Партытура Скапэна

№ 11 (1294) 18.03.2017 - 24.03.2017 г

На коласаўскай сцэне ўвасоблена камедыя класіка французскай драматургіі XVII стагоддзя Жана-Батыста Мальера “Хітрыкі Скапэна”. Дасціпныя камедыйныя сітуацыі, яркія, непрадказальныя павароты сюжэта вызначаюць настрой бліскуча-камедыйнага і, у той жа час, кранальнага спектакля. Гледачы становяцца ўдзельнікамі вясёлага і яркага карнавалу, дзе пануюць смех, музыка, танцы.

/i/content/pi/cult/629/13979/8-1.jpg

Аргант (Пятро Ламан) і Скапэн (Раман Салаўёў). / Фота Наталлі ЯРМОЛАВАЙ

Рэжысёр спектакля Ірына Цішкевіч стварыла пастановачна складаны сцэнічны твор. Тут ёсць свая распрацаваная пластычная драматургія (харэограф Дзіяна Юрчанка), дзе ў кожнага асобнага выканаўцы і ўсяго карнавальнага натоўпу маецца свая партытура. Артыстам тут спатрэбілася ўменне добра рухацца, валодаць сваім целам і голасам, сінхронна вытрымліваць рытм дзеяння, абжываць сучаснымі выяўленчымі сродкамі класічны тэкст, створаны зусім у іншую эпоху. Да гонару рэжысёра трэба зазначыць, што ёй удалося перавесці ў дзейны рад літаральна кожную рэпліку персанажа. У выніку, у яе атрымалася пластычна-драматычнае відовішча з усімі адзнакамі вулічнага тэатра.

Мальер пры напісанні гэтай п’есы адштурхоўваўся ад традыцый італьянскай камедыі дэль артэ (невыпадкова ж і дзеянне перанёс у Неапаль). Тут табе і пранырлівы слуга Скапэн накшталт італьянскага Труфальдзіна, і камічныя старыя, і дзве пары закаханых. Карыстаўся ён і сюжэтнымі матывамі з антычнай, сярэднявечнай і сучаснай яму французскай літаратуры.

Разам з тым рэжысёр следам за аўтарам не пазбаўляе сябе задавальнення разбірацца ў характарах персанажаў, у матывацыі іх паводзінаў, спрабуе (у той ці іншай меры гэта ўдаецца) актуалізаваць як быццам архаічны твор (напрыклад, у сцэне з суддзямі, карнавальнай па форме, сатырычнай па змесце). Дарэчы, мастак гэта падкрэслівае і своеасаблівай эклектыкай касцюмаў, калі сучасныя джынсы цудоўна спалучаюцца з якой-небудзь класічнай камізэлькай альбо кашуляй. Вядома ж, заяўлена ў спектаклі і тэма кахання, і адносіны бацькоў і дзяцей (апошнія, і гэта ўласціва маладым, паказаны больш эгаістычнымі, першыя, якімі б ні былі скнарамі, аказваюцца чулымі).

Але галоўнай праблемай спектакля становіцца сам Скапэн. Мальер не быў бы сапраўдным класікам, каб проста паўтараў сюжэтныя хады альбо вобразы камедыі масак. У яго, у адрозненне ад таго ж Гальдоні, атрымаўся больш складаны і супярэчлівы персанаж. У нечым ён падобны да вядомага беларускага Несцеркі. З аднаго боку, ён спрыяе шчасцю маладых, з другога ж, карыстаецца не заўсёды маральна чыстымі сродкамі. Да таго ж не адмаўляе сабе ў задавальненні адпомсціць Жэронту. Скапэн, так бы мовіць, пераносіць тэатр у жыццё, увасабляючы ў адной сваёй асобе рэжысёра, драматурга і акцёра. Але ў фінале жыццё быццам помсціць яму, пакідаючы сам-насам з сабой, са сваім сумленнем. І вось тут для рэжысёра ўзнікае пытанне: ці варта загрувашчваць спектакль гэтымі праблемамі, насычаць яго драматычным зместам. У дадзеным выпадку пастаноўка больш лёгкая, забаўляльная, у поўнай адпаведнасці з патрабаваннямі масавага гледача. Роздум Скапэна, яго адчуванне адзіноты доўжыцца хіба хвіліну. Праз імгненне ён зноў памкнецца ў стыхію карнавальнага натоўпу.

Прысвоіць сабе лёс персанажа — гэта вельмі дасканалы ўзровень, вельмі высокая планка акцёрскага майстэрства. Магчыма, маладым выканаўцам (Цімуру Жусупаву і Раману Салаўёву) варта яшчэ пашыраць аб’ём свайго вобраза, каб глядач змог прыйсці да такой высновы. У першага Скапэн, так бы мовіць, прасталюдзін, брутальны, грубаваты, па-мужыцку кемлівы. Апрача таго, ён больш гарачы, тэмпераментны, выбуховы. Другі больш стрыманы, замкнёны на сабе і больш падобны да артыста, штукара.

У вобразах старых бліскуча выяўляюць сябе вядучыя артысты коласаўскай сцэны Пятро Ламан (дарэчы, ён жа выступіў і аўтарам перакладу п’есы на беларускую мову) — у ролі Арганта, Георгій Лойка і (у другім складзе) Генадзь Гайдук — у ролі Жэронта. Яны выдатна адчуваюць прыроду камедыйнага жанру, карыстаючыся, разам з тым, разнастайнымі фарбамі. Так, Пятро Ламан ухіляецца ад просталінейнасці, аднабокасці ў паказе Арганта, акцэнтуе ўвагу на яго бацькоўскіх пачуццях, перажываннях, і таму глядач шчыра сімпатызуе яму. Георгій Лойка, дзякуючы сваёй акцёрскай прыродзе, яркай індывідуальнасці, вельмі арганічны ў фарсавых сітуацыях п’есы, па-майстэрску карыстаецца прыёмамі гратэску, буфанады. Магчыма, у сцэну са знакамітай галерай можна дадаць яшчэ больш дынамікі, імправізацыйных момантаў.

Спектакль разлічаны больш на акцёрскую моладзь, яна стварае яго касцяк, і гэта выяўляецца і ў атмасферы, і ў пластыцы, рытме, дзеянні, манеры існавання. Выканаўцы цэнтральных і шэрагу эпізадычных роляў таксама пэўнага ўзросту. Раскавана, упэўнена адчуваюць сябе ў абліччы сваіх персанажаў Арцём Герак і Дзмітрый Каваленка (Актаў), Юлія Крашэўская і Наталля Веранёва (Гіяцынта), Ульяна Ацясава і Святлана Сухадолава (Зербінета) і Аляксандр Базук і Уладзіслаў Жураўлёў (слуга Актава Сільвестр).

У чым жа галоўная думка новага спектакля? Напэўна, лепш за мяне на гэта пытанне адкажа яго рэжысёр Ірына Цішкевіч: “Нельга апускаць рукі, нават калі жыццёвыя абставіны складаюцца неспрыяльна для цябе, трэба актыўна дзейнічаць, шукаць выйсце, і добра , калі знаходзіцца чалавек, у якога заўсёды можна знайсці падтрымку”. А яшчэ яна ўпэўнена, што “камедыя неабходна сёння — у гледача існуе патрэба ў добрым, абаяльным гумары”.

Юрый ІВАНОЎСКІ, тэатразнаўца

Віцебск

Аўтар: Юрый ІВАНОЎСКІ
тэатразнаўца, тэатральны крытык, літаратурны рэдактар Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа