“… Гісторыя” па-казакоўску

№ 11 (1294) 18.03.2017 - 24.03.2017 г

21 сакавіка — Міжнародны дзень тэатра лялек. Паводле традыцыі, менавіта 21 сакавіка ў Магілёве ўрачыста адкрыецца ХІІ Міжнародны маладзёжны тэатральны форум “М@rt.кантакт”. Сярод 23-х спектакляў з васьмі краін свету — прэм’ера Магілёўскага абласнога тэатра лялек: “Сіняя-сіняя” паводле аднайменнага аповеду Уладзіміра Караткевіча. Паставіў яе галоўны рэжысёр тэатра Ігар Казакоў, які на зімовыя святы выпусціў у Мінску, у Беларускім дзяржаўным тэатры лялек, “Калядную гісторыю” паводле Чарльза Дзікенса. І хаця “К” пісала пра тую “…Гісторыю” ў агульным аглядзе навагодніх казак (№ 3 за 2017 г.), гэты спектакль годны куды больш дэталёвага разгляду.

/i/content/pi/cult/629/13977/7-1.jpg

Сцэны са спектакля “Калядная гісторыя”. / Фота Сяргея ЖДАНОВІЧА

Што здзіўляе асабіста мяне ў рэжысёрскай манеры Ігара Казакова, дык гэта непрадказальнасць — у лепшым сэнсе слова. Мінулае стагоддзе назвала творчыя паўторы, што наўпрост вядуць да індывідуалізацыі аўтарскага почырку, навуковым тэрмінам — “варыятыўнасць мыслення”. Нічога заганнага ў гэтым няма — наадварот, майстар не толькі выпрацоўвае, але і замацоўвае свае знаходкі, ствараючы безліч іх варыятыўных паўтораў: была, да прыкладу, “Мадона ў зялёным”, а з’явіцца — у ружовым, блакітным, чырвоным. У Казакова — не так. Кожная наступная праца — з нейкімі ўсё новымі рэжысёрскімі хадамі, прыдумкамі, нечаканымі паваротамі. Ён увесь час рухаецца наперад — і пры гэтым быццам у розныя бакі. І не таму, што, маўляў, шукае “выйсце з лабірынту”. Проста для кожнага спектакля знаходзіць адметны падыход, “свой” не столькі сярод ранейшых прац рэжысёра, колькі менавіта для дадзенай, з-за чаго без цяперашняга сцэнічнага аблічча ўявіць узяты рэжысёрам драматургічны ці літаратурны матэрыял ужо немагчыма. Толькі за апошні час Ігар Казакоў быў уганараваны (і неаднаразова!) за такія, здавалася б, не толькі розныя, але і супрацьлеглыя спектаклі, як “Чароўны пэндзаль”, “Гамлет”, “Самы маленькі самалёт на свеце”, “На дне”.

З “Каляднай гісторыяй”, пра якую пойдзе размова, гэтыя спектаклі яднае хіба… правакацыйнасць, прычым у адносінах як да літаратурнай крыніцы, так і да творчасці самога рэжысёра. Ну, чаго чакаць ад аповесці Дзікенса “Калядная песня ў прозе”? Першыя словы яе: “Пачаць з таго, што Марлі быў мёртвы”. Другі абзац — зноў: “Дык вось, стары Марлі быў мёртвы…” Нарэшце, у трэцім абзацы: “А таму ды дазволена мне будзе паўтарыць яшчэ і яшчэ раз: Марлі быў мёртвы…” Не менш змрочным быў і вядомы дыснэеўскі мульцік, аднайменны са сталічным спектаклем: там акцэнтавалася аўтарскае жанравае азначэнне “святочны аповед з прывідамі”, узнікалі відавочныя паралелі з казкай Андэрсана “Дзяўчынка з запалкамі”. Спектакль Казакова пачынаецца з іншага — са светлага зімовага свята, атмасферы зачаравання, што бывае ў прадчуванні цудаў: снежныя камякі мякка сыплюцца долу, у паўзмроку загараюцца вокны ў ліхтарыках-хатках, гучыць анёльская музыка. А калі мы канчаткова пераканаемся, што прыблізна ў такім “заспакаяльна-калыханкавым” духу ўсё будзе і далей, з’яўляецца падобны да мерцвяка Скрудж — з вялізнага шкапа-шпакоўні, падобнага да вертыкальна пастаўленай труны (невыпадкова пазней тое збудаванне ператворыцца ў надмагілле). І толькі пасля ўсяго гэтага — маленечкая, быццам з цацачных набораў для Барбі, чорная кабылка, што вязе такі ж маленечкі чорны вазок з чорнай труной. Дзіцячыя “страшылкі”? Не, гэтым разам усё па-сапраўднаму. І з высокай гуманістычнай ідэяй, скіраванай на дабрыню, чалавечнасць, спагадлівасць, сямейныя каштоўнасці.

Спектакль вылучаецца мастацкасцю, што мяжуе з эстэцтвам, і сапраўднай гарманічнасцю складнікаў. Пры гэтым у ім такое мноства дробных дэталяў, што хочацца разглядаць ды разглядаць іх нанова, знаходзячы ўсё больш цікавых элементаў. Мастак Таццяна Нерсісян стварыла неверагодную колькасць лялек — у розных тэхніках, але вельмі стыльных, аб’яднаных, да ўсяго, адчуваннем… думкі: практычна на кожным лялечным тварыку адлюстраваны не толькі “чалавек разумны” (з падкрэсленнем другога слова), але і быццам сам складаны мысленчы працэс, які перажывае той ці іншы герой. Тут і планшэтныя лялькі з чалавечы рост, з якімі зручна танчыць “у пары”, і маленькія фігуркі на палічках вялізнай навагодняй “ёлкі” ў выглядзе конуснай канструкцыі ў некалькі ўзроўняў (шыкоўная дызайнерская ідэя!). Не менш разнастайнымі па характары і відэаўвасабленні атрымаліся прывіды: дзіця, месяц з чалавечым тварам, жудасныя чорныя птушкі, маска смерці, вялізная выцягнутая рука з указальным пальцам.

Ёсць і спасылка на згаданы мульцік — выява старадаўняга гадзінніка. Але ў спектаклі яна больш шматзначная і набывае ролю аднаго з асноўных лейтматываў, ператвараючыся і ў частку старажытнагрэчаскай калясніцы, і ў кола на вазку з хатнім скарбам, калі яго расцягваюць чужыя Скруджу людзі, і ў няўмольнае кола часу з яго кругазваротам і цыклічнасцю гістарычнага руху.

Музыка Аляксандра Літвіноўскага — вышэйшы пілатаж меладычнай прыгажосці і вынаходлівасці, тонкай стылізацыі калядных песняспеваў, музыкі Брытэна (без аніякага нават намёку на другаснасць), прыклад адметнага тэмбравага мыслення, прафесійнасці ў аркестроўцы. Да гонару артыстаў, спяваюць усе — жыўцом. А калі хто і больш “прыгаворвае”, чым цягне спеўную мелодыю, аддадзеную ў той момант інструментальнаму суправаджэнню, дык гэта абумоўлена характарам персанажа і сітуацыяй.

Уся творчая каманда, пастановачная і акцёрская (а ў спектаклі заняты такія зоркі, як заслужаны артыст краіны Уладзімір Грамовіч, лаўрэат Нацыянальнай тэатральнай прэміі Дзмітрый Рачкоўскі, Святлана Цімохіна і іншыя), дае вынік “на ўсе сто”. Малады Дзмітрый Чуйкоў (Пляменнік) дэманструе яшчэ і выдатныя спартыўныя здольнасці. Да таго ж, спектакль можа лічыцца своеасаблівым “бенефісам” заслужанага артыста Беларусі Аляксандра Васько ў ролі Скруджа, вырашанай зусім не адназначна, з усёй размаітай палітрай далёка “не лялечных” чалавечых пачуццяў і жарсцяў.

Не расчаруюцца і аматары відовішчных эфектаў, спрактыкаваныя на галівудскіх кінатруках і камп’ютарных гульнях. Толькі дасягаецца гэта ў спектаклі непараўнальна меншымі выдаткамі. Некалькі празрыстых завесаў, відэапраекцыя — калі ласка, вось вам “3D”. А сцэна “лыжных гонак”, вырашаная з дапамогай… прыступачкі і згаданых завесаў з праекцыямі, можа ўвайсці ў падручнік спецэфектаў “эканом-класа”, што па сваім уздзеянні перасягаюць шоу найдарагіх брадвейскіх мюзіклаў.

Пасля ўсяго гэтага — не церпіцца даведацца, якім атрымаўся спектакль “Сіняя-сіняя”. Дачакаемся “М@rt.кантакту”.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"