Старая ратуша

№ 2 (768) 13.01.2007 - 19.01.2007 г

Летась споўнілася 410 гадоў нясвіжскай ратушы, самай старой з тых, што захаваліся на Беларусі. У горадзе ўжо прывыклі бачыць яе адноўлены будынак. Здаецца, так было заўсёды, але, перабіраючы фотаздымкі, зробленыя яшчэ некалькі гадоў таму, узгадваеш, што ратуша даўно не была такой велічнай і прыгожай, як зараз. Яе магутныя сцены, стромкая вежа, моцныя цяжкія дзверы, выцягнутыя аконныя праёмы— усё гэта робіць будынак адметным у архітэктуры горада. І як у фільмах пра рыцараў, уяўляецца старадаўняя ратушная плошча з людскім гоманам, пошчакам капытоў, гукамі вяшчальных труб.

/i/content/pi/cult/109/139/st18_1.jpgУ 1586 годзе Стэфанам Баторыем “гораду пажалаваны прывілей на магдэбургскае права і герб”. На гэтай падставе тады былі створаны органы гарадскога самакіравання. Ратуша, або радхаус, у перакладзе з нямецкай мовы азначае “будынак гарадской адміністрацыі”. Калісьці тут месціліся магістрат, канцылярыя, казна, архіў, суд.

Першапачаткова ратуша мела 6 паверхаў, гадзіннік, назіральную пляцоўку, у сутарэннях — турму і склады для тавараў. Вакол ратушы на рыначнай плошчы ўзвялі гандлёвыя рады з лаўкамі. У інвентары 1637 года ўзгадваюцца 52 каменныя крамы. Некалькі разоў на год праводзіўся кірмаш з удзелам гандляроў з Польшчы, Прыбалтыкі, Германіі, Расіі, Украіны. У 1752 і 1836 гадах ратуша гарэла, і з ХІХ стагоддзя стаяла ўжо, як пісаў У.Сыракомля, “у шапачцы на кароткай шыі”. Некаторы час у яе будынку была пажарная каланча. Пасля Вялікай Айчыннай вайны ратуша выкарыстоўвалася пад кінатэатр, Дом піянераў, вячэрнюю школу, дзіцячую бібліятэку.
   

У 2004 годзе завяршылася рэстаўрацыя будынка, і ў ім размясціліся музей і рэстаран. Гандлёвыя рады захаваліся. Там зараз працуюць некалькі крамаў. Музейная экспазіцыя размешчана пакуль у чатырох залах. Шырокая масіўная лесвіца вядзе на 2-гі паверх, і крокі гулка аддаюцца ў перакрыццях памяшкання. Першая зала — урачыстых пасяджэнняў — самая вялікая. Адразу ахінае велічнасць прасторы: высокая столь, камін і прыгожая люстра. У цэнтры — масіўны драўляны стол для пасяджэнняў магістрата, пяць крэслаў з высокімі спінкамі. Як патлумачыла дырэктар музея “Ратуша” ў складзе дзяржаўнага гісторыкакультурнага музея-запаведніка “Нясвіж” Марына Станіслаўчык, аднаўленне інтэр’ераў вядзецца ў адпаведнасці з эскізным праектам.

У другой зале аднаўляецца інтэр’ер залы суда. У трэцяй, дзе цяпер размешчана фотавыстаўка “Старажытны Нясвіж”, — канцылярыя і архіў, у чацвёртай, якая адкрылася для наведвальнікаў літаральна нядаўна — пакой, дзе раней захоўвалася казна горада. Плануецца аднавіць і кабінет бурмістра.

 Музейная зала ўрачыстых пасяджэнняў выкарыстоўваецца цяпер для масавых мерапрыемстваў, канферэнцый, музычных салонаў, рэгістрацыі шлюбаў. Марына Іванаўна нагадала, што ў ХІХ стагоддзі ў гэтай зале праводзіліся балі, і тут захавалася спецыяльная ніша-балкон, дзе размяшчаўся аркестр. Сёлета ў музеі “Ратуша” пабывала каля 13,5 тысяч наведвальнікаў. А пасля духоўнай ежы можна зазірнуць і ў аднайменны рэстаран, дзе ёсць магчымасць пакаштаваць стравы беларускай кухні, у тым ліку і па радзівілаўскіх рэцэптах.

Л.М.
Нясвіж