На паляванне па музыку!

№ 20 (838) 17.05.2008 - 23.05.2008 г

Чарговае, ХІІІ па ліку, Свята мастацтваў “Музы Нясвіжа-2008”, што прайшло ў радзівілаўскім парку 15 — 17 мая, было прысвечана не толькі 70-годдзю Мінскай вобласці, але і, найперш, — 600-годдзю Белавежскай пушчы.

Арганізатарамі свята выступілі, паводле добрай традыцыі, Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Мінскі аблвыканкам, Нясвіжскі райвыканкам, Заслужаны калектыў “Нацыянальны канцэртны аркестр Беларусі” на чале з народным артыстам краіны, прафесарам Міхаілам Фінбергам.

У адпаведнасці з юбілейным прысвячэннем, на тэмы палявання і яго ўздзеяння на музыку заўзята разважалі славутыя мастацтвазнаўцы, у тым ліку прафесура Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі і Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтваў. Сама ж тэма канферэнцыі была пазначана больш шырока — “Шэсць стагоддзяў беларускай музыкі”, таму ў выступленнях была закранута і актуальная сучасная праблематыка, а выступленне аспіранткі Інэсы Рабушкінай прысвячалася М.Фінбергу і яго джазавай школе.

“Поры года” — так называлася выстаўка жывапісу і графікі акадэміка НАН Беларусі, народнага мастака краіны Георгія Паплаўскага і Наталлі Паплаўскай. Як заўсёды, дэманстраваліся і дзіцячыя малюнкі студыі выяўленчага мастацтва Палаца культуры Мазырскага нафтаперапрацоўчага завода, зробленыя пад кіраўніцтвам Святланы Купрыянавай.

Вобразы прыроднага асяроддзя і палявання паўплывалі і на канцэртныя праграмы камерных складаў аркестра, бо перавага аддавалася духавым інструментам. Сваё 15-годдзе адзначыў Ансамбль салістаў на драўляных духавых інструментах пад кіраўніцтвам заслужанага артыста Беларусі, доктара мастацтвазнаўства, прафесара Барыса Нічкова і дацэнта Генрыха Гедыльтэра.

Другая музычная асамблея (першая адбылася летась) была прысвечана беларускай выканальніцкай школе на медных духавых інструментах. На ёй выступалі не толькі айчынныя салісты — лаўрэаты міжнародных конкурсаў, але і госці са Швецыі — трубач Крыстар Фрэдрыксан і валтарніст Юхан Алін.

Пачыналася свята, як і раней, тэатральнай праграмай. 15 мая Мінскі абласны драматычны тэатр паказаў спектакль “Паланез на развітанне”Уладзіміра Драздова, пастаўлены заслужаным дзеячам мастацтваў Рэспублікі Беларусь Віталём Баркоўскім і прысвечаны Міхалу Клеафасу Агінскаму.

Урачыстым жа адкрыццём свята стаў канцэрт “Музыка Белай вежы”, падрыхтаваны камернымі складамі аркестра.

— Гэтую праграму,— расказала пастаянная вядучая фестываляў, доктар мастацтвазнаўства, прафесар Вольга Дадзіёмава, — хацелася звязаць з музыкай кампазітараў Брэстчыны і Гродзеншчыны розных эпох. Таму для яе былі прапанаваны творы Напалеона Орды, Цыпрыяна Базыліка, Тадэвуша Касцюшкі. Вядома, не была пазбаўлена ўвагі і тэма палявання — у самым шырокім яе сэнсе. Таму была ўключана і музыка Міхала Клеафаса Агінскага, і пералажэнне фрагмента з оперы Генрыха Вагнера “Сцежкай жыцця”, напісанай паводле аповесці Васіля Быкава “Воўчая зграя”.

Завершыцца сёлетняе ХІІІ свята “Музы Нясвіжа” не зусім звычайна. Сеня ўвечары, не пабаяўшыся лічбы “13”, Нацыянальны канцэртны аркестр Беларусі запросіць на карнавал! На плошчы ля гарадской ратушы выступяць салісты аркестра Ларыса Грыбалёва, Наталля Тамэла, Саша Нэма, Дзмітрый Качароўскі, Таццяна Глазунова, Галіна Грамовіч і іншыя.

Надзея БУНЦЭВІЧ