Жаночая лабараторыя

№ 9 (1292) 04.03.2017 - 10.03.2017 г

Штогод напярэдадні Міжнароднага жаночага дня адкрываюцца выставы з адпаведнымі матывамі. Карэспандэнт “К” даведалася, што сёлета падрыхтавалі музеі краіны: душэўныя нацюрморты або гучныя заклікі — адгалоссе Клары Цэткін і Розы Люксембург. Ды ўвогуле, выставы мастачак, прымеркаваныя да 8 сакавіка, — працяг так званай традыцыі, “класіка жанру”, гендарная роўнасць (ці няроўнасць) і ў гэтым крыецца штосьці істотнае для грамадства?..

/i/content/pi/cult/627/13940/7-1.jpgГісторыя свята ўсім вядомая, але, як мне падаецца, цікава назіраць, як трансфармуецца ўспрыманне яго ў грамадстве. Ад “рэвалюцыйнага” дня мы перайшлі да “цёплага”, “хатняга” з кветкамі ды падарункамі. І зараз 8 Сакавіка толькі падкрэслівае жаноцкасць і мяккасць асоб ужо даўно “не слабага полу”, бо ў некаторых жыццёвых сітуацыях жанчына куды больш смялейшая. Як на маю думку, чым больш жанчыны ўплываюць на грамадства (займаюць пасады, кіруюць буйнымі праектамі і гэтак далей), тым больш свята набывае падтэкст “сям’я, гармонія, утульнасць”, быццам бы “ставячы на сваё месца” інтэлектуалак з грунтоўным унутраным стрыжнем. І добра. Зараз не заўсёды звяртаецца ўвага на біялагічны пол, а — на навыкі, прафесійнасць, працаздольнасць ды іншыя моманты. (Праўда, на жаль, жанчыны да 30 гадоў, як і тыя, хто нядаўна нарадзіў дзіця, не ў прыярытэце для наймальніка.) Нягледзячы на тое, што ў сённяшніх умовах жанчына павінна быць моцнай, толькі ў творчасці яшчэ застаецца “слабая” нота, якая надае работам тых жа мастачак адпаведны шарм, падкрэслівае душэўную цеплыню і мяккасць, якія апрыёры закладзены ў характары (але, вядома, ва ўсіх правілах ёсць выключэнні).

Прагледзеўшы ў сеціве сайты некаторых музеяў краіны, бачыш: да 8 Сакавіка, акрамя выстаў, падрыхтаваны вечары з класічнай музыкай ды іншыя музейныя праекты. Але засяродзім увагу менавіта на выставах. Так, у Мастацкай галерэі Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка адбылося адкрыццё выстаў габеленаў “Судакрананне” Ніны Пілюзінай і акварэлі “Акваторыя. Нацюрморт” Святланы Урублеўскай. У выставачнай зале Гродзенскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці ў другі дзень вясны адкрылася выстава Лідзіі Шпектаравай “Пейзажы і кветкі”, на работах яе — у тым ліку і помнікі архітэктуры Гродзеншчыны. У філіяле Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь — Гасцёўні Уладзіслава Галубка — сёння адкрываецца выстава акварэлі Ларысы Стрыжак і Наталлі Харольскай “Мы любім кветкі...”, дзе ўлюбёныя ў паўпразрыстыя пераходы колераў убачаць 50 работ.

У арт-кавярні Нацыянальнага мастацкага музея краіны працуе выстава “Замілаванне простым” Юліі Гайдуковай, дзе ў большасці прадстаўлены нацюрморты ды пейзажы. Вядома, зараз нацюрмортамі не здзівіш, таму мастакі прыдумляюць розныя тэхнікі (нездарма вельмі часта сустракаецца пазнака “змяшаная тэхніка”). Нацюрморты Юліі запамінальныя, у іх адчуваецца акварэльнасць, паветранасць, маладосць. На размытым, паўпразрыстым фоне — грувасткія, кіслотныя мазкі, якія выбіваюцца, падказваючы форму аб’екта. Разглядаючы нацюрморты, злавіла сябе на думцы: яны нагадваюць цукеркі — карамелькі з кіславатым прысмакам, якімі ласавалася ў дзяцінстве. Інтуітыўна выдзяляючы дэталі, Юлія не “раскладвае” нацюрморт, а наадварот, пярэстыя плямы ды фігуры быццам бы зліваюцца ў пяшчотную мелодыю вясны. Так, з ейнай работай “Букет” грамадства пазнаёмілася яшчэ на “Восеньскім салоне…”, дзе, як мне падаецца, яна крыху згубілася ў нагрувашчванні розных стыляў. Прадстаўленыя пейзажы — з асаблівым бачаннем. Мастачка звычайны краявід пераўтварае ў карціну-настрой. Гэта жывапіс жыццярадаснага чалавека, які не страціў дзіцячую наіўнасць. Жывапіс Юліі супакойвае, ён не “крычыць” і не імкнецца вырвацца наперад. Ён жыве ў гарманічных адносінах з асяроддзем. Здаецца, у такіх “ціхіх” нацюрмортах і крыецца самадастатковасць творцы.

Тым часам, у Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў працуе выстава тэкстыльных аб’ектаў з воўны “Што ў жаночай галаве?”, у якой удзельнічаюць мастачкі з Беларусі, Швецыі, Польшчы, Латвіі і Славеніі.

У прэс-рэлізе да праекта сказана, што асноўная ідэя — паказаць жаночы свет вачыма жанчыны з дапамогай лямцу. Для раскрыцця тэмы гэты матэрыял, на маю думку, нават больш пасуе. Дык аб чым думаюць мастачкі? Мастачкі закранаюць тэмы ўзаемаадносін, дзяцінства ды не толькі. Так, у работах Настассі Арайс падсвечаныя “Нябесныя плыні”, мяккія “Плыні”, “Сэ ля ві” (мелодыя жыцця чырвонага цюльпана), Галіны Блажэўскай пушыстыя “Крылы” і Веранікі Фамінай “Галава ў аблоках” (замест капялюшыка з палямі — воблака) — жаночае — летуценнасць, бесклапотнасць. Лілія Бусарава раскрывае тэму з дапамогай атрыбутаў. У “Цнатлівасці”, акрамя лямцавай “постаці” дзяўчынкі, знаходзяцца газавая лямпа, старажытны прас і дзве невялічкія з карычняватымі старонкамі кнігі, якія падказваюць, чым займаецца сціплая незнаёмка. У аснове твора Наталлі Аждэр “Не зышліся характарамі” — драўляны стул, адзін бок які абвівае, быццам вінаградная лаза, мудрагелісты лямцавы ўзор, а на другі, — па-мужчынску прытулілася з таго ж матэрыялу форма. Выстава не нясе нейкую ідэю, яна — рэфлексія. Між тым, хочацца адзначыць высокі тэхнічны ўзровень твораў і вобразнасць.

Аб’ёмныя работы Настасся Арайс і Настасся Глушко падмацавалі фотавыставай “Шапавальства: рамяство будучага”, дзе паказана, як мужчыны вырабляюць валёнкі, а таксама іншыя моманты з працоўных будняў. А пасля вырашыла прагледзець кнігу водгукаў, дзе адна спадарыня “адкрыла новы погляд на проста-няпростыя рэчы”. Мо такога кшталту выставы і ёсць вяртанне да сябе?..

У Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў (пляцоўка на Някрасава, 3) адкрыўся арт-праект “Чысціня і гігіена”, куратарам (а таксама і ўдзельнікам) якога выступіла Марта Шматава. Менавіта гэтым разам хочацца пачаць гаворку з афішы праекта (так, ніколі яшчэ не даводзілася мне да такой звяртацца), дзе ідэя “забіла” адразу двух трусаў: паказана разнастайнасць удзельніц пры дапамозе адной з першых асацыяцый ад “Чысціні і гігіены” — 11 розных па форме кавалкаў мыла. Афіша адразу нагадала “Праект стагоддзя (12 з ХХ)” Уладзіміра Цэслера і Сяргея Войчанкі, дзе 12 скульптурных партрэтаў-вобразаў прадстаўляюць значных асоб — Іосіфа Бродскага, Казіміра Малевіча, Пабла Пікаса, Уладзіміра Маякоўскага ды іншых. Гэтыя 12 асоб выявілі ды сфарміравалі густ і свядомасць грамадства, паўплывалі на творчую дзейнасць у тым ліку і нашых сучаснікаў. Штосьці падобнае прадстаўлена і ў арт-праекце “Чысціня і гігіена”, але, канешне, не ў такім маштабным кантэксце.

“Чысціня і гігіена” зусім не пра здаровы лад жыцця. Удзельніцы закранаюць душэўную і духоўную чысціню, каханне (у шырокім сэнсе), экалогію, прыгажосць… У кожным міні-праекце (назавём “Чысціню і гігіену” “праектам у праекце”) закладзена не проста ідэя, а штосьці больш маштабнае, выразнае. Так, работы Кацярыны Сумаравай заўсёды нейкім чынам звязаны са стыхіяй вады. Гэтым разам яна з’яднала жывапіс з аб’ектамі — шклянымі банкамі, у якіх знаходзіцца рознай чысціні вада з розных жа кропак Беларусі. Кацярына дапоўніла візуальны шэраг адпаведным гукам. Адна з наведвальніц, школьніца ці студэнтка, сказала: “Як у кабінеце хіміі!” А мне памяшканне Сумаравай нагадала лабараторыю, дзе гук расслабляе, а вада з Нямігі, Прыпяці, наадварот, засяроджвае на праблемах экалогіі. Такім чынам, мастачка ставіць наведвальніка ў памежны стан.

Тэма экалогіі працягваецца ў экспазіцыі “Хроніка возера” Алены Толабавай. Усю ўвагу прыцягваюць не работы, а чорныя шарыкі, раскіданыя на падлозе. Алена ўзяла за аснову рэальны факт — падзею, якая адбылася ў 2007 годзе ў Лос-Анджэлесе, і ў вобразнай форме “распавяла” пра яе.

Галіна Раманава ў “Лабараторыі” аналізуе памяць мастака. Што ёсць смецце? Спачатку — непрыемныя ўспаміны, якія пасля пэўным чынам адлюстроўваюцца ў работах. Галіна задаецца пытаннем: “Ці ёсць гэтае адлюстраванне асабістых творчых этапаў і самавыяўленне аўтара “адпрацаваным” рабочым матэрыялам?”

Вельмі элегантны шэра-белы жывапіс Ілоны Касабука нагадвае нейкі гарманічны, чысты, некрануты свет, у якім галоўныя героі — маладая жанчына і дзіця. Ілона паказвае схаваную прыгажосць узаемаадносін. Прыгажосць, але зусім іншая — яскравая, індывідуалістычная — у Зоі Луцэвіч. Як бачна, кожная з удзельніц (названы не ўсе) закранае вельмі тонкія пытанні, адказы на якія знайсці даволі складана, але над імі хочацца разважаць і спрачацца.

Нядаўна злавіла сябе на думцы, што класічныя пейзажы ды кветкі ў вазах на выставах надакучылі, і нават была ўпэўнена: грамадству не хапае “драйву”, новага, свежага. Але падчас напісання матэрыялу спынілася: мо сутнасць такіх твораў — у адпаведным унутраным стане, “душэўнай канструкцыі”, і мастачкі нават не спрабуюць прытрымлівацца новых тэндэнцый, да якіх мы ўжо прывыклі і кожны раз чакаем новай правакацыі ад аўтара (як сабака — ежы ад свайго гаспадара), яны — фіксацыя таго, што бачым кожны дзень і ўжо не звяртаем увагу на жывое ў сабе, не “запэцканае” Сецівам і інфармацыяй. Магчыма, зараз да пейзажаў, нацюрмортаў моладзь ставіцца абыякава, бадай, этап пройдзены яшчэ падчас навучання ў каледжы ды вышэйшай навучальнай установе. Але ўсе не змогуць агулам перайсці на хвалі канцэптуалізму (дзе галоўны складнік — думка, сэнс, што значна цяжэй выразіць), бо якія веянні ні былі б, усё роўна гэты “постпост-” павінен быць закладзены ў творцы, інакш атрымаецца фальш. Звычайныя пейзажы ды нацюрморты, якія напаўняюць музеі асабліва напярэдадні свята,  — як “класіка жанра”, і гэта не лічу традыцыяй, якую адзін творца пераступае і ідзе далей, а другі — застаецца з ёю, няхай і адчувае сабе ў пэўных межах, а як — “парыў душы”, без якога творчая дзейнасць некаторых мастачак будзе, магчыма, непаўнавартаснай.

Адсюль і наступныя пытанні: чаму выставы жанчын-мастачак набываюць шырокі размах менавіта напярэдадні свята? Я пакуль спынілася на наступных. Класічныя нацюрморты ды пейзажы не карыстаюцца папулярнасцю ў грамадстве, таму музеі не змогуць на такога кшталту творах зарабіць. З іншага ж боку, той жа шматгранны арт-праект “Чысціня і гігіена” паказаў: жанчыны — сіла, у якой з’ядналіся пяшчота, прыгажосць, арыгінальнасць ды байцоўскі дух. І, думаецца, быў бы не менш актуальны ў любую іншую пару года.

Аўтар: Вольга РОПАТ
арт-журналіст