Не ў маштабе шоу справа

№ 10 (1293) 11.03.2017 - 17.03.2017 г

“А як “лютий” по-білоруськи?” — “Люты!” — “Чудово!” І стала адразу зразумела, што ў гутарцы беларускіх журналістаў з лідарам гурта “Бумбокс” Андрэем ХЛЫЎНЮКОМ, якая адбылася падчас яго нядаўняга наведвання Мінска, не будзе праблем з паразуменнем. Друкуем фрагменты той сустрэчы.

/i/content/pi/cult/628/13954/13-1.jpgПра Беларусь і беларусаў

— А які ён, беларускі слухач?

— Вельмі розны. Эмацыйны. Ён як яшчэ адзін удзельнік гурта! Граючы канцэрты ў Беларусі, мы адчуваем падтрымку, падобную, мусіць, да выступлення футбалістаў, калі ўвесь стадыён заўзее. Ды і нам шанцуе: колькі разоў прыязджалі, а людзі ведалі на памяць усе тэксты — хоць ты мікрафон павярні да іх.

— Ці можаце назваць каго-небудзь з сучасных беларускіх музыкантаў?

— Магу, але вы іх самі ведаеце, гэта ўсё “вяршкі”. Падтрымліваю сяброўскія стасункі з гуртом “Brutto”. Паколькі мы цяпер жывём у адным горадзе, нашы погляды на сучасны свет, гісторыі судакранання з рэальнасцю вельмі супадаюць, нягледзячы на непадобнасць музычнага матэрыялу.

— А ці магчыма, каб “Бумбокс” заспяваў беларускую песню?

— Гэта вельмі класна, таму што мова для аўтара — фарба, і чым больш ты можаш ёй карыстацца, тым лепш. Ёсць такія песні, якія вельмі арганічна гучаць на некаторых мовах. Для мяне было б гонарам зрабіць штосьці па-беларуску — гэта цудоўная мова!

— У Беларусі ў свой час была прынятая норма па ратацыі беларускіх выканаўцаў у радыёэфіры. Як вы ставіцеся да такога спосабу прыцягнення ўвагі да пэўнай катэгорыі музыкі?

— Я не маю права казаць, што і як вам трэба рабіць у сябе дома. Калі ж казаць пра моўныя квоты ва Украіне (а ў нас падобны працэнт ратацыі разглядаецца менавіта праз моўную прызму), дык я не палітык і не чыноўнік. Але як прыватная асоба вельмі хацеў бы, каб мы рухаліся да прагрэсу не праз забароны, а шляхам датацый. Падтрымка мясцовага вытворцы, мне здаецца, была б больш выніковай, каб у яго бок скіроўвалі ўвагу, а не забаранялі кагосьці іншага.

— Ці існуе істотны моўны бар’ер між вамі і слухачамі па-за Украінай?

— Моўны бар’ер — ён у нашай галаве, балазе музыка — універсальная мова, зразумелая ўсім. У гэтым яе магія. Скажам, ёсць больш за дзясятак маіх улюбёных гуртоў, чые тэксты я мо і не ведаю на 100 працэнтаў, але люблю іх рыфы, эмоцыі, драйв, груў. Вось у чым сутнасць! Сутнасць слова “рок-н-рол” — не ў мове. Так склалася, што ў нас лічыцца, маўляў, галоўнае ў песні — словы, але гэта не зусім праўда. Урэшце, вывучыць яшчэ адну мову праз спеў — гэта вельмі добра. І адаптацыя, і пераклад, і цікавасць да тэкстаў у музыцы на мове, якую вы не разумееце, дадуць многае. Гэта я вам як без пяці хвілін лінгвіст сцвярджаю.

Пра новы досвед і “Еўрабачанне”

— Цягам сезона вы працавалі ў журы ўкраінскага шоу талентаў “Х-Фактар”. Як ацэньваеце такі досвед? А беларусаў на гэтым шоу?

— Беларускай музыцы і беларускім выканаўцам ніякіх перашкод, акрамя ўнутраных, ніхто не ставіць. Калі вы са сваімі аднадумцамі валодаеце талентам і ў вас ёсць тэхніка, можаце ствараць нават дома музычныя прадукты любой складанасці. І не так важна, пачуюць гэта сто ці сто тысяч чалавек. Што да досведу, дык ён не бывае негатыўным, нягледзячы на тое, якім ён падаваўся ў працэсе. Чаму? Бо эмоцыі і вопыт — адзінае, што насамрэч у нас з вамі застаецца.

Да ўсяго, у дрыгве шоу-бізнесу прамых канкурэнтаў не існуе: у кожнага аўтара свая аўдыторыя, і яны могуць перасякацца колькі заўгодна. Скажам, я з задавальненнем слухаю і Джымі Хендрыкса, і Джозі Джэймс — хоць гэта розныя выканаўцы і, магчыма, каб яны жылі ў адзін час, маглі б, як кажуць, канкурыраваць. Наогул, я выразна падзяляю паняцці шоу-бізнесу і творчасці. Бізнесмены “мераюцца” заламі, даходамі, поспехам. Музыканты ж радуюцца або хвалююцца, калі ў іх атрымліваецца (ці не) выказаць, што яны хочуць, па-новаму або папросту максімальна якасна. Цягам тузіну гадоў “Бумбокс” не гнаўся за поспехам, які ішоў бонусам да нашага жадання і імкнення запісвацца на добрых студыях і атрымліваць ад таго задавальненне — як калісьці ў трыа, так і цяпер ушасцёх.

— У маі ў Кіеве пройдзе “Еўрабачанне”. Ці сочыце за сітуацыяй, за падрыхтоўкай? Ці чулі вы штосьці пра наш беларускі дуэт “Naviband”, які выступіць у першым паўфінале конкурсу?

— Не, не чуў. Я хоць і быў удзельнікам аднаго з такіх тэлешоу, атрымаў фантастычны вопыт, але цяпер я не такі белы і пухнаты, як раней. (Усміхаецца.) Урэшце, тэлевізар не вельмі люблю. Нават так: меламаны не любяць тэлевізар. У маім свеце не патрэбна ведаць кагосьці ў твар, каб ён патрапіў у плэйліст. Я слухаю музыку і без конкурсаў, бо аўтарская музыка — не спорт, у ёй няма пераможцаў і тых, хто прайграў. Ну а тое, што гэты конкурс стаў важным для краін Усходняй Еўропы... Што ж, так бывае.

— А як лічыце, шлях праз “Еўрабачанне” — прадуктыўны для маладых выканаўцаў? Як лепш: выйграць на “Еўрабачанні” або паступова выкладваць песні ў інтэрнэт?

— У мяне ёсць досвед толькі ўласнага шляху. І не факт, што ён слушны для кагосьці яшчэ. Калісьці адзін беларускі музыкант, папулярны ў той час, хацеў падпісаць са мной кантракт. Ён сказаў, што нельга з адной рускамоўнай песняй стаць папулярным на адной шостай частцы сушы. Аказалася, гэта не так. З тых часоў я запісаў яшчэ штук сем песень на гэтай мове, і ўсе яны былі папулярнымі. Праўда, я перастаў даваць прагнозы. Так што я магу дапамагчы пачаткоўцам толькі на этапе станаўлення, падзяліцца тэхнічным вопытам, расказаць, якіх памылак варта пазбягаць.

Удзельнічаць ці не ўдзельнічаць маладым выканаўцам у “Еўрабачанні”? Так, калі хочаце, удзельнічайце. Ва Украіне цяпер цэлая хваля хлопцаў, якія граюць стоўнар-рок, і амаль ніхто з іх у “Еўрабачанні” не ўдзельнічаў. Больш за тое: іх не вельмі каб круцілі па радыё, але яны збіраюць поўныя залы — як сапраўдныя рок-зоркі. Ёсць гурты, якія ў нашай краіне не надта вядомыя, але знаныя ў свеце і актыўна гастралююць. Ёсць і джазавыя праекты, якія таксама ніхто не ведае, але іх ставяць у топ-100 індзі-джазавых альбомаў у Японіі. Ёсць гурты, што падпісваюць кантракты з брытанскімі лэйбламі, як, напрыклад, праект нашага барабаншчыка Сашы Люлякіна. Ну а “Еўрабачанне” — самы відавочны спосаб ненадоўга атрымаць увагу шырокай аўдыторыі. Але пасля заканчэння конкурсу гэта не будуць вашы сапраўдныя фанаты, якія пачнуць сачыць за рэлізамі і сур’ёзна іх аналізаваць. Урэшце, былі ж выпадкі, калі “Еўрабачанне” станавілася штуршком для сусветнай вядомасці, аднак падобныя праекты вельмі моцна ўплываюць на псіхіку іх удзельнікаў. Уявіце сабе: паверыць, паспадзявацца і вярнуцца назад ні з чым — гэта сур’ёзнае выпрабаванне.

— Як працавалася ў дуэце з пераможцай конкурсу ў 2016-м Джамалай?

— Я запісваў і прадзюсаваў гэты дуэт яшчэ ў 2013 годзе. Ведаеце, я не працую з тым, з кім працуецца дрэнна. Таму сам выбіраю людзей, з кім запісваю свае песні. За вельмі рэдкімі выключэннямі з’яўляюся яшчэ і музычным прадзюсарам на студыі ў гэты момант. Так атрымалася, што для якіхсьці асоб я чамусьці з’яўляюся аўтарытэтам і яны прыслухоўваюцца да маіх словаў, таму працаваць з імі мне лёгка і класна. Ды і наогул, з прафесіяналамі вельмі лёгка. Яны прыносяць не амбіцыі ў студыю або на рэпетыцыйную базу, а любоў да сваёй справы, вопыт і майстэрства.

Пра бізнес і палітыку

— У адным з інтэрв’ю вам задалі пытанне пра дзяцей і ўнукаў, а вы жартам адказалі: “Не псуйце мне бізнес”. А якое месца займае ён у вашай дзейнасці?

— Калі казаць пра вопыт у тэлешоу “Х-Фактар”, дык там прысутнічала вялікая доля камерцыі. Але пры гэтым мне было цікава даведацца, як працуе група не з 20 — 30 чалавек на канцэрце, а з дзвюх сотняў. Я хацеў пазнаёміцца з усім стафам, кастам, мне былі цікавыя мастакі-афармляльнікі, відэаінжынеры, кампазітары-аранжыроўшчыкі, аркестр, прадзюсары, лінейныя прадзюсары, менеджары — гэта ж як канструктар. Ён бывае для тых, каму ад 4 да 16 гадоў, а бывае — для старэйшых. Дык вось, збіраеш штосьці большае — і табе цікава.

— Ці магчымая ваша творчасць без палітыкі?

— Няма ніякай палітыкі ў маёй творчасці! Ёсць погляд на жыццё і рэчаіснасць — такую, якой яна мне бачыцца. Калі хтосьці не згодны з ёй, я тое з павагай прыму — думкі бываюць розныя. Пакуль справа не дайшла да бойкі, іншае меркаванне — гэта нармальна. Мэта любой творчасці — прымірыць, а не наадварот. Мы павінны нягледзячы ні на што стрымліваць сваю нянавісць, таму што той, хто ненавідзіць, ужо прайграў. Тысячагоддзі таму выразу, гэта цяжка, але так трэба. Урэшце, міне час і, магчыма, усё зменіцца.

Пра музыку

— Ці просяць вас выканаць песню так, як на студыйным запісе?

— Некалькі найбольш вядомых песень мы выконваем дакладна так. Але наогул ёсць жа караоке. (Усміхаецца.) Насамрэч, мне здаецца, што я спяваю таксама, як і на запісах... Але я іх не слухаю. І на рэпетыцыях граецца так, як яно павінна быць на канцэртах. Аналізаваць свае канцэрты — гэта вышыня, да якой я яшчэ не даскочыў. Гэта больш тычыцца прафесіяналаў шоу-бізнесу, якія і выконваюць работу над памылкамі. Я не магу слухаць свае запісы і глядзець канцэрты, таму што мне ўвесь час здаецца, нібыта штосьці не так, дзесьці павінна быць па-іншаму. Некаторыя музыканты нават рэліз не могуць зрабіць праз тое, што кожны раз яго перарабляюць да лепшага. Але гэта — бясконцы працэс, яго трэба дзесьці перапыняць. Вось і на канцэртах у любой каманды заўжды будуць і тыя, каму вельмі спадабалася выступленне, і тыя, якім нечага не хапіла. Не трэба спрабаваць быць добрым для ўсіх — усё адно не атрымаецца.

— У такім выпадку, як ставіцеся да кавераў?

— Цярпець іх не магу, хоць сам каверы і раблю! (Усміхаецца.) Калі песню хтосьці спявае пад гітару, на “Ютуб” залівае — гэта нармальна, нават класна. І часам каверы бываюць лепшымі і нават больш вядомымі за арыгінальную песню. Скажам, я стаў фанатам “Nirvana” ў 13 гадоў толькі дзякуючы каверам. Падаецца, раней было нармальна, калі розныя артысты выконваюць адны і тыя ж песні, таму што прыцягальная розніца ў эмацыйнай і тэмбральнай афарбоўцы, а не толькі арыгінальнасць матэрыялу.

— Свой рэліз вы запісалі і на касеты. А хто іх наогул купляе?

— Я слухаю іх! Ва Украіне прадаюцца касеты: можна купіць аловак і перакручваць іх, нават не слухаючы. Некаторыя, як і я, атрымліваюць ад гэтага задавальненне. (Усміхаецца.) Ну і паколькі мы — “Бумбокс”, то не можам не выпускаць касеты. Пакуль што самы якасны носьбіт гуку — плёнка, бабіна. У яе самая лепшая магчымасць збірання гуку па спектры. І мы часам, і шмат іншых музыкантаў запісваюць студыйныя сесіі менавіта на бабіну, а потым ужо алічбоўваюць іх на камп’ютарах. Так, я разумею, што ўсе будуць слухаць выніковы прадукт у навушніках за восем долараў з “iPhone”, але калі ты выпускаеш вініл, ты ведаеш, што са ста чалавек, якія слухаюць тваю музыку, адзін прынясе яго дадому, паставіць і скажа: “Вось гэта наогул рвач! Я чую, дзе яны сядзелі, як кожны гучаў, я чую дрэва гітары, чую кантрабас...” Для музыкантаў гэта вельмі важна. Калі ў цябе пытаюцца, чаму так гучна слухаеш музыку, ты адказваеш, што хочаш чуць усе партыі, увесь спектр. Так, мне мала чуць толькі апрацаваны голас і бас-бочку — тады гэта не фон, музыка не можа быць фонам. Праслухоўванне музыкі — асобае дзеянне, медытацыя, і вы можаце пры гэтым адпачываць. Мы і стараемся запісваць такую музыку, каб людзі яе слухалі сам-насам, пажадана ў навушніках ці ў невялікай кампаніі.

Пра мары

— А ці ёсць у вас такая мара, да якой ніяк не дойдуць рукі?

— Так, я хацеў бы вывучыць французскую, італьянскую і нямецкую мовы, паколькі гэта вельмі цікава. А адна з простых і найпершых маіх мараў — я хачу, каб нарэшце ў маёй краіне наступіў мір, каб больш не было непаразуменняў, калі казаць у лёгкай форме, з суседзямі. А калі казаць яшчэ пра персанальныя мары, дык хацелася б, каб вакол мяне было яшчэ больш тых, з кім нам разам было б добра рабіць тое, што мы робім. Заўсёды хочацца чагосьці большага, і справа не ў маштабах шоу...

Ганна ШАРКО, студэнтка Інстытута журналістыкі БДУ

Фота аўтара