Пра “Скарбніцу Падняпроўя”, ДК на колах і нішчымны пірог

№ 7 (1290) 18.02.2017 - 24.02.2017 г

22 лютага на Магілёўшчыне стартуе абласны фестываль фальклорнага мастацтва “Скарбніца Падняпроўя”. Асноўная мэта праекта, які будзе рэалізоўвацца да кастрычніка, — выяўленне, аднаўленне ды захаванне лакальных народных традыцый. У сераду на “Скарбніцу…”збяруцца творчыя калектывы Бялыніцкага, Бабруйскага, Быхаўскага, Глускага і Горацкага раёнаў. Так, дырэктар Быхаўскай цэнтралізаванай клубнай сістэмы Ганна Захарава распавяла рэдакцыі, што ў фестывальны Магілёў ад раёна скіроўваецца больш за дзясятак аўтэнтычных калектываў, якія будуць прэзентаваць абрадавыя песні ды танцы краю.

/i/content/pi/cult/625/13883/14-1.jpgДа Дня памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў па ініцыятыве Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны ў сталічнай галерэі “TUT.BY” адкрылася выстава фатаграфій “Наш Боль і наша Памяць”. Пра гэта напісаў Мікалай Шаўчэнка. Прэзентуюцца здымкі мемарыяльнага комплексу, размешчанага на Востраве Мужнасці і Смутку. На іх прасочваецца гісторыя стварэння (1991 — 1996) згаданага комплексу. У студзені 1997-га ён стаў філіялам Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. “Фатаграфіі яскрава адлюстроўваюць, — распавядае аўтар, — што мемарыял стаў адным з дзейсных цэнтраў патрыятычнага выхавання моладзі”.

Яшчэ адна інфармацыя ад Мікалая Шаўчэнкі. У Зале Перамогі Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны адбыўся канцэрт валыншчыкаў 2-га батальёна Каралеўскага Ірландскага палка і Узорна-паказальнага аркестра Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь. Аўтар паведамляе: “Прагучалі папуры на тэмы песень ансамбля “Песняры”, вальс з камернай оперы “Мядзведзь” Сяргея Картэса, вядомыя англійскія творы. За дырыжорскім пультам знаходзіўся мастацкі кіраўнік і галоўны дырыжор Узорна-паказальнага аркестра Узброеных сіл Рэспублікі Беларусь палкоўнік Яўген Доўжык”.

Вядучы метадыст аддзела метадычнай і культурна-масавай работы Лідскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Ганна Некраш піша пра раённы конкурс “Спазнай смак сваёй кухні”. Гэтым разам ён адбыўся на базе Дварышчанскага дома культуры. Наша кухня была прадстаўлена стравамі, што гатаваліся на Вялікдзень і велікодны пост. Гастранамічныя сакрэты былі адшуканы падчас шматлікіх экспедыцый. Тарноўскі ДК прэзентаваў стравы па рэцэптах Глафіры Ашмяна з вёскі Радзівонішкі. Журы спадабаўся кулябяк з курыцай ад кухара графа Маўраса Андрэя Багданца. Гудскі цэнтр творчасці і дасугу парадаваў сальцісонам і вантрабянкай. Мажэйкаўскі дом культуры — тушанай капустай, крупнікам ды нішчымным пірагом (стравамі не вельмі заможнай сям’і). Перамаглі Бердаўскі культурна-дасугавы цэнтр, Ваверскі і Дварышчанскі дамы культуры. Адзначаны таксама Голдаўскі клуб-бібліятэка (за пераемнасць традыцый), Беліцкі (за прыгатаванне традыцыйнай стравы), Ходараўскі (за сервіроўку), Тарноўскі (за афармленне рэцэптаў) дамы культуры.

“У чытальнай зале Ашмянскай раённай бібліятэкі, — распавядае загадчык аддзела абслугоўвання і інфармацыі гэтай установы Святлана Галінская, — прайшло мерапрыемства, прысвечанае Эдуарду Корзуну, настаўніку і даследчыку Гальшаншчыны, якому споўнілася б сёлета 85 гадоў. Студэнты Ашмянскага аграрна-эканамічнага каледжа даведаліся пра стварэнне музея ў Гальшанскай сярэдняй школе, пра археалагічныя раскопкі ля старадаўняга замка і гары Гарадзішча, пра знаходкі краязнаўца і аўтара кнігі “Гальшаны”.

Загадчык Ашмянскай гарадской бібліятэкі № 1 Людміла Зарэцкая распавядае пра акцыю “Дапаможам птушкам перазімаваць”. Чытачы рабілі і развешвалі кармушкі, а бібліятэкары ладзілі кніжныя выставы пра прыроду і птушак, што насяляюць Беларусь.

А вось што піша загадчык Гальшанскай сельскай бібліятэкі Алена Юневіч: “Наша ўстанова правяла для чытачоў агляд літаратуры “Юныя героі саракавых”, прымеркаваны да Дня юнага героя-антыфашыста. Школьнікі прачыталі ўрыўкі з кніг пра подзвігі Марата Казея, Валодзі Дубініна, Зіны Партновай, Лёні Голікава, Валянціна Коціка, Лары Міхеенка, даведаліся, што дзецьмі вайну перажылі Ніл Гілевіч, Анатоль Грачанікаў, Уладзімір Караткевіч, Барыс Сачанка, Еўдакія Лось…”

Калектыў сектара пазастацыянарнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці не першы год вядзе работу ў аддаленых і маланаселеных паселішчах раёна, там, дзе даўно няма ні клубаў, ні бібліятэк. Пра гэта піша Настасся Голуб. Кіраўнік сектара Ганна Харлінская будуе працу так, каб раз на тыдзень выязджаць у сельскі савет. За дзень наведваецца з калегамі ў некалькі вёсак. Апрача наладжвання канцэртаў практыкуюцца віншаванні юбіляраў. Сцэнарыі для такіх мерапрыемстваў рыхтуюцца загадзя, пасля таго, як збіраецца максімальна поўная інфармацыя пра юбіляра. У штаце сектара — тры чалавекі. Але выязныя святы дапамагаюць ладзіць работнікі культуры з Наваельнянскага, Дварэцкага, Жукоўшчынскага, Казлоўшчынскага дамоў культуры, метадысты, самадзейныя артысты тэатра-студыі гульні “Прымакі”.

З Іванаўскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Фёдара Панфёрава паведамляюць. Сёлета сусветная супольнасць і іванаўская зямля святкуюць 210-годдзе з дня нараджэння Напалеона Орды. Ва ўсіх бібліятэках раёна адбудуцца адпаведныя мерапрыемствы: не толькі кніжныя выставы, адкрытыя прагляды літаратуры, але і ўрокі мастацтва, прэзентацыі альбомаў, вечары-партрэты, літаратурна-музычныя кампазіцыі, што прайшлі ў аграгарадках Моталь, Снітава, у Тышкавіцкай сельскай бібліятэцы.

Мікалай Навумчык піша пра самадзейнага мастака Алену Дударчык. У Олтушскай сельскай бібліятэцы Маларыцкага раёна выстаўлена 25 яе жывапісных работ.

Метадыст аддзела бібліятэчнага маркетынгу Шчучынскай райбібліятэкі імя Цёткі Таццяна Красінская распавядае пра краязнаўчы турызм, які стаў брэндам для бібліятэкараў раёна. Экскурсійныя паездкі па шасці маршрутах ладзяцца ўжо чацвёрты год. Чытачы наведваюць Гродна, Ліду, Нясвіж, Мір, Жыровічы. Неўзабаве краязнаўчыя ваяжы стартуюць і па ваўкавыскім напрамку.

Пра чарговую акцыю Бярэзінскай раённай бібліятэкі паведамляе загадчык яе аддзела маркетынгу Тамара Круталевіч. Акцыя прысвечана 135-годдзю з дня нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа. Яна стартавала 2 лютага на базе гарадской школы № 3, а рэалізоўвацца будзе цягам года.

Падборка інфармацый ад вядучага метадыста Віцебскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці Андрэя Струнчанкі. У Бабініцкай сельскай бібліятэцы Віцебскага раёна цягам 2017-га выпускаецца штомесячная экалагічная газета “Зялёны свет”. У абласным метадычным цэнтры для вучняў віцебскіх школ ладзілася забаўляльная праграма “Прыгоды Хатніка”. У Маскоўскім музеі сучаснага мастацтва на Пятроўцы дзейнічае экспазіцыя выніковай выставы V Міжнароднага фестывалю наіўнага мастацтва і творчасці аўтсайдараў “Фэстнаіў-2016”. Тут прэзентуецца 12 работ мастакоў з Браслава, Лёзна, Гарадка, Полацка і Віцебска. У Мазалаўскім сельскім доме культуры Віцебскага раёна прайшоў справаздачны канцэрт пад назвай “Аграгарадок здзяйсняе мары”. У канцэрце бралі ўдзел народны ансамбль народнай песні і музыкі “Вераснянка”, народны жаночы клуб “Залаты ўзрост”, тэатральны гурток “Вобраз”, клуб інтэрнацыянальнага сяброўства “Згода”, гурток дэкаратыўна-прыкладной творчасці “Чароўны куфэрак”, вучні і настаўнікі дзіцячай школы мастацтваў. У канцэртнай зале “Віцебск“ адзначана 30-годдзе з дня стварэння народнага клуба кветкаводаў-аматараў, якім кіруе Аляксей Пірагоў. На базе Дома культуры аграгарадка Зубкі Лёзненскага раёна быў арганізаваны раённы семінар для спецыялістаў па тэатральным жанры.

У Віцебскім мастацкім музеі працуе выстава мастацкага тэкстылю студэнтаў кафедры дызайну і моды Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта. Пра гэта паведамляе сябра Беларускага саюза мастакоў, дацэнт згаданай кафедры Наталля Лісоўская. У экспазіцыі — 57 твораў: габелены, батык, арт-аб’екты.

Спецыяліст Савецкага раённага аддзела надзвычайных сітуацый Таццяна Бычанок піша пра небяспеку галалёдзіцы. З-за яе толькі ў Мінску траўміруецца больш за пяць тысяч чалавек.

Мінскай дзіцячай бібліятэцы № 6 імя Васіля Віткі спаўняецца 50 гадоў. Пра гэта піша вядучы бібліятэкар установы Таццяна Макарэвіч. Летась тут было праведзена 307 мерапрыемстваў, якія наведалі 4869 чалавек, арганізавана 74 кніжныя выставы.

Вядучы метадыст Гродзенскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці Ала Варабей паведамляе пра XVI Міжнародны фестываль праваслаўных песнапенняў “Каложскі дабравест”, які сабраў 38 харавых калектываў з Украіны, Польшчы, Румыніі, Сербіі, Арменіі… Гран-пры атрымаў Акадэмічны хор Расійскай акадэміі імя Гнесіных з Масквы. Лаўрэатамі сталі дзевяць калектываў Прынямоння.

 

Экскурсія ад ардэнаносца

Больш за 30 гадоў аддаў службе Айчыне ветэран Узброеных Сіл СССР палкоўнік у адстаўцы Уладзімір Фалецкі. Чвэрць стагоддзя ён працуе ў Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Сённяшняя яго пасада — загадчык сектара навукова-метадычнай работы.

Колішні дырэктар музея франтавік Аляксандр Ульяновіч, які прымаў Фалецкага на працу, згадвае: “Уладзімір Палікарпавіч прыйшоў у музей у сталым узросце і з немалым досведам. Здолеў за кароткі час засвоіць аб’ёмны матэрыял па гісторыі вайны, не саромеўся вучыцца экскурсійнай справе ў маладых“. Усё так: Фалецкі — творчы чалавек, які працуе над сабой. Перад тым, як правесці экскурсію, знаёміцца з дакументальнымі матэрыяламі, мемуарнай літаратурай, ветэранскімі ўспамінамі, пастаянна карыстаецца музейнымі фондамі. Натуральна, дапамагае і жыццёвы, баявы вопыт. Для розных груп — і падыходы розныя.

У арміі Уладзімір Палікарпавіч — з 1960 года. Спачатку — служба ў Печах Барысаўскага раёна, потым — Ульянаўскае танкавае вучылішча. За мужнасць і адвагу пры выкананні інтэрнацыянальнага абавязку ў Афганістане афіцэр узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі. Служыў у Гомельскім аблваенкамаце, удзельнічаў у ліквідацыі наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС.

Сённяшні кіраўнік музея Дзмітрый Шляхцін адгукаецца аб Фалецкім: “Ён — залаты фонд. Мы прымаем заяўкі на экскурсіі з удзелам Уладзіміра Палікарпавіча“.

Мікалай ШАЎЧЭНКА, памочнік дырэктара музея

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"