Калі юбілей “некухонны”...

№ 11 (1294) 18.03.2017 - 24.03.2017 г

Памятныя даты бываюць рознымі: святочнымі і будзённымі, радаснымі і сумнымі. А якімі павінны быць юбілеі нашых класікаў? Асабліва тых, што ўжо сышлі ў іншы свет. І хто возьме адказнасць за правядзенне канцэртаў, выстаў, іншых імпрэзаў, прысвечаных іх творчасці?

/i/content/pi/cult/629/13986/122-1.jpgУ савецкія дзесяцігоддзі любыя святкаванні, што пераўзыходзілі кухонныя маштабы, ініцыяваліся ўладамі. Сёння дзейнічае іншы прынцып: выратаванне тапельцаў — справа рук саміх тапельцаў. У першую чаргу, гэта тычыцца кампазітараў, якія звычайна не “прапісаны” ні ў якім творчым калектыве, а зарабляюць сабе на жыццё (і на магчымасць сачыняць новыя творы) выкладчыцкай дзейнасцю. Пакуль творца жывы, усё больш ці менш зразумела: ён займаецца ўсім сам — і звычайна за ўласныя грошы. Так, да прыкладу, рабіў у гэтым сезоне Уладзімір Кур’ян, “замахнуўшыся” на Канцэртную залу Беларускай дзяржаўнай філармоніі і пракаментаваўшы свой аўтарскі вечар наступным чынам: “Творы — тыя ж дзеці. А для дзяцей нічога не шкада!” Здараюцца і супрацьлеглыя выпадкі, калі кампазітар не дбае пра ўшанаванні, засяродзіўшыся на новых партытурах: маўляў, усе гэтыя мерапрыемствы толькі ад творчасці адцягваць будуць, а карысці мне ад іх — аніякай. Ну, адным выкананнем будзе больш — і што з таго?

Пасля смерці аўтара ўсё змяняецца. Новых твораў больш не з’явіцца, а напісаныя — як данесці спадчыну да слухача? Выканальніцкія калектывы сёння занятыя іншым — прыцягненнем публікі, выхадам на самаакупнасць, што вымушае музыкантаў звяртацца найперш не да айчыннай спадчыны, а да “раскручаных” тэм. А яшчэ творчасць — гэта такая рэч, якая патрабуе перагляду, пераацэнкі, часам проста асэнсавання, для чаго неабходна хаця б невялікая часавая адлегласць. І што? Хто ўсім гэтым займаецца? Хіба навучальныя ўстановы, якія акумулююць у сабе значны навуковы патэнцыял.

125-годдзе Мікалая Аладава, крыху раней — 100-годдзе з дня народзінаў Анатоля Багатырова, таксама аднаго з заснавальнікаў беларускай нацыянальнай кампазітарскай школы. Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі выпускае зборнікі артыкулаў і ўспамінаў, прысвечаныя іх творчасці, асобныя творы гучаць на канцэртах унутры ВНУ. Наступным тыднем, да прыкладу, фестывалем з двух канцэртаў у Вялікай зале Акадэміі будзе адзначана 100-годдзе з дня нараджэння кампазітара Эдзі Тырманд, чые творы і сёння ўспрымаюцца як толькі што напісаныя, а закладзеныя ёй педагагічныя традыцыі на кафедры канцэртмайстарскага майстэрства ўзраслі безліччу высокапрафесійных спецыялістаў.

Свой унёсак у папулярызацыю беларускай музычнай спадчыны робяць і нашчадкі творцаў. Месяц таму ў галерэі “Лабірынт” Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі адбыўся творчы вечар “Музыку не пішуць для сябе…”, прысвечаны 70-годдзю з дня нараджэння кампазітара Уладзіміра Дамарацкага. Асноўныя арганізацыйныя клопаты (найперш — сабраць музыкантаў-выканаўцаў, скласці канцэртную праграму) узялі на сябе яго ўдава і дачка — абедзве піяністкі. Прадстаўнічасці канцэрта маглі б пазайздросціць нават буйныя сцэнічныя пляцоўкі, бо ўдзельнічалі салісты Вялікага і Музычнага тэатраў, лаўрэаты міжнародных конкурсаў, запатрабаваныя ў блізкім і далёкім замежжы, хор “Званочкі” Рэспубліканскай гімназіі-каледжа пры БДАМ.

Нельга не ўзгадаць і тое, колькі цудоўнай беларускай музыкі выконваюць у малых гарадах краіны шматлікія камерныя калектывы Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра пад кіраўніцтвам народнага артыста Беларусі, прафесара Міхаіла Фінберга.

Дый многія сярэднія і пачатковыя навучальныя музычныя ўстановы па ініцыятыве сваіх выкладчыкаў і кіраўнікоў ладзяць і творчыя сустрэчы, і канцэрты. Калі падлічыць агульную колькасць такіх мерапрыемстваў, лічба будзе, я ўпэўнена, унушальнай. Ды толькі — як “падлічыць” грамадскі розгалас усіх гэтых намаганняў? Бо сітуацыя застаецца крытычнай. Справа не толькі ў тым, што беларускай акадэмічнай музыкі гучыць катастрафічна мала, а яшчэ і ў тым, што з-за гэтага не адбываецца ўласцівы ўсім народам і эпохам працэс крышталізацыі класікі, скіраваны на выяўленне, захаванне і папулярызацыю не проста ўсяго запар (гэта немагчыма), а найперш самага лепшага. Так што — цяжкавата, мяркуючы па ўсім, давядзецца наступным пакаленням. Сёння мы па крупінках збіраем нацыянальную музычную спадчыну ХІХ-га і ранейшых стагоддзяў. З ХХ-м, падобна на тое, праз час будзе тое ж самае. Штосьці стаіць, верагодна, на бібліятэчных палічках, ляжыць у архівах. Але каб зрабіць гэта здабыткам, духоўным багаццем сучаснікаў (не “паводле справаздач”, а рэальна), трэба для пачатку хаця б ведаць, што менавіта там шукаць. Ці не ў гэтым, дарэчы, прызначэнне “круглых” дат? Не проста кідаць позірк на “сёння і зараз”, а зазіраць у вечнасць…

Фота Юрыя ІВАНОВА з архіва "К"

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"