Пасяджэнне ў выступленнях

№ 7 (1290) 18.02.2017 - 24.02.2017 г

Працяг публікацыі матэрыялаў выніковай калегіі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь “Аб выніках правядзення Года культуры ў 2016 годзе і задачах развіцця сферы культуры Беларусі ў 2017 годзе”.

(Пачатак у № 6.)

Актуальныя праблемы тэатральнага жыцця і шляхі іх вырашэння

/i/content/pi/cult/625/13882/8-1.jpgУладзімір РЫЛАТКА, першы намеснік генеральнага  дырэктара Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь

На адной з калегій беларускаму тэатру былі прадказаны ўзрушэнні ў рынкавай стыхіі, але апошняя Нацыянальная тэатральная прэмія прадэманстравала ўпэўненае развіццё беларускага тэатра, і прадказанні не спраўдзіліся.

Нельга не парадавацца поспеху магілёўскіх тэатраў са спектаклямі “Крэйцарава саната” і “На дне”, Брэсцкага тэатра лялек, яркія работы прадставілі купалаўцы ў “Чайцы”, Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Максіма Горкага ў музычнай прыпавесці пра Уладзіміра Мулявіна “Пясняр”. А хіба ж не падзеяй у тэатральным жыцці стала пастаноўка Віталя Баркоўскага “Пінская шляхта” ў самым юным беларускім Палескім драмтэатры? Тэатральная палітра сталічнага жыцця літаральна мяняецца са з’яўленнем фестываляў “Тэарт”, “ПлаSтформа”, праектаў Нацыянальнага цэнтра сучаснагых мастацтваў.

Мы прывыклі скардзіцца на недахопы нашай сучаснай драматургіі, а расійскія тэатразнаўцы называюць беларускую драматургію авангардам на постсавецкай прасторы. У Расіі і Еўропе ведаюць Дзмітрыя Багаслаўскага, Мікалая Рудкоўскага, Андрэя Курэйчыка, Паўла Пражко, Паўла Расольку, Дзіяну Балыка. Свежую і вельмі кваліфікаваную брую ў тэатральную крытыку ўносіць моладзь — Дзяніс Марціновіч, Надзея Якаўлева, Алена Лісава, Наталля Ганул. Прозвішчы можна працягваць называць, але не гэта галоўнае. Галоўнае, што ў тэатральную сістэму ўліваюцца новыя таленавітыя сілы, якія трэба беражліва падтрымліваць і не раскідваць камяні, а збіраць іх. Калі закранулі тэатральную прэмію, то напрошваюцца два пажаданні арганізатарам. Вядома, неабходна дадаць намінацыю рэжысёраў і мастакоў, пакідаючы акцёрскія намінацыі, паколькі гэта заўсёды быў найбольш уразлівы бок беларускага тэатра. Другое — не хапае грамадскага абмеркавання вынікаў, асэнсавання тэндэнцый, іх фіксацыі друкаваным словам. Творчыя саюзы гэта зрабіць не могуць. Мяркую, наш ведамасны друк цалкам можа выступаць арганізатарам гэтага працэсу з прыцягненнем мастацтвазнаўчых кафедраў. Гэта будзе замацоўваць тэатральную сістэму, бо раз’яднанасць розных галін тэатральнага жыцця сёння, мабыць, яго самае слабое месца.

Навуковыя даследаванні эканомікі тэатра выпрацавалі паказчыкі эфектыўнасці работы тэатра. Гэта, пры росце даходаў роўным росту інфляцыі, з’яўляецца паказчыкам эканамічнай эфектыўнасці росту долі ўласных даходаў у агульнай структуры расходаў, сацыяльнай — гэта колькасць гледачоў на адзін спектакль. Як выглядае наш тэатр? За 2 гады ўласныя даходы выраслі на 32 %, доля ўласных даходаў у структуры выдаткаў вырасла да 37 %, колькасць гледачоў на 1 спектакль узрасла на 28 %. Тэатр заўсёды жыў у рынку, і сёння ў заработнай плаце Вялікага тэатра Беларусі ў вядучых артыстаў, на якіх будуецца рэпертуар, да 70 % заробленых самім тэатрам сродкаў (дарэчы, за два гады сярэдні заробак падрос на 17 %). У гэтым — аснова стабільнасці калектыву.

Але трэба сказаць шчыра, утрымліваць пазіцыі становіцца ўвесь час цяжэй. І для таго ёсць вельмі сур’ёзныя прычыны. Паглядзіце агульнарэспубліканскую карціну: тэатральная аўдыторыя скарацілася на 82 тысячы чалавек, колькасць гледачоў на 1 спектакль знізілася з 203 да 190. Зніжэнне выдаткаў на культурныя патрэбы ў спажывецкім кошыку нашага гледача пачало даваць свае негатыўныя вынікі. Як кажуць знаўцы рынкавых законаў, у перыяд узрастання эканамічнага напружання галоўным становіцца нават не барацьба за прыбытак, а барацьба за спажыўца, у нашым выпадку за гледача, асабліва за ядро аўдыторыі гледачоў, людзей, якія любяць хадзіць у тэатр, дыхаць асаблівай тэатральнай атмасферай. У працы з гледачом мы абапіраемся на вядомую трыяду: гэта грамадская прывабнасць, шматфункцыянальнасць, навізна творчай прапановы.

Некалькі месяцаў мы рыхтуем нашых гледачоў да ўдзелу ў адной з самых папулярных нашых акцый — Навагоднім балі ў Вялікім, дзе ўручаюцца спонсарскія прэміі лепшым артыстам года. У дзень нараджэння тэатра на Дні адчыненых дзвярэй прымаем і, як можам, забаўляем некалькі тысяч наведвальнікаў, пасвячаем іх у тэатральныя таямніцы. Праводзім літаратурныя чытанні для аматараў паэзіі, экскурсіі, фотасесіі, дзіцячыя конкурсы і выставы ікон, карцін, рарытэтаў. Хочацца падзякаваць музею тэатральнай і музычнай культуры і Акадэміі навук за пастаянную падтрымку. Кожны раз мы рассылаем да 35 тысяч электронных лістоў і запрашэнняў на нашы акцыі патэнцыйным гледачам.

Як бы ні было арганізацыйна і фінансава складана, мы праводзім фэсты, якія падаграваюць грамадскую ўвагу да тэатра. Таму з дапамогай спонсараў стараемся зрабіць традыцыяй “Балетнае лета ў Вялікім”, “Нясвіжскі фэст у замку Радзівілаў”. Найважнейшай акцыяй у прапагандзе опернага мастацтва стаў Калядны форум і Міжнародны конкурс вакалістаў. За тры гады конкурс дапамог нам “прыручыць” групу маладых яркіх салістаў оперы і цяпер мы фарміруем інстытут пастаянных запрошаных салістаў, якія ўжо паспяхова ўвайшлі ў наш рэпертуар. У балетнай трупе такой патрэбы няма, бо наш склад салістаў у балеце як ніколі моцны. Навізна творчай прапановы, вядома, не толькі ў новых тварах, але і ў прэм’ерах. І штогод у тэатры праходзіць 5 — 7 прэм’ер.

Але не ўсё так бясхмарна, многія гады наша балетная трупа не дакраналася да сусветных шэдэўраў сучаснай харэаграфіі. І першыя сустрэчы з балетамі харэаграфічнага генія Іржы Кіліяна з аднаго боку паказалі нашы велізарныя патэнцыйныя магчымасці, але і выявілі часам негатоўнасць маладых артыстаў да паўнавартаснага ўспрымання новага матэрыялу, у першую чаргу яго музычнай асновы.

Становіцца зразумелым, чаму ў школе Барыса Эйфмана, каб атрымаць універсальнага артыста, займаюцца сальфеджыа, спяваюць у хоры, іграюць у аркестрах.

Пра ўсё гэта досыць прывабна піша наш трохмоўны ілюстраваны часопіс “Партэр”, які штомесяц купляе каля дзвюх тысяч гледачоў і ўжо ёсць падпіска. Менавіта вакол часопіса прэм’ер, тэатральных падзей і фармуецца сапраўдная аўдыторыя гледачоў. Усё гэта дазваляе ўтрымліваць запаўняльнасць глядзельнай залы ў раёне 80 %, без дадатковых мер эканоміі. Але мы памятаем запаведзь — сэканоміць на сабе, але не на гледачы. У сувязі з асаблівай важнасцю ролі СМІ ў гэты час не можа не ўсхваляваць інфармацыя пра цяжкасці, якія ўзніклі з выданнем часопіса “Мастацтва” — адзінага мастацтвазнаўчага выдання. Так, напэўна, трэба ўдасканальваць, змяняць формы працы нашага холдынгу, асабліва, вядома, газеты “Культура”. На мой погляд, недазваляльная раскоша ў наш няпросты час — мець газету з вузкай скіраванасцю. Вядома, гэта з галіны фантастыкі, але хацелася б мець газету, якая звяртаецца да слухача, чытача, гледача, наведвальніка музея. Прыйшоў час, калі мы павінны дзьмуць у адны ветразі. Але пазбаўляць мастацтва свайго часопіса “Мастацтва” было б, напэўна, няправільна.

Паважаныя калегі, увесь пафас майго выступу заключаецца ў тым, што галоўным прыярытэтам цяперашняга часу стаў наш глядач, які любіць дыялог з тэатрам і атрымлівае ад гэтага радасць — ён наш знаток, мы павінны зрабіць усё, каб мы з ім не расставаліся, былі яму цікавыя і прапаноўвалі сапраўдныя з’явы мастацтва.

Сучаснае мастацтва як адзін з важных фактараў развіцця беларускай культуры

/i/content/pi/cult/625/13882/8-2.jpgНаталля ШАРАНГОВІЧ, дырэктар Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў Рэспублікі Беларусь

У 2016 годзе нацыянальная мастацкая школа ў галіне выяўленчага, манументальнага і манументальна-дэкаратыўнага мастацтва прадэманстравала маштабнасць творчых праяў, што стала вынікам абапірання на лепшыя айчынныя і сусветныя традыцыі і іх прагрэсіўныя эксперыментальныя тэндэнцыі. Вялася работа па падтрымцы і развіцці мастацтва ў кірунку арганізацыі выставачных экспазіцый, стварэння новых твораў мастацтва, арганізацыі дзейнасці мастацка-экспертных саветаў і камісій. Выніковасць развіцця выяўленчага мастацтва была абумоўлена няспыннай дзяржаўнай падтрымкай мастацтва, удасканаленнем самой культурнай палітыкі краіны, шырокім удзелам творчых арганізацый у мастацкай практыцы, спонсарскай падтрымкай мастацтва, грамадска-дзяржаўным партнёрствам.

Адной з праяў Года культуры стала надзвычай актыўная выставачная дзейнасць у Мінску і за межамі рэспублікі. Да арганізацыі буйных выставачных праектаў далучыліся ўсе мастацкія ўстановы краіны.

З канца 2015 года ў Беларусі існуе новая дзяржаўная ўстанова культуры “Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў Рэспублікі Беларусь”. Прайшоў год, як гэта ўстанова працуе паўнавартасна. Падчас яе стварэння ўлічваўся як вопыт папярэдніх арганізацый, так і тыя новыя выклікі часу, якія дыктавалі неабходнасць змянення стылю работы, нарошчвання тэмпаў і пашырэння задач, якія паўсталі перад новым цэнтрам і яго калектывам і ўвогуле перад усімі тымі шматлікімі арганізацыямі, што спрыяюць развіццю сучаснага мастацтва Беларусі.

Ёсць шэраг важных фактараў у сферы сучаснага айчыннага мастацтва, якія сёння ўжо відавочныя і не выклікаюць пытанняў або адмоўнай рэакцыі. Бясспрэчна, што сучасныя культурныя інстытуцыі ўплываюць на імідж краіны. Што сучасны свет — гэта свет сучасных тэхналогій, і нішто, як сучаснае мастацтва, так лёгка не спалучаецца з сучаснымі тэхналогіямі і камуніцыруе з новым пакаленнем. Што вялікія фестывалі сучаснага мастацтва прыцягваюць вялікую колькасць людзей і пазітыўна адбіваюцца на стаўленні да краіны.

Калі дваццаць гадоў таму ў Мінску быў арганізаваны Музей сучаснага выяўленчага мастацтва, нязвыкласць назвы і тэрміналогіі “сучаснае мастацтва” нарадзіла шмат спрэчак, а таксама спробаў правесці мяжу паміж традыцыйным і сучасным мастацтвам. Спатрэбіліся два дзесяцігоддзі, каб прыйшлі да высновы: нельга адлучаць культурныя традыцыі ад сучаснага мастацтва. Інтэрпрэтуючы традыцыі праз новыя формы падачы, пластыкі, зместу, мы часта раскрываем іх больш ярка і глыбока.

Іншы аспект гэтага пытання: часта і вельмі слушна мастацтвазнаўцамі і крытыкамі ставіцца пытанне аб узроўні праектаў сучаснага мастацтва, аб вартасці эксперыментаў, якія так і не пераходзяць мяжу да прызнаных твораў, аб крытэрыях ацэнкі. Але на тое, каб сучаснае мастацтва з яго пошукамі і эксперыментамі заставалася ў полі прафесійнасці, існуе цэлы шэраг экспертаў — ад супрацоўнікаў мастацкіх устаноў да тэарэтыкаў у гэтай галіне, якія выступаюць на “круглых сталах”, канферэнцыях, у прэсе, выкладаюць у ВНУ.

Сучаснае мастацтва цяпер з’яўляецца важным сродкам публічнай камунікацыі з гледачом, нават непадрыхтаваным для ўспрыняцця мастацтва, адной з самых даступных моваў для прыцягнення моладзі. У 2015 годзе Нацыянальным цэнтрам была распачата паблік-арт-праграма — сучаснае мастацтва ў грамадскай прасторы: на востраве Камсамольцаў Камсамольскага возера адкрыты праект арт-інсталяцый “Арт-астравы”, які за тры летнія месяцы наведала больш за 500 тысяч чалавек і які атрымаў колькі дзясяткаў пазітыўных водгукаў у прэсе. У сувязі з гэтым праектам пазнавальнасць у сацыяльных сетках, цікавасць да Нацыянальнага цэнтра як да культурнай пляцоўкі павысіліся ў некалькі разоў. Паблік-арт-праект стаў пастаянным, акрамя яго ў Мінску штогод адбываюцца Міжнародны форум вулічных тэатраў, выстава “Мастак і горад” на плошчы Якуба Коласа ў Мінску.

Адной з галоўных характарыстык сучаснага мастацтва з’яўляецца яго міждысцыплінарнасць. Сучаснае мастацтва не зусім правільна ўспрымаць як выключна выяўленчае, яно сінтэтычнае, уключае ў сябе кіно, музыку, тэатр, аўдыявізуяльны кірунак. Дзе сёння мяжа паміж відэаартам і арт-хаусным кіно? Дзе межы паміж эксперыментальным кіно і перформансам, паміж новымі формамі рэпрэзентацыі сучаснай музыкі і саўнд-артам? Менавіта адносіны да сучаснага мастацтва як да міждысцыплінарнай з’явы леглі ў аснову стварэння Цэнтра як установы з рознабаковай дзейнасцю, у межах якой рэалізуюцца музейная фондавая работа, выставачныя праекты (у тым ліку міжнародныя і замежныя), тэатральныя праекты (сумесна з Цэнтрам эксперыментальнай рэжысуры БДАМ, запрошанымі замежнымі рэжысёрамі і акцёрамі вядучых беларускіх тэатраў), майстар-класы, дыскусійныя клубы, лекцыі, дзіцячыя праграмы і шмат што іншае. Гэта больш за 300 мерапрыемстваў у мінулым годзе.

Што тычыцца аўтарытэту сучаснай культуры нашай краіны, дык яго забяспечваюць буйныя праекты за мяжой. У мінулым годзе іх было шмат: для НЦСМ гэта “8 пазіцый у мастацтве” (Беларусь, Германія, Расія) у Берліне, фестываль маладзёжнага мастацтва “Фан Хаус” (Беларусь, Італія) у Рыме; выстава, прэзентаваная БДАМ у Цэнтры мастацтваў у Абу-Дабі (Аб’яднаныя Арабскія Эміраты) у рамках Месяца беларускага мастацтва ў ААЭ. Сёлета ідзе падрыхтоўка работы Нацыянальнага павільёна Рэспублікі Беларусь на 57-м Венецыянскім біенале сучаснага мастацтва.

Бясспрэчна адно: сучаснае мастацтва ў цяперашнім яго стане і якасных праявах ўяўляе зусім унікальны рэсурс і важны фактар развіцця культуры краіны.

Значны імпульс для далейшага развіцця і павышэння іміджу сучаснага беларускага мастацтва быў нададзены заснаваннем Міністэрствам культуры новага конкурсу “Нацыянальная прэмія ў галіне выяўленчага мастацтва”, вынікі якога будуць падведзены ў гэтым годзе ў рамках Рэспубліканскай выставы сучаснага мастацтва. У конкурснай праграме 10 намінацый, сярод якіх, акрамя традыцыйна выяўленчых кірункаў, таксама дызайн, мастацкая фатаграфія, мастацтвазнаўства і крытыка, намінацыя “навацыя”, якая ахопіць вынікі сучаснай эксперыментальнай дзейнасці.

Аднак у шэрагу дасягненняў, якімі мы па праве ганарымся, трэба згадаць і прапановы, многія з якіх абмяркоўваліся на пасяджэнні рабочай групы па падрыхтоўцы калегіі.

Неабходна прадоўжыць работу па набыцці твораў мастакоў — членаў саюза мастакоў для папаўнення Музейнага фонду Рэспублікі Беларусь. У сувязі са зменамі кіруючага складу секцый ГА “Беларускі саюз мастакоў” у 2017 годзе неабходна ўнесці змены ў склад Экспертнай камісіі па творах выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Кіраўнікам музейных устаноў, устаноў культуры змяшанага тыпу рэспубліканскага падпарадкавання, якія выконваюць функцыі музейных устаноў, забяспечыць абавязковае наведванне выстаў ГА “Беларускі саюз мастакоў” і ГА “Беларускі саюз дызайнераў” для адбору работ з мэтай наступнага іх набыцця.

Прапрацаваць пытанне арганізацыі ў 2017 годзе адкрытага рэспубліканскага мастацкага пленэру жывапісу і графікі “Мінск Адвечны”, прысвечанага 950-годдзю сталіцы.

Каторы год на пасяджэннях нашай працоўнай групы па падрыхтоўцы калегіі мы вяртаемся да аднаго і таго ж пытання — пра мастацтва, у тым ліку сучаснае, як і пра культуру ўвогуле, катастрафічна мала з’яўляецца матэрыялаў у СМІ: звычайна гэта простыя рэпартажы, аналітыка і праблематыка сустракаюцца вельмі рэдка. І гэта пры тым, што Інстытут журналістыкі БДУ штогод выпускае падрыхтаваных кафедрай літаратурна-мастацкай крытыкі спецыялістаў. Гэта татальная незацікаўленасць айчынных СМІ ў адлюстраванні культурнага працэсу ў рэспубліцы. А ўстановам культуры для прыцягнення прэсы часта не хапае таго ж граматнага маркетынгу, а інакш кажучы рэкламы сваёй дзейнасці, якую трэба рабіць у сціслыя тэрміны і сціплымі рэсурсамі навуковых супрацоўнікаў.

Прапанова рабочай групы — рэдакцыі часопіса “Беларуская думка” УП “БелТА”, Мінкультуры сумесна з ГА “Беларускі саюз мастакоў”, ГА “Беларускі саюз дызайнераў” правесці ў маі 2017 года ў рамках Рэспубліканскай выставы сучаснага мастацтва на базе рэдакцыі “круглы стол” па пытаннях развіцця выяўленчага, манументальнага мастацтва і дызайну.

Дзейнасць публічных бібліятэк Рэспублікі Беларусь па прыцягненні карыстальнікаў: трансфармацыя праблем у новыя магчымасці

/i/content/pi/cult/625/13882/8-3.jpgАксана КНІЖНІКАВА, дырэктар Мінскай абласной бібліятэкі імя Аляксандра Пушкіна

У мінулым годзе публічныя бібліятэкі Рэспублікі Беларусь кіраваліся ў сваёй дзейнасці ажыццяўленнем Дзяржаўнай праграмы “Культура Беларусі” на 2016 — 2020 гг. і Рэспубліканскага плана мерапрыемстваў па правядзенні ў 2016 годзе Года культуры.

Па стане на 31.12.2016 у сістэме Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь працуе каля 2,7 тысяч бібліятэк, у тым ліку ў Гомельскай вобласці — 497, у Віцебскай — 479, у Брэсцкай — 492, Мінскай — 456, Магілёўскай — 393, Гродзенскай — 314, у г. Мінску — 43. Гэта менш за аналагічны паказчык мінулага года на 5,8 %. Колькасць аб’яднаных публічных і школьных бібліятэк павялічылася на 30 адзінак і налічвае 506 устаноў.

Нестацыянарныя формы інфармацыйна-бібліятэчнага абслугоўвання дазваляюць ахапіць максімальную колькасць жыхароў раёна, таму лічацца адным з перспектыўных напрамкаў развіцця. На жаль, забяспечанасць і тэхнічны стан некаторых з бібліёбусаў не дазваляюць у поўнай меры выконваць запыты карыстальнікаў.

Для забеспячэння свабоднага і роўнага доступу да інфармацыйных рэсурсаў і бібліятэчных фондаў Дзяржаўнай праграмай “Культура Беларусі” на 2016 — 2020 гг. было прадугледжана дасягненне кантрольных паказчыкаў па павелічэнні колькасці наведванняў, у тым ліку аддаленых карыстальнікаў, на 4 % штогод. У справаздачным годзе публічныя бібліятэкі выканалі дадзены паказчык на 5,0 %.

У 2016 годзе на камплектаванне фондаў бібліятэк сістэмы Міністэрства культуры ў сярэднім па рэспубліцы накіравана 14,4 %, у тым ліку ў Гомельскай вобласці — 17,9 %, у Мінскай — 16 %, у Брэсцкай — 15,9 % і гэтак далей.

Разам з тым, у структуры камплектавання назіраюцца хібы. У сярэднім па рэспубліцы доля сродкаў на падпіску перыядычных выданняў складае каля 70 %, а ў асобных выпадках больш за 90 % ад сродкаў, выдаткаваных на камплектаванне, што адмоўна адбіваецца на якасці камплектавання.

Адной з задач інфарматызацыі бібліятэк у 2016 годзе, акрамя камп’ютарызацыі, з’яўлялася паступовае ўкараненне ў іх дзейнасць Рэгіянальных зводных электронных каталогаў бібліятэк Беларусі (РЗЭК), што прадугледжвае рэалізацыю ў поўнай ступені галоўнага прынцыпу карпаратыўнай каталагізацыі: аднаразовае стварэнне бібліяграфічнага запісу і яго шматразовае выкарыстанне. Але 25 % цэнтральных бібліятэк краіны забяспечаны аўтаматызаванымі бібліятэчнымі сістэмамі, якія не падтрымліваюць нацыянальны фармат “BELMARC”, што з’яўляецца перашкодай для паспяховага ўкаранення каталогаў.

Такім чынам, падагульняючы, акрэслім асноўныя праблемы:

- адсутнасць у шэрагу рэгіёнаў транспартных сродкаў для арганізацыі нестацыянарнага інфармацыйна-бібліятэчнага абслугоўвання насельніцтва;

- узрастанне долі выдаткаў на падпіску на перыядычныя выданні з агульнага аб’ёму сродкаў на камплектаванне, што абмяжоўвае магчымасці бібліятэк па набыцці кніжных выданняў;

- запавольванне тэмпаў камп’ютарызацыі бібліятэк і ўзрастанне долі камп’ютараў, якім патрабуецца мадэрнізацыя;

- аснашчэнне 25 % раённых бібліятэк састарэлым праграмным забеспячэннем, што абмяжоўвае магчымасці развіцця сістэмы карпаратыўнай каталагізацыі.

Для вырашэння праблем лічым мэтазгодным:

- прыняць меры па завяршэнні поўнай камп’ютарызацыі і мадэрнізацыі камп’ютарнага абсталявання публічных бібліятэк;

- разгледзець пытанне аб абнаўленні праграмнага забеспячэння раённых бібліятэк;

- разгледзець пытанне аб набыцці аўтатранспарту і яго мадэрнізацыі для забеспячэння нестацыянарнага бібліятэчна-інфармацыйнага абслугоўвання насельніцтва;

- вывучыць пытанне і прыняць рашэнне аб усталяванні гранічнага аб’ёму сродкаў, якія накіроўваюцца на падпіску перыядычных выданняў.

Згодна з праграмай “Культура Беларусі на 2016 — 2020 гады” дзейнасць публічных бібліятэк краіны па прыцягненні карыстальнікаў летась з’яўлялася адной з прыярытэтных. Захоўваючы і прымнажаючы лепшыя традыцыі кніжнай культуры, бібліятэкі праводзілі актыўную палітыку па пашырэнні спектра сваіх паслуг як у галіне інфармацыі, так і ў галіне вольнага часу з прадастаўленнем карыстальнікам доступу да сучасных відаў дакументаў.

Усе сацыякультурныя мерапрыемствы адбываліся ў адпаведнасці з рэкамендацыямі Рэспубліканскага плана мерапрыемстваў па правядзенні Года культуры.

Сярод найбольш значных: V Міжнародны кангрэс “Бібліятэка як феномен культуры” (г. Мінск), ХІІ Міжнародныя кнігазнаўчыя чытанні ”Кніжная культура Беларусі: погляд праз стагоддзі” (г. Мінск), рэспубліканскі конкурс “Бібліятэка — асяродак нацыянальнай культуры” і іншыя.

У 2016-м адбыўся шэраг навукова-практычных канферэнцый, семінараў, чытанняў і гэтак далей, якія мелі шырокі грамадскі рэзананс: XІ Гарадзенскія навуковыя чытанні ў Гродне , II Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя “Віцебскі край”, Пысінскія чытанні ў Магілёве, ІХ Віткаўскія чытанні “Мая радзіма — Случчына” (Мінская вобласць), Першыя “Фляр’янаўскія чытанні” (Брэсцкая вобласць).

Сярод мерапрыемстваў, падрыхтаваных Нацыянальнай бібліятэкай да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання, асабліва адзначым “круглы стол” і выставу “Францыск Скарына і наш час”, прэзентацыю факсімільнага выдання “Кніжная спадчына Францыска Скарыны” і цырымонію перадачы асобнікаў гэтага выдання ў дар прадстаўнікам дыпламатычных місій краін, з якімі звязаны лёс беларускага першадрукара, і іншыя падзеі.

Публічныя бібліятэкі рэспублікі ў Год культуры надавалі вялікую ўвагу пошуку эфектыўных метадаў новых і сучасных форм работы і арганізацыі ўзаемадзеяння з насельніцтвам, якія дазвалялі актывізаваць чытацкую і творчую зацікаўленасць наведвальнікаў. Назіралася актыўнае пашырэнне практыкі выкарыстання інфармацыйных тэхналогій у дзейнасці бібліятэк. Для прыцягнення карыстальнікаў ствараліся электронныя інфармацыйныя рэсурсы, праводзіліся разнастайныя мерапрыемствы сродкамі інтэрнэт-тэхналогій: акцыі, конкурсы.

Вялікую цікавасць у чытачоў бібліятэк выклікалі разнастайныя творчыя праекты, такія як “Любімыя кнігі вядомых людзей” (Брэсцкая вобласць), “Год культуры ў бібліятэцы” (Гомельская вобласць), “Вершы над горадам” (Віцебская вобласць), “Мінскі гарадскі тэатр паэзіі” (г. Мінск).

Адным з напрамкаў дзейнасці бібліятэк з’яўлялася арганізацыя і правядзенне мерапрыемстваў, прысвечаных знакамітым дзеячам беларускай культуры і мастацтва — юбілярам 2016 года, сярод якіх Іван Шамякін, Іван Мележ, Кандрат Крапіва, Уладзімір Мулявін, Максім Багдановіч і іншыя. З мэтай пашырэння выкарыстання беларускай мовы ў бібліятэках, акрамя традыцыйных кніжных выстаў, адбыўся шэраг акцый, накіраваных на папулярызацыю беларускай літаратуры і чытання ў сучасным грамадстве.

У рамках Года культуры папулярнай формай сярод бібліятэчных мерапрыемстваў стала рэалізацыя праектаў, правядзенне фестываляў, святаў, іншых мерапрыемстваў, накіраваных на захаванне ў сучасным грамадстве творчых і культурных традыцый беларускага народа. Сярод найбольш значных — “Скарынаўскія дні ў Полацку”, этнаграфічныя праекты Гомельскай вобласці, кніжны фестываль “Кніга і час” (Гродзенская вобласць), фестываль праваслаўнай культуры “Кладзезь” (Мінская вобласць)

Публічныя бібліятэкі ўнеслі свой уклад ва ўмацаванне партнёрскіх сувязей з установамі культуры па папулярызацыі рускай і беларускай літаратурнай спадчыны. Бібліятэкі Віцебскай і Магілёўскай абласцей сталі ўдзельнікамі міжнароднага карпаратыўнага праекта па стварэнні рэфератыўнай базы дадзеных “Беларускія смаляне, смаленскія беларусы”, на базе абласных бібліятэк прайшлі круглыя сталы, прысвечаныя супрацоўніцтву бібліятэк памежных тэрыторый.

Такім чынам, публічныя бібліятэкі засяроджваюць свае намаганні на выпрацоўцы перспектыўных методык для развіцця ўстаноў з улікам сучасных тэндэнцый і запытаў і становяцца не толькі цэнтрам работы з кнігай, іншымі крыніцамі інфармацыі, але і месцам раскрыцця інтэлектуальнага і творчага патэнцыялу. Павышэнне ролі бібліятэк у арганізацыі чытацкіх зносін разам з пераходам на новыя інфармацыйныя тэхналогіі абслугоўвання дазволіць і ў далейшым захаваць і памножыць прывабнасць бібліятэкі для рэальных і патэнцыйных карыстальнікаў.

Аб некаторых выніках і праблемных пытаннях развіцця кінематаграфіі ў 2016 годзе

/i/content/pi/cult/625/13882/8-4.jpgВіктар ВАСІЛЬЕЎ, старшыня Рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз кінематаграфістаў”

Паважаныя калегі!

Развіццё беларускай кінематаграфіі ажыццяўляецца пры вельмі высокай падтрымцы дзяржавы. У 2009 — 2014 гадах рэалізоўвалася канцэпцыя развіцця кінематаграфіі, узгодненая Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь. У цяперашні час сістэмная трансфармацыя аўдыявізуальнай сферы праводзіцца ў адпаведнасці са стратэгіяй развіцця кінематаграфіі на 2015 — 2020 гады, распрацаванай па даручэнні Урада.

Даручэнні Кiраўнiка дзяржавы, якія знаходзяцца на выкананні, накіраваныя на паляпшэнне матэрыяльна-тэхнічнай базы Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм”, стварэнне ўмоў для арганізацыі эфектыўнай вытворчасці фільмаў і павышэнне ролі кінематаграфіі ў ідэйна-маральным выхаванні грамадзян.

У адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 5 снежня 2011 года № 567 “Аб мерах па дзяржаўнай падтрымцы і стымуляванні кінематаграфіі” на конкурснай аснове штогод ажыццяўляецца дзяржаўная падтрымка фільмавытворчасці.

З 2012 года Міністэрствам культуры штогод праводзяцца адкрытыя рэспубліканскія конкурсы кінапраектаў на вытворчасць нацыянальных фільмаў і фільмаў у рамках сацыяльна-творчых заказаў. Аб’ём дзяржаўнай падтрымкі вытворчасці фільмаў склаў у 2016 годзе 6,2 мільёна рублёў.

Аб’ём сродкаў, атрыманых кінастудыяй для вытворчасці фільмаў па сацыяльна-творчых заказах, склаў у 2016 годзе 4,3 мільёна рублёў. УП “Нацыянальная кінастудыя “Беларусьфільм” зроблены фільмы: 3 — у ігравой форме, 9 — у анімацыйнай форме, 9 — у неігравой форме.

Далейшаму развіццю фільмавытворчасці заклікана садзейнічаць правядзенне 3 снежня 2016 года ў Санкт-Пецярбургу ініцыяванага Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь сумеснага пасяджэння калегій міністэрстваў культуры Беларусі і Расіі па пытаннях супрацоўніцтва ў сферы кінематаграфіі.

Адраджэнню і развіццю нацыянальнай кінематаграфіі таксама павінен спрыяць праект Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “Аб мерах па стымуляванні развіцця кінематаграфіі”, распрацаваны Міністэрствам культуры сумесна з Беларускім саюзам кінематаграфістаў.

Важным напрамкам сумеснай працы дзяржавы і кінематаграфічнай грамады з’яўляецца падрыхтоўка кадраў у сферы кіно.

Факультэт экранных мастацтваў установы адукацыі “Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў” (далей — акадэмія мастацтваў) у 2016 годзе ажыццявіў падрыхтоўку 341 студэнта: 168 студэнтаў — на дзённай форме навучання па спецыяльнасцях: “Кінатэлеаператарства”, “Рэжысура кіно і тэлебачання”, на завочнай форме — 173 студэнты па спецыяльнасцях “Кінатэлеаператарства”, “Рэжысура кіно і тэлебачання”. Разам з тым, гэтыя кадры павінны быць больш запатрабаваны ў сучасным кінапрацэсе. Таму саюз кінематаграфістаў падтрымлівае ініцыятыву кінастудыі і Міністэрства культуры па аднаўленні стварэння кінаальманахаў маладымі кінематаграфістамі.

Беларускі саюз кінематаграфістаў, у сваю чаргу, зробіць уласны ўнёсак у прапаганду беларускага кінамастацтва.

Разам з тым, ёсць нявырашаныя праблемы ў арганізацыі вытворчасці і пракату беларускіх фільмаў, не выкарыстоўваецца ў поўнай меры арганізацыйны і творчы патэнцыял Саюза кінематаграфістаў:

неабходная выпрацоўка выразнай творчай стратэгіі фільмавытворчасці з прыярытэтам беларускіх нацыянальных кінапраектаў пры актыўным удзеле беларускіх рэжысёраў, аператараў, акцёраў;

наяўныя рэсурсы неабходна сканцэнтраваць на стварэнні сацыяльна значных фільмаў высокага мастацкага ўзроўню, якія падтрымліваюць аўтарытэт беларускай кінашколы;

прыярытэтнымі тэмамі кінапраектаў павінны стаць актуальныя падзеі сучаснага жыцця беларускіх людзей, гісторыі і культуры Беларусі, якія будуць спрыяць фарміраванню і падтрыманню духоўных каштоўнасцей беларускага народа.

Беларускі саюз кінематаграфістаў гатовы да сумеснай з Міністэрствам культуры працы ў наступных напрамках: актывізацыя працы з кінапракатнымі арганізацыямі па павелічэнні колькасці гледачоў, а таксама сеансаў беларускіх фільмаў (неабходна павышэнне эфектыўнасці інфармацыйна-рэкламнай падтрымкі беларускіх фільмаў у пракаце і ўкараненне новых форм работы з гледачом; варта адрадзіць розныя формы прадсеансавых мерапрыемстваў з удзелам сяброў Беларускага саюза кінематаграфістаў); прасоўванне беларускіх фільмаў на міжнародныя кінафестывалі і іншыя кінамерапрыемствы.

Ёсць незадзейнічаныя рэзервы па камерцыйным выкарыстанні вырабленых фільмаў. Патрабуецца выпрацоўка адзіных падыходаў і ўлік інтарэсаў беларускага боку пры сумеснай вытворчасці фільмаў.

Наспела прадметная актывізацыя міжнароднага супрацоўніцтва ўстаноў адукацыі ў галіне падрыхтоўкі і перападрыхтоўкі кадраў для сферы кінематаграфіі.

Ёсць таксама нявырашаныя пытанні міжнароднага супрацоўніцтва грамадскіх арганізацый кінематаграфістаў.

Мы таксама сумесна з Міністэрствам культуры і Мінскім гарвыканкамам працуем над падрыхтоўкай мерапрыемстваў, прысвечаных 55-годдзю Беларускага саюза кінематаграфістаў.

Над усімі гэтымі праблемамі наш творчы саюз працуе сумесна з Міністэрствам культуры.

Народная творчасць у сучасным аспекце дзейнасці клубных устаноў

/i/content/pi/cult/625/13882/8-5.jpgАлег ХМЯЛЬКОЎ, дырэктар Магілёўскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці і культурна-асветнай работы

Народная творчасць вельмі шматграннае і багатае па сваім змесце паняцце, і работа па яго захаванні і развіцці заўсёды пераважала ў дзейнасці клубных устаноў.

У гэтым кірунку ў 2016 годзе ў Год культуры клубнымі ўстановамі краіны было зроблена шмат, у першую чаргу па стварэнні асяроддзя, у якім народная творчасць мела б магчымасць захоўвацца і развівацца, падтрымліваючы разнастайнасць культур свету.

У рэгіёнах краіны вялася працаёмкая работа па пошуку і стварэнні аптымальных структур сеткі клубных устаноў, а таксама рэфлексія іх дзейнасці ў колькасных і якасных паказчыках, якія склаліся. Для таго, каб забяспечыць якаснае культурнае абслугоўванне насельніцтва і, у максімальнай ступені, захаваць спектр культурных паслуг ды іх даступнасць, актыўна ствараліся ўстановы змяшанага тыпу, аптымізаваўся механізм рэалізацыі культурных паслуг.

На фоне закрыцця 111 клубных устаноў па рэспубліцы, павялічылася нагрузка на клубныя ўстановы, якія захаваліся, аўтаклубы, аптымізаваўся спектр клубных фарміраванняў. Пры гэтым былі прыкладзены намаганні, каб не знізіць колькасць культурных паслуг, аб чым сведчыць павелічэнне на 5,9 % колькасці культурна-дасугавых мерапрыемстваў на 1 клубную ўстанову.

Аднак патрабуецца сур’ёзны перагляд сістэмы абслугоўвання маланаселеных і аддаленых вёсак. На сёння больш праблемна стала іх абслугоўваць, улічваючы той факт, што ў сярэднім на 1 аўтаклуб можа прыпадаць звыш 100 населеных пунктаў, і адзін транспартны сродак аўтаклуба не можа забяспечыць сістэматычнае і якаснае абслугоўванне такой колькасці населеных пунктаў. Хоць сёння спектр іх паслуг не малы.

Стварэнне ў рэспубліцы ўстаноў змяшанага тыпу — цэнтралізаваных клубных сістэм, клубаў-бібліятэк, клубаў-музеяў — мае свае станоўчыя вынікі. Гэта дазваляе больш сістэмна арганізоўваць культурнае абслугоўванне насельніцтва, бачыць карціну развіцця культуры рэгіёна, аб’ядноўваць творчы патэнцыял рэгіёна для ўкаранення інавацый і іншае. Надышоў час перагледзець сістэму ўліку работы ўстаноў змяшанага тыпу, уключыўшы вынікі іх работы ў агульны залік культурнага абслугоўвання насельніцтва адпаведнага тыпу ўстановы — уключаць клубную дзейнасць бібліятэк-клубаў у агульную колькасць культурна-дасугавых мерапрыемстваў клубаў па раёне і рэгіёне ў цэлым. Тое самае тычыцца і клубаў-бібліятэк.

Арганізацыя работы разнажанравых клубных фарміраванняў з’яўляецца адной з найбольш дзейсных формаў захавання народнай творчасці. Праведзеная аптымізацыя і рацыянальнае перапрафіляванне спектра клубных фарміраванняў прывялі да іх памяншэння на 3,9 % па краіне ў параўнанні з 2015 годам. Але, нягледзячы на гэта, клубным установам удалося захаваць у параўнанні з 2015 годам баланс суадносін клубных фарміраванняў жанравага кірунку да агульнай колькасці клубных фарміраванняў амаль на тым жа ўзроўні, а таксама паказчык колькасці клубных фарміраванняў на 1 клубную ўстанову — 8 адзінак.

Такі сучасны аспект дзейнасці клубных устаноў.

Кажучы пра развіццё народнай творчасці, можна назваць як шэраг пазітыўных тэндэнцый, так і шэраг праблемных пытанняў. Развіццё жанравых кірункаў народнай творчасці мы можам адсачыць па палітры фестываляў Рэспублікі Беларусь, якія праводзяцца штогод.

Год культуры стаў годам адносных інавацый у рабоце клубных устаноў. Магілёўскім абласным цэнтрам народнай творчасці рэалізаваны маштабны творчы праект “Фестываль народных талентаў Магілёўшчыны”, у рамках якога на працягу года прайшлі творчыя прэзентацыі 21 раёна вобласці, калі была прадстаўлена ўся разнастайнасць народнай творчасці Магілёўскай вобласці.

У Гродзенскай вобласці — адкрыты рэгіянальны фестываль-конкурс аматарскага харэаграфічнага мастацтва “Viva-Россь-Dance”; у Брэсцкай вобласці — фестываль сучасных мастацтваў “Эстрадны Мix”; у Мінскай вобласці — Міжнародны конкурс джазавай і эстраднай музыкі; у Гомельскай вобласці  — творчы марафон “Адраджэнне”, у Віцебскай вобласці  — абласное свята беларускага арнамента “Вытокі сімвала” і іншыя.

Добрым паказчыкам станоўчай дынамікі развіцця народнай творчасці служыць пастаянны рост калектываў з найменнем “народны”, “узорны”, званнем “Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь”. Сёння творчыя калектывы — гэта не толькі форма паслуг, якая дазваляе задавальняць разнастайныя інтарэсы і запыты насельніцтва, але і носьбіты традыцыйнай культуры — не варта пра гэта забываць. І тут важна, каб творчыя калектывы, якія з’яўляюцца пераемнікамі фальклорнай спадчыны, захоўвалі жывыя народныя формы з захаваннем жанрава-стылявой першаасновы народнага твора.

Пры правядзенні мерапрыемстваў па папулярызацыі традыцыйнай культуры звяртаць увагу не столькі на старанную “аўтэнтычную” рэканструкцыю, колькі на абуджэнне ў шырокіх колах насельніцтва жывой цікавасці і матывацыі да зразумення мінулага, успрымання імі не проста як нешта даўно аджылага, а як крыніцы патаемных сэнсаў і сакральных пачаткаў, значных для сучаснага чалавека. З мэтай забеспячэння пераемнасці творчых традыцый павінна стаць нормай стварэнне калектываў-спадарожнікаў, незалежна ад жанру і творчага кірунку.

Выбудаваная дзяржаўная палітыка па падтрымцы і развіцці народных рамёстваў з’яўляецца своеасаблівым гарантам паспяховасці гэтай дзейнасці. Вялікая праца штогод праводзіцца клубнымі ўстановамі па актуалізацыі рамёстваў, па іх пераводзе ў сучасныя, даступныя і зразумелыя формы існавання ў грамадстве, аднаўленні іх здольнасці да функцыянавання і самааднаўлення. Арганізуючы формы папулярызацыі традыцыйных рамёстваў, мы арыентуем аўдыторыю на “жывое існаванне”, вывучэнне культурных формаў, іх сацыяльных функцый. Прыкладам таму могуць служыць творчыя праекты Магілёўскай вобласці: “Магілёўская лялька ў рэгіянальным строі” і “Купальскі пояс” (матэрыяльным вынікам апошняга стаў 70-метровы пояс, які складаецца з узораў ткацтва ўсіх рэгіёнаў вобласці); а таксама Віцебскай вобласці: конкурс традыцыйнай свістулькі “Салавейка-2016” і іншае.

Рэаліі сённяшняга дня патрабуюць пашырэння прэзентацыі беларускай культуры за мяжой. Штогод адкрывае новыя магчымасці міжнароднага супрацоўніцтва Міжнародны форум “Традыцыйная культура як стратэгічны рэсурс устойлівага развіцця грамадства”, які з’яўляецца ўнікальнай міжнароднай пляцоўкай папулярызацыі традыцыйнай культуры нашай краіны і абмену вопытам работы па захаванні традыцыйнай культуры. З кожным разам форум становіцца ўсё больш папулярным, пра што сведчыць геаграфія ўдзельнікаў. Сёлета ў юбілейным пятым форуме прынялі ўдзел прадстаўнікі 12 краін свету. Было падпісана два новыя пагадненні аб культурным супрацоўніцтве з бюджэтнай установай культуры Валагодскай вобласці “Абласны навукова-метадычны цэнтр культуры”, Дзяржаўнай бюджэтнай установай культуры Цвярской вобласці “Цвярскі абласны Дом народнай творчасці” .

Напрацовак у гэтым кірунку шмат, але трэба глядзець на перспектыву і больш актыўна развіваць міжнародныя камунікацыі. Наладжваць кантакты з грамадскімі аб’яднаннямі беларусаў замежжа. Нашым цэнтрам плануецца падпісанне пагаднення аб культурным супрацоўніцтве з Федэральнай нацыянальна-культурнай аўтаноміяй беларусаў Расіі, старшыня якой сёння прысутнічае на калегіі.

Напрыканцы хочу адзначыць, што народная творчасць заўсёды была і будзе, бо на ўсіх этапах развіцця грамадства народ не пераставаў тварыць, спяваць і танчыць. Уносячы змены ў традыцыі продкаў, мы тым самым падаўжаем ім жыццё. Трэба толькі ўмела і мэтазгодна злучыць традыцыі і сучаснасць, прадбачваючы каштоўнасць, важнасць і запатрабаванасць “новага” наступнымі пакаленнямі.

Аб дзейнасці творчых саюзаў

/i/content/pi/cult/625/13882/8-6.jpgРычард СМОЛЬСКІ, старшыня Беларускага саюза літаратурна-мастацкіх крытыкаў, доктар мастацтвазнаўства

Бягучы 2017 год — год разнастайных юбілейных падзей. Некаторыя з іх — на слыху ў кожнага, а ёсць і больш сціплыя, пра іх ведаюць значна менш. Напрыклад, у чэрвені гэтага года спаўняецца роўна чвэрць стагоддзя з таго моманту, калі па ініцыятыве народнага артыста СССР і БССР Мікалая Яроменкі была створана Беларуская канфедэрацыя творчых саюзаў, якая аб’ядноўвае зараз 14 творчых суполак.

Скажу адразу, што летась творчыя саюзы шмат зрабілі для таго, каб напоўніць айчыннае нацыянальнае мастацтва яшчэ больш глыбокім і цікавым зместам, новымі фарбамі, новымі здабыткамі.

Зараз няма патрэбы пералічваць усё зробленае таленавітымі майстрамі тэатральнага, музычнага, выяўленчага і экраннага мастацтва, дызайну, архітэктуры, журналістыкі, мастацтвазнаўства і крытыкі. Большасць выдатных творчых праектаў Года культуры на слыху. Іх добра ведаюць і ў прафесійным творчым асяроддзі, і асяроддзі гледачоў, слухачоў, чытачоў розных узростаў і рознай эстэтычнай дасведчанасці. Я толькі падкрэслю адзін прынцыпова важны момант.

Ён заключаецца ў тым, што Канфедэрацыя творчых саюзаў, якую ўжо чацвёрты год паспяхова ўзначальвае заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь Уладзімір Пракапцоў, вельмі шчыльна і плённа працавала разам з Міністэрствам культуры. Мы адчувалі зацікаўленасць і падтрымку Міністэрства, і ў першую чаргу міністра Барыса Святлова. Такая ўвага і павага з яго боку не ў апошнюю чаргу была абумоўлена тым, што ён сам пэўны час з’яўляўся кіраўніком канфедэрацыі і таму добра арыентуецца ў нашых клопатах, праблемах, магчымасцях.

З гэтай трыбуны я хачу выказаць толькі некалькі тэзісаў і прапаноў на тэму дзейнасці творчых саюзаў у сучасных рэаліях нашага вельмі складанага часу. Адразу хачу падкрэсліць, што гэта калектыўныя меркаванні членаў Канфедэрацыі, якія з’яўляюцца кіраўнікамі творчых саюзаў.

Па-першае, самае відавочнае: нам трэба і надалей не толькі захоўваць, але і паглыбляць ды ўзмацняць супрацоўніцтва Канфедэрацыі творчых саюзаў з Міністэрствам культуры. Нас аб’ядноўвае галоўнае — імкненне да далейшага развіцця нашай беларускай дзяржавы праз росквіт не толькі эканомікі, але і росквіт нацыянальнага мастацтва, стваральную ролю якога ў духоўным жыцці грамадства ніхто ніколі не адменіць і не заменіць.

Пэўныя надзеі і спадзяванні ўсім нам дае прыняты ў мінулым годзе Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб культуры. Але, разам з тым, ніхто не адмяняў і не адменіць іншы вядомы закон, праўда не напісаны, а сутнасны: яго справядліва называюць законам ініцыятывы. Таму Канфедэрацыя творчых саюзаў пастаянна выступае з рознымі ініцыятывамі, накіраванымі найперш на агульную справу развіцця беларускага нацыянальнага мастацтва праз стварэнне адпаведных спрыяльных умоў для дзеячаў тэатра, кіно, музыкі, выяўленчага мастацтва, дызайну, аналітычна-экспертнай творчасці і гэтак далей. Іншая справа, што далёка не ўсе нашы прапановы знаходзяць паразуменне і падтрымку з боку розных структур.

А між тым прагрэс ідзе. Ён ідзе найперш дзякуючы ініцыятыве неабыякавых людзей, у тым ліку і дзякуючы нястомным творчым пошукам і здзяйсненням таленавітых, апантаных дзеячаў мастацтва, якія рамантычна думаюць, вераць, спавядаюць, што менавіта прыгажосць выратуе свет, што прыгажосць, якую нясе сапраўднае гуманістычнае мастацтва, зробіць чалавека крыху лепшым, крыху больш спагадлівым і чулым да чужой бяды. А без такіх якасцей цяжка выхаваць сапраўднага грамадзяніна і патрыёта сваёй радзімы.

І дзякуй Богу, што такія творцы на Беларусі заўсёды былі і ёсць сёння. І мы іх добра ведаем, шануем, у тым ліку іх шануе і наша дзяржава. І гэта зусім невыпадкова, бо менавіта на іх, як зусім слушна сказаў Кіраўнік нашай дзяржавы на цырымоніі ўручэння чарговых прэмій “За духоўнае адраджэнне”, трымаецца наш беларускі свет, нашы спрадвечныя маральныя ідэалы, каштоўнасці, прынцыпы, якія дапамагаюць нам жыць, будаваць сваю дзяржаву, умацоўваць нашу веру, бачыць пэўную перспектыву.

Але чалавеку заўсёды чагосьці бракуе, чагосьці не хапае. А тым больш творцу, а тым больш суполцы творчых аб’яднанняў. Сёння ў асяродку Канфедэрацыі творчых саюзаў назбіралася даволі шмат разнастайных праблем. Пра ўсё гаварыць не буду, звярну ўвагу толькі на некалькі прынцыпова важных пытанняў не толькі для членаў творчых саюзаў, але, упэўнены, для ўсёй сферы мастацкай культуры.

Пры гэтым хачу звярнуць увагу ўдзельнікаў сённяшняга пасяджэння на тое, што ёсць некалькі пытанняў, якія можна станоўча вырашыць толькі пры ўдзеле і падтрымцы Кіраўніка нашай дзяржавы. Вось чаму Канфедэрацыя творчых саюзаў ужо не першы раз ставіць пытанне аб мэтазгоднасці арганізацыі сустрэчы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі з членамі рады Канфедэрацыі творчых саюзаў.

На гэтай сустрэчы кіраўнікі творчых саюзаў выказалі б свае меркаванні аб надзённых пытаннях культурнага будаўніцтва, а таксама праблемах, якія замінаюць больш дынамічнаму і плённаму развіццю сучаснага беларускага мастацтва, якое можа і павінна больш вынікова ўносіць свой уклад у агульную справу будаўніцтва беларускай незалежнай дзяржавы.

Таму члены Канфедэрацыі прапануюць утварыць Савет па культуры і мастацтве пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь.

Сёння ўзнікаюць прынцыпова новыя мэты, задачы, пытанні і іншыя з’явы ў культурнай сферы, на іх трэба своечасова рэагаваць, каб дастойна адказваць на такія выклікі часу.

Дарэчы, нагадаю, што такі прэзідэнцкі Савет даўно і паспяхова дзейнічае ў Расійскай Федэрацыі.

Члены Канфедэрацыі творчых саюзаў лічаць таксама мэтазгодным абмеркаваць з удзелам Кіраўніка дзяржавы наспелае пытанне аб рэарганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларуская канфедэрацыя творчых саюзаў” у новае дзяржаўна-грамадскае аб’яднанне. Такая рэарганізацыя дазволіла б нашмат больш эфектыўна выкарыстоўваць значны і разнастайны патэнцыял творчых саюзаў у культурным будаўніцтве.

Гэта па-першае, а па-другое, у творчых саюзаў узніклі б новыя і рэальныя магчымасці для самаразвіцця, у тым ліку і за кошт пашырэння дзяржаўна-прыватнага партнёрства.

І яшчэ адна ідэя, якую можна было б абмеркаваць з удзелам Кіраўніка дзяржавы, гэта даўно наспелая неабходнасць у аднаўленні Дома мастацтваў (ці Дома творчых саюзаў).

Думаю, не трэба зараз нагадваць у гэтай аўдыторыі пра тое, што ў Мінску шмат гадоў паспяхова дзейнічаў славуты Дом Мастацтваў на праспекце Незалежнасці, ён быў цёплым і ўтульным прытулкам для многіх пакаленняў беларускіх акцёраў, рэжысёраў, мастакоў, пісьменнікаў, крытыкаў, музыкантаў і іншых творчых дзеячаў. Потым у 1990-я гады гэты Дом вярнулі царкоўным уладам, а новы прытулак для творчай інтэлігенцыі так і не знайшлі да сённяшняга часу.

Вось чаму, як аднадушна мяркуюць члены Канфедэрацыі творчых саюзаў, трэба брацца за вырашэнне гэтай канкрэтнай і вельмі важнай для ўсіх нас задачы. Тым больш, што ў нас зараз ёсць на ўзбраенні дзяржаўны дакумент пад красамоўнай і адказнай назвай “Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб культуры” і яго трэба паслядоўна, сістэмна і максімальна эфектыўна выкарыстоўваць на карысць агульнай справы.

Фота Аліны САЎЧАНКА