“Песняры”: тур па крузе

№ 11 (1294) 18.03.2017 - 24.03.2017 г

У тур са сваім журналістам... / Святочныя гастролі дзяржаўнага ансамбля — з імбрыкам, аншлагам ды адкрытымі гутаркамі
Напярэдадні 8 сакавіка супалі жаданні мясцовых уладаў — зрабіць падарунак жанчынам Ганцавічаў у выглядзе мерапрыемства з удзелам папулярных выканаўцаў — і Беларускага дзяржаўнага ансамбля “Песняры” — даць канцэрт у горадзе, дзе ён даўно не выступаў. Так карэспандэнт “К” выправіўся працягваць цыкл “У тур са сваім журналістам”. Названы калектыў са студзеня “катае” па Беларусі праграму “Лепшыя песні на ўсе часы”. У ёй гучыць і нямала прэм’ерных кампазіцый, але часам гурт ідзе насустрач “патрабаванням” і трансфармуе яе ў бок большай “пазалоты”, калі цэнтральнае месца займаюць хіты мінулага (расійскія ж ваяжы БДА на іх і будуюцца — “свежачкi” там прапануюцца дазавана).

/i/content/pi/cult/629/13967/11-1.jpgАгульны збор “трупы” быў прызначаны на 9-ю раніцы ля офіса “Песняроў”. Паўгадзіны спатрэбілася на загрузку аўтобуса апаратурай, інструментамі, касцюмамі і, уласна, гастрольным складам. Зробленае на дарогу фота і — “гоу ту” Ганцавічы. На ўскраіне Мінска падхапляем духавіка Аляксандра Жыха — зараз канцэртная брыгада ўкамплектавана цалкам. Па левую руку ад мяне, праз праход, сядзіць адзін з апошніх набыткаў ансамбля, Ігар Дударчык, — таленавіты спявак, між іншым, не мае музычнай адукацыі, але, што называецца, вырас на творчасці “Песняроў”.

— Прывыклі ўжо да качавога ладу існавання?

— Я з мінулага лістапада ў ансамблі. І адразу ж акунуўся ў яго раз’езды. Спачатку было вельмі страшна: звычайны хлопец са Слоніма апынуўся ў такім калектыве, спявае такія песні… Мне падабаецца ездзіць з горада ў горад у аўтобусе, спаць у ім, есцi. Можа, калі ў мяне з’явяцца жонка і дзеці, я буду інакш глядзець на гэтыя рэчы. Але сёння — кайфую!

— Персанальнымi фанатамі абзавяліся?

— Ну, вы спыталі!.. Я ў эйфарыі проста ад зносін з любой публікай, бачу, як яна рэагуе на маё хваляванне, адчуваю, што яна сваёй рэакцыяй як бы падбадзёрвае мяне. Ніколі не забуду прыёму, які зладзілі нам масквічы на нядаўнім канцэрце ў Доме саюзаў. А ў родным Слоніме ў мяне літаральна дрыжалі калені, а стук сэрца быў, напэўна, гучнейшым, чым удары палачкамі па барабанах. Толькі дзякуючы гледачам, іх добразычлівым флюідам, я выйшаў са ступару.

Стрэс ад непазбежных нязручнасцяў пры такіх перасоўваннях ў часе і прасторы пакуль яго яшчэ не накрыў, каб потым адпусціць і перарадзіцца ў шматгадовую, хоць і прыемную, але руціну. Іх ён цяпер не заўважае, і на маю вялікую просьбу — падзяліцца цяжкасцямі такога побыту (кепскія “аргi”, імбрыка не дапытаешся, разбураныя дамы культуры, публіка — не асабліва каб), Ігар сказаў: ні з чым падобным не сутыкаўся. “У Расiі сустракаліся шмат у чым “забітыя” ДК, а нашы, нават калі яны патрабуюць рамонту, усё адно падтрымліваюцца ў больш-менш добрым стане”.

Зразумеўшы, што крытыкі не дачакаюся, перасаджваюся насупраць дырэктара-мастацкага кіраўніка і клавішніка “Песняроў” Рамана Козырава, які тэму імбрыка раскрывае далей.

Ведаюць дакладна, хто іх адрасат

Імбрык ансамбль на ўсялякі выпадак возіць з сабой! З’яўляючыся калектывам дзяржаўным, гастралюе (выконвае фінансавы план, даючы па 50 — 60 толькі сольных канцэртаў у год) ён пастаянна з перапынкам на адпачынак. Зрэшты, часам музыканты вырываюцца з яго, калі выпадае выгадны ды прэстыжны канцэрт. Натуральна, што Беларусь каманда праехала з канца ў канец, мякка кажучы, неаднаразова. Тым не менш, у нас яна па-ранейшаму запатрабаваная, жаданая, і недзе раз на два гады вяртаецца з выступамі ў той ці іншы населены пункт.

— А з Бабруйскам чамусьці ўжо даўно не складваецца, — кажа Козыраў пра сёлетнюю культурную сталіцу Беларусі. — Чакаем запрашэння. А наогул, мы і самі высвятляем становішча на месцах, прапаноўваючы сябе. Тыповая канцэртная схема: запрашэнне — прапанова.

Але “лісты шчасця” ў прафсаюзныя арганізацыі (маўляў, “пасадзейнічайце, калі ласка, у набыцці вашымі жыхарамі білетаў на наш выступ”) ансамбль ніколі не адпраўляў. Ён займаецца рэкламай, не пакідаючы арганізатараў сам-насам з “праблемай” продажу білетаў, прасоўваючы свае канцэрты праз сацыяльныя сеткі, тэлебачанне, радыё, друкаваныя СМІ. Разумеючы, што цяперашняе матэрыяльнае становішча людзей такое, што выстаўляць рэальны цэннік — справа бесперспектыўная, гурт (у шкоду сабе) аддае арганізатарам большую, чым некалькі гадоў таму, частку выручкі.

А галоўнай “праблемай” у дзейнасці “Песняроў” Раман Аляксандравіч лічыць тое, што ансамбль, згодна з заканадаўствам, абавязаны трыццаць пяць працэнтаў з прыбытку адлічваць у выглядзе падатку дзяржаве (а значную яго частку “з’ядаюць” транспартныя выдаткі). Музыкант мяркуе, што, па меншай меры, знакавыя артысты (статусныя, што маюць званні) павінны мець у гэтым сэнсе нейкія льготы, бонусы.

— Нават прымаючы ў разлік, што мы атрымліваем зарплаты, нас неяк субсідзіруюць, я здзіўляюся таму, як ансамбль умудраецца існаваць — пры сярэднiм кошце білета на канцэрты беларускіх артыстаў у 10 рублёў, — нявесела ўсміхаецца спадар Козыраў. — Калі выступае сольны выканаўца — гэта адно, а калі “Песняры”?.. Зарабляем валам, “бегам па крузе”, цяжкім, часам знясільваючым, але якi па-ранейшаму дастаўляе задавальненне — і нам, і публіцы. Калі я бачу тыя бутэрброды, тое печыва, якія прыносяць да нас у грымёрку арганізатары, што набылі іх за свае зусім ім нялішнія грошы, у мяне, бывае, унутры нешта абрываецца. Каб я быў якой-небудзь мясцовай уладай, рэгулярна хоць нешта даплачваў бы такім людзям — за тое, што яны ўсё яшчэ застаюцца ў беларускай культуры.

Гэта тыя “Песняры”...

У Гарадскім доме культуры (пляцоўка канцэрта) перадаю прывітанне ад рэдактара аднаго з аддзелаў “К” Яўгена Рагіна дырэктару ўстановы Ірыне Гурской. Тая расплываецца ва ўсмешцы: “Сапраўдны мужчына!” Цікаўлюся яе меркаваннем пра будучую падзею.

— Хто б што ні сцвярджаў пра сённяшніх “Песняроў”, для мяне важна, што ёсць тыя, хто падхапіў мулявінскі сцяг і з гонарам яго нясе! — з хваляваннем прамаўляе Ірына Аркадзьеўна. — Ніхто не вечны, і ў гэтым ансамблі таксама, але пераемнасцю пакаленняў ён вылучаецца, уменнем захоўваць традыцыі, шукаць і ўвасабляць новае. Значыць, гэта і ёсць сапраўдныя “Песняры”. І дзякуй вашай, не, нашай газеце “Культура”, што вы гэта разумееце!

Пераходзім да складанасцяў у працы ГДК. Спадарыня Гурская адзначае, што з кожным годам становіцца ўсё цяжэй прыцягнуць гледача на мерапрыемствы, якія праводзяцца тут. Здагадайцеся з трох разоў, у чым прычына гэтага? Дастаткова першага, праўда? У мінулым годзе з-за гэтага тут сарваліся восем выступаў.

— Усім установам культуры трэба здолець ператрываць гэтую сітуацыю, калі людзям часам не да платных забаў, — дзеліцца дырэктар. — І дзякуй тым артыстам, якія ідуць нам на саступкі, калі справа тычыцца аплаты іх працы, што дае ГДК вялікую магчымасць для манеўравання ў галіне ўласнай цэнавай палітыкі. Такія выканаўцы дапамагаюць нам жыць. А ёсць іншыя, якія могуць у сваім райдары ўказаць гатунак кавы, па які мне трэба будзе паехаць у суседні горад. Але чым больш улюбёны народам спявак, тым ён прасцейшы. Як Пётр Елфімаў, напрыклад, або Саша Нема, Улада.

Гадзіны за паўтары да канцэрта музыканты правялі саўндчэк. Кожны з вакалістаў разагрэў горла адной з песень, у якой ён саліруе, праспявалі артысты і “акордам”. Інструменталісты павядзьмарылі ў сваім “цэху”. Пераапрананне, індывідуальная “медытацыя” і... Зала ГДК сапраўды была запоўненая, у асноўным, прыгожым полам. Але і менш спакуслівы прадстаўлены ў ім быў. Адкрыў iмпрэзу ансамбль скрыпачоў Ганцавіцкай дзіцячай школы мастацтваў — краса і гонар горада. (Яшчэ на рэпетыцыі “песняры” добразычліва слухалі “разагрэў” і вымавілі некалькі ўхвальных і па-сапраўднаму цёплых слоў у адрас юных калег.) Пасля нумароў навучэнцаў стартаваў БДА — са шлягера “За паўгадзіны да вясны”. У далейшым калектыў змешваў у праграме, заяўленай у Ганцавічах як “Новыя песні і любімыя хіты!”, творы свежыя (як, скажам, “Цячэ рака” Алега Жукава) і “залатыя” (яны ўсё ж пераважалі — “Касiў Ясь канюшыну”, “Будачнік”, “Каханне”... “Белоруссия”, дарэчы, не прагучала). Вёў канцэрт, знаходзячыся за клавішнымі і часам каментуючы тое, што адбывалася на сцэне, Раман Козыраў. Да прыкладу, прадставіўшы паасобку кожнага ўдзельніка гурта і даўшы ім прадэманстраваць іх майстэрства сольна. Ці — прапанаваўшы гледачам флэшмоб: сумеснае выкананне “Купалiнкi” — акцыя прайшла “на ўра” з абодвух бакоў. Завяршыў вечар актуальны напярэдадні свята “баявік” — “Нашы любімыя”, пасля заканчэння якога публіка ізноў паднялася з крэслаў і пад бурныя апладысменты ўзнагародзіла музыкантаў крыкамі “Брава!” і “Біс!” Затым яшчэ некалькі хвілін пайшло на сэлфi, уручэнне кветак, аўтографы, прызнанні ў любові да мастацтва “Песняроў” і словы падзякі ў адказ. Грымёрка, гарбата, павольны абмен рэплікамі пра выступ, разважанні Ігара Дударчыка пра тое, што ў бліжэйшай паўзе паміж выездамі яму трэба было б падлячыць звязкі. Кіроўца экспрэса Леанід паведамляе мне, што, на яго думку, у адрозненне, дапусцім, ад калектыву Валерыя Лявонцьева, які ён калісьці перавозіў, “Песняры” начыста пазбаўленыя апломбу ды пафасу на роўным месцы.

Ад’язджаем назад. Хтосьці дрэмле, нехта мучыць айфоны перапіскай у інтэрнэце. Мы са спадаром Козыравым у гарачай дыскусіі ў чарговы раз ставім чарговую кропку ў рамане “Хто мае права называцца “Песнярамі” — за відавочнай перавагай перамагае аргументацыя Рамана Аляксандравіча. Канцэртны дырэктар ансамбля па СНД Святаслаў Чарнуха распавядае пра тое, якім ён бачыць на сучасным этапе гастрольна-канцэртную дзейнасць БДА за межамі краіны: немалаважную ролю ён у ёй адводзіць падтрыманню і развіццю сяброўскіх сувязяў з замежнымі прадзюсарамі, менеджарамі, вядомымі выканаўцамі. Інфармуе і пра тое, што ўвосень чакаецца выхад чарговага альбома “Песняроў”, а значыць, неабходна ўжо цяпер пачынаць будаваць стратэгію па яго раскрутцы, па правядзенні вялікага мiнскага канцэрта, на якім будзе прэзентавацца гэтая работа.

Мінск, 22.00, праз чатыры гадзіны музыканты, адміністрацыйны і тэхнічны персанал пачнуць падцягвацца да сваёй студыі, а ў палове трэцяй ночы яны рушаць на Маскву, каб выступіць у Цэнтральным доме мастака...

Мінск — Ганцавічы — Мінск
Фота аўтара
Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"