). Іх я у сваім плэеры “круціў” бы і перад матчамі, і ў перапынках.

Альберт СКАРАХОД, спявак, паўабаронца і капітан “Арт-старс”

— Напэўна, такі конкурс быў патрэбны, але я не стаў бы спыняцца толькі на беларускамоўных песнях, прысвечаных нашаму футболу, адпаведна, пераставіўшы словы ў назве праекта: “Футбол — Музыка — Мова”. Зрэшты, калі акцыя задумвалася менавіта як прапаганда беларускай мовы ў галіне “спартыўнай песні”, то тут усё на месцы. Аднак для мяне такі падыход дзіўны... І гэтыя “рамкі”, як мне падалося, адбіліся на якасці матэрыялу. Пакуль дабярэшся да сутнасці кампазіцый, уласна кажучы, да футбольнай тэмы, паспяваеш ацаніць узровень валодання выканаўцамі беларускай мовай, розны ўзровень... На жаль, вылучыць з трэкаў нічога не магу. І яшчэ прэтэнзія. Калі конкурс прэтэндаваў на нейкую маштабнасць, рэклама яго павінна была быць паўсюль. А так атрымалася, што, напрыклад, я даведаўся пра яго толькі дзякуючы газеце “Культура”, хоць у мяне таксама ёсць песні пра футбол. Вузка неяк усё ў арганізатараў праекта выйшла.

Іван ВАБІШЧЭВІЧ, лідар гурта "OneHellThing”, сесійны гулец “Арт-старс”

— На жаль ці не на жаль, але песню, што прэтэндавала б на гімн беларускага футбола, я не пачуў (іншае пытанне, ці было ў мэтах праекта знайсці такую?). Калі з гэтых конкурсных рэчаў зляпіць нейкi гібрыд, узяць у аднаго выканаўцу думку, у другога — рытм, у трэцяга — музыку, то што-небудзь падобнае, можа, і нарадзілася б. У цэлым жа — шмат музычнага шуму, за якім нешта пэўнае тэкставае пачуць было цяжка — вышмыгваў ад мяне сэнс пераважнай колькасці кампазіцый. Расплывістымi для мяне былі ўсе гэтыя выразы кшталту “мы пераможам усіх!”. Найбольш цікавым лічу трэк гурта “МIП-бэнд”, у ім усё зраслося — музыка, агульны мэсэдж, выкананне. Хоць некалькі збянтэжыў жанр — рэгі. Зрэшты, для хуткасцяў у якім-небудзь трэцім футбольным дывізіёне ён цалкам пасуе.

Саша НЕМА, спявак, нападаючы “Арт-старс”:

— І што сказаць, каб ніхто не пакрыўдзіўся? Увогуле, хай прабачаць мяне калегі... Песні іх па-свойму добрыя, але па настроі, па тэмпарытме яны для іншай “оперы”. Склалася ўражанне, што некаторыя з артыстаў не разумелі, з якой нагоды яны павінны прыдумаць ды выканаць песню. У выніку атрымаліся трэкі, якія асацыююцца ў мяне з цяжкай фізічнай працай, настолькі іх некамфортна слухаць. Тэксты нейкія мудрагелістыя. Ні адна з кампазіцый, на мой погляд, “завесці” натоўп на стадыёне не зможа, праспяваць хорам іх немагчыма (задаволiла толькі якасць запісу асобных рэчаў). Што, па-мойму, варта было напісаць? Песні-крычалкі, драйвовыя з першай ноты, разлічаныя на масы, на “залатую” сярэдзіну. А тут я чакаў-чакаў драйву, але дарэмна. Шкада, што я даведаўся пра гэты конкурс толькі цяпер: не стану сябе перахвальваць, але сякі-такі станоўчы досвед па стварэнні песень на спартыўную тэматыку ў мяне ёсць...

Анатоль ДЛУСКI, спявак, нападаючы “Арт-старс”:

— Цяжка сёння напісаць пра спорт песню такога ўзроўню, як, напрыклад, “Трус не играет в хоккей”: сышоў той час, калі баталіі на лёдзе або газоне былі для нашых людзей больш чым проста спаборніцтвамі. Таму і сучасныя аўтары песень адпаведных эмоцый перажыць не могуць. Але дзве кампазіцыі мне спадабаліся — ад гуртоў “Laurynienka” ды “Mashin’Gun”. Драйвовыя такія — тое, што трэба для заўзятараў. Агульнае ж пажаданне тым, хто мае намер сачыняць пра спорт, — больш дбайна прапісваць тэматыку, тэксты абавязкова павінны ўтрымліваць нюансы, “збожжа”, якое характарызуе той ці іншы від спорту. Падобныя конкурсы, канешне ж, патрэбныя. І для спартсменаў — ім, упэўнены, будзе прыемна пачуць песні пра тое “мастацтва”, якому яны прысвяцілі жыццё; і для аўтараў кампазіцый, паколькі, я лічу, яны наогул павінны спрабаваць сябе ў напісанні твораў на самыя розныя тэмы. І выдатна, што праект гэты беларускамоўны!

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"