Што станьчым заўтра?

№ 11 (1294) 18.03.2017 - 24.03.2017 г

14 — 15 сакавіка ў Нацыянальным цэнтры мастацкай творчасці дзяцей і моладзі праходзіў Рэспубліканскі педагагічны форум “Культуралагічны падыход у развіцці прафесійнага майстэрства педагогаў дадатковай адукацыі”. У ім бралі ўдзел педагогі гэтага сегмента адукацыйнай сістэмы, чыя праца звязаная з рознымі відамі народнай творчасці і іх прапагандай сярод дзяцей і моладзі; прадстаўнікі вышэйшых навучальных устаноў і Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, народныя майстры, фалькларысты-практыкі. Аздобаю імпрэзы былі дзіцячыя і маладзёжныя фальклорныя калектывы.

/i/content/pi/cult/629/13985/4-2.jpgТое, што людзі, занятыя ў гэтай няпростай справе, мелі магчымасць пабачыць адзін аднаго, абмеркаваць агульныя праблемы, падзяліцца досведам, ужо можна лічыць поспехам сумоўя. Не сакрэт, што работнікі культуры, непасрэдна занятыя з грамадой у рэгіёнах — людзі звышзагружаныя (а ва ўмовах абвешчанай аптымізацыі кадраў працы іх не менее, а хіба наадварот). Для іх выправа на семінар ці канферэнцыю гэта магчымасць перавесці дыханне, даведацца пра новыя павевы ў сваёй справе і ў сумежных сферах, людзей паглядзець і сябе паказаць. Нефармальны бок прафесійнага сумоўя гэта самая важная частка такога кшталту імпрэз. У нязмушанай абстаноўцы пачуеш тое, што не заўжды трапляе ў афіцыйныя справаздачы і даклады.

Як вынікае з пачутага на форуме, і ў сталіцы, і ў рэгіёнах праблемы не надта розняцца. Паўсюль бацькі заклапочаныя тым, каб адарваць сваіх дзяцей ад камп’ютараў, вярнуць з віртуальнага свету ў рэальны, і чакаюць такога цуду ад сістэмы дадатковай адукацыі, якая паводле яшчэ савецкай традыцыі, у значнай ступені арыентавана на захаванне традыцый народных рамёстваў, народных песняў і танцаў ды адаптацыі традыцыйнай культуры да ўрбанізаванага асяроддзя. Ну а работнікі культуры і адукацыі, на якіх трымаецца тая сістэма, робяць усё магчымае і немагчымае для захавання знакаў нацыянальнай аўтэнтычнасці, але ўсведамляюць, што іхніх высілкаў недастаткова. Трэба метадычная дапамога навукоўцаў, матэрыяльная і арганізацыйная дзяржаўных структур. Зрэшты, трэба на канцэптуальным узроўні вызначыцца, дзеля якой мэты мы ва ўрбанізаваным грамадстве захоўваем чыннікі традыцыйнай культуры з вясковымі каранямі. Мы робім для ўласных патрэб ці “на імпарт”? Дзеля захавання ўласнай ідэнтычнасці — гэта значыць, спавядаем разумны ізаляцыянізм, ці бачым у нацыянальнай традыцыі сродак уплыву на глабальны культурны працэс?

У выступленнях форуму не аднойчы гучала думка, што сэнс далучэння дзяцей і моладзі да народнай традыцыі не ў тым, каб яны навучыліся рабіць прыгожыя рэчы ці спяваць прыгожыя песні. Праз творчую працу чалавек мусіць сам змяняцца ў лепшы бок. І менавіта такая задача мусіць быць для сістэмы дадатковай адукацыі стратэгічнай.

Гаварылася і пра тое, што не ўсе, хто ўпаўнаважаны прымаць рашэнні на дзяржаўным узроўні, усведамляюць эканамічны эфект культуры ўвогуле і культурнай адукацыі ў прыватнасці. Калі са школьных праграм выкрэслівалі прадмет пад назвай “Сусветная мастацкая культура”, кіраваліся мэтазгоднасцю — прадмет з ліку не самых патрэбных; пазбавіўшыся яго, школьнікі будуць менш загружаныя і засяродзяцца на больш актуальных ведах. А ў выніку дзеці сталі горш засвойваць іншыя прадметы. Фактычна праз не надта карэктны эксперымент у сістэме адукацыі было даведзена, што без культурнага чынніка не можа быць паўнавартаснага інтэлекту. Зараз той прадмет вярнулі ў навучальныя праграмы. Але цяпер не стае выкладчыкаў.

І яшчэ. У падлеткаў, для якіх імёны вялікіх мастакоў пусты гук, якія не маюць нават прыблізнага ўяўлення пра гісторыю сусветнага мастацтва, няма матывацыі саміх сябе паспытаць у творчасці. І гэта акалічнасць не можа не трывожыць. Прычым, не толькі педагогаў сістэмы дадатковай адукацыі, але ўсіх, хто дбае пра заўтрашні дзень краіны.

Ішла гаворка і пра тое, наколькі для Беларусі ў канкрэтнай справе далучэння маладога пакалення да культурных традыцый можа быць актуальным досвед суседніх Расіі і Еўрасаюза. Атрымліваецца, што самі гістарычныя варункі накіроўваюць нас на пошук уласнага шляху. Мы — суверэнная краіна з аднародным складам насельніцтва і культурным ладам. І калі мы хочам захаваць не толькі палітычны, але і духоўны суверэнітэт, да вопыту мульцікультурных супольнасцей нам трэба ставіцца вельмі асцярожна. Лепей быць мастом паміж культурамі, чым культурнай правінцыяй Масквы ці Брусэля.

Я ўжо згадваў выступленні на сцэне форуму дзіцячых фальклорных ансамбляў. Хтосьці з удзельнікаў гэтай самадзейнасці з часам стане прафесійным артыстам, але і для астатніх заняткі народнымі танцамі не будуць страчаным часам. Далучэнне да прыгажосці заўжды прыносіць плён. А вось што яны будуць танчыць, стаўшы дарослымі  — танга, ламбаду, брэйк-данс? Ці канкурэнтаздольная наша культура?

Дарэчы, на форуме казалі і пра праблемны стан беларускай мовы ў сённяшніх варунках. Сімптаматычна, што занепакоенасць лёсам беларускай мовы выказвалася на мове рускай… Прыехалі…

Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"