"Віцебск" пачаўся ў Мінску

№ 12 (1295) 25.03.2017 - 31.03.2017 г

У Маладзёжным тэатры эстрады шляхам фінальнага адбору і галасамі членаў журы былі вызначаны “стары і малады”: тыя, хто будуць прадстаўляць нашу краіну, адпаведна, на XXVI Міжнародным конкурсе выканаўцаў эстраднай песні “Віцебск-2017” і XV Міжнародным дзіцячым музычным конкурсе “Віцебск-2017”.

/i/content/pi/cult/630/14003/3-1.jpgТакім чынам, на дарослым “спаборніцтве” музычны гонар рэспублікі абароніць 19-гадовы Ягор Шаранкоў (студэнт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, саліст Нацыянальнага акадэмічнага аркестра сімфанічнай і эстраднай музыкі Рэспублікі Беларусь, між іншым, удзельнік украінскага праекта “Голас краiны”), які выканаў на адборы дзве кампазіцыі — “Чырвоная ружа” (з рэпертуару ансамбля “Песняры”) і “We Are The Champions” (хіт гурта “Queen”); на дзіцячым — дванаццацігадовая Марыя Магільная (вучаніца Магілёўскай гарадской гімназіі №1, салістка магілёўскай арт-студыі “Анёлы дабра”), яна праспявала ў фінале песню “Душы так хочацца святла” (музыка Наталлі Скапец, словы Таццяны Шурынавай) і “залаты” шлягер “Who’s Loving You” (“The Jackson 5”).

У жорсткай канкурэнцыі

Мы папрасілі некаторых сяброў журы падзяліцца сваімі ўражаннямі па выніках адбору і ўжо цяпер паразважаць аб тым, наколькі паспяховымі ці не могуць стаць выступленні нашых канкурсантаў.

Уладзімір РЫЛАТКА, першы намеснік генеральнага дырэктара Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь, сябра “дарослага журы”:

— Па меншай меры, у гэтым годзе склад выканаўцаў быў мацнейшым, чым у мінулым, а то і за апошнія некалькі гадоў. “Пустых” выступаў дакладна не было. З дзяўчын я адзначыў бы Ніну Жукоўскую, вельмі таленавітую спявачку. А сярод юнакоў “біліся” за перамогу ўсё ж два спевакі — Кірыл Ермакоў і Ягор Шаранкоў. Першы браў рознастароннасцю, асабліва добры ён быў, калі “даваў джазу”. Будучыня ў яго, безумоўна, ёсць. Другі валодае ярка выяўленай харызмай, цікавым тэмбрам, віртуознай імправізацыяй. Але працаваць ёсць над чым — перш за ўсё над сцэнічным вобразам. Думаю, Міхаіл Якаўлевіч Фінберг, які ачольваў наша журы, дапаможа ў тым, каб з яго атрымаўся прыкметны артыст. Мне здаецца, на перамогу ў конкурсе Ягор дакладна можа разлічваць.

Вольга РЫЖЫКАВА, спявачка, тэлевядучая, сябра “дарослага журы”:

— Мне адносна лёгка “судзiлася”, бо магчымасці двух канкурсантаў я ведала больш-менш добра і была ўпэўненая, што яны будуць у ліку фаварытаў. Так і адбылося. Я кажу пра Кірыла Ермакова і Ягора Шаранкова — вельмі ўпэўненых хлопцаў, якія ўмеюць спяваць, стыльных. (Наогул, хоць у чым бы там ні было я заўсёды на баку дзяўчат, мужчынская частка прэтэндэнтаў, на мой погляд, выглядала мацнейшай.) Для мяне лепшым быў Кірыл, яго манера мне больш зразумелая, бліжэйшая. Ягор жа, акрамя выканальніцкага майстэрства, усіх зачараваў сваiм шармам, падачай, але кампазіцыі, выбраныя ім, не давалі поўнага ўяўлення пра тое, наколькі ён можа быць стылістычна розным. Але мне здаецца, што ў Віцебску ён праспявае класна. І хай з яго выгадуецца па-сапраўднаму вялікі артыст!

Васіль РАІНЧЫК, народны артыст Беларусі, старшыня “дзіцячага журы”:

— Агульны ўзровень кандыдатаў быў досыць высокім. Усе — спяваючыя, ва ўсіх разумненькія вочкі, усім падабралі нядрэнны рэпертуар. (Аднаго не разумею, куды вось гэта таленавітае, закладзенае ў маленькіх артыстаў, потым, па меры сталення, у многіх з іх знікае?) Я ж адзначыў для сябе Марыю Дудар, Арыну Пехцераву і Марыю Магiльную, якая і перамагла. Добрая дзяўчынка, дарэчы, больш за ўсіх яна спадабалася і публіцы. Калі казаць не пра вакал, з якім у яе ўсё ў парадку, было відаць, што яна разумее, пра што спявае, а гэта вельмі важна. Нярэдка ж педагогі проста вучаць сваіх выхаванцаў спяваць, і не просяць іх унікаць у драматургію твораў, а гэта няслушна. А ў выпадку з Марыяй усё на месцы. Шанцы на поспех у конкурсе ў яе дакладна ёсць.

Ларыса ДОВЯТ, дырэктар Мірскага сельскага дома культуры, мастацкі кіраўнік узорнага тэатра эстрады “Кропелька”, сябра “дзіцячага журы”:

— Перафразуючы знакамітае выслоўе пра тэатр: адбор пачынаецца са сцэны. Арганізатары мерапрыемства выдатна да яго падрыхтаваліся: гук, святло, афармленне былі на вышэйшым узроўні! Тэатр эстрады зладзіў сапраўднае свята і для гледачоў, і для журы, і для артыстаў, якія ўдзельнічалі ў канцэрце, і, вядома, для канкурсантаў. Маша Магiльная перамагла заслужана, яна была наймацнейшай. Мяркую, што будзе яна, як мінімум, сярод мацнейшых і ў Віцебску. Што я параіла б тым, хто плануе ў наступным сезоне “замахнуцца” на ўдзел у конкурсе? Жорстка вызначыцца з мовай. Калі вы дрэнна гаворыце па-англійску, то лепш на ёй і не спяваць: не паспееце падцягнуць яе да такой ступені, каб разбіць ёй напавал слухачоў і журы. Ды што англійская! Гэты фінал паказаў, што і па-беларуску не ўсе спяваюць чыста, памыляюцца з вымаўленнем, у націсках. Вось дзе бяда...

Не ўдзел, а перамога!

Вядома ж, мы не маглі не даць слова тым, за каго абавязкова будзем сціскаць кулачкі, спадзеючыся на іх (а значыць, і нашы) вікторыі летам.

Ягор ШАРАНКОЎ: — Ну, а навошта я прымаў удзел у адборы да конкурсу, каб не марыў на ім выйграць?!. Вядома, патрэбная каманда, якая будзе дапамагаць падводзіць мяне да яго — педагог па вакале, пастаноўшчык нумара, іміджмэйкер, касцюмер. Ужо пачаў думаць, хто маглі б стаць гэтымі людзьмі. Натуральна, разлічваю на дапамогу, на добрыя і прафесійныя парады свайго настаўніка — Міхаіла Якаўлевіча Фінберга. Не факт, што тыя рэчы, якія я выканаў у мінулую суботу, спяю і ў Віцебску. На цяперашні момант упэўнены толькі ў тым, што сусветны хіт буду выбіраць з рэпертуару гурта “Queen” (я наогул люблю рок, фанк). А вось другая фінальная песня, не выключана, таксама прагучыць на беларускай мове. Магчыма, яе напішуць адмыслова пад конкурс, чаму б і не? Але, калі шчыра, неяк так атрымліваецца, што сам у апошні час не вельмі шмат песень слухаю на беларускай, напэўна, “вінаваты” ўкраінскі “Голас”. Буду выпраўляцца!

Марыя МАГIЛЬНАЯ: — Я паспрабую годна прадставіць краіну на фестывалі. У гэтым мне будзе дапамагаць педагог па вакале Таццяна Галіноўская і мая вялікая творчая каманда. Вядома, нам трэба будзе яшчэ шмат працаваць, думаю, разам мы справімся! На конкурсе праспяваю песню “Душы так хочацца святла”, якую выконвала на фінальным адборы. Гэта трэцяя песня, напісаная адмыслова для мяне. Я люблю іх за тое, што ў кожнай падымаецца важная тэма. Напрыклад, у гэтай мне хочацца кожнаму распавесці, як важна, калі цябе любяць, падтрымліваюць, радуюцца разам з табой. Тады твая душа спявае! Другая конкурсная песня будзе на англійскай мове, але не тая, што я спявала ў Тэатры эстрады, бо яна падобная па характары да “Душы...” Будзем шукаць нешта блізкае мне, яркае ды запамінальнае.

Калі зазіраць у будучыню, вельмі хачу звязаць яе з творчасцю, а значыць, трэба пастаянна прафесійна расці. Але спачатку неабходна скончыць школу. Лічу, што нават юны артыст павінен быць рознабаковым: добра спяваць, цікава казаць, прыгожа рухацца, спрабаваць сябе ў ролі вядучага, умець даваць інтэрв’ю і... фатаграфавацца! Вось да гэтага я і буду імкнуцца, буду старацца радаваць і здзіўляць сваіх гледачоў.

Тэлеверсіі фіналаў 25 і 26 сакавіка ў 12.10 пакажа канал “Беларусь-3”.

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"