Тэатральныя “айсбергі”

№ 21 (839) 24.05.2008 - 30.05.2008 г

На мінулым тыдні ў сталічным Музеі беларускага кіно адкрылася выстаўка беларускіх сцэнографаў “Вынікі сезона 2007 — 2008”. Арганізатарамі выступілі Беларускі саюз мастакоў і Беларускі саюз тэатральных дзеячаў.

 /i/content/pi/cult/162/1399/Ajsbergi.jpg

А.Касцючэнка. Макет дэкарацый да спектакля “Валянцінаў дзень”.

На выстаўцы, як вынікае з самой назвы, прадстаўлены найновыя работы, створаныя айчыннымі сцэнографамі на працягу бягучага сезона. І, па сутнасці, “матэрыялізуецца” галоўная ідэя — паказаць развіццё беларускай сцэнаграфіі на сучасным этапе, выявіць шляхі яе перспектыўнага развіцця.

У свой час традыцыя штогадовых выставак-справаздач беларускіх сцэнографаў была не толькі папулярная сярод саміх мастакоў, але і запатрабаваная шырокімі коламі тэатральнай грамадскасці. Аднак на пачатку 90-х гадоў яна неўпрыкмет згасла. Летась жа, напярэдадні Пражскай квадрыенале, нашы мастакі вырашылі ўзнавіць гэтую практыку, найперш для таго, каб зноў адчуць сябе не канкурэнтамі, а — калегамі па творчым цэху. І той факт, што за год імпэт беларускіх сцэнографаў не згас, робіць ім гонар.

Побач з мастакамі старэйшага пакалення — Д.Мохавым, В.Рачкоўскім, В.Цімафеевым, А.Касцючэнкам, У.Чарнышовым — свае работы прадставілі і маладыя беларускія сцэнографы: В.Грыцаева, Л.Сідзельнікава, А.Сарокіна, В.Мацкевіч, В.Праўдзіна, І.Анісенка. І кожны з мастакоў, што прыемна, незалежна ад узросту, прадэманстраваў арыгінальнае мысленне і пошукі нешараговага падыходу да драматургічнага матэрыялу, прапанаванага рэжысёрам. Тым больш, падобныя “выстаўкі ідэй” цікавыя тым, што на іх вельмі часта можна пабачыць той тэатральны “айсберг”, які нябачны пад час самога спектакля, — першапачатковую мастакоўскую задуму, што пазней перажывае пэўныя трансфармацыі на шляху сцэнічнага ўвасаблення ў канкрэтным матэрыяле.

Але хацелася б, каб надалей у падобных справаздачных выстаўках больш актыўны ўдзел бралі і мастакі з рэгіёнаў. Многім з іх, упэўнена, ёсць чым пахваліцца. А калі ім маецца што паказаць, чаму б нам на гэта не паглядзець?

 

Таццяна КОМАНАВА