Колькасць краін-удзельніц — 10, колькасць спектакляў — 22, іх паказаў — 23 (“Саша, вынесі смецце” нашага Маладзёжнага тэатра ідзе двойчы). Колькасць задзейнічаных сцэнічных пляцовак — 6: па дзве ў тэатры лялек і драматычным (асноўная сцэна і камерная), Канцэртная зала “Магілёў” і, другі год запар, Музей этнаграфіі. Пераможцы — усе: ад удзельнікаў да гледачоў.
Як слушна заўважыла першы намеснік міністра культуры Беларусі Ірына Дрыга, гэты фестываль “мае свае традыцыі, але штораз дэманструе нейкі новы твар”. Так, упершыню на яго завіталі госці з Аўстрыі, Грузіі, ЗША. Упершыню прадстаўлены ўсе тры тэатры Магілёўшчыны: да драматычнага, які паказаў “Крэйцараву санату”, і тэатра лялек, што падрыхтаваў прэм’еру паводле Уладзіміра Караткевіча “Сіняя-сіняя”, далучыўся калектыў з Бабруйска — са спектаклем “Лондан”.
Ды ўсё ж галоўнай асаблівасцю форуму стала яго праграма, пабудаваная, як адзначыў дырэктар Магілёўскага драмтэатра і галоўны кіраўнік фестывалю Андрэй Новікаў, па прынцыпе “50 на 50”: калі ў мінулыя гады, здаралася, пераважвала класіка, хай і ў сучасным “маладзёжным” увасабленні, дык цяпер яна колькасна ўраўнаважылася з сучаснымі п’есамі: найноўшымі, дзе закранаюцца набалелыя праблемы цяперашняга грамадства, і так званай “жывой класікай” — творамі другой паловы ХХ стагоддзя.
І хаця журналісты хваляваліся, што публіка на “М@rt.кантакце” становіцца старэйшай — найперш з-за ўзрастання коштаў за білеты, зацікаўленай моладзі ў залах многа, пры нязменных аншлагах, што пануюць на спектаклях, студэнты рассаджваюцца і на падушках, і наўпрост на падлозе.
Са свайго боку адзначу, што сёлетні форум ахоплівае максімум стылёвых кірункаў, закранае розныя акцёрскія школы. У прыватнасці, у ім удзельнічае рэжысёрская лабараторыя “Вучні Тумінаса”, прадстаўнікі школ Эймунтаса Някрошуса, Льва Эрэнбурга, у якога на сёння запланаваны таксама майстар-клас.
Штодня, па традыцыі, на фестывалі праходзяць дэталёвыя абмеркаванні ўбачаных напярэдадні спектакляў. Вельмі высокую ацэнку, да прыкладу, атрымала згаданая “Сіняя-сіняя” нашага маладога рэжысёра Ігара Казакова, спектакль адразу быў запрошаны на гастролі ў Літву.
Сімвалічна, што ад маладзёжнага форуму эстафета будзе перададзена дзецям. 27-га закрыецца “М@rt.кантакт”, а 28-га — адкрыецца ІV Мінскі міжнародны дзіцячы тэатральны форум “Крокі”.