“Настройка” на пераемнасць

№ 11 (1294) 18.03.2017 - 24.03.2017 г

Танцавальныя традыцыі: “Мяцеліца” засведчыла...
У розных сферах традыцыйнай культуры пераемнасць уменняў і навыкаў мае сваю спецыфіку. Чым далей від дзейнасці ад штодзённых практык, тым больш складанасцей. Але сітуацыя змяняецца, калі чалавек пачынае рэгулярна наведваць танцавальныя заняткі ці вечарыны. У Беларусі згублены традыцыйны і не сфармаваны сучасны фармат супольнага культурнага адпачынку, які ў мінулыя часы выконвалі ў тым ліку танцавальныя вечарынкі. Пераемнасці традыцыйнага танцавальнага мастацтва беларусаў сёння спрыяюць гурткі пры ўстановах культуры, разнастайныя конкурсы і ініцыятывы.

/i/content/pi/cult/629/13987/13-1.jpg

Падчас конкурснай праграмы "Мяцеліца-2017". / Фота Алены ЛЯШКЕВІЧ

12 сакавіка ў мінскім Міжнародным адукацыйным цэнтры імя Іаханэса Рау прайшоў конкурс выканаўцаў беларускіх народных танцаў “Мяцеліца”. Удзельнічалі пары і танцоры з Магілёўскай, Гомельскай, Віцебскай абласцей і Мінска. Некаторыя займаюцца ў гуртках пры ўстановах культуры, а іншыя ўдзельнікі вучыліся танчыць на імпрэзах, арганізаваных аматарамі фальклорнага руху ў гарадах Беларусі. “Мяцеліца” прайшла трэцім разам, у параўнанні з 2015-м колькасць танцавальных пар вырасла амаль удвая: сёлета іх было больш за 70. Шмат сталых наведвальнікаў мінскіх танцавальных вечарын, пераможцаў “Мяцеліцы” мінулых гадоў прыйшлі гледачамі, удзельнічалі ў “танцавальных паўзах”.

Амаль ва ўсіх катэгорыях першыя месцы “разабралі” не мінчане: Ксенія Артамонава і Аляксандр Говар з Капаткевічаў, Марына Пархімовіч і Сяргей Выскварка з Любані, Ганна Атрошчанка і Мікалай Бурлій з Хойнікаў. Праўда, сярод пераможцаў у намінацыі сольных танцаў мінчан, наадварот, большасць: Ксенія Грыўнак з кафедры харэаграфіі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, Марына Струнеўская з гуртка “Рамонак” пры сярэдняй школе №168, Сяргей Смірноў з гуртка “Явар” пры СШ № 159. Вераніка Анцілеўская, педагог Сяргея, таксама ўдзельнічала ў “Мяцеліцы”. Вось дзе пераемнасць ад настаўніка да вучня! Адзіны пераможца ў намінацыі сольных танцаў не з Мінска — Аляксандр Говар, фальклорны гурт “Крыніца”, з Капаткевічаў Петрыкаўскага раёна Гомельскай вобласці.

Мастацкі кіраўнік узорнага фальклорнага ансамбля “Верабейкі” з Любані Сяргей Выскварка кажа, што кіраўніку гурта карысна самому ўдзельнічаць у конкурсах: і форму не губляеш, і пачынаеш лепш разумець сваіх вучняў. Карысна і наведваць фестывалі, нават калі не запрошаны туды з гуртом: іншымі вачыма глядзіш на тое, што адбываецца, арганізацыйныя ж пытанні ўвагу не адцягваюць.

Судзілі танцораў мастацкі кіраўнік узорнага ансамбля фальклорнага танца “Палескія плясуны” са Століна Іван Лёгкі, сябра Беларускага саюза музычных дзеячаў Ірына Мазюк, кіраўнік народнага ансамбля танца “Крупіца”, заслужаны работнік культуры Рэспублікі Беларусь Георгій Чорны, культуролаг Любоў Сівурава. Ачольваў журы музыка Алесь Лось.

Журы падбіралася не выпадковым чынам: выхаванцы Івана Лёгкага былі сярод пераможцаў “Мяцеліцы” ў 2013-м і 2015-м, Ірына Мазюк у традыцыйных танцах цэніць нязмушанасць, натуральнасць рухаў, адпаведнасць традыцыям. Любоў Сівурава падрыхтавала для ўдзельнікаў “Мяцеліцы” разгорнуты спіс крытэрыяў ацэнкі танца і выклала ў сацсеткі перад конкурсам. Сярод пазіцый — веданне канонаў традыцыйнай беларускай культуры (у паводзінах, лексіцы танца, нашэнні народнага строя); веданне малюнка танца, уласнае яго пераўвасабленне; уменне імправізаваць; разуменне сутнасці, характару танца, уменне захаваць і выразіць яго; разнастайнасць эмоцый, якія выражаюць танцоры, бо ў добрым танцы, як у маленькім спектаклі, прысутнічае свая ўнутраная драматургія.

Погляд журы і арганізатараў

На думку арганізатараў, гледачоў, а таксама саміх удзельнікаў, эксперты працавалі прафесійна, зладжана, адзінадушна. У конкурсе перамаглі самыя выбітныя танцоры з тых, што прыехалі на свята танца.

Сябра журы, этнакультуролаг Любоў Сівурава адзначыла, што “Мяцеліца” забяспечвае пераемнасць танцавальнага мастацтва ўжо тым, што ў конкурсе ўдзельнічаюць тры пакаленні танцораў. Мясцовую танцавальную культуру дэманструюць нават самыя маладыя ўдзельнікі. Яны энергічныя, можа падацца, што робяць занадта рэзкія рухі, але застаюцца ў межах традыцыі. З гадамі дзеці выкшталцоўваюцца, іх пластыка становіцца больш стрыманай. Таму журы глядзела не на тое, хто вышэй скочыць, а чыя манера рухаў найбольш адпавядае традыцыйнай.

Любоў Сівурава 12 гадоў выкладала менеджмент ва ўніверсітэце культуры і мастацтваў, таму пракаментавала і некаторыя арганізацыйныя аспекты мерапрыемства: “Мяцеліца” — яскравы прыклад недзяржаўнага этнакультурнага праекта. Шкада, што на мерапрыемства не завіталі ні прадстаўнікі Міністэрства культуры, ні кафедраў харэаграфіі і менеджменту сацыякультурнай дзейнасці БДУКіМ. Праўда, ад кафедры харэаграфіі ўдзельнічала некалькі студэнтаў”.

Любоў Сівурава выказала некалькі прапаноў для будучых конкурсаў: на такую вялікую колькасць пар трэба некалькі складаў журы, у ідэале — па адным на кожную ўзроставую групу. І можна было б пачаць фармаваць кола зацікаўленых у конкурсе медыя, усталяваўшы нейкую ўзнагароду за лепшае асвятленне мерапрыемства. І, можа, спрэчная думка, але мне здаецца, трэба спрабаваць выводзіць конкурс на самаакупнасць: каб і ўдзел, і наведванне былі платнымі.

Аўтар ідэі конкурсу “Мяцеліца” Мікола Козенка адзначыў, што пераемнасць мясцовых танцавальных традыцый падчас конкурсу адчувалася, хаця працэс навучання танцораў яшчэ патрабуе карэкціроўкі. Відавочны ўплыў народна-сцэнічнай харэаграфіі. Добра, на яго думку, што да ўдзелу ў “Мяцеліцы” далучаюцца студэнты кафедры харэаграфіі ўніверсітэта культуры, але яны ж і нясуць хвалю сцэнічнасці, у пэўным сэнсе яшчэ “ не даросшы” да традыцыйнага танца.

Радуе ж Міколу Аляксеевіча, што далучаецца гарадская моладзь, якія вырасла “на асфальце”. Узровень танцавальных пар, што ўдзельнічалі ў першай “Мяцеліцы” ў 2013-м, значна падрос. Сталі заяўляцца некаторыя людзі, што раней баяліся. Вядома, цешыць цікаўнасць да конкурсу людзей сталага веку з рэгіёнаў. У той жа час не хапае разнастайнасці. Напрыклад, у польцы: у беларусаў ёсць не толькі полька-скакуха, а і полька дробненькая, “соўгалка”...

“Мяцеліца” — гэта адзіны ў краіне конкурс, што ладзіцца як грамадская ініцыятыва на валанцёрскіх пачатках. Канечне, ёсць шмат праблем, і ў асноўным яны ўпіраюцца ў наяўнасць памяшкання і грошай.

Рух “Берагіня”

Пачыналася ж "Мяцеліца" з ініцыятывы этнахарэографа Міколы Козенкі, аўтара ідэі “Мяцеліцы” і Рэспубліканскага фестывалю фальклорнага мастацтва “Берагіня”, які “К” неаднойчы асвятляла. Рыхтавацца да “Берагіні” гурту трэба сур’ёзна: збіраць мясцовыя варыянты танцаў, засвойваць пластыку рухаў (а яна ў традыцыйных танцах адрозніваецца ад сцэнічных варыянтаў). Таму, з’ездзіўшы на конкурс, гурт часцей за ўсё працягвае займацца традыцыйнымі танцамі: столькі сіл укладзена! Ды падабаецца!

Сёння свае абласныя конкурсы побытавага танца маюць Брэстчына (“Радавод”), Гомельшчына (“Вытокі”), Міншчына (“Мінская кадрыля”). “Радавод” сёлета пройдзе 25 сакавіка ў Пінску, “Вытокі” — у красавіку ў Калінкавічах і Уваравічах. “Мінскую кадрылю” правядуць у Барысаве 21 мая, прычым вырашана надаць конкурсу сталую барысаўскую “прапіску”, аб’яднаўшы з фестывалем “Фальклорная талака”, што цяпер таксама будзе праходзіць раз на два гады. У Магілёўскай вобласці танцавальны конкурс адбываецца ў межах Міжнароднага фестывалю дзіцячай творчасці “Залатая пчолка” ў Клімавічах. Там змагаюцца гурты, а конкурсу танцавальных пар няма. “Залатая пчолка” плануецца як штогадовая імпрэза, астатнія ж абласныя танцавальныя конкурсы праходзяць раз на два гады і спрыяюць адбору ўдзельнікаў для заключных імпрэзаў “Берагіні” ў Акцябрскім.

На Гродзеншчыне раз на тры гады праходзіць конкурс танцавальных калектываў “Скокі ва ўсе бокі” (Карэлічы), плануецца яшчэ адкрыты фестываль танца “Гарадзенскія карункі”. Намінацыя “Побытавыя танцы” ёсць і ў абласным фестывалі рэгіянальнага фальклору “Панямоння жыватворныя крыніцы”.

Дарэчы

Студэнцкае этнаграфічнае таварыства падало праект па арганізацыі мясцовых танцавальных вечарын “Трохкрок” на конкурс “Social Weekend 9”. Праект актуалізуе традыцыйную культуру і стварае культурныя дасугавыя асяродкі ў рэгіёнах, якія самастойна сталі б ладзіць такія вечарыны надалей.

Аўтар ідэі праекта Цімафей Акудовіч тлумачыць: “Social dancing” — танцы для сацыялізацыі, а не для сцэны — гэта агульнасусветная з’ява. Да сацыяльных танцаў адносяцца і танга, і ліндзі-хоп і лаціна... Мы бярэм за аснову менавіта беларускія народныя танцы з шэрагу прычын: іх вельмі проста навучыцца танчыць проста на вечарыне; іх могуць выконваць усе без выключэнняў пакаленні; старэйшыя дагэтуль памятаюць танцы сваёй маладосці і могуць навучыць маладзейшых — наладжваецца сувязь пакаленняў; беларускія народныя танцы лёгка танчыць пад жывую музыку, а не пад магнітафон; знайсці музыкантаў, якія змогуць выконваць такія танцы, значна прасцей, чым аркестры; лёгка знайсці памяшканне для танцаў на базе ўстаноў культуры, якія самі зацікаўленыя ў такіх мерапрыемствах”.

Праект дзейнічае паўтара года, зараз шукае сродкі для пашырэння. З сярэдзіны 2015-га праведзена 130 танцавальных вечарын у Маладзечне, Віцебску, Гродне, Бабруйску, Баранавічах, Барысаве, якія наведала каля 3 тысяч чалавек, з якіх 5 % дзеці да 18 гадоў, 40 % моладзі да 30 гадоў і 40 % людзей пасля 50-ці. Па выніках работы ў Маладзечне, Віцебску і Бабруйску самастойна функцыянуюць танцавальныя асяродкі. Мінскія музыкі ў гэтым сезоне ладзяць вечарыны ў доме культуры ў Міханавічах, знакамітых гуртом Ларысы Рыжковай “Калыханка”.

Аўтар: Алена ЛЯШКЕВІЧ
спецыяльны карэспандэнт рэдакцыі газеты "Культура"