“Сашка, гэта ты ўсё намаляваў?”

№ 10 (1293) 11.03.2017 - 17.03.2017 г

Роздум творцы: дык каму належыць мастацтва?
Зараз існуе агульны кірмаш дылетанцкага мастацтва, назостранага і карэжлівага (кіч ды папса), прыхаванага за ўражлівым фасадам гуллівай рыторыкі, эстэтызаванай захопленасці і падманлівага пафасу. Стан мастацтва сёння такі, што ім могуць займацца і пачаткоўцы, і аматары, якія нідзе не вучыліся і аніяк не падрыхтаваныя. А так званыя крытыкі прапагандуюць гэтую спрошчаную філасофію мастацтва і эстэтыкі. І што рабіць, калі ў краіне ў кожнага свая эстэтыка?.. Нейкія значныя праекты ствараюцца. Але разам з бізнесам і пад ягоную дыктоўку. Дык каму ў такім выпадку належыць мастацтва сёння?

/i/content/pi/cult/628/13962/5-4.jpgНе патрэбныя?

Мастакі, сумленныя, сапраўдныя, па вялікім рахунку і не патрэбны. “У грамадства няма павагі да мастацтва. Грамадства адмовілася ад мастака, знішчыла культурнае запатрабаванне ў ім. Вялікае мастацтва засталося ў мінулым… На мастацтва ўскладаюцца толькі функцыі лёгкай забавы”. Так казаў Міхаіл Савіцкі, Герой нашай краіны, народны мастак Беларусі, народны мастак СССР. У выніку, сапраўдныя шэдэўры публіка не можа адрозніць ад нічога не вартых падабенстваў.

Больш за тое — мы самі прызвычаіліся да гэтай сітуацыі. Дзясяткі калісьці перспектыўных пачаткоўцаў закінулі тыя адносіны з жывапісам (і не толькі з жывапісам). Найбольш прабіўныя кантактуюць з заходнімі і ўсходнімі галерэямі. А тыя, хто ўмее прыстасоўвацца (ва ўсе дзесяцігоддзі, нават нягледзячы на якасць прадукцыі), жывуць і квітнеюць. На апошнім з’ездзе Беларускага саюза мастакоў закранулі пытанне аб дзейнасці экспертнай ды закупачнай камісіі пры Міністэрстве культуры Беларусі. Дзе празрыстасць? Больш за тысячу беларускіх мастакоў — членаў саюза, якія і ствараюць менавіта беларускае мастацтва, толькі па ўрыўках інфармацыі даведваюцца, што камісіі набываюць…

Крытык з... самалёта

Мяне ўразілі словы з інтэрв’ю з Пятром Ялфімавым у газеце “Культура” (№ 3), дзе згадваецца, што раней у музычнай рэдакцыі Белдзяржтэлерадыёкампаніі было 90 % супрацоўнікаў з вышэйшай музычнай адукацыяй, а зараз толькі 5 %. Што да мяне, дык бачу ў падобных фактах нейкую тэндэнцыю, калі да тых адзінак, сапраўдных, сумленных беларускіх і не толькі мастацтвазнаўцаў (а больш дакладна — філосафаў, культуролагаў, проста чалавекаведаў і асобаў) мала хто і прыслухоўваецца.

З нагоды сваіх разваг згадаў рэспубліканскую выставу “Ад з’езда да з’езда” (канец сакавіка 1987-га). Старшыня Саюза мастакоў БССР Уладзімір Стэльмашонак запрасіў на яе абмеркаванне гасцей з Ерэвана, з цэнтра эстэтычнага выхавання, якія былі запрошаны Белсавпрафам для ўдзелу ў семінары па эстэтычным выхаванні — Камо Нарсесяна і Навасарда Петрасяна. Пасля некалькіх уступных словаў беларускіх дзеячаў мастацтва (абмеркаванне праходзіла ў Палацы мастацтва, і на ім прысутнічала больш за сто творцаў) Уладзімір Іванавіч даў слова нашым гасцям. Расповед вёў спадар Камо, мастак, філосаф, паліглот.

Ён не ведаў нічога пра нашых мастакоў — толькі ўчора з самалёта. Ні пра іх жыццёвыя лёсы і акалічнасці, нават не разглядаў шыльдачкі: год нараджэння, назва твора, званні… Ён адкрыта, прафесійна, непасрэдна выказваў свае меркаванні пра твор ці Твор. Характарыстыкі былі шмат каму нечаканыя, непрыемныя і непрымальныя для нашага мастацтвазнаўства. “Чужы чалавек — і гэтак прайшоўся па нашым народным!” Але ж спадар Камо, як кажуць, трапляў “у яблычак”.

Ужо прагучалі ўсе папераджальныя званкі, што запрашалі пакінуць Палац мастацтваў, але творцы не маглі разысціся яшчэ больш за гадзіну: кожнаму жадалася пачуць незалежнае, прафесійнае і праўдзівае слова не толькі пра сваю карціну, але, галоўнае, што скажуць пра іншых. Наша прызвычаенасць была ўмомант парушана…

Сама па сабе асалода

Дык каму належыць мастацтва? Мо самому Творцу? Я і хачу расказаць пра ўмоўна простае, але адвечнае… Пра тое, што праца мастака (сапраўднага!) сама па сабе асалода. Таму за апошнія восем гадоў я здзейсніў тое, што, мабыць, Усявышняму было патрэбна. Гэта — вандроўкі са сваімі выставамі-імпрэзамі па Беларусі. Якое шчасце, якая асалода — здзяйсненне выставы-сола! Тут няма выстаўкамаў, дарадцаў і гэтак далей. Я залежу толькі ад сябе. Ад майго сумлення, годнасці, праўдзівасці. І яшчэ ад аднадумцаў, ад добразычліўцаў, ад добрых людзей. У маім выпадку часова дапамог “Прыёрбанк”, больш значна — кампанія “Будзьма беларусамі”, транспартам і набыццём рамаў для мастацкіх твораў.

Але самае галоўнае ў гэтых імпрэзах — жаданыя сустрэчы з людзьмі, якія нейкім чынам стваралі мой Лёс. За тыя гады: з восені 2009 года (“Мая хата без сяброў не хата”, Мінск; “Пад крылом пчалінае маткі”, прысвечаная 50-годдзю паэта Анатоля Сыса (Гомель)), і па сёння ў мяне адбылося (акрамя ўдзелу ў рэспубліканскіх) больш за сорак выстаў — як мы прызвычаіліся казаць, персанальных. Гэта своеасаблівыя імпрэзы, дзе акрамя твораў выяўленчага мастацтва прысутнічаюць музыка і паэзія. Глядач, ён жа Слухач, атрымлівае шмат інфармацыі. І, зразумела, справа яго — ці згодны, ці не згодны ён з маёй паэзіяй, як Грамадзяніна, як мастака, як чалавека.

Напрыклад, у Ваўкавыску (2010 г., музей Баграціёна) на адкрыццё і абмеркаванне выставы прыйшло больш за паўсотні чалавек. Я адказваў на пытанні каля гадзіны. Вікторыя Ільінская спявала пад свой акампанемент на словы беларускіх паэтаў таксама каля гадзіны. Падобная імпрэза, але яшчэ з удзелам паэта Віктара Шніпа, адбылася там жа ў Ваўкавыску ў сакавіку 2014 года на адкрыцці майго выставачнага праекта “Песні дрыгвы”.

З той жа колькасцю публікі і з адметным музычна-паэтычным выступам адбылося адкрыццё выставы “Мядовы Спас” у Чэрвеньскім краязнаўчым музеі (2010). І абмеркаванні, спрэчкі: мае карціны на так званую “пчаліную тэму” збольшага трэба аднесці да нефігуратыўнага жывапісу…

Мне асабіста прынцыпова было зрабіць выставу ў Паставах, у “Доме рамесніка” толькі з-за цёткі Мані (Марыі Емельянаўны Трусавай, заслужанага работніка сельскай гаспадаркі БССР), якой месяц да гэтага споўнілася 90 гадоў. Цёця Маня сама ўзышла на трэці паверх Дома рамеснікаў і адразу спыталася ў мяне “Сашка, гэта ты ўсё намаляваў?” Можа яна спачатку і не зразумела мае абстрагаваныя акварэлі, таму, што гадоў сорак да гэтага бачыла, як я ў яе пад Падсвіллем (дзе цёця Маня была дырэктаркай Дзяржплемстанцыі “Пліса”), вучань старэйшых класаў Рэспубліканскай школы-інтэрната па музыцы і выяўленчым мастацтве (зараз — каледж імя Ахрэмчыка), тры гады, улетку, старанна і рэалістычна замалёўваў краявіды, вясковую архітэктуру, жывёл… Можна ўявіць, якая гэта асалода — прывезці выставу, каб яе пабачыў той чалавек, які актыўна спрыяў у маім стаўленні, як мастака…. А так — на выставах у Паставах гледача не бракавала.

Дзе павінна жыць маё “я”

І гэтак далей — вандроўка са сваімі выставамі па тых мясцінах, у якіх павінна жыць маё “я”. Калі Валожын — то “Я нарадзіўся тут”; калі Слуцк — адтуль мая бабуля Гэля (Алена Трафімаўна); калі Нясвіж — адтуль мой дзед Адольф Іосіфавіч, які быў старэйшым за бабулю амаль на 20 гадоў; калі Капыль — у шасці кіламетрах ад Капыля стаіць дзедаў дом, а за 12 кіламетраў яны — дзед і бабуля — пахаваны…

Калі Магілёў… Гэта тое, што мая жонка пачынала свой творчы шлях на сцэне Магілёўскага драматычнага тэатра. Гэта сустрэча з мастакамі, сябрамі, аднадумцамі: Карнеем Аляксеевым, Базылём Камаровым, Юрасём Несцяруком, якія, дарэчы, і дапамагалі стварыць за пару гадзін маю экспазіцыю (“Зімовыя сны пчол”, 2015). На адкрыцці выставы сабраўся ўвесь інтэлектуальны свет горада. А на закрыццё толькі мой аповед і адказы на пытанні доўжыліся больш за 2 гадзіны. І ты асабіста бачыш, што мастацтва камусьці патрэбна!

Калі Віцебск… Сам горад для мяне ёсць цэлай главой жыцця. Адметна, што перад адкрыццём выставы (2012) здарылася позняя восеньская навальніца. Дзеці з мастацкіх школ не прыйшлі, але дружна прыйшлі мастакі — сябры Саюза мастакоў на чале з тагачасным старшынёй абласной арганізацыі Аляксандрам Гвоздзікавым, якія вельмі актыўна паўдзельнічалі ў адкрыцці. У тым жа 2012 годзе ўзгадваецца выстава ў Крупках. Уразіла жаданне і ўменне куратара паказаць мясцоваму жыхару як мага болей твораў сучасных беларускіх мастакоў.

Калі Гродна… Непаўторны, прыцягальны. Ізноў сустрэчы з мастакамі-аднадумцамі на адкрыццях маіх праектаў у галерэі “Крыга”: “Намаляванае слова” (2010) і “Песні дрыгвы” (2014). А Гомель! Прынцыповым было маё пажаданне зрабіць адну і другую выставы менавіта ў галерэі Гаўрылы Вашчанкі — майго Настаўніка як манументаліста-мастака і проста як старэйшага сябра. І сорак кіламетраў да хаты Анатоля Сыса… Адно шкада, што мясцовых мастакоў не вельмі цікавілі мае імпрэзы як у вышэйпералічаных гарадах, але ж былі нейкія асобы, як доктар філалогіі, прафесар Іван Штэйнер, з якім мы і зараз кантактуем. Так, гледачамі былі навукоўцы, урачы, студэнты…

Там, дзе людзі чакаюць сустрэч, і там, дзе пустэча

Нехта мне сказаў: “І чаго ты сноўдаешся па калгасах?” Я адказваю: “Там людзі, асабліва вучні школ мастацтваў, чакаюць гэтых сустрэч. У Чэрвені мне запісалі дыск з аповедаў дзяцей розных узростаў пра мае акварэлі. Гэта ж унікальны матэрыял! На жаль, нікому з нашых мастацтвазнаўцаў, педагогаў, рэдактараў не патрэбны… Яшчэ трэба дадаць, што на сваіх выставах, акрамя паэтычна-музычных імпрэзаў, па магчымасці, я імкнуся і праводжу ці адкрытыя ўрокі, ці майстар-класы.

Кожная выстава, кожны горад (нагадаю — нечым звязаныя з маім жыццём) — гэта частка Беларусі, таму, што ўсе гэтыя мясціны ўнікальныя, непаўторныя і запамінальныя… У Тураве ранняй раніцай асцярожна, каб не спалохаць птушак, выходзіў замалёўваць на луг знакамітых кулікоў; у Гродне за час да адкрыцця выставы замалёўваў Каложу і сюжэты вакол яе; ехалі ў Магілёў, збочылі да Бярэзіна, каб занатаваць палац Патоцкіх… Ну чым не асалода?

Пра Мінск не кажу. Рэспубліканскія выставы, біенале — удзел у іх ёсць прафесійная годнасць і магчымасці параўнанняў. Потым — магчыма фуршэт… і пустэча. Аб гэтым я ўзгадваў напачатку артыкула. Так што — мастак ёсць каваль свайго шчасця. І ў кожнага бачанне шчасця своеасаблівае. Каму — слова, каму — грошы, каму — творчасць.

А сапраўднае мастацтва належыць, калі творца сумленны, — толькі яму.

Фота Юрыя ІВАНОВА з архіва "К"

Аўтар: Алесь КВЯТКОЎСКІ
мастак, педагог