Рэй вядзе DJ.

№ 21 (839) 24.05.2008 - 30.05.2008 г

У горадзе. А ў вёсцы?

Калі вызначацца ў тэрмінах, дык “дыскатэка” і “танцавальны вечар” — зусім не з сінанімічнага шэрагу. На дыскатэцы рэй вядзе дзі-джэй. Ды яшчэ на пару з МС — “майстрам па камунікацыях”. Дзі-джэй не проста мяняе дыскі, не проста адсочвае “дыханне” залы, а творыць — кампілюе “вінілавыя” кампазіцыі, часам нават выдае “на-гара” дыскатэчныя рытмы ўласнага аўтарства. Словам, ад пульта і галавы не ўзнімае, бо апрача, так бы мовіць, кампазітарскіх функцый выконвае яшчэ і творча-вытворчы абавязак па адмысловым святлозабеспячэнні дыскапраграмы. А вось МС — ягоны партнёр у зале, узброены не толькі жэстам, рухам, але і, што, бадай, галоўнае, — словам. Карацей, гэткі завадатар на танцполе... А цяпер уявіце, што намаляваная карцінка — хрэстаматыйная для сельскага клуба ў самай што ні ёсць беларускай глыбінцы. Цяжка? Цяжка! Нават не ў кожным РДК пабачыш пульт, “вініл”, — выніковы творчы саюз DJ + MC.

Баюся быць катэгарычным, але прэрагатыва вёскі — танцавальны вечар. Прынамсі, пакуль няма ў нас сталай рэспубліканскай дзі-джэйскай школы з традыцыямі, досведам, абласнымі і раённымі адгалінаваннямі. Дык якім жа павінен быць “ідэальны” танцавальны вечар, зыходзячы з рэальных фінансавых магчымасцей раёна, сельсавета, вёскі? Жывым па гуку, дзе на першым месцы— не “плюс”, нават не “мінус”, а, да прыкладу, вакальна-інструментальны ансамбль, мясцовы, правінцыйны, ці запрошаны і пакуль не раскручаны. І гэта зусім не настальгія па 1970-х, а яшчэ адзін доказ таго, што новае — даўно забытае старое. Урэшце, усе сапраўдныя зоркі айчыннай і замежнай поп-культуры ўздымаліся на музычны Алімп не па “загадзе зверху”, а з правінцыйных клубаў і танцавальных вечароў.

Ніколі не ўзяўся б за гэтую тэму, калі б не танчыў у свой час пад “Лявонаў”, імя якім на сёння — “Песняры”... Мо менавіта ў гэтым і тлумачэнне таго, што сённяшняя беларуская эстрада пад “мінусоўку” ніяк не вырасце з дзіцячых штонікаў?! Словам, самы час абвяшчаць акцыю “Хочаш стаць зоркай? Пачынай з вёскі!”. Пра гэта і многае іншае — гаворка з маладзенькім дзі-джэем Яўгенам ФЯДУРАМ, адказным за правядзенне падлеткавых дыскатэк у Дзяржынскім ГДК.

— Жэня, колькі табе гадоў і як распачыналася твая дзі-джэйскаякар’ера?

— Мне шаснаццаць. У школе пакуль вучуся. Тут, дарэчы, і набыў першы гука-аператарскі досвед, вёў школьныя танцавальныя вечары. Потым запрасілі ў гарадскі Дом культуры... Адказваю за правядзенне падлеткавых мерапрыемстваў. Ёсць тут і “дарослы” дзі-джэй, але мяне гэта не тычыцца. Мая справа — дзіцячыя дыскатэкі. Іх ладзім па суботах, іншым разам — па пятніцах, абавязкова — па святах.

— Дыскатэкі — тэматычныя?

— Па святах паміж танцаў заўжды ладзяцца конкурсныя праграмы.

— Ці ёсць праблемы з адборам “дзіцячай” музыкі?

— Ды ніякіх! Напэўна, у такі час жывём, што і дарослыя, і дзеці шануюць адныя і тыя ж кампазіцыі. Аднолькавы стыль пануе. І такую музыку знайсці няцяжка: да паслуг — і Інтэрнет, і сябры.

— А беларускія кампазіцыі выкарыстоўваеш? Хто з айчынных выканаўцаў ці гуртоў папулярнасцю карыстаецца?

— Ды не карыстаюцца абсалютна! А вось стыль хаус ці клубная музыка, альбо рэп — толькі падавай!

— Але, Жэня, ты ж усведамляеш, напэўна, якая адказнасць кладзецца на цябе? Ты ж не проста вядучы на падлеткавых танцах, ты — выхавацель дзіцячых музычных густаў, дзіцячых маральных паводзін! Дарэчы, ты вучышся ў абласной дзі-джэйскай школе?

— Не, не вучуся, бо гукааператарскі досвед пераняў ад бацькі — знаўцы музычнай апаратуры. А наконт маральных аспектаў... Перад пачаткам праграмы заўжды вітаюся з залай, імкнуся быць добразычлівым праз пэўныя рэплікі паміж кампазіцыямі. На іншае проста часу не стае — я ж да апаратуры “прывязаны”.

— Ты кантралюеш сітуацыю ў зале? Правапарушэнні здараюцца? Як часта заглядваюць на дыскатэку міліцыянеры?

— Падаецца, кантралюю. Прынамсі, прэтэнзій да мяне няма. Міліцыя бывае, бо іншым разам усё ж здараюцца “замесы” ў натоўпе.

— Якімі якасцямі павінен валодаць вядучы дыскатэк?

— Думаю, неабходна заўжды ўсведамляць, чаго хоча народ, якую музыку, якога святла чакае. Адсюль і варта танчыць любому дзі-джэю!

— Ці ж так гэта, Жэня? Мо за сабой трэба весці, а не ісці за ўсімі? Дарэчы, ведаеш, прафесійны дзі-джэй у прафесійным дыска-клубе заўжды адносна сталы па ўзросце, бо ён адказвае на танцах літаральна за ўсё: за псіхіку публікі, за яе маральнасць, урэшце, за выхаванне патрыятычных пачуццяў.Даруй, што так на цябе “наваліўся”, але для француза, напрыклад, слоган “Слухай французскае!” — зусім не пусты гук... Словам, у чым бачыш перспектывы свайго прафесійнага развіцця?

— Мы блытаем з вамі, напэўна, шоў-бізнес і звычайны клубны танцавальны вечар, які ніколі, відаць, не дацягнецца да нейкіх замежных стандартаў... А навучыцца хачу выкарыстоўваць прафесійныя “вяртушкі”, каб рабіць уласныя “міксы”. Пакуль займаюся гэтым толькі дома, і ўласныя музычныя эксперыменты на публіку выносіць яшчэ не рашаюся.

— Не адмаўляю таго, што праца твая — творчая, але ты пакуль не аўтар, а “ўзнаўляльнік” музыкі... І апошняе, Яўген. Як ставішся да таго, што на танцавальных вечарах, на дыскатэках у райцэнтрах і вёсках будуць ужывую выступаць айчынныя выканаўцы і гурты, якія яшчэ не паспелі стаць зоркамі? Глядзіш, і стане беларуская эстрада запатрабаванай?

— А вось гэта цікавая ідэя. Трэба падумаць...

* * *

Словам, давайце падумаем разам з Жэнем. Дзеля таго, каб рэспубліканскі семінар-практыкум стаўся па выніках дзейсным. Каб дыскатэчна-танцавальнае развіццё на Беларусі набыло эфектыўную метадычную, тэхнічную, прафесійна-арганізацыйную падтрымку. Каб і танцавальныя вечары ў нас былі цікавыя, і дыскатэкі — сапраўднымі і не шкоднымі для фізічнага і маральнага здароўя.

 

Гутарыў Андрэй СТАРЖЫНСКI