За мяжой звыклай прасторы

№ 13 (1296) 01.04.2017 - 07.04.2017 г

Днямі ў Палацы Незалежнасці адкрылася выстава. Гэта ініцыятыва Беларускага саюза мастакоў, ухваленая Адміністрацыяй Прэзідэнта. Плануецца іх шэраг, а гонар распачаць справу давераны заслужанаму дзеячу мастацтваў краіны, лаўрэату Дзяржпрэміі, майстру краявіду Валерыю Шкарубе. Для экспазіцыі Валерый адабраў работы, якія, на яго думку, найлепш адлюстроўваюць унікальнасць беларускай прыроды, яе прыгажосць.

/i/content/pi/cult/631/14027/5-1.jpgМастацкая выстава ў Палацы Незалежнасці — факт выключнай важнасці. Гэта знак кіраўніцтва краіны ўсім уладным структурам пра неабходнасць сур’ёзнага стаўлення да культуры ўвогуле і выяўленчага мастацтва ў прыватнасці. Дарэчы, сучаснае беларускае мастацтва шырока прадстаўлена ў аздобе ўнікальнага будынка.

Гэтая падзея падштурхнула мяне да разваг пра тое, што, уласна кажучы, можна лічыць тэрыторыяй мастацтва? Ці ёсць увогуле межы ў культурнай прасторы?

Мастацтва сілкуецца жарсцямі і сумненнямі. Новыя ідэі і формы нараджаюцца на зломе эпох (менавіта тады творца мае найбольшую свабоду), але яны афармляюцца структурна, набываюць кананічную акрэсленасць і рэальны ўплыў на грамадскую свядомасць ва ўмовах сацыяльнай стабільнасці. Апошняе дзесяцігоддзе мінулага стагоддзя і пачатак бягучага далі моцны штуршок развіццю сацыяльнай актыўнасці на прасторы, якая была Савецкім Саюзам, а культуру ўзбагацілі новымі формамі і практыкамі. Праз разбурэнне стэрэатыпаў, змяшчэнне сэнсавых і стылёвых акцэнтаў адкрыліся новыя, не вядомыя раней перспектывы.

Але пераход ад сістэмы патэрналізму ў культуры да мастацкага рынку стаўся для пэўнага кола творцаў асабістай драмай. Ды і спажыўцы культуры панеслі страты, бо цяпер давялося рэальна плаціць за тое, што раней лічылася ўмоўна бясплатным. Загаварылі нават пра “нерэнтабельнасць” звыклых форм мастацтва ва ўмовах рынкавай эканомікі…

Творчасць заўжды рызыка. Асабіста я знаёмы з мастакамі, якія менавіта ў тыя гады сышлі з прафесіі, палічыўшы, што не мае сэнсу марнаваць час на нікому не патрэбную справу. Так было… Сёння сітуацыя іншая. Творчасць, зразумела, як была, так і засталася зонаю рызыкі, але эстэтычны чыннік, які на мяжы стагоддзяў быў для грамады, засяроджанай на матэрыяльных праблемах, увогуле не надта актуальным, цяпер зноў запатрабаваны ў нашай сацыяльнай практыцы. Сёння ёсць праца ў мастакоў-манументалістаў, у кнігу вяртаецца ілюстрацыя, якую выдаўцы яшчэ адносна нядаўна лічылі непатрэбнаю раскошаю, з’явіліся прыватныя калекцыянеры і людзі, гатовыя плаціць за псіхалагічны камфорт, які стварае менавіта мастацтва, павялічваецца колькасць мастацкіх галерэй у сталіцы і рэгіёнах. Маюць сваю выставачную прастору, збіраюць калекцыі твораў мастацтва фірмы, што дбаюць пра свой прэстыж і імідж. Яны ж з’яўляюцца спонсарамі культурных праектаў. Ідзе гаворка пра тое, што варта ўдасканаліць наша заканадаўства такім чынам, каб спонсар, мецэнат меў праз сваё дабрадзейства не толькі павагу грамады, але і пэўныя выгоды. Каб укладанне грошай у культуру было эканамічна мэтазгодным.

Мне прыемна адзначыць, што людзі культуры, разумеючы спецыфіку дадзенага моманту ў развіцці краіны, гатовыя дапамагаць дзяржаве і грамадзе. Гатовыя часам паступіцца дзеля добрай справы сваімі матэрыяльнымі інтарэсамі. У якасці прыкладу згадаю з’яўленнне персанальный галерэі Аляксея Кузьміча ў вёсцы Махро Іванаўскага раёна і Валерыя Шкарубы — у Барысаве. Першая ўзнікла праз руплівасць Аляксея Кузьміча-малодшага, які такім чынам ушанаваў памяць свайго бацькі. Другая — падарунак Валерыя Шкарубы сваім землякам. Ягоная галерэя з’яўляецца структурным звяном Барысаўскай цэнтральнай бібліятэкі імя Івана Каладзеева. Цяпер горад мае культурны цэнтр, які вабіць не толькі бібліяманаў. Я сказаў бы, што ў Барысаве скарысталі досвед Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, якая не толькі прапагандыст кніжнай культуры, але і папулярызатар выяўленчага мастацтва. Зладзіць выставу ў Нацыяналцы для мастакоў і дызайнераў вельмі прэстыжна.

Нармальнай з’явай стала тое, што мастацкія выставы ладзяцца ў дзяржаўных установах, наўпрост з культурай не звязаных. Так, не раз яны праходзілі ў Міністэрстве замежных спраў Беларусі.

Музеі і спецыялізаваныя выставачныя залы — кананічная прастора мастацтва. Але, каб жыць, трэба развівацца, ахопліваць новыя абшары. І хоць “экспансія” — несімпатычнае слова, яно гучыць зусім інакш, калі гаворка ідзе пра пашырэнне прасторы культурнай. У канцэптуальным сэнсе мастацкая выстава ў банкаўскім офісе ці канцэрт музыкантаў-прафесіяналаў у клубе аграгарадка — падзея ў адным шэрагу з вернісажам ў Нацыянальным мастацкім музеі ці прэм’ера ў нацыянальнай оперы. Бо жыццё — гэта экспансія. Мастацкае жыццё не выключэнне.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"