Праверыць алгебрай гармонію на крэатыўным танцполе

№ 21 (839) 24.05.2008 - 30.05.2008 г

У якім накірунку развіваюцца сёння беларускія дыскатэкі? Пра комплекс пытанняў, звязаных з гэтым аспектам маладзёжнай культуры, разважае Алена МАКАРАВА, кандыдат педагагічных навук, загадчык кафедры менеджменту сацыяльна-культурнай дзейнасці Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтваў.

Што мусіць быць першым: попыт ці прапанова?

Сацыяльна-культурныя змены, што адбыліся ў грамадстве, востра паставілі пытанне пераасэнсавання сацыяльнай ролі дыскатэк, іх эстэтычна-выхаваўчага патэнцыялу, абумовілі неабходнасць вызначэння новых падыходаў да рэгулявання іх дзейнасці. І адной з надзённых праблем, якія сёння хвалююць арганізатараў вольнага часу моладзі, з’яўляецца супярэчлівасць паміж пажаданнямі азначанай аўдыторыі і рэальнымі магчымасцямі ўстаноў культуры ў дадзеным накірунку.

Тэлевізійныя забаўляльныя праграмы, тэледыскатэкі, конкурсы відэакліпаў, фестывалі рок-музыкі, гульнёвыя праграмы становяцца своеасаблівым эталонам густаў, поглядаў, музычных інтарэсаў, нават мадэлей сацыяльных паводзін у межах дыскатэкі. Таму патрабаванні моладзі да дзейнасці клубных дыскатэк і правядзення музычных праграм значна ўзрастаюць. Без перабольшвання можна сказаць, што пытанні, звязаныя з іх арганізацыяй і правядзеннем, былі і застаюцца аднымі з найбольш складаных у працы ўстаноў культуры і баўлення вольнага часу. Бо папулярнасць дыскатэкі як формы музычна-забаўляльнага адпачынку сапраўды фенаменальная, і колькасць яе прыхільнікаў сярод моладзі, падлеткаў не змяншаецца на працягу дзесяцігоддзяў.

Дыскатэка атрымала масавае развіццё ва ўсіх цывілізаваных краінах, таму натуральна і яе распаўсюджанасць у нас. Сёння амаль кожная клубная ўстанова рэспублікі прапануе моладзі розныя варыянты і мадэлі танцавальна-забаўляльных праграм. І дыскатэчныя сярод іх выступаюць у якасці найбольш запатрабаваных, прыцягальных.

Практыка сведчыць: у дзейнасці сучасных дыскатэк наспела значная колькасць праблем, без вырашэння якіх цяжка ўявіць сабе лёс клубных устаноў, іх ролю ў арганізацыі адпачынку моладзі, увогуле далейшае развіццё ўсёй сферы баўлення вольнага часу.

Знайсці паразуменне

Даныя сацыялагічных даследаванняў сведчаць: моладзь розных рэгіёнаў рэспублікі нярэдка выказвае незадаволенасць працай работнікаў культуры па арганізацыі музычна-забаўляльных мерапрыемстваў. Сучасны клуб, на думку моладзі і падлеткаў 15 — 17 гадоў, не заўсёды адгукаецца на іх захапленні поп- і рок-музыкай.

Па-ранейшаму застаецца невысокім мастацка-эстэтычны ўзровень большасці праграм, тэхнічнае абсталяванне дыскатэк усё яшчэ вельмі недасканалае. Час дыктуе новыя падыходы да арганізацыі дыскатэкі, патрабаванні да работы дзі-джэя, функцыі якога з часу станаўлення дыскатэкі значна змяніліся. Адчуваецца недахоп псіхолага-педагагічных і культуралагічных ведаў, спецыяльнага ўмельства ў большасці арганізатараў музычна-забаўляльных праграм. На жаль, існуе пэўная абыякавасць з боку органаў культуры да гэтага напрамку работы з моладдзю.

Зразумела, названыя фактары не спрыяюць фарміраванню станоўчага вобраза дыскатэк, удасканаленню іх дзейнасці, а ствараюць у грамадстве асацыяльны, крымінальны “партрэт” дыскатэкі. Сапраўды, як форма музычнага адпачынку моладзі яна мае свае “твар”, “колер”, у адрозненне ад іншых музычна-забаўляльных мерапрыемстваў, танцавальна-гульнёвых вечарын. Дыскатэка характарызуецца пэўным стылем паводзін, вызначаецца модай на адзенне, атрыбутыку. Тут пануюць асаблівы тып адносін між падлеткамі, свой “слэнг тусоўкі”. Акрамя таго, дыскатэкі адрозніваюцца ў залежнасці ад аўдыторыі, што вызначае ўласныя патрабаванні да арганізацыі праграмы (напрыклад, студэнцкія, школьныя, масавыя, клубныя дыскатэкі).

Найбольш складанымі з пункта гледжання арганізацыйна-камунікатыўных падыходаў і прававых норм паводзін з’яўляюцца дыскатэкі масавыя, якія функцыянуюць пры ўстановах культуры клубнага тыпу, дзе збіраецца рознаўзроставая аўдыторыя з шырокім колам арыентацый і патрабаванняў. Менавіта гэтыя дыскатэкі выклікаюць найбольшую заклапочанасць з боку грамадскасці, бо не заўсёды адпавядаюць агульнапрынятым нормам цывілізаванага адпачынку і музычнага баўлення вольнага часу (асацыяльныя паводзіны, наркаманія, злоўжыванне алкагольнымі напоямі і г. д.).

Сярод мноства розных пытанняў адным з найбольш надзённых, безумоўна, з’яўляецца матэрыяльна-тэхнічная забяспечанасць дыскатэк у клубных установах. Выклікае занепакоенасць нізкі ўзровень апаратуры, якая выкарыстоўваецца для ажыццяўлення дыскапраграм.Без дасканалай гукаўзмацняльнай, гукапрайгравальнай тэхнікі, святломузычнага, кіна-, фотаабсталявання, без сучасных аўдыё- і відэасродкаў цяжка дасягнуць стабілізацыі, далейшага развіцця дыскатэчнай дзейнасці. Гэтая праблема, на жаль, застаецца па-ранейшаму адной з найбольш актуальных: надзвычай марудна вырашаецца пытанне аб замацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы дыскатэк непасрэдна за органамі культуры на месцах.

Адным са шляхоў зрабіць дыскатэку прыцягальнай і папулярнай сярод моладзі горада, пасёлка ці вёскі можа быць стварэнне свайго клубнага асяроддзя, нават без пэўнай структурнай арганізацыі. Гэта не толькі “група падтрымкі” на танцах, а і кола аднадумцаў, энтузіястаў, якія сумесна працуюць над стварэннем арыгінальных тэматычных дыскапраграм. Іх заўсёды будуць аб’ядноўваць магчымасць творчасці, праявы мастацка-арганізацыйных здольнасцей і сам клубны фон зносін.

Неабходна звярнуць увагу на адносіны падлеткаў да сучаснай музыкі. Яны неадназначныя і няпростыя. На жаль, гэтае пытанне пакуль яшчэ не атрымала глыбокага вывучэння і асэнсавання.

Шэраг замежных культуролагаў, звяртаючыся да яго, падкрэсліваюць, што выкарыстанне сучасных электронных тэхнічных сродкаў узмацняе ўздзеянне на эмацыянальна-псіхалагічны стан маладога чалавека, аказвае значны ўплыў на яго фізічнае самаадчуванне. Сучасная тэхна-рэпавая музыка (адзначым, гэта 80% музыкі, што гучыць у дысказалах) можа выклікаць як станоўчы, так і адмоўны эмацыянальны водгук. Зразумела, што выкарыстоўваць выхаваўчы патэнцыял музыкі могуць толькі падрыхтаваныя спецыялісты з адпаведнай адукацыяй, значным вопытам практычнай дзейнасці.

Таямніцы шматаблічнасці

Разнастайнасць жанраў, стыляў і відаў масавых музычных з’яў — гэта рэальнасць, якая патрабуе ад арганізатараў дыскатэк, дзі-джэяў добрай арыентацыі, агульнай дасведчанасці ў галіне сучаснай музычнай культуры. На вялікі жаль, большасць арганізатараў музычных праграм, пераважна работнікаў культуры, амаль не арыентуюцца ў клубку плыняў і рытмаў, востра адчуваюць недахоп ведаў, а гэта перашкаджае ўсталяванню паразумення паміж падлеткамі і арганізатарамі клубных мерапрыемстваў. Відавочна, значны аб’ём музычнай інфармацыі, уплыў тэле-, аўдыё-, відэапраграм, хуткая змена моды на выканаўцаў, шырыня палітры музычных прыхільнасцей моладзі патрабуюць спецыяльнага вывучэння, пастаяннай увагі з боку работнікаў культуры. Можна адназначна сцвярджаць: клубныя работнікі павінны больш чуйна рэагаваць на музычныя захапленні моладзі.

Дыскатэка можа і павінна спрыяць паглыбленню музычных ведаў аб розных жанрах і відах музыкі, фарміраваць мастацка-эстэтычныя густы і запатрабаванні. Але галоўнай мэтай дыскатэкі, аб чым сведчыць практыка яе развіцця ў розных краінах, з’яўляецца задавальненне рэкрэацыйна-забаўляльных патрэб моладзі. У гэтым сэнсе дыскапраграмы павінны садзейнічаць змястоўнаму адпачынку на аснове выкарыстання выразных сродкаў сучаснай поп-, рок-музыкі ва ўсіх яе відах і формах. Дыскатэка, перш-наперш, — месца забаўляльных зносін, і магчымасці асветніцкай, адукацыйна-пазнаваўчай дзейнасці тут даволі своеасаблівыя, абмежаваныя спецыфікай формы работы. Падлеткі 14 — 16 гадоў заўсёды шукаюць у дыскапраграме “адпачынку для галавы і актыўнай працы для ног”. Дыскатэка вабіць маладога чалавека магчымасцямі нерэгламентаваных кантактаў і нефармальных зносін у сваім асяроддзі. Музыка дыскатэкі не толькі забаўляе, але і аб’ядноўвае падлеткаў у групоўкі, выступае своеасаблівым кансалідуючым сродкам (напрыклад, прыхільнікаў панк-рока, поп-соўла, тэхна, дыска і іншых сучасных музычных стыляў).

Не выклікае сумнення тое, што ўплываць на паводзіны моладзі, падлеткаў, рэгуляваць эмацыянальна-псіхічны стан, ажыццяўляць функцыі сацыяльнага кантролю за нормамі зносін і ўзаемадзеяннем у межах дыскапраграм немагчыма без ведання псіхалогіі падлетка, разумення складанага комплексу ўзроставых праблем сучаснай моладзі. Таму арганізатары дыскапраграм (у першую чаргу дзі-джэі) павінны кіравацца ведамі ў галінах сацыяльнай псіхалогіі, педагогікі, валодаць тэхнікай зносін, мець значны арсенал камунікатыўных сродкаў і прыёмаў, прынятых у падлеткавым асяроддзі.

Танцы +

Адна з галоўных задач, якая стаіць сёння перад работнікамі ўстаноў культуры і баўлення вольнага часу, — не адмаўляць дыскатэкам у падтрымцы, а паўней выкарыстоўваць мастацка-творчы патэнцыял клубных устаноў, калектываў, гурткоў мастацкай творчасці для напаўнення іх змястоўнымі, насычанымі рознымі сродкамі выразнасці праграмамі (шоу-дыскатэка, дыск-тэатр, слайд-тэатр і інш.). Гэта будзе ў пэўнай ступені садзейнічаць фарміраванню ў моладзі і падлеткаў навыкаў арганізацыі культурнага адпачынку, змястоўнага выкарыстання вольнага часу.

На сённяшні дзень менавіта дыскатэка з’яўляецца тым самым “вузлом”, у якім сканцэнтраваны многія пытанні сучаснай моладзі. Як з’ява маладзёжнай субкультуры, з аднаго боку, дыскатэка выступае своеасаблівай формай адаптацыі да норм, каштоўнасцей, ладу жыцця грамадства, а з другога, дыскатэчная “тусоўка” спрыяе фарміраванню новай сістэмы каштоўнасцей, маралі і г. д. Нельга не пагадзіцца з тым, што сэнс маладзёжнай субкультуры якраз і заключаецца ў самавыяўленні і выпрацоўцы ўласнага сацыяльнага статуса, які будзе прызнаны навакольнымі. І таму ў дзейнасці сучаснай дыскатэкі знаходзяць сваё праламленне важныя сацыяльныя пытанні маладых людзей, і, адначасова, складаныя культуралагічныя праблемы маладзёжнай музычнай субкультуры. На жаль, даводзіцца канстатаваць сур’ёзны недахоп спецыяльных даследаванняў у гэтай галіне.

Сёння неабходны комплексны падыход да вывучэння сацыяльна-культурнага феномена дыскатэкі як аднаго з перспектыўных напрамкаў рэкрэацыйна-забаўляльнай дзейнасці моладзі ў разнастайных рэгіянальных умовах.

Зразумела, дыскатэка выконвае сацыяльныя функцыі, мае свае характэрныя адметнасці ў залежнасці ад рэгіянальных фактараў (вялікі горад, малы горад, раённы цэнтр альбо вёска). Але нельга не разумець: развіццё дыскатэчнай плыні можа паспрыяць станаўленню шоу-бізнесу на Беларусі наогул, бо з’яўляецца неад’емнай часткай музычнай індустрыі, дыктуе попыт на музычныя стылі, рытмы, стварае імёны выканаўцам, дае жыццё новым музычным творам.

Разважаючы пра дыскатэку як з’яву сучаснай музычна-забаўляльнай індустрыі, неабходна падкрэсліць, што пытанне пашырэння камерцыйных паслуг насельніцтву ў сферы вольнага часу з’яўляецца адным з найбольш вострых для выжывання культурна-забаўляльных устаноў рэспублікі ў сучасных сацыяльна-эканамічных умовах. Эканоміка вольнага часу настойліва патрабуе развіцця рэнтабельных форм гаспадарання, якія б дазволілі максімальна эфектыўна выкарыстоўваць дзяржаўныя сродкі і паступова ўдасканальваць практыку самафінансавання ўстаноў культуры.

Правядзенне дыскапраграм мусіць быць традыцыйным, таму што яно, несумненна, садзейнічае ўдасканаленню функцыянавання дыскатэк ва ўстановах культуры, спрыяе вырашэнню арганізацыйна-творчых і інфармацыйна-метадычных пытанняў.У рэшце рэшт, далейшае ўдасканаленне дзейнасці дыскатэк у клубных умовах — гэта шлях да ўмацавання камерцыйна-фінансавай базы ўсёй сістэмы дзяржаўных устаноў культуры. Але, паўтаруся, галоўная мэта ўдасканалення дыскатэк — стварэнне ўмоў для больш змястоўных стасункаў моладзі і павышэння культуры забаўляльнага адпачынку ў сферы вольнага часу.

Гавораць лічбы

Яшчэ ў 2003 годзе на базе Беларускага дзяржаўнага інстытута праблем культуры прайшоў Рэспубліканскі семінар “Сучасныя тэхналогіі музычна-забаўляльнай дзейнасці”, пад час якога было праведзена комплекснае апытанне дзі-джэяў з усёй рэспублікі. Атрыманыя даныя стварылі падставы для сур’ёзнага асэнсавання сучаснага стану дыскатэчнай справы ў Беларусі.

Асноўная маса апытаных дзі-джэяў дастаткова сур’ёзна ставіцца да вырашэння рэкрэацыйна-забаўляльных і інфармацыйных мэт дыскатэчнай дзейнасці, вылучаючы ў якасці важнейшай з задач “акультурванне” маладзёжнай аўдыторыі праз музыку. Але насцярожвае той факт, што з агульнага ліку апытаных вопыт працы больш за 5 гадоў мае толькі кожны пяты дзі-джэй, у той час як кожны трэці — мае вопыт працы менш за год. З агульнага ліку апытаных толькі 5% маюць вышэйшую адукацыю і 10% — спецыяльную музычную адукацыю, а 60% — сярэднюю спецыяльную адукацыю ў розных (не звязаных з музыкай) сферах прафесійнай дзейнасці.

На пытанне аб узроўні інфармацыйна-метадычнага забеспячэння дзейнасці толькі 25% адказалі, што іх дыскатэка вызначаецца па гэтым параметры высокім узроўнем. Паказальна, што 46% дзі-джэяў надзвычай незадаволены інфармацыйнай базай дыскатэкі. Натуральна ўзнікае меркаванне, што мастацка-эстэтычны ўзровень дыскапраграм у большасці выпадкаў не задавальняе інтарэсы маладзёжнай аўдыторыі, бо 90% дзі-джэяў распрацоўваюць сцэнарную аснову музычна-забаўляльных праграм самастойна, прытым, што толькі 15% з іх маюць спецыяльную адукацыю ў сферы культуры і мастацтва. Пры гэтым кожны пяты дзі-джэй гаворыць пра выкарыстанне ў сваёй працы распрацовак спецыялістаў раённых і абласных метадцэнтраў народнай творчасці і культурна-адпачынкавай дзейнасці, што сведчыць пра наяўнасць тут пэўнага рэзерву для павышэння мастацка-эстэтычнага ўзроўню дыскатэк.

  

На пытанне “Як бы вы асабіста ахарактарызавалі стан развіцця дыскатэк у вашым горадзе?” былі атрыманы наступныя адказы:
“Вельмі нізкі мастацка-эстэтычны ўзровень праграм” — 10%;
“Вельм і слабая матэрыяльна-тэхнічная база” — 50%;
“Арганізатарам дыскатэк не хапае прафесійных ведаў” — 48%;
“Дыскатэкі не карыстаюцца папулярнасцю сярод моладзі” — 10%;
“Вельмі аднастайны набор дыскатэчных праграм” — 48%;
“Развіваюцца актыўна і згодна з сучаснымі запатрабаваннямі моладзі” — 10%.
З ліку ўдзельнікаў семінара на працягу сваёй дзейнасці ў якасці дзі-джэя 20% удзельнікаў толькі аднойчы павышалі сваю прафесійную кваліфікацыю, 2/3 — не павышалі ніколі. Асобна неабходна прааналізаваць і тое, што толькі 20% дзі-джэяў задаволены сваёй работай, 40% — “Хутчэй, так, чым не”. Сустракаліся і такія адказы, якія сведчылі пра сур’ёзную незадаволенасць. Сярод яе прычын называліся:
Слабая матэрыяльна-тэхнічная база — 60%;
Нізкая заработная плата — 50%;
Адсутнасць узаемаразумення з кіраўніцтвам — 30%;
Адсутнасць маральных і матэрыяльных стымулаў у працы — 25%;
Адсутнасць падтрымкі з боку моладзі — 15%;
Недахоп ведаў і навыкаў для выканання функцый дзі-джэя — 10%.