Выпуск № 5 (17)

№ 21 (839) 24.05.2008 - 30.05.2008 г

Шаноўныя культасветработнікі! Кантэкст сённяшняга выпуску “Куфра-радцы” цалкам прысвячаем тэме дыскатэк. Адкрываем яго “Фотакліпам на тэму”, дзе адлюстраваны імгненні семінара і які пройдзе праз усе старонкі “Куфра”. На пачатку таксама падаём інфармацыйную палітру па развіцці дыскатэчнай культуры ў абласцях. З прафесійнага пункта погляду акцэнты па надзённых пытаннях дыскатэк ставяць як работнікі культуры, так і спецыялісты, у чые прафесійныя абавязкі ўваходзіць суправаджэнне і арганізацыя гэтага віду баўлення вольнага часу моладзі. А напрыканцы прадстаўляем вашай увазе некалькі сцэнарных распрацовак дыскатэчных праграм, якія стануць карыснымі для любой установы культуры. Да сустрэчы ў наступным месяцы!

Брэстчына
У вобласці дзейнічаюць 683 клубныя ўстановы. Дыскатэчныя мерапрыемствы ладзяцца ў кожнай згодна з рабочымі планамі. Палажэнне аб правядзенні танцавальных вечароў прадугледжвае наступную дыскатэчную тэматыку: патрыятычную, маральна-эстэтычную, экалагічную, прававую, святочную, а таксама прысвечаную прапагандзе здаровага ладу жыцця.
*
З 2001 па 2006 гады на базе абласных курсаў павышэння кваліфікацыі работнікаў культуры двойчы ладзілася вучоба дзі-джэяў, вядучых музычных праграм. Прайшлі абласныя семінары “Арганізацыя і правядзенне дыскавечароў ва ўстановах культуры”, “Арганізацыя работы дыска-клубаў”.
*
Па выніках абласнога агляду-конкурсу на лепшую тэматычную дыскатэку для моладзі адзначаны клубныя ўстановы Бярозы, Пінска, Маларыты, Дварэцкі ЦСДК Лунінецкага раёна, Аснежацкі РЦК Пінскага раёна, Андронаўскі СК Кобрынскага раёна.
*
На Брэстчыне дзейнічае больш за 30 дыска-клубаў. Самыя актыўныя — “Калізей” Жабінкаўскага ГДК, “Эліпс” Лунінецкага, “Казанцін” Маларыцкага дамоў культуры, “Фільтр” Крошынскага СДК Баранавіцкага раёна. Да 2010 года пры клубных установах мяркуецца стварыць звыш 60 дыска-клубаў.
 

*
Абласная і раённыя школы дзі-джэяў будуць створаны ў наступным годзе.
*
Для падтрымкі правапарадку на дыскатэках, прафілактыкі правапарушэнняў сярод моладзі наладжаны шчыльныя сувязі з міліцыяй і ўстановамі адукацыі. Распрацаваны “Мерапрыемствы па ўдасканальванні работы дыскатэк у клубных установах Брэсцкай вобласці на 2008 — 2010 гады”, якія прадугледжваюць вырашэнне праблем з набыццём апаратуры, рэканструкцыяй і рамонтам памяшканняў, павышэннем мастацка-эстэтычнага ўзроўню музычна-забаўляльных праграм, папулярызацыяй досведу работы лепшых дыскатэк, падрыхтоўкай дзі-джэяў і вядучых дыскапраграм.  

Віцебшчына
Абласны метадычны цэнтр народнай творчасці штогод праводзіць на Віцебшчыне агляд-конкурс дыскатэчных праграм па намінацыях “Лепшы вядучы дыскатэкі”, “Лепшая шоу-праграма”, “Лепшы дзі-джэй”. Летась агляд прайшоў у аграгарадках, а да конкурсных намінацый дадалася яшчэ адна — “Лепшая этна-дыскатэка”. Ацэньвалася гэтая намінацыя ў трох накірунках: народны танец, folk-вечарынаі традыцыйная гульня. Лепшыя этна-дыскатэкі, па меркаванні журы, ладзяцца ў Верхнядзвінскім і Дубровенскім раёнах. Цікавыя і змястоўныя танцавальныя праграмы рыхтуюць ва ўстановах культуры Міёрскага, Гарадоцкага, Лепельскага, Верхнядзвінскага, Віцебскага раёнаў і абласнога цэнтра.
*
Этна-дыскатэка як форма арганізацыі адпачынку – музычна-забаўляльная праграма, у аснове якой — фальклорны матэрыял і этнічная музыка. Дынаміка вечара народных танцаў гарантуецца гучаннем міксаў у рэжыме нон-стоп. А на folk-вечарынах выкарыстоўваюцца праявы традыцыйнай культуры ў спалучэнні з сучаснай этнічнай музыкай, з фальклорнай стылізацыяй. Фальклорныя гульнёвыя праграмы прадугледжваюць правядзенне рэгіянальных гульняў, карагодаў, у якіх бяруць удзел ад 20 да 100 чалавек.
*
Праграма “Дыскатэка” на 2008 — 2010 гады распрацавана ў кожным раёне. Яе галоўная мэта — стварэнне спрыяльных умоў для арганізацыі часу дзяцей і моладзі на падставе рэканструкцыі і комплекснага выкарыстання аб’ектаў дыскатэчнай інфраструктуры.
*
Дзякуючы рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы “Адраджэнне і развіццё вёскі на 2005 — 2010 гады” ў аграгарадках Віцебшчыны значна павысіўся ўзровень тэхнічнага забеспячэння дыскатэчных пляцовак. На сёння святлогукавое абсталяванне СДК аграгарадкоў іншым разам пераўзыходзіць узровень раённых дамоў культуры.
*
Для абмену вопытам і павышэння прафесійнага ўзроўню кіраўнікоў вечароў адпачынку штогод ладзяцца абласныя семінары. Дзі-джэі стажыруюцца на лепшых дыскапляцоўках Віцебска.  

Гомельшчына
У Рагачоўскім раёне традыцыйным стаў агляд-конкурс тэматычных маладзёжных інфармацыйна-забаўляльных праграм “Запальвай!”. На Акцябршчыне праведзена спаборніцтва вядучых дыскатэк “Горад майго юнацтва”. На Светлагоршчыне агляд танцавальных вечароў “Рытмы планеты” прымеркаваны да Года здароўя. На базе Зашырскага КСЦ (Ельскі раён) будзе праведзены семінар “Дыскатэка як форма арганізацыі актыўнага адпачынку падлеткаў і моладзі”. Конкурсы дыскапраграм адбудуцца ва ўстановах культуры Жыткавіцкага, Кармянскага, Петрыкаўскага раёнаў.
*
Летась праведзена больш за 50 платных тысяч мерапрыемстваў, у аснове якіх — работа з моладдзю.
*
Сацыялагічныя апытанні “Вольны час дзяцей і падлеткаў”, “Арганізацыя клубнай установы і моладзь”, “Якасць і тэматыка маладзёжных вечароў і дыскатэк” праведзены ў Буда-Кашалёўскім, Гомельскім і Нараўлянскім раёнах.
*
На семінары-практыкуме “Дыскатэка ўчора, сёння, заўтра”, што ладзіўся абласным Цэнтрам народнай творчасці ў Мазыры, арганізатары танцавальных вечароў удасканалілі веды па кампазіцыйнай будове сцэнарыя і рэжысуры дыскапраграм, авалодалі методыкай разліку планавых калькуляцый.
*
АЦНТ распрацаваў і накіраваў у раёны прыкладнае Палажэнне аб дыска-клубе, дзе пазначаны мэты і задачы (укараненне сучасных форм і метадаў дыскатэчнай работы, развіццё творчага патэнцыялу арганізатараў праграм), структура і функцыі кіруючых органаў клуба, правы і абавязкі ягоных членаў.
*
20 лютага абвешчаны абласны агляд-конкурс на лепшую арганізацыю дыскатэчных маладзёжных мерапрыемстваў. Для пераможцаў сярод раённых, гарадскіх і сельскіх клубных устаноў вызначаны тры прызавыя месцы і ўзнагароджанне камплектамі гукавога абсталявання.  

Гродзеншчына
У раёнах вобласці праведзена анкетаванне па вывучэнні запатрабаванняў моладзі і падлеткаў, выдадзены чатыры сцэнарна-метадычныя зборнікі: “Дыскатэка”, “Школа дзі-джэя”, “Нас двое”, “Аранжавы настрой”. Амаль кожны РМЦНТ выдае свае метадычныя дапаможнікі для ўдасканальвання работы дзі-джэяў і вядучых дыскатэк.
*
Абласныя семінары на базе Гродзенскага АМЦНТ абагульнілі досвед лепшых дзі-джэяў Гродна і вобласці, дыска-клубаў “Калізей” і “Stop-line”.
*
Гродзенскі, Воранаўскі, Мастоўскі раёны работу дыскатэчных вядучых аплачваюць за кошт спецрахунку.
*
Ва ўсіх ДК для наведвальнікаў танцавальных мерапрыемстваў распрацаваны правілы паводзін, якія размешчаны на інфармацыйных стэндах. У сельскіх клубах практыкуюцца выязныя танцавальныя мерапрыемствы РДК і РМЦНТ. Аддзелы культуры райвыканкама ладзяць перыядычныя рэйды па праверцы правядзення дыскатэк у сельскіх установах культуры.
*
Амаль ва ўсіх раёнах Гродзеншчыны дзейнічаюць школы дзі-джэяў. Дыскатэчныя мерапрыемствы суправаджаюцца інтэлектуальнымі гульнямі, віктарынамі, відэаролікамі, выступленнямі музычных і харэаграфічных калектываў.
*
Дзіцячыя танцавальныя вечары ў Плябанаўскім ЦДК Ваўкавыскага раёна адрозніваюцца разнастайнымі сюжэтамі і выкарыстаннем касцюмаў казачных і анімацыйных герояў.
*
Згодна з абласной праграмай “Дыскатэка”, Гродзенскі АМЦНТ набыў прафесійнае абсталяванне для студыі гуказапісу, якая забяспечыць магчымасць больш якаснай дапамогі раённым школам дзі-джэяў. На наступны год запланаваны абласны конкурс на лепшы сцэнарый гульнёва-забаўляльнай танцавальнай праграмы і сцэнарый тэматычнай дыскатэкі. У штат РМЦНТ мяркуецца ўвесці ў 2009 годзе адзінку спецыяліста па арганізацыі дыскатэчнай дзейнасці.

  Магілёўшчына
Леташні абласны конкурс прафесійнага майстэрства работнікаў метадычных службаў “Праз вучобу — да майстэрства” прадугледжваў і конкурс “Лепшая дзі-джэйская каманда года”. У спаборніцтве ўдзельнічалі 23 калектывы. Конкурс, які ладзіўся ў два этапы і завяршыўся 1 снежня 2007 года ў Касцюковічах, падсумаваў вынікі дыскатэчнага развіцця, ход якога каардынуе Магілёўскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці і культурна-асветнай работы.
*
Прафесійнасць дзі-джэйскіх каманд вызначалася па наступных крытэрыях: якасць звядзення кампазіцый (міксаў), структура музычнай праграмы і яе адпаведнасць абранаму танцавальнаму стылю, канферанс і работа МС, зладжанасць каманды, крэатыўнасць і пачуццё гумару, мастацкі ўзровень тэматычных праграм, выхаванне эстэтычнага густу публікі, прапаганда здаровага ладу жыцця.
 /i/content/pi/cult/162/1396/Dyskateki_Kufar1.jpg

*
Лепшыя дзі-джэй-каманды: “ДК-Данц” Палаца культуры БДСГА (Горкі), “Максімум” Палаца мастацтваў Бабруйска, “Начны міраж” Касцюковіцага маладзёжнага культурнага цэнтра. Лепшы дзі-джэй года: Андрэй Ляпко — Палац мастацтваў Бабруйска. Лепшы танцавальны гурт: “Вінілавыя скокі” Горацкага РЦК.
*
Па выніках конкурсу лепшых дзі-джэйскіх каманд Магілёўскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці рыхтуе відэаролік з найбольш цікавымі дыскапраграмамі для ўкаранення досведу ў далейшай дзейнасці дзі-джэяў Магілёўшчыны.