Cамо паветра ў акцёрскім багажы!

№ 11 (1294) 18.03.2017 - 24.03.2017 г

Нельга разбураць тэатральную таямніцу
Рыхтуючыся да інтэрв’ю з гэтым артыстам, я разумела: загадзя выдумляць пытанні, планаваць гутарку — беcсэнсоўна. Адным трапным словам ён можа павярнуць яе ў нечаканае, але цікавае рэчышча. Я даўно ведаю заслужанага артыста Рэспублікі Беларусь Мікалая ЕМЯЛЬЯНАВА, і мне заўсёды падабаўся рух яго думкі, імпанавалі манера зносінаў, тонкі гумар і іронія. Ну а галоўнае, і што трэба напісаць “па-першае”, — захапляе яго стаўленне да тэатра. Зараз, калі тэатр спрабуе новыя формы, калі тэхнічныя сродкі дазваляюць стварыць найбольш поўную карціну таго, што адбываецца на сцэне (чаго не зробіш дзеля гледача, якому хочацца бачыць у тэатры рух “у нагу з часам”), акцёр можа “расслабіцца”. Так можа падацца неспрактыкаванаму гледачу і недастаткова дасведчанаму артысту. Мікалай Генадзьевіч мае і досвед, і густ, і чалавечую ды акцёрскую годнасць, і ўнутранае чуццё, якое не дазваляе выпасці з творчага працэсу. Яму ўдаецца “ўпісацца” ў любую форму, ён арганічна існуе ў любым жанры драматургіі, яго вобразы (больш за 70 роляў) яркія, завершаныя і выклікаюць непадробную цікавасць публікі. Але што, на мой погляд, з’яўляецца самым каштоўным — ён захаваў да тэатра тое асаблівае “запаветнае”, трапяткое стаўленне, якое сыходзіць з нашых “храмаў Мельпамены”. Балюча для даўніх іх служыцеляў і зусім наадварот для тых, хто прыйшоў сёння..

/i/content/pi/cult/629/13976/6-1.jpg— Якія павевы не ўзнікалі б, як ні спрабавалі б яго “асучасніць”, тэатр ужо створаны, існуе, і з гэтым трэба лічыцца. Адзінае, што можа змяняцца — тэхнічныя сродкі, неабходныя для стварэння спектакля. А сутнасць — ранейшая. І ўсё роўна ў цэнтры дзейства — чалавек: і па адзін, і па другі бок сцэны.

— Цяпер шмат кажуць, што мастацтва, і тэатр у прыватнасці, павінна выхоўваць...

— Так катэгарычна не ставіў бы пытанне. Маё цвёрдае перакананне, што тэатр павінен падштурхоуваць да разваг, абуджаць пачуцці. На жаль, зараз рэпертуарная палітыка наўпрост залежыць ад фінансаў, мы імкнёмся больш зарабіць — нялёгка ж выжываць, калі тэатры існуюць на мізэрныя грошы. У выніку, рэжысёры вымушаны ставіць “касавыя” спектаклі, а артысты — асабліва шкада маладое пакаленне — не маюць магчымасці граць у добрым матэрыяле. Хоць, чаго прыхоўваць, ёсць рэжысёры, якія з задавальненнем ставяць на паток нізкапробныя п’есы, што могуць абудзіць толькі жаданне ўзяць слоічак піўка ды, як цяпер кажуць, “расслабіцца”. Расслабляцца, вядома, трэба, але хацелася б на сцэне бачыць камедыю вясёлую, а не пошлую, каб, можа, нават убачыць сябе і зразумець, як не варта жыць. Вось у гэтым выхаваўчы сэнс тэатра.

— Атрымліваецца, вы верыце ў тое, што тэатр можа змяніць тых, хто прыйшоў у яго сцены?

— Нават павінен! Выходзячы з залы, у гледача мусіць з’явіцца жаданне стаць лепш, нешта змяніць у сваім жыцці або ў нейкай сітуацыі. Таму часам і трапляеш у тупік ад выбару сённяшняга рэпертуару. Вось што ставілі раней? Спектаклі пра жыццё, пра каханне, пра смерць, урэшце. Гэта ж таксама велізарнае поле для разваг, усведамлення сябе і людзей навокал! Мы, маладыя тады артысты, “выцягвалі” з сябе найлепшыя пачуцці і расказвалі гэта гледачу. Нас так вучылі. Цяпер жа дазволена ўзяць нейкую фрывольную сітуацыю і паўтары гадзіны разыгрываць яе, матывуючы тым, што, маўляў, гэта таксама жыццё! Ды яшчэ і ствараць бачнасць велізарнай працы над роляй!

— А на чым вучыліся? Як прыняў тэатр і ці прыняў адразу?

— Пасля заканчэння Горкаўскага тэатральнага вучылішча з яшчэ трыма аднакурснікамі паступіў у Пензенскі тэатр. Усведамленне таго, ці прыняў тэатр, прыйшло значна пазней. Можа, толькі цяпер я зразумеў, што прыняў-такі — адразу атрымаў галоўную ролю ў спектаклі “Валянцін і Валянціна” па п’есе Міхаіла Рошчына. Вось дзе я зразумеў, што ў тэатры ўсё інакш, не так, як у вучылішчы. І паціху, маленькімі крокамі, як быццам з заплюшчанымі вачыма ідзеш, намацоўваліся цаглінкі, па якіх складалася роля... І атрымалася! А вось потым пайшлі Дастаеўскі, Чэхаў, Горкі — школа, шуканні, спробы. Мяркую, мне пашанцавала, што на такім выдатным матэрыяле тое адбылося.

— А калі зразумелі, што вы — акцёр?

— У нас на курсе быў рэжысёр Віктар Сімакін, потым ён служыў у гродзенскім тэатры. Ён мяне церабіў, церабіў, лісты пісаў... А я, трэба сказаць, сем гадоў ужо ў Пензе. І вось Сімакін, а разам з ім Уладзімір Мішчанчук і Уладзімір Караткевіч (у тыя гады дырэктар і галоўны рэжысёр у Гродне) прыехалі на мяне паглядзець. Я ім спадабаўся, а паехаў у Гродна з адчуваннем, што, мабыць, усё ж такі ўжо артыст. Віктар Сімакін паставіў спектакль “Стары дом” і… знік з горада над Нёманам — з’ехаў на павышэнне кваліфікацыі да Марыі Кнэбель, а я застаўся.

— “Кінуў” ён вас…

— “Кінуў”, так! (Смяецца.) Але прыйшоў рэжысёр Шалыгін, і я трапіў у “Вішнёвы сад”. Так паволі, спектакль за спектаклем, прыглядаючыся да іншых артыстаў, спрабуючы адно, другое... Азірнуўся — а жыццё прайшло! Непрыкметна…

— Якую выснову мы з вамі зрабілі! Для артыста жыццё — гэта яго праца, яго ролі, яго тэатр. А сённяшні тэатр — ваш?

— Ты балючыя пытанні задаеш! Правакацыйныя! Я ўсё жыццё адслужыў тут, і хацелася б, каб гэта быў мой тэатр... Што мне думаецца? Усё, што я казаў пра рэпертуар, тычыцца і нашага тэатра. Нельга ісці на павадку гледача, які гатовы плаціць грошы за танныя камедыі. Кожны дзень акцёр павінен выходзіць на сцэну дзеля сур’ёзнай гаворкі з гледачом, якога трэба паважаць і любіць. А для сваіх любімых хіба мы не жадаем толькі самага лепшага? А з іншага боку, для артыста тэатр — яго дом. Але нават дома часам бывае некамфортна, няўтульна. Скажам, я не разумею, як можна ў закуліссе пускаць чужых людзей (нават на экскурсіі), бо так разбураецца таямніца. Тут, за кулісамі, пануе асаблівы дух, тут нараджаецца іншае жыццё, тут пануюць свае законы, якія ніколі не страцяць сілу, як ні спрабавалі б іх змяніць. Можна нешта змяніць на пэўны час, але ўсё вернецца на кругі свая, таму што тэатр валодае асаблівай містычнай зваротнай сілай — і тады сцеражыся! Я прыгадваю рэжысёра Мадэста Абрамава. Уваходзім мы з ім у тэатр і, не змаўляючыся, здымаем шапкі. А як зараз уваходзяць у тэатр і ходзяць у ім? Гэта недзе ўнутры павінна быць. Выхаванне, стаўленне, падрыхтоўка да спектакля, паводзіны на сцэне, шмат умоўнасцяў…

— На шчасце, у вас няма падставы баяцца яго зваротнай сілы. Тэатр, безумоўна, ваш! Яго гісторыю стваралі вы і вашы сябры-калегі, выдатная трупа, якая захавала традыцыі, любоў і прызнанне гледачоў! Ці маеце ўлюбёныя спектаклі?

— Гэта добрыя, сур’ёзныя спектаклі: “Вішнёвы сад”, “Заўтра была вайна” — іх шмат…

— Не магу не задаць пытанне аб несыгранных ролях...

 — Былі такія, вядома... Ужо няма, бо цвяроза гляджу на сітуацыю і разумею, што, напрыклад, Караля Ліра ўжо не змагу, не сыграю... Фізічна цяжкая роля... Булгакава сыграць хацелася. Не важна што, бо люблю Булгакава. “Майстар і Маргарыта” проста захапляе. Гэтае каханне... Мой улюбёны раман! Азазэла які, а Бегемот! Ды ўсё ў мінулым…

— Калі гаворка пайшла “за жыццё”, напрошваецца пытанне: кожны чалавек у нейкі перыяд задумваецца, для чаго ён прыйшоў у гэты свет...

— У сёмым класе я застаўся на другі год. Тады да нас прыйшла новая настаўніца літаратуры, і на ўроку я прачытаў Маякоўскага. Яна сказала: табе трэба ісці ў тэатральны гурток. Я пайшоў. Затым у войску працягнуў, потым паступіў у тэатральнае вучылішча. Адразу. Сам. У тыя гады ў мяне з’явілася адчуванне, што я ведаю, чаго хачу, для чаго я. А потым адчуванне... знікла! Быў заняты ў спектаклях, працы ставала, вялікай, сур’ёзнай. Але так бывае: я апынуўся ў стане прастрацыі, відаць, адбылося пераасэнсаванне, уласцівае чалавеку з часам, і мне раптам стала нецікава. Затое пацягнула да прыроды, звяры ды птушкі былі мне лепшымі сябрамі. А потым надышоў “чорны” дзень: мяне прызначылі дырэктарам тэатра…

— Чаму ж так змрочна?

— Я займаўся не сваёй справай! Прасілі “падырэктарстваваць” год, пакуль знойдуць кандыдатуру, а зацягнулася ўсё на сем гадоў! Але няма ліха без дабра: я набыў сябра! Адчуванне сяброўства вельмі важнае, і вось калі з’явіўся чалавек, гэта быў мой тагачасны намеснік Яўген Рыжко, я зноў стаў заўважаць вуліцу, людзей, тэатр, зноў стаў “хуліганіць” на сцэне... Потым убачыў, што жыццё прамінае. “А для чаго ўсё гэта было тады?” — задаўся пытаннем. А проста так! Для таго, каб з’явіўся сябар!

— Я ведаю вас без малога трыццаць гадоў і ўсё чую слоўца “хуліганіць”. Толькі цяпер зразумела, што гэта значыць! Божая іскра, якая ёсць у вас!

(Смяецца.) Яна недзе там, у галаве, увесь час успыхвае!

— Гэта талент? Дарэчы, а як ставіцеся да славы, вядомасці?

— Ты не паверыш! Я сціскаюся ўнутры, нават менш ростам раблюся, вельмі саромеюся! Ніколі нідзе не выступаю, ты ж ведаеш.

— Ведаю. Проста думала, можа, дзе-небудзь унутры гэта вас неяк падганяе...

— Не. Перашкаджае. Я ўвогуле не люблю ўсе гэтыя прадстаўленні артыстаў, экскурсіі па тэатры... У тым жа, паўтаруся, ёсць таямніца, сакрамэнт. Жыццё артыста павінна быць схаваным ад лішніх вачэй, не павiнна выстаўляцца напаказ. Для гэтага ёсць яго творчасць.

— Як бачыце будучыню тэатра?

— Хацелася б, каб ён не згубіўся. Страчваецца, скажам так, спецыфіка яго, самабытнасць. Ходзяць сюды, як у канцэртную залу, а для тэатра гэта — смерць, бо ён павінен дыхаць па-свойму, адмыслова, пачынаючы ад гардэроба, білецёраў і заканчваючы артыстам, што рыхтуецца выйсці на сцэну. Сюды не ўрываюцца, а заходзяць з глыбокай павагай. Я, вядома, разумею, што ўсё ў свеце змяняецца, мы павінны развівацца, але ж прыдумайце што-небудзь, каб не кранаць душу тэатра! Павінен быць дзесьці астравок шчырасці, і няхай ім застанецца тэатр. І можа быць, сучасным з’яўляецца тэатр, які вяртаецца да вытокаў, дзе Астроўскі ў дэкарацыях і касцюмах ХІХ стагоддзя, дзе пачуцці цнатліва шчырыя, чыстыя і вострыя! І годнасць — гэта галоўнае, што павінна быць у тэатра!

— Вы чалавек веруючы?

— Не хаджу ў царкву, ды лічу сябе веруючым. Тут, у душы нешта ёсць.

 — А вы схадзіце...

— Так, я да гэтага іду...

Пасля інтэрв’ю Мікалай Генадзьевіч сказаў: “Не забудзь напісаць, што я жывёл люблю!” Сабачкі, кошкі, качкі ў парку, не кажучы пра варону, якая штодзень праводзіць яго да тэатра, — адны з галоўных персанажаў у ягоным жыцці... Калі едзеш па Гродне ў транспарце, часта можна ўбачыць з акна чалавека ў кепцы, трохі скаванага, як быццам ён і праўда чагосьці саромеецца. Спыніўся каля дрэва, палез у кішэню, як аднекуль прыбегла котка, з удзячнасцю пазірнуўшы, пачала есці... А ён працягнуў свой шлях. Мала каму прыйдзе ў галаву, што ідзе Артыст. Ідзе ціхенька, назіраючы, убіраючы для акцёрскага багажа, здавалася б, нават паветра...

Жана ЛІТВІНЁНАК

Гродна