Срэбраная палачка для маэстра!

№ 21 (839) 24.05.2008 - 30.05.2008 г

20 мая ў Малой зале імя Рыгора Шырмы Беларускай дзяржаўнай філармоніі адбылося ўрачыстае шанаванне з 70-гадовым юбілеем мастацкага кіраўніка — галоўнага дырыжора Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра Рэспублікі Беларусь імя І.Жыновіча, народнага артыста краіны, прафесара Міхаіла Казінца.

 /i/content/pi/cult/162/1394/Maestra.jpg

Віншаванне ад Кіраўніка дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі зачытаў намеснік міністра культуры рэспублікі Віктар Кураш. Прывітальны адрас ад Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь быў падпісаны намеснікам Прэм’ер-міністра краіны Аляксандрам Косінцам. Павіншавала маэстра ад імя дэпутатаў намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры, навуцы і навукова-тэхнічным прагрэсе Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, старшыня Савета спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі Наталля Аўдзеева.
У ліку дасланых тэлеграм былі віншаванні ад міністра культуры Беларусі Уладзіміра Матвейчука, Украінскай нацыянальнай філармоніі, Казахскай філармоніі, Мінаблвыканкама, а таксама з радзімы юбіляра — ад Вілейскага райвыканкама і іншых устаноў.
Шмат музычных падарункаў і цёплых слоў атрымаў Міхаіл Казінец ад творчых арганізацый: ад Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы, самой Беларускай дзяржаўнай філармоніі, Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору імя Г.Цітовіча пад кіраўніцтвам народнага артыста Беларусі, прафесара Міхася Дрынеўскага, Дзяржаўнага камернага хору Беларусі на чале з Наталляй Міхайлавай. Нарэшце, ад дачкі Іосіфа Жыновіча — заснавальніка калектыву, якім зараз кіруе Міхаіл Казінец.
Ды ўсё ж самымі, мабыць, нечаканымі для юбіляра былі падарункі ад яго роднага аркестра. “Запланаваным сюрпрызам” стала тое, што аркестр знаходзіўся на сцэне пад час усёй урачыстасці і ствараў добрую музычную ауру, перамяжоўваючы віншаванні адметнымі нумарамі. А потым калектыў уручыў свайму кіраўніку спецыяльна заказаную да гэтага свята срэбраную дырыжорскую палачку (папраўдзе, з чыстага срэбра!), якой Міхаіл Казінец і прадырыжыраваў “Жураўлі на Палессе ляцяць” Ігара Лучанка. 

Надзея БУНЦЭВІЧ