Што ў статыстыцы?

№ 13 (1296) 01.04.2017 - 07.04.2017 г

Нацыянальны статыстычны камітэт Беларусі днямі апублікаваў статыстычны зборнік “Беларусь у лічбах”. Некаторыя факты, прыведзеныя ў публікацыі, непасрэдна закранаюць і сферу культуры краіны.

Напрыклад, як вынікае з даных агульнанацыянальнай статыстыкі, у краіне цяпер функцыянуе 156 музеяў, у якіх налічваецца амаль 3,32 мільёна экспанатаў асноўнага фонду. Летась айчынныя музеі наведала 6,309 мільёна чалавек. Гэта на 75 тысяч наведвальнікаў больш, чым у 2015-м.

Акрамя таго, са статыстычнага зборніка можна даведацца пра тое, якія музеі карысталіся летась найбольшай цікаўнасцю публікі. Так, самым папулярным музеем у 2016 годзе (як і ў 2015-м) стаў Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны: яго за год наведала 559,6 тысячы чалавек. На другім і трэцім месцы — мемарыяльны комплекс “Брэсцкая крэпасць-герой” і Нацыянальны гісторыка-культурны музей-запаведнік “Нясвіж”, у якія завітала 423,3 і 412,4 тысячы асоб адпаведна.

Прысутнічае ў зборніку і статыстыка па тэатрах. Так, на сёння ў Беларусі працуе 28 тэатраў, а агульная колькасць наведвальнікаў за мінулы год склала 1 мільён 711 тысяч чалавек (гэта на 81 тысячу менш, чым у 2014-м). На тэрыторыі Віцебскай і Мінскай вобласці дзейнічала па 2 прафесійныя тэатры, Гродзенскай і Магілёўскай — па 3, Брэсцкай і Гомельскай — па 4, а ў сталіцы рэспублікі тэатральнае мастацтва прадстаўлена 10 прафесійнымі калектывамі.

Творчымі калектывамі прафесійных тэатраў у 2016 годзе было праведзена больш за 9 тысяч спектакляў і канцэртаў, а таксама творчых вечароў. Рэпертуар летась склалі 970 спектакляў, з іх 163 — новыя пастаноўкі. З агульнай колькасці пастановак 308 належаць пяру менавіта айчынных аўтараў. Асобым кірункам тэатральнага мастацтва, як вядома, з’яўляюцца спектаклі для дзяцей. Дык вось, летась у рэпертуары прафесійных тэатраў было прадстаўлена 410 пастановак дзіцячых спектакляў, што складае 42,3 % усяго рэпертуару.

Да слова, па даных Белстата, самым папулярным летась (як і два гады таму) стаў Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета: сюды прыйшлі на імпрэзы амаль 240 тысяч чалавек (такім чынам, на яго прыпадае 14 % агульнай глядацкай актыўнасці па краіне). На другім месцы рэйтынгу — Беларускі дзяржаўны акадэмічны музычны тэатр (137,6 тысячы наведванняў, 8 % глядацкай актыўнасці), на трэцім — Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя М. Горкага (83 тысячы наведванняў, 4,9 % глядацкай актыўнасці). Замыкаюць пяцёрку лідараў Магілёўскі абласны тэатр драмы і камедыі імя Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча з Бабруйска (69,1 тысячы) і віцебскі Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа (66,1 тысячы).

Цікавая статыстыка прыведзена ў зборніку і па бібліятэчнай сетцы краіны. Яна, на жаль, так і працягвае скарачацца. Так, калі ў 2013 годзе колькасць публічных бібліятэк Беларусі раўнялася 3 458 установам, дык у 2015-м — ужо 2 893, а ў 2016 — 2 722. У 2013-м у бібліятэчныя ўстановы завітвала 3,6 мільёна чалавек, а ў 2015-м і 2016-м — 3,3 і 3,1 мільёна адпаведна. Змяншэнне актыўнасці ў кірунку бібліятэчных паслуг адбываецца нягледзячы на тое, што сама сетка бібліятэк скарачаецца не так хутка, як 3 альбо 5 гадоў таму. (А з нядаўняга часу да карыстальнікаў бібліятэк дадаюцца і віртуальныя чытачы...) Колькасць чытачоў у пераліку на тысячу жыхароў у 2013 годзе раўнялася 384 чалавекам, у 2015-м — 344 чалавекі, а ў 2016-м была зафіксавана на ўзроўні ў 331 чалавек. І наколькі лёгка змогуць бібліятэкі краіны выканаць паказчык па наведвальнасці (нагадаю, згодна з Дзяржпраграмай “Культура Беларусі” на 2016—2020 гады, за пяць гадоў колькасць карыстальнікаў бібліятэк павінна ўзрасці на 20 % у параўнанні з 2015-м годам) — пакуль пытанне...

Таксама за апошнія гады знізіліся паказчыкі наведвальнасці кінатэатраў. Скажам, калі ў 2010-м у кінавідовішчныя ўстановы прыйшло 9 мільёнаў 597 тысяч чалавек, дык у 2015-м — 8 мільёнаў 285 тысяч, а летась — толькі 7 мільёнаў 951 тысяча. Зразумела, што дадзеная тэндэнцыя адлюстроўвае сітуацыю, калі з дапамогай інтэрнэту прэм’еру таго ці іншага фільма (хай сабе і ў нізкай якасці) многія людзі глядзяць на сваім дамашнім камп’ютары задоўга да экраннага паказу. І не варта забывацца, што за апошнія гады ў Мінску і абласных цэнтрах з’явіліся прыватныя кіназалы, якія адцягваюць гледачоў з дзяржаўных кінапракатных арганізацый.

Цікавую выбарку Белстат дае і па цырках, якіх у Беларусі два — у Мінску і Гомелі. У зборніку прыведзена статыстыка без разбіўкі на асобныя ўстановы. Колькасць іх прадстаўленняў за апошнія гады значна зменшылася. Калі ў 2013 годзе цыркі давалі агулам 463 прадстаўленні, дык у 2015 -м— 439, а ў 2016-м — 375. Адпаведна знізілася і колькасць наведванняў: у 2013-м — 679,6 тысячы, пазалетась  — 634,2, а летась — 513,6 тысячы.

І апошняе. Радуе, што за мінулы год у краіне было зафіксавана павелічэнне колькасці праведзеных канцэртаў. Так, у 2013-м агулам іх было зладжана 6 128, у 2015 — ужо 5 538, але летась — 5 896. Праўда, калі ў 2013 годзе было зафіксавана 1 мільён 487 тысяч наведванняў канцэртаў, дык у 2015-м — 1 мільён 376 тысяч, а летась — 1 мільён 145 тысяч. Такім чынам, цяпер на тысячу жыхароў краіны мы маем 121 наведванне канцэртаў (у 2013 і 2015 гадах гэта лічба была роўная 157 і 145 адпаведна)…

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"