7 пытанняў пра мову дырэктару Інстытута мовазнаўства

№ 8 (1291) 25.02.2017 - 02.03.2017 г

З нагоды Міжнароднага дня роднай мовы, а таксама Тыдня роднай мовы, які ладзіць з 20 па 26 лютага Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа філіяла Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, “К” вырашыла задаць 7 пытанняў кіраўніку гэтай установы Ігару КАПЫЛОВУ. Наша сустрэча прайшла 21 лютага перад самым пачаткам “круглага стала” “Мова ў навуцы, адукацыі, заканадаўстве”, які ладзіўся інстытутам.

/i/content/pi/cult/626/13914/4-1.jpg

Ігар Капылоў. / Фота Юрыя ЧАРНЯКЕВІЧА

— Ігар Лявонавіч, наколькі Дзень роднай мовы, які святкуецца 21 лютага, значны для нас, беларусаў? Ці не з’яўляецца ён фармальным?

— Міжнародны дзень роднай мовы — надзвычай важнае свята для беларусаў. У найноўшай гісторыі дзяржаўнасць Беларусі налічвае толькі чвэрць стагоддзя. Мы маладая краіна, таму нацыянальная мова павінна іграць выключна важную дзяржаваўтваральную ролю, паколькі яна з’яўляецца неад’емным атрыбутам незалежнасці краіны, фактарам кансалідацыі нацыі, галоўным элементам культуры і сімвалам нацыянальнай ідэнтыфікацыі. У сучасных умовах сусветнай глабалізацыі страта нацыянальнай мовы вядзе да страты нацыі, а страта нацыі, у сваю чаргу, вядзе да страты дзяржаўнасці. У сувязі з гэтым паўнавартаснае і ўсебаковае развіццё нацыянальнай мовы з’яўляецца гарантам бяспекі краіны.

Так, з аднаго боку, сапраўды, гэты дзень можа ўспрымацца як фармальны. Многім хацелася б, каб папулярызацыя і развіццё беларускай мовы стал нашым штодзённым клопатам, а не толькі ў Дзень роднай мовы. А з іншага боку, вельмі добра, што ёсць такая дата, паколькі гэта дадатковая магчымасць звярнуць увагу на праблемы функцыянавання нацыянальнай мовы, правесці грамадскае абмеркаванне шляхоў іх вырашэння, прадэманстраваць шырокай грамадскасці праз сродкі масавай інфармацыі набыткі і дасягненні ў сферы захавання нацыянальнай мовы.

— Не так даўно вялікія “баталіі” разгарэліся з нагоды ўвядзення беларускай лацінкі ў назвах станцый метро на інфармацыйных матэрыялах. Ці няма нараканняў на лацінку цяпер? Наколькі яе выкарыстанне важнае і апраўданае для замежных гасцей, якія прыбываюць у Мінск?

— Усё новае звычайна прымаецца з вялікай асцярогай. Лацінка таксама. На тое было некалькі прычын. Па-першае, гэта слабая інфармаванасць грамадства ў пытанні: “Чаму выбраны такі варыянт лацінкі, а не англійскі, да якога больш прызвычаіліся?” Па-другое, на жаль, сучасная школьная праграма не прадугледжвае ніводнага ўрока, прысвечанага беларускай лацінцы. А між тым гэта важны этап і ўнікальная з’ява ў гісторыі беларускага пісьма.

Што да замежных турыстаў, дык Чэмпіянат свету па хакеі паказаў, што госці добра арыентаваліся ў нашай сталіцы. Да нас прыехалі ў асноўным прадстаўнікі еўрапейскіх краін, для якіх беларускі варыянт лацінкі абсалютна зразумелы. Прайшоў час — і, па-мойму, нашы грамадзяне таксама прывыклі да лацінкі ў метро. Гэта заканамерны працэс. Упэўнены, што нацыянальная мова, нацыянальная лацінка маюць важнае значэнне для папулярызацыі краіны ў вачах замежнікаў — гэтак жа як і нацыянальная кухня, нацыянальная архітэктура і нацыянальныя традыцыі.

— З 3-га красавіка ў Інстытуце мовазнаўства распачнецца праца курсаў “Беларуская мова”. Навошта яны ствараюцца і ці не будзе гэта выглядаць канкурэнцыяй адносна іншых моўных курсаў накшталт “Мова нанова”? І як вы ўвогуле ставіцеся да таго, што падобныя курсы пачалі ў нас з’яўляцца?

— У нас адкрываюцца не адукацыйныя, а навукова-асветніцкія курсы, мэтай якіх з’яўляецца папулярызацыя беларускай мовы. Ужо ў першыя дні пасля з’яўлення аб’явы аб курсах на сайце інстытута да нас патэлефанавала многа людзей з просьбай запісаць іх у спіс слухачоў. Мы ні ў якім разе не імкнёмся стаць канкурэнтамі іншых курсаў. Лекцыі будуць чытаць акадэмічныя навукоўцы, якія ў папулярнай форме падзеляцца сваім досведам даследавання беларускай мовы. Думаю, наведвальнікам курсаў будзе цікава даведацца пра паходжанне прозвішчаў жыхароў Беларусі і назваў населеных пунктаў, некага зацікавіць этымалогія як навука пра паходжанне слоў, а нехта будзе ў захапленні ад лексічнага багацця старабеларускіх помнікаў. Таксама камусьці прыйдзецца даспадобы сакавітае беларускае слова, захаванае ў народных гаворках, а хтосьці захоча атрымаць дадатковую інфармацыю аб сучасных нормах беларускай літаратурнай мовы.

— Беларуская мова сёння гучыць у транспарце, у рэкламе, з вуснаў моладзі (хоць і значна менш, чым руская). Але якія паўстаюць псіхалагічныя аспекты выкарыстання дзвюх моў у маўленні аднаго чалавека?

— Чым больш моў ведае чалавек, тым больш адукаваным і развітым ён з’яўляецца. Праблема заключаецца ў тым, што беларуская мова не гучыць у сям’і. А таму дзіця не засвойвае нацыянальную мову ў першыя гады свайго жыцця. А выхаванне на нацыянальнай мове павінна пачынацца з сям’і, прадаўжацца ў дзіцячым садку, затым у школе. Калі гэта будзе паступовы бесперапынны працэс, моўнае пытанне не будзе выклікаць псіхалагічны дыскамфорт. У нашых умовах праблема ўскладняецца яшчэ і тым, што беларуская і руская мовы блізкароднасныя.

— Як вы лічыце, ці варта ўводзіць даплаты настаўнікам, якія выкарыстоўваюць мову пры выкладанні матэматыкі, хіміі, фізікі, прыродазнаўчых дысцыплін? І таксама для кіроўцаў, міліцыянераў, рабочых? Наколькі апраўданая падобная тактыка і ці прынясе яна, на вашу думку, станоўчы вынік: гэта значыць, ці стануць людзі больш размаўляць на беларускай мове?

— Лічу, што варта. Па-першае, на сённяшні дзень не хапае вучэбна-метадычнай літаратуры для настаўнікаў, якія выкладаюць прыродазнаўчыя дысцыпліны, фізіку, матэматыку па-беларуску. Па-другое, у нас ніводная вышэйшая навучальная ўстанова не мае беларускамоўных аддзяленняў па гэтых дысцыплінах. Таму настаўнікі, якія выкарыстоўваюць беларускую мову на ўроках, робяць вялікую дадатковую работу. Адпаведна, усё гэта павінна дадаткова аплачвацца.

Акрамя таго, у сённяшнім прагматычным грамадстве размовы пра неабходнасць захавання мовы не заўсёды маюць эфект, а дадатковая аплата кіроўцам, міліцыянерам, рабочым на дадзеным этапе паслужыла б надзвычай дзейсным стымулам. Паступова, крок за крокам, нацыянальная мова стала б успрымацца як натуральная, жыццёва неабходная. Такі падыход з боку дзяржавы трэба ўспрымаць абсалютна нармальна, як неабходнасць захавання нацыянальнай дзяржаўнай мовы і ні ў якім разе не як дыскрымінацыю рускай мовы. Сёння рускай мове нічога не пагражае, за ёй вялікая дзяржава са сваёй багатай культурай і літаратурай. А стан беларускай мовы — гэта клопат і адказнасць толькі Беларусі.

— Ці існуе ў Беларусі які-небудзь орган, які даглядаў бы за тым, каб у рэкламе, у назвах вуліц, у надпісах на спажывецкіх таварах была выкарыстана нарматыўная беларуская мова, без памылак і парушэнняў? І што рабіць, калі заўважыш памылкі ў тэксце, асабліва — на лекавых прэпаратах? Бо ад падобных памылак часам залежыць і чалавечае жыццё…

— Інстытут мовазнаўства даўно ініцыюе стварэнне дзяржаўнай службы, якая пільна сачыла б за нормамі абедзвюх дзяржаўных моў. Тым больш падобны сусветны вопыт ужо ёсць. Інстытут мовазнаўства гатовы такія абавязкі ўзяць на сябе. У нашых грамадзян узнікае многа нараканняў на рэкламу, дапускаецца вялікая колькасць памылак у рэкламных тэкстах. Але для ажыццяўлення кантролю за рэкламай павінна быць адпаведная нарматыўная база. Напрыклад, для ажыццяўлення абавязковай ацэнкі рэкламных тэкстаў неабходна ўнесці змены ў Закон Рэспублікі Беларусь ад 10 мая 2007 года № 225-3 “Аб рэкламе” і пастанову Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 12 лістапада 2007 года № 1497 “Аб рэалізацыі Закона Рэспублікі Беларусь “Аб рэкламе” і ў іншыя нарматыўныя прававыя акты.

— Бібліёбус ці бібліобус? “Пріорбанк” ці “Прыёрбанк”? Моладзевы ці маладзёжны? Білеты ці квіткі? Якія варыянты слушныя? І як вы ставіцеся да таго, што падобныя варыянтныя формы сёння актыўна ўжываюцца ў асяроддзі моладзі?

— Усе гэтыя пары слоў розныя. Адносна першай узнікае праблема арфаграфічнай нормы. Паводле сучасных арфаграфічных норм беларускай мовы спалучэнне “іо” пад націскам павінна перадавацца праз “іё”, значыць трэба пісаць “бібліёбус”. Калі ж у каго-небудзь узнікаюць нездаровыя асацыяцыі, можна парэкамендаваць больш працаваць над павышэннем агульнай культуры. А ўвогуле нядрэнна было б ужываць іншы адпаведнік гэтай назвы, напрыклад “аўтабібліятэка”.

Выбраць правільны варыянт з пары “Пріорбанк” — “Прыёрбанк” дапаможа паходжанне назвы. Калі гэтая назва ўзнікла ў выніку скарачэння пачатковых частак слоў, то паводле Закона аб правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі напісанне “Пріорбанк” дапушчальнае па аналогіі з “РІВШ” (Рэспубліканскі інстытут вышэйшай школы) або “ТЮГ” (Тэатр юнага гледача). У іншым выпадку напісанне літары “і” пасля “р” не адпавядае арфаграфічным нормам.

А вось варыянты “моладзевы” і “маладзёжны” маюць права на ўжыванне. Утвораны яны ад аднаго слова “моладзь”, але па розных словаўтваральных мадэлях. Абодва варыянты адлюстраваны ў новым выданні “Тлумачальнага слоўніка беларускай літаратурнай мовы”, які быў прэзентаваны 22 лютага ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа НАН Беларусі.

Значэнні слоў “білет” і “квіток” часткова супадаюць: абодва яны абазначаюць “дакумент, які дае права карыстацца чым-небудзь”. Акрамя таго, слова “білет” мае значэнні “дакумент, які сведчыць аб прыналежнасці каго-небудзь да палітычнай або грамадскай арганізацыі” і “лісток з пытаннямі да таго, хто прымае экзамен, іспыт”. А слова “квіток” мае значэнні “чэк”, “квітанцыя, распіска”.

На дадзеным этапе развіцця мовы лексічная варыянтнасць цалкам заканамерная з’ява. Мова — жывы арганізм. Ён развіваецца па сваіх законах. На пэўных этапах функцыянавання мовы існуюць варыянты, а ў яе носьбітаў ёсць права выбару таго або іншага варыянта. Акрамя таго, лексічная сінанімія з’яўляецца сведчаннем багацця мовы.

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"