Летась на інтэрнэт-аўкцыёне “Ebay” з’явіўся фотаздымак, зроблены салдатам Вермахта ў 1943 годзе, на якім была адлюстравана скульптурная група з трох жанчын. Фатаграфія ішла ў падборцы са здымкамі Гомеля, таму і гэтая выява, магчыма, была знята ў горадзе над Сожам. Такая скульптура магла знаходзіцца толькі ў палацы Паскевічаў, у сувязі з чым неабходна было праверыць яго вопісы маёмасці, якія захоўваюцца ў гомельскім музеі.
У “Вопісе наяўнасці гомельскага замка”, зробленым у 1910 годзе, сярод іншых прадметаў калекцыі князёў Паскевічаў згадвалася статуя “Тры грацыі” з белага мармуру на мармуровым жа пастаменце. Сапраўды, жанчыны на фатаграфіі падобныя на трох грацый, якія ў старажытнагрэчаскай і старажытнарымскай міфалогіі былі даравальніцамі натхнення і набліжанымі да мастацтва як багіні вытанчанасці, хараства і прыгажосці. Але ці тая ж гэта скульптурная група, якая знаходзілася ў Гомелі?
Пацвердзіць здагадку дапамог нядаўна набыты музеем Гомельскага палацава-паркавага ансамбля альбом “Homel 1911” з відамі палаца і парка. На адной з фатаграфій з выявай паўднёвай галерэі злева сярод раслін бачна мармуровая статуя. Несумненна, гэта і ёсць “Тры грацыі”, чыя выява была на фотаздымку нямецкага салдата.
Існуе меркаванне, што скульптура была прывезена Фёдарам Іванавічам Паскевічам пасля яго паездкі па Італіі ў 1860 — 1870-я. Аўтар яе, на жаль, не вядомы, але зроблена яна была з арыгінала знакамітага італьянскага майстра-класіцыста канца XVIII — пачатку XIX стагоддзяў Антоніа Кановы. Арыгінал быў выраблены паміж 1813 і 1816 гадамі. Да 1901 года ён захоўваўся ў герцага Лейхтэнбергскага ў Санкт-Пецярбургу, а затым быў прададзены ў Эрмітаж, дзе і знаходзіцца па сёння.
На мармуровым пастаменце гомельскай скульптуры быў накрэслены знак. Што ён азначае, сказаць праблематычна. Не выключана, што гэта мог быць подпіс аўтара.
Дзякуючы знойдзенай нямецкай фатаграфіі, можна з упэўненасцю сцвярджаць, што гомельскія “Тры грацыі” не былі эвакуіраваны ў Сталінград, а заставаліся ў будынку музея, прынамсі, да 1943 года. На здымку бачна, што скульптурная група была пашкоджана, на ёй прысутнічае мноства трэшчын. Але што з ёй здарылася пасля вызвалення Гомеля 26 лістапада 1943 года, можна толькі здагадвацца: яе маглі знішчыць, увезці ў Германію, скінуць у раку ці схаваць у горадзе. Камісія па ацэнцы шкоды, прычыненай Гомельскаму гістарычнаму музею, створаная 15 снежня 1944 года, ацаніла “Тры грацыі” ў 500 тысяч рублёў. Мармуровая скульптурная група стала самай дарагой сярод усіх згубленых скульптур гомельскага музея.
Сёння застаецца толькі спадзявацца, што “Тры грацыі” не былі страчаны назаўсёды і змогуць калі-небудзь зноў з’явіцца ў гомельскім музеі. Альтэрнатывай жа можа служыць стварэнне яшчэ адной копіі з арыгінальнай скульптуры Антоніа Кановы, якая экспануецца ў Эрмітажы.
Юрый ПАНКОЎ, супрацоўнік музея Гомельскага палацава-паркавага ансамбля