Хто гатовы да дня мовы?

№ 7 (1290) 18.02.2017 - 24.02.2017 г

На наступным тыдні, 21 лютага, ва ўсім свеце і, натуральна, у Беларусі адзначаць Міжнародны дзень роднай мовы. “К” прадстаўляе невялікі агляд таго, што падрыхтавалі ўстановы сферы культуры і навукі да гэтай знамянальнай даты.

Так, напрыклад, 21 лютага 2017 года дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа запрашае далучыцца да музейнай акцыі “Дзясятка — за Коласа!” Удзельнікі музейнай акцыі павінны будуць напісаць дыктоўку па творах Коласа і вызначыць, з якога твора ўзяты ўрывак. Тыя, хто напішуць дыктоўку на дзесяць балаў і правільна назавуць твор, атрымаюць падзякі і сувеніры ад музея.

Тым жа днём у Міністэрстве замежных спраў Рэспублікі Беларусь адбудзецца мерапрыемства “Я нясу вам дар”, якое зладзіць Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы ў рамках святкавання Міжнароднага дня роднай мовы і 135-годдзя першага народнага паэта Беларусі. Падчас урачыстасцей паэтычныя радкі Янкі Купалы прачытаюць па-беларуску і на многіх мовах свету міністр замежных спраў Рэспублікі Беларусь Уладзімір Макей і прадстаўнікі дыпламатычных місій, акрэдытаваных у Беларусі. Таксама адбудзецца адкрыццё выставы з фондаў музея Купалы “Я нясу вам дар”, якая пазнаёміць са старонкамі жыцця і творчасці класіка, прадставіць прыгажосць Вязынкі — мясціны, якой выпаў лёс стаць малой радзімай вялікага паэта.

Нацыянальная бібліятэка Беларусі з 17 лютага па 30 сакавіка ў зале беларускай літаратуры прапануе сваім наведвальнікам тэматычную выставу “Мовы рысы непаўторныя: з калекцыі слоўнікаў беларускай мовы”. У чатырох раздзелах выстаўкі “Першыя друкаваныя слоўнікі”, “Беларускія слоўнікі XIX — пачатку XX стагоддзя”, “Беларускія слоўнікі 20-х гадоў XX стагоддзя”, “Сучасныя беларускія слоўнікі” прадстаўлены аднамоўныя, двухмоўныя, трохмоўныя, тлумачальныя, перакладныя, гістарычныя і сучасныя, навуковыя, галіновыя, энцыклапедычныя і іншыя слоўнікі. Сярод іх як грунтоўныя лексікаграфічныя работы, так і невялікія цікавыя выданні. Дапаўняюць экспазіцыю шматлікія публікацыі, якія раскажуць пра гісторыю стварэння некаторых слоўнікаў, іх аўтараў. У ліку экспанатаў — “Старабеларускія лексіконы” (1992), дзе сабраны слоўнікі XVI і XVII стагоддзяў; “Слоўнік беларускай мовы” Івана Насовіча (факс. выд., 1983) — першы навуковы даведнік па лексіцы беларускай мовы сярэдзіны XIX стагоддзя, падрыхтоўцы якога вучоны аддаў 16 гадоў напружанай працы; “Беларуска-польска-руска-лацінскі батанічны слоўнік” Зоські Верас (1924), да якога і сёння звяртаюцца дасведчаныя лексікографы, і іншыя.

Усяго выстава налічвае больш за 100 дакументаў.

22 лютага ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі ў рамках святкавання Дня роднай мовы адбудзецца прэзентацыя аднатомнага “Тлумачальнага слоўніка беларускай літаратурнай мовы”. Выданне змяшчае больш за 65 тысяч слоў і дае не толькі тлумачэнне іх значэнняў, але і з’яўляецца нарматыўным даведнікам па арфаграфіі, націску, словазмяненні, словаспалучэнні і граматычнай характарыстыцы. А ўвогуле Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа НАН Беларусі з 20 па 26 лютага праводзіць Тыдзень роднай мовы, падчас якога запланаваны шэраг мерапрыемстваў. Так, 20 лютага ў інстытуце адбудзецца сустрэча са школьнікамі — пераможцамі ІІІ этапу Рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове. На наступны дзень там жа пройдзе круглы стол “Мова ў навуцы, адукацыі, заканадаўстве” з удзелам прадстаўнікоў органаў дзяржаўнага кіравання Рэспублікі Беларусь, дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, выкладчыкаў профільных навучальных устаноў сталіцы і ўсіх зацікаўленых.

Акрамя таго, як паведаміў 17 лютага на прэс-канферэнцыі ў Доме прэсы дырэктар Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Ігар Капылоў, сёлета завершана выданне Гістарычнага слоўніка беларускай мовы (37-ы том здадзены ў друк), а таксама фінішуе стварэнне нацыянальнага корпуса беларускай мовы і падрыхтоўка да выдання 15-томнага тлумачальнага слоўніка беларускай мовы, у якім мяркуецца змясціць каля 240 тысяч слоў.

Натуральна, гэта толькі невялікі агляд мерапрыемстваў, прымеркаваных да Дня роднай мовы, які не прэтэндуе на агульны ахоп усіх акцый як у сталіцы, так і ў рэгіёнах. І калі на наступным тыдні ў жыцці вашай установы культуры адбудуцца мерапрыемствы з гэтай нагоды — пішыце ў “К”. Мы абавязкова згадаем ваш ліст у традыцыйным аглядзе рэдакцыйнай пошты на старонках нашага выдання.

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"