Пашыраны суіцыд

№ 10 (1293) 11.03.2017 - 17.03.2017 г

У Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі паставілі “Сіндром Медэі” вядомай беларускай пісьменніцы і драматурга Юліі Чарняўскай. Прэм’ера сабрала неверагодны аншлаг і, як ні дзіўна, пасля антракту не страціла гледачоў, нягледзячы на складаную тэму і яе такое ж няпростае, пры ўсім мінімалізме, сцэнічнае вырашэнне, прапанаванае рэжысёрам Кацярынай Аверкавай.

/i/content/pi/cult/628/13950/3-1.jpgСіндром сусветных тэндэнцый

Новы спектакль удала спалучыў нацыянальныя культурныя здабыткі з найноўшымі сусветнымі тэндэнцыямі ў мастацтве. З аднаго боку, ён наблізіў да нас, зрабіў папраўдзе “сучаснай беларускай”, а не проста беларускамоўнай міфалагічную гісторыю старажытнагрэчаскай Медэі. З другога боку, упісаў некаторыя беларускія рэаліі — жыццёвыя і мастацкія — у еўрапейскае і сусветнае рэчышча. Гэткі сінтэз нацыянальнага і агульначалавечага адбываецца ў спектаклі на ўсіх узроўнях: ад сюжэтнай лініі і ўласна літаратурнага тэксту да рэжысёрскіх знаходак, сцэнаграфіі і музыкі.

Аповед неаднаразова пераключаецца з рэалій на міфалогію. Гісторыя пра тое, як Марына скінула з 12-га паверха сваіх дзяцей і хацела скочыць за імі, ды не паспела, сплятаецца з міфам пра Медэю, даўшы назву не толькі спектаклю, але і аднайменнаму медыцынскаму тэрміну. Першая дзея прысвечана самой гэтай падзеі і яе грамадскаму абмеркаванню. Другая — больш засяроджана на перадгісторыі і тых прычынах, што прывялі да трагедыі. Калі спачатку паралелі з міфалогіяй здаюцца прамымі і адназначнымі, а мадуляцыі аповеду з рэальнасці да міфа і назад — незаўважнымі (нават імёны дзеючых асоб перагукаюцца з міфалагічнымі: Марына-Медэя, Ян-Ясон, Эдзік-Эгей, Галіна-Глаўка), дык чым далей, тым больш бачная розніца. Марыну на такі жудасны ўчынак штурхае не рэўнасць і жаданне помсты, уласцівыя Медэі, калі верыць тлумачэнням Эўрыпіда, а безвыходнасць і адзінота, асабліва вострая ў натоўпе родных-сяброў-знаёмых, якія неаднаразова карысталіся яе дапамогай, але засталіся глухімі да яе бяды: муж знайшоў сабе новую пасію і збіраецца пакінуць Марыну без жытла, грошай, а галоўнае — адабраць дзяцей. Разумеючы, што можа чакаць малых з мачахай, не здольнай на каханне і любоў, Марына абірае для іх заўчаснае падарожжа на нябёсы.

Як і ў старажытнагрэчаскай трагедыі, у спектаклі ёсць “хор”, які з’яўляецца ўжо ў самым пачатку (невыпадкова такі “хор” калісьці называўся “пралогам”). У антычныя часы хор-пралог сімвалізаваў аб’ектыўны пачатак (невыпадкова першапачатковы “класічны” склад “хору” ўяўляў з сябе 12 чалавек — па колькасці знакаў Задыяка). Тая ж роля — грамадскай думкі, атачэння гераіні — наканавана яму і ў спектаклі. Праўда, змяшчаецца хор, бы ў філарманічным выкананні араторыі — на станках, з той хіба розніцай, што на кожнай з прыступак стаіць не па дзесяць-дваццаць, а па два чалавекі. Падобнае размяшчэнне хору можна сустрэць у некаторых сучасных оперных пастаноўках — да прыкладу, “Цара Эдзіпа” Ігара Стравінскага, дзе хор, працягваючы антычныя традыцыі, таксама выступае ў ролі каментатара падзей. Да опернай драматургіі адсылае і пабудова некаторых масавых сцэн, асабліва калі ўзнікаюць жывыя “харавыя” спевы ўдзельнікаў. А частыя выхады ўдзельнікаў хору да мікрафону, усталяванага на авансцэне, асацыююцца з выступленнямі эстрадных “салістаў”.

Хор становіцца адной з цэнтральных фігур дзеяння, выступаючы ва ўсіх ролях адначасова: і “голасу народа” (у тым ліку, падчас абмеркавання ў сацыяльных сетках), і шматгалоснай харавой фактуры, і асобных групавых і сольных партый, што рэгулярна вылучаюцца з агульнай масы. Увагі заслугоўвае і сама музыка, пабудаваная па законах мінімалізму і прапанаваная ўсё той жа Аверкавай, як гэта было, нагадаем, у яе ж спектаклі таго ж тэатра “А мне не сорамна!..” Акрамя адзначанай мінімалістычнай асновы, у ёй прыцягвае інтанацыйная сувязь з беларускім фальклорам, прычым абодвух гістарычна-стылёвых пластоў.

Тое ж “мігценне” беларускіх з’яў, старажытнагрэчаскіх і агульнаеўрапейскіх, бачыцца ў скульптурных выявах дзяцей, якія нагадваюць і антычныя статуі з вапняку ці белага мармуру, і драўляныя скульптуры, уласцівыя многім нацыянальным культурам, уключаючы нашу (там, дзе дазвалялі геаграфічныя ўмовы — наяўнасць лясоў і драўніны), і побытавыя статуэткі. Дзеці невыпадкова ўвасоблены бязмоўнымі “лялькамі”: менавіта такімі, падобна, бачыць іх гераіня. А між тым, дзеці маглі б стаць для жанчыны выратаваннем, але яна, псіхолаг паводле прафесіі, не ўспрымае іх паўнавартаснымі суразмоўцамі, раўнапраўнымі “калегамі”, здольнымі зразумець яе і даць параду, нягледзячы на трох- і сямігадовы ўзрост — насамрэч, не такі ўжо і маленькі.

Тую ж шматзначнасць набываюць такія элементы сцэнаграфіі (мастак — Алена Ігруша), як сцяна, пралом у ёй, што падае долу і ператвараецца ў парослую чырвонымі, “барвова крывавымі” макамі клумбу, як на магілах-помніках невядомым салдатам.

Калі Марына цягам спектакля ўсё больш аддаляецца ад свайго міфалагічнага правобраза, “ачалавечваецца”, адкрываючы патаемныя струны душы, дык астатнія героі — наадварот, усё больш “міфалагізуюцца”, ператвараюцца ў знакі-сімвалы. Спачатку іх “паходжанне” выдаюць хіба сцэнічныя строі, быццам перапэцканыя пабелкай (ці, можа, пылам-драбкамі-аскепкамі разбітых статуй дзяцей?). У фінале ж тая “пабелка” дарасце да індыферэнтных белых масак, нацягнутых на твары (маскі — яшчэ адна прыналежнасць антычнага тэатра), ператвараючы атачэнне гераіні ў людзей без аблічча (ці, можа, яшчэ і без душы?). Такому прачытанню спрыяе і адметная “робатапластыка”, прыдуманая Яўгенам Карнягам для сцэн, звязаных са стасункамі герояў у інтэрнэце: свае рухі ёсць і для адсылкі паведамленняў, і для “лайкаў”.

Акцёрская каманда — бездакорная. Артысты амаль увесь час балансуюць на мяжы “масоўкі” і індывідуалізацыі сваіх герояў. Гэта менавіта той выпадак, калі “караля” (чытай: галоўную гераіню Марыну-Медэю ў цудоўным выкананні Людмілы Сідаркевіч) іграе і ён сам, і ўся ягоная світа.

Надзея БУНЦЭВІЧ


Дыягназ… грамадству?

Стужкі навін які год узрываюцца рэзананснымі справамі. Інтэрнэт-грамадскасць то кляйміць маладую маці, якая скокнула з падаконніка шматпавярховіка, узяўшы з сабой на той свет дзвюх сыноў, то пасылае маланкі ў адрас жанчыны, што ўтапіла дзяцей у ванне і знікла з кватэры (як пасля высветлілася — пайшла паміраць), то перамывае косткі вядомай блогершы, да якой многія звярталіся па парады аб пабудове сямейнага шчасця, а тая раптам скончыла свае дні ў пятлі, пакінуўшы сіротамі 11 дзяцей… Безліч каментатараў, недатычных наўпрост да герояў трагедыі, заходзіцца ў “лайках” ды рэпостах, нават не збіраючыся ўнікнуць у працэсы, што прывялі чалавека да такога незваротнага кроку. І штосьці падказвае: наўрад ці хто з іх працягне руку дапамогі ўжывую… З разваг аб рэальным адзіноцтве напаўвіртуальнага грамадства, з пошуку тых кропак, у якіх мы губляем сябе і пачынаем хуткі бег да краю, сплецена п’еса Юліі Чарняўскай “Сіндром Медэі”, што легла ў аснову аднайменнай прэм’еры Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі.

Сапраўды, шырокім колам аўтар п’есы Юлія Чарняўская — пісьменніца, драматург, прафесар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў — больш вядомая як блогер на адным з папулярных вэб-рэсурсаў. У сваіх разважаннях яна неаднойчы імкнулася разабрацца, чаму адбываецца такі страшэнны збой у жаночай праграме. Будучы культуролагам, спадарыня Чарняўская ўзводзіць сваю п’есу на падмурку старажытнагрэчаскай трагедыі. Рэжысёр Кацярына Аверкава смела іграе на паралелях з класічнай пабудовай спектакляў часоў Еўрыпіда. Прынамсі, яна захоўвае ў пастаноўцы ўстаўныя нумары хору з класічнай “Медэі”, наўмысна аддзяляючы іх ад асноўнай гісторыі манерай выканання. Тыя песні надалі дзеянню высокае напружанне, падкрэсліваючы вечнасць праблемы людскога раўнадушша, здрады, спусташальнасці адчаю. Забягаючы наперад, зазначу, што ў другой дзеі тая повязь часу амаль знікла, а сам спектакль паступова стаў страчваць надрыў і трагізм, які агортваў публіку напачатку. Любімая фраза інтэрнэт-аўдыторыі “занадта шмат літар” у дачыненні да пастаноўкі можа атрымаць варыяцыю “занадта шмат сцэн”. Магчыма, пастановачная група трапіла ў пастку літаратурнай задумы, калі гісторыю нам распавядаюць па сутнасці з канца, адразу агаляючы інтрыгу: галоўная гераіня Марына-Медэя выштурхнула ў акно малых сыноў (сама скокнуць не паспела — затрымалі суседзі). Драматургічны ход вядомы і мае цікавыя варыянты развіцця, аднак на працягу двух з паловай гадзін цяжка захаваць эмацыйнае напружанне і глыбіню пошукаў прычын спусташэння душы...

Аверкавай удалося дабіцца зладжанага акцёрскага ансамбля, у якім гучыць нямала фактурных і трапных вобразаў. На падмостках адзін за другім з’яўляюцца тыповыя маскі прадстаўнікоў сучаснага грамадства. Прыкладам, герой Максіма Паніматчанкі Ян-Ясон усведамляе подласць свайго ўчынку, але ён выбірае простую, зразумелую, “мужчынскую” схему паводзін — і чэрствасцю, па сутнасці, забівае былую каханую. Эдзік-Эгей Аляксандра Марчанкі прадстае чуллівым сябрам дзяцінства, які, тым не менш, з-за грамадскіх устояў землякоў хуценька заплюшчвае вочы на бяду не чужой яму жанчыны. Сярод персанажаў знаходзіцца месца і дзяўчыне-тусоўшчыцы, якая зводзіць чужога мужа “па прыколе”, каб “проста палахаць”. З дапамогай сёння амаль што культавага Яўгена Карняга спектакль набыў прыкметную пластыку. Харэограф паказаў віраванне інтэрнэт-спрэчак, абышоўшыся без стандартнага набору “клавіятура ды экран з відэапраекцыяй”. Атрымаліся пазнавальныя вобразы віртуальнай суполкі, чые “лайкі” ў пэўны момант не адрозніш ад непрыстойных жэстаў, а то і пабачыш у іх алюзію на характэрныя фашысцкія ўздымы рук.

Чаканай удачай стаўся выбар на ролю галоўнай гераіні заслужанай артысткі Рэспублікі Беларусь Людмілы Сідаркевіч. Яна паступова размотвае перад гледачом маток адчуванняў зломленай жанчыны, якая ў адчаі грукалася па дапамогу ў дзверы да тых, каго яшчэ не так даўно сама выратоўвала сваімі парадамі, каго ў часы смутку агортвала сваёй дабрынёй і цеплынёй, але сама ў такой жа сітуацыі пабачыла толькі маску раўнадушша. Праз увесь спектакль лейтматывам праходзіць думка, што трэба ўсё ж раз-пораз адрываць галаву ад манітора і вучыцца бачыць сэрцам душу блізкага чалавека, інакш кроў загінулых будзе і на вашых руках. Нездарма мастак Алена Ігруша робіць касцюмы ўсіх персанажаў (акрамя сукенкі галоўнай гераіні, што нагадвае старажытнагрэчаскую туніку) нібыта з налётам гіпсавага крышава — пылу ад сімвалічных фігурак дзяцей, што разбіліся, зляцеўшы са сцяны…

Тэма шчымлівага адзіноцтва ў натоўпе, якое зацягвае чалавека ў бездань непапраўнага, шмат гучыць у мастацтве. Прэм’ера РТБД надае знаёмым развагам новы кірунак, нагадваючы пра дзіўны — калі не дзікі — выбар сучаснага грамадства: большасць кідаецца рабіць максімальны рэпост у дапамогу віртуальным ахвярам, але праходзіць міма людзей, якія ў рэальнасці апынуліся ў горы. У эпоху фэйкавага інтэрнэт-дабрабыту, бясконцасці “фрэндаў” і велічнасці “лайкаў” асабліва востра адчуваецца асабістая “неідэальнасць” у пераломныя моманты жыцця. І калі навальваецца бяда, жанчыне раптам адкрываецца, што ніхто з тых соцень падпісчыкаў на яе ўласнаручна зробленае шчасце проста не хоча прыкмеціць, што з ёю дзеецца нешта не тое…

Настасся ПАНКРАТАВА

Фота Сяргея ЖДАНОВІЧА

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"
Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"