Каці Пушкаровай і не снілася

№ 2 (768) 13.01.2007 - 19.01.2007 г

Ужо 15 гадоў газета “Культура” рупіцца пра ўнутраную прыгажосць свайго чытача і толькі зрэдку звяртаецца да яго знешняй красы. Але з гэтага нумара “К” адкрывае новую рубрыку — “Твой стыль”. Па-першае таму, што апошнімі гадамі беларусы сталі актыўна цікавіцца модай і думаць пра ўласны стыль; па-другое таму, што гармонія душы і цела па-ранейшаму актуальная; а па-трэцяе, гэта таксама культура і мастацтва — працаваць над уласным іміджам. А пакуль уся краіна чакае тэлевізійнай метамарфозы Каці Пушкаровай, якая павінна ператварыцца з “непрыгожай” у бізнес-вумен, мы накіруем свае эстэтычныя памкненні менавіта да дзелавога стылю, такога простага вонкава і патрабавальнага па сутнасці.

/i/content/pi/cult/109/140/st19_1.jpgЧым вылучаецца характар дзелавога чалавека? Сабранасцю, пунктуальнасцю, строгасцю, кансерватызмам, стабільнасцю, дабрабытам, стрыманасцю, акуратнасцю. Не ўсе мы працуем "дзелавымі людзьмі", але штодзень карыстаемся дзелавым этыкетам у стасунках з калегамі, кіраўніцтвам, асяроддзем. І каб быць успрынятымі так, як таго чакаем, мы пераводзім пералічаныя якасці на мову адзення. А для атрымання максімальнага выніку ўзгадаем некаторыя правілы дзелавога стылю.

Аснова дзелавога стылю - класічны касцюм спакойных колераў, прычым дазваляецца, каб кожная яго дэталь была розных, але спалуальных адценняў. Трэба засцерагацца непатрэбных асацыяцый: чырвоныя і зялёныя пінжакі нагадваюць "новых рускіх", чыста белыя штаны - ігракоў у гольф і аматараў яхт, а некаторыя адценні карычневага ў жаночым касцюме могуць старыць ды нагадваць Людмілу Пракопаўну са "Службовага рамана". Верх і ніз аднаго колеру, але рознай фактуры - не лепшая задума, бо нешта будзе выглядаць горшым.

Кашуля - абавязковы элемент дзелавога гардэроба мужчыны і жанчыны. Ідэальны колер - белы, які будзе глядзецца з любым касцюмам. Для будняў падыходзяць белыя кашулі з тонкай шэрай, блакітнай палоскай, але толькі не бэжавыя ці жаўтаватыя, якія паставяць пад сумнеў іх чысціню. Летнія кашулі з кароткім рукавом і гальштукам не вітаюцца: так апранаюцца ў Макдональдзе. Дзелавы касцюм мужчыны - класічны: штаны, пінжак, шаўковы гальштук як звязоўчы элемент між кашуляй і пінжаком. Шырыня гальштука па традыцыі вызначаецца шырынёй адваротаў пінжака, ягоа даўжыня — да спражкі рэменя. Яго выбар залежыць ад многіх момантаў, такіх, як колер, малюнак касцюма і кашулі, рысы твару і г.д. Пажадана купляць гальштук, маючы магчымасць прыкласці яго да ансамбля, да якога ён выбіраецца, бо памяць можа скажаць адценні колераў і іншыя дробязі. Дарэчы, некалькі гальштукаў да адной і той жа вопраткі робяць уражанне розных ансамбляў: вось такая сіла аксесуараў! У тон да гальштука падбіраецца і хусцінка ў нагрудную кішэню. Яна паўтарае адзін з колераў гальштука ці яго колер цалкам, але ідзе з іншым малюнкам. Хусцінка не павінна нагадваць акуратную насоўку: яна выглядвае складкамі, а не вугламі. Каб гэта ўявіць, можна глянуць у №27 за 2006 год, дзе “Культура” змясціла фотаздымак З.Цэрэтэлі з чырвонымі гальштукам і хусцінкай у кішэні.

Гальштук-бабачка абавязкова павінен завязвацца, а не трымацца на рызінцы. З фракам носяць толькі белую, са смокінгам — чорную.

У дзелавым стылі жанчыны недапушчальныя дэкальтэ, валаны, яркія колеры, бліскучасць, нетрадыцыйны малюнак тканіны (дапушчальна дробная палоска), падкрэсліванне грудзей, высокія разрэзы, міні, аголеныя рукі, адкрыты абутак, адсутнасць панчох, шмат упрыгожанняў, выразны макіяж, адным словам, усё, што можа адцягваць увагу ад працы яе саму ці калег. Дарэчы, многія замежнікі адзначаюць, што славянкі карыстаюцца днём вячэрнім макіяжам замест “натуральнага”. Стылісты папярэджваюць, што насычаны макіяж і дзелавы касцюм за мяжой могуць успрымацца як
вобраз дзяўчыны лёгкіх паводзін... А што тычыцца сучасных тэндэнцый дзелавога вобраза,
сёння неабавязкова лакіраваць ногці пад колер памады, застаецца актуальным прыдуманы ў Галівудзе “французскі манікюр” празрыста-светлых адценняў. Аксесуары таксама могуць розніцца між сабой колерам і фактурай, але — абавязкова перагукацца.