Ствараць сябе і краіну жывым словам

№ 8 (1291) 25.02.2017 - 02.03.2017 г

У Міжнародны дзень роднай мовы — 21 лютага — у прэс-цэнтры Дома прэсы адбылася прэзентацыя рэспубліканскага творчага конкурсу юных чытальнікаў “Жывая класіка”, які будзе праходзіць на працягу года ва ўсіх абласцях краіны.

/i/content/pi/cult/626/13922/2-1.jpgЛілія Ананіч, Ігар Карпенка і Павел Каранеўскі падчас прэс-канферэнцыі. / Фота аўтара

Падчас прэзентацыі праекта міністр інфармацыі Рэспублікі Беларусь Лілія Ананіч сказала, што ўжо тры гады запар у межах нацыянальнага свята — Дня беларускага пісьменства — праводзяцца абласныя творчыя конкурсы, дзе лепшыя ўдзельнікі чытаюць творы беларускіх класікаў. “У год 500-годдзя беларускага кнігадрукавання мы будзем больш плённа працаваць з нашай нацыянальнай літаратурай, а таксама з прапагандай кнігі і чытання. Такія праекты, дзе аб’ядноўваюцца намаганні дарослых і дзяржаўных устаноў, якія павінны клапаціцца пра развіццё нацыянальнай культуры, развіццё нацыянальнай мовы, пра выхаванне пакалення, вядома, дадуць свой плён”, — падкрэсліла Лілія Станіславаўна.

Міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь Ігар Карпенка адзначыў, што для пераможцаў конкурсу будуць вылучаны пуцёўкі ў Нацыянальны дзіцячы адукацыйна-аздараўленчы цэнтр “Зубраня”. А намеснік генеральнага дырэктара ЗАТ “Сталічнае тэлебачанне” Павел Каранеўскі дадаў: “Мы запрасілі вядомых беларускіх артыстаў — Віктара Манаева, Таццяну Мархель, Анатоля Ярмоленку, — якія з задавальненнем будуць чытаць свае ўлюбёныя вершы. Мне хацелася б, каб на працягу ўсяго года людзі дзяліліся ў нашых групах у сацыяльных сетках са сваімі сябрамі вершамі або ўрыўкамі з любімых твораў беларускіх класікаў. У фінале падчас Дня беларускага пісьменства плануецца зладзіць канцэрт, дзе пакажуць выдатныя ўзоры чытання, а значыць — нашы класікі і мова жывыя”.

У конкурсе “Жывая класіка” будуць браць удзел вучні з 5 па 10 клас устаноў агульнай сярэдняй адукацыі і ўстаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Так, першы этап пройдзе ва ўстановах адукацыі з 1 па 31 сакавіка, другі (раённы) — з 1 па 30 красавіка і абласны (Мінскі гарадскі) — з 1 па 31 мая. Па выніках трэцяга этапу лепшыя чытальнікі стануць удзельнікамі заключнага рэспубліканскага, які пройдзе падчас святкавання ў Полацку Дня беларускага пісьменства.

Заснавальнікі “Жывой класікі” — Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь, Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, “Саюз пісьменнікаў Беларусі” і “Сталічнае тэлебачанне”. Адкрыўся конкурс дэвізам “Чытаем шмат, чытаем разам, ствараем сябе і краіну!”