Аўдыя & Відэа-35

№ 8 (1291) 25.02.2017 - 02.03.2017 г

Студзеньскія аўдыя/відэработы айчынных выканаўцаў рэцэнзуюць музыкант ансамбля “Беларускія песняры”, заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Валерый ДАЙНЭКА (A.) і спецыяльны карэспандэнт газеты “Культура”, музычны крытык Алег КЛІМАЎ (B.).

/i/content/pi/cult/626/13900/8-2.jpgАЎДЫЯ

“Ландыш & Сахара”, міні-альбом “#казачнаеБалі”

А.: Нават дзікі вакальны фальш мяне не раздражняў пры праслухоўванні дадзенага рэлізу: выйшла ўсё ў дзяўчат натуральна ды весела (пытанне толькі ў тым, ці можна гэтыя напеўчыкi назваць... творчасцю ў поўным сэнсе гэтага слова). Але ў нашай краіне на шырокую аўдыторыю ўсе іх гульні ў словы не пройдуць. Тут не Амерыка і нават не Расiя...

B.: Дзявочы акустычны тандэм спявае сэксі-хуліганскія песенькі аб разнастайных прыўкрасах ціхамірнага жыцця ды асаблівасцях чалавечай фізіялогіі ў пэўныя перыяды быцця, а таксама (авохці мне)... сацыяльныя куплеты на “злобу дня” — гэткія гульні ў двухсэнсоўнасці, на грані і за гранню безгустоўшчыны (з таго, што можна тут бязбольна працытаваць, прывяду, напрыклад, такі перл: “упала с хулахупа я”). Урэшце, некаторыя мужчыны, магчыма, будуць у захапленні. А жанчыны — і пагатоў.

Гурт “WhiskeyJamBand”, альбом “Vohen”

A.: Мяркуючы па назве, гурт мае граць амерыканскі блюз... Рознага блюзу ў свеце шмат, але вось менавіта такі я не разумею і не люблю. Аб выканальніцкім майстэрстве казаць не буду.

B.: Каб усё не так сур’ёзна, калектыў гэты разам з яго работай можна было б лёгка прыняць за які-небудзь чарговы сцёб-праект, за фрык-здзек з жанру ў прыватнасці і рок-музыкай наогул. Дык не, “смажаць” музыканты ўдумліва цяжкі блюз, хрыпяць чагосьці і пра пляўкі ў вечнасць не думаюць. Прафесіяналы знойдуць у гэтых творах масу добрых якасцяў, мая ж рука дылетанта, пачынаючы з першай жа песні, цягнулася выключыць баляванне гукаў. Хацелася б зірнуць на твар Валерыя Дайнэкі, калі ён слухаў кавер “Касiў Ясь канюшыну”... А яшчэ ў альбоме ёсць і перапеўка “Personal Jesus”...

Аляксандр Саладуха, альбом “Мы будзем разам”

A.: Не хацелася б абмяркоўваць работу даўняга калегі, але калі ўжо трэба... Ад такой музыкі мне робіцца сумна... Чалавек да шасцідзесяці ўжо падбіраецца, павінен жа неяк расці творча, а ён, канешне, развіваецца, але ў які бок? Песенькі ў яго ўсё прасцейшыя і прасцейшыя, чым раней, быццам не XXI стагоддзе, а эстрадныя савецкія часы…

B.: Напэўна, толькі вельмі круты спецыяліст зможа растлумачыць, чым дэбютны альбом Саладухі ідэалагічна адрозніваецца вось ад гэтага, крайняга (можа, у ім з агульнага “лірыка-маральна вытрыманага хору” кампазіцый ледзь выбіваецца рэзкаваты па тэкставым змесце трэк “Чорныя вораны”). І добра, што ў нашым зменлівым свеце ёсць нешта пастаяннае — з раскрытымі абдымкамі, з усмешкай галівудскай зоркі ды... з цвёрдымі ўстаноўкамі. І увогуле, дакладна выканаўца ў загалоўнай песні бярэ на сябе смеласць сцвердзіць: “Мы будем вместе, я знаю! Таких, как я, не теряют!” Нікуды нам не падзецца ад гэтага дабрака-аптыміста, калі яму трэба — эпатажнага, але заўсёды вечна п’яна-маладога ад кахання спевака, артыста вялікага, які ўжо даўно заваяваў ды “кантрольна” працягвае скараць сваім бясспрэчным мастацтвам. Ды і не хочацца нікуды падзецца! Пераканалі, Аляксандр Антонавіч, будзем разам!..

ВІДЭА

Гурт “By Cry”, кліп на песню “Наша прызнанне”

А.: Я так разумею, што без англійскіх назваў некаторым айчынным выканаўцам у нашай краіне ўжо рабіць няма чаго? “By” — прадугледжвае, мабыць, Беларусь; “Cry” — напэўна, край. У цэлым атрымліваецца — беларускі край... Каб не было анатацыі да роліка, я наўрад ці зразумеў бы, пра што гэтая песня і ў чым сэнс відэа. Яно для мяне занадта... мітуслівае. Так, з трыма экранамі на сцэне “The Beatles” працавалі яшчэ ў 1960-я, — гэта значыць, ніякай знаходкі ды навізны няма. Як, уласна, і ў музыцы. Паслухаў — і забыў. Хоць, вядома, ёсць настрой ды запал. Дзяўчыне, калі яна і далей хоча спяваць, параіў бы падцягнуць вакал.

B.: Прыемная песня, прыемнае выкананне (з рэп-чыткай), прыемны кліп (нарэзкі відаў Мінска, кадры з музыкантамі ды нейкімі людзьмі). Добры настрой “накрывае” адразу ж з пачаткам прагляду відэа і трымаецца яшчэ нейкі час пасля яго заканчэння. Забываеш пра тое, што дзесьці ідуць войны, “многія дзеці не елі халвы”, лютуе глабальнае пацяпленне, і проста плывеш ды ляціш разам з малюначкам, жмурыш вочы на сонца, падстаўляеш галаву ветру, лянотна марыш аб шчаслівым заўтра і падпяваеш немудрагелістым словам.

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"