Для каго зарабіць — не праблема?

№ 9 (1292) 04.03.2017 - 10.03.2017 г

Працягваем падводзіць вынікі першага года дзеяння Дзяржпраграмы “Культура Беларусі” на 2016 — 2020 гады.

Не сакрэт, што дзяржаўная “кішэня” сёння, у параўнанні з мінулымі гадамі, паменшала. Адсюль і зварот кіраўнікоў сферы культуры да спонсарскай і мецэнацкай дапамогі, увядзенне новых відаў платных паслуг і многае іншае… У выніку ўсіх пералічаных захадаў доля пазабюджэтных даходаў у агульным аб’ёме фінансавання арганізацый культуры няўхільна расце.

Менавіта на гэты аспект, дарэчы, і звяртаў увагу на выніковай калегіі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь міністр Барыс Святлоў. Ён адзначыў, што сродкі, атрыманыя летась ад пазабюджэтнай дзейнасці арганізацый сферы, склалі 133,9 мільёна рублёў, што на 8,9 % больш, чым у 2015 годзе (у лідарах тут — Міншчына і Гомельшчына). Вырасла на 3,3 % і сума спонсарскай дапамогі: яна “заважыла” за 2016 год на 6,2 мільёна рублёў.

Задача на год наступны, агучаная міністрам, — забяспечыць павялічэнне аб’ёму пазабюджэтных сродкаў не менш, чым на 9 %. А ўвогуле, паводле аднаго з даведзеных паказчыкаў Дзяржапраграмы “Культура Беларусі”, доля пазабюджэтных даходаў у агульным аб’ёме фінансавання дзяржаўных арганізацый культуры павінна за пяцігодку дарасці да 26 %.

Натуральна, зарабіць чвэрць з усёй сумы фінансавання ўстановам культуры Беларусі не так і лёгка. Скажу нават больш: пакуль такое магчыма толькі некаторым буйным арганізацыям, якія ў першую чаргу месцяцца ў абласных цэнтрах ды сталіцы. Гэтую думку “К” пацвердзіла і першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення — начальнік упраўлення культуры Гомельскага аблвыканкама Інга Заўгародняя. Па яе словах, працаваць з прыбыткам сёння могуць далёка не ўсе.

— І летась, і ў мінулыя гады ў Беларусі зніжаецца колькасць жыхароў сельскай мясцовасці, што адбываецца ў першую чаргу, у сувязі з адтокам маладых людзей у раённыя цэнтры ды ў сам Гомель, — кажа кіраўнік рэгіянальнай сферы культуры. — З гэтай прычыны адзначаецца і зніжэнне колькасці наведванняў кінавідэасеансаў, тэатральных і відовішчных пастановак, а таксама бібліятэк, музеяў, клубаў. Хаця варта прызнаць, што, напрыклад, абласная кінавідэагаліна спрацавала летась даволі паспяхова і прынесла за год неблагі даход.

Як дадала “К” начальнік аддзела фінансавання і матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння галіны ўпраўлення культуры Гомельскага аблвыканкама Алена Паўлава, летась значны працэнт пазабюджэтных даходаў назіраўся не толькі ў кінатэатрах Гомеля, але і ў абласной філармоніі, Цэнтры моды і прыгажосці “Крыштальная Німфа”, Гомельскім палаца-паркавым ансамблі і некаторых іншых установах, прычым як у абласным цэнтры, так і ў рэгіёне. Напрыклад, сярод лідараў быў згаданы культурна-спартыўны цэнтр, што месціцца ў аграгарадку Зашыр’е Ельскага раёна (у ім, дарэчы, “К” бывала не раз).

— У выніку доля пазабюджэтных даходаў у агульным аб’ёме фінансавання дзяржарганізацый культуры вобласці аказалася роўнай 21,2 % пры плане ў 20 %, — рэзюмавала Алена Паўлава.

У лідарах па гэтым паказчыку — і Мінская вобласці. Так, як адзначыла “К” першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення ІРКСМ Мінаблвыканкама Святлана Баранок, рост даходаў арганізацый сферы культуры рэгіёна ў параўнанні з мінулым годам склаў 121,6 %.

— Акрамя таго, значную дапамогу сферы культуры Міншчыны аказалі летась і спонсары, — адзначыла Святлана Баранок. — Некаторых з іх мы вылучылі на ганаровае званне “Мецэнат года ў сферы культуры”. Гэта, напрыклад, “Беларуськалій”, які заўсёды падтрымлівае нашы знакавыя мерапрыемствы. Але ёсць і прыватныя спонсары, якія выдаткоўваюць значныя асігнаванні на развіццё культуры Міншчыны. Скажам, гэта яскрава бачна на прыкладзе Ракаўскай дзіцячай школы мастацтваў.

Па больш падрабязную інфармацыю “К” звярнулася ў згаданую ДШМ. Як патлумачыла кіраўнік установы Юлія Мякінка, з бізнесменамі школа супрацоўнічае ўжо не першы год.

— Менавіта за кошт спонсарскіх сродкаў пазалетась для правядзення заняткаў нам быў прывезены з Расіі вельмі добры раяль, — адзначыла дырэктар Ракаўскай ДШМ. — А сёлета за грашовыя сродкі, прадастаўленыя неабыякавымі людзьмі, мы набылі ўсю мэблю, якая была нам патрэбная пры пераездзе ў новы, адрамантаваны будынак школы, а таксама з’ездзілі на Міжнародны фестываль-конкурс “Рэгата талентаў”, які ладзіўся ў італьянскім горадзе Рыміні. У склад дэлегацыі, да слова, уваходзілі 24 чалавекі: вакальны і інструментальны калектывы школы, а таксама педагогі-кіраўнікі. Я спадзяюся на супрацоўніцтва са спонсарамі і надалей.

Што ж, некаторыя ўстановы культуры працуюць над прыцягненнем пазабюджэтных сродкаў для фінансавання сваёй дзейнасці няблага. Іншая справа, што Гаяў Мецэнатаў сёння знайсці не так проста, нягледзячы на іх актыўны пошук культработнікамі як праз медыя, так і праз інтэрнэт. Да таго ж, яны часта самі не надта афішуюць сваёй дзейнасці… І хто сказаў, што бескарыслівасць не ў модзе?

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"