Класічны білет пойдзе ў 2009-ты...

№ 21 (839) 24.05.2008 - 30.05.2008 г

У Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь адбылася прэзентацыя дызай-ну новага ўваходнага білета.

 /i/content/pi/cult/162/1395/Bilet.jpg

Папярэдне прайшоў конкурс на лепшае яго афармленне, які ўжо стаў традыцыяй. Як падкрэсліў дырэктар музея Уладзімір Пракапцоў, конкурс адкрыты для ўсіх ахвотных, незалежна ад роду іх заняткаў і адукацыі. Былі прадстаўлены вельмі розныя работы, з якіх можна было выбраць не толькі самы арыгінальны, але і процьму выкананых на высокім прафесійным узроўні праектаў.
Сёлета на суд прафесійнага журы, куды ўваходзілі супрацоўнікі Нацыянальнага мастацкага музея, вядомыя мастакі і дызайнеры, выкладчыкі мастацкіх і гуманітарных ВНУ, было прадстаўлена 57 праектаў ад 26 канкурсантаў. Уладальніцай галоўнага прыза — сертыфіката на 1 мільён рублёў — стала дызайнер, супрацоўніца Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь Святлана Заскевіч. Яна другі раз удзельнічае ў конкурсе, прычым яе работу “Б-612”, створаную паводле матываў аповесці “Маленькі прынц” Антуана дэ Сент-Экзюперы, журы прызнала лепшай у 2005 годзе. Дарэчы, летась Святлана распрацавала дызайн сярэбранай манеты да 100-годдзя колішняга дырэктара Нацыянальнага мастацкага музея Алены Аладавай.
У сваёй пераможнай працы, якая стане візітоўкай музея ў 2009 годзе, дызайнер увасобіла вобраз архітэктурных дэталей яго будынка, адлюстраваўшы іх на блакітна-шэрым фоне. На яе думку, архітэктура скарбніцы мастацкіх каштоўнасцей Беларусі — класіка, правераная часам, дзе ўсё эфектна і прыгожа. Білет, насамрэч, — збіральны вобраз музея. Галоўнай ідэяй Святланы Заскевіч было — паказаць музыку мастацтва праз архітэктуру.
Паралельна з падвядзеннем вынікаў конкурсу ў Нацыянальным мастацкім музеі была наладжана спецыяльная выстаўка, на якой былі прадстаўлены ўсе конкурсныя працы. Сярод работ іншых дызайнераў можна было пабачыць і працу аспіранта Інстытута фармакалогіі і біяхіміі НАН Беларусі Дзмітрыя Гулянца, што заваявала прыз глядацкіх сімпатый. Спецыяльны прыз дырэктара музея атрымаў таксама непрафесійны аўтар — прадпрымальнік Аляксандр Аляксандраў.
Адзначым, што білет-пераможцу надрукуюць тыражом 80 тысяч экзэмпляраў, і ён будзе дзейнічаць на працягу 2009 года. 

Наталля КІРПІЧЭНКАВА