На падлозе пад дырыжорскім пультам

№ 7 (1290) 18.02.2017 - 24.02.2017 г

Калі ён дырыжыруе, то партытуру выкананага твора з пульта скідвае проста на падлогу, — пэўна, каб не замінала, такая ўжо ў яго звычка. 9 — 11 лютага ў Мінску, традыцыйна, у 28 раз, у клубе імя Дзяржынскага, праходзіў джазавы фестываль. У першы і ў трэці дзень на сцэне зіхацеў Заслужаны калектыў “Нацыянальны Акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі” (“АБ”) пад кіраўніцтвам яго стваральніка і нязменнага на працягу вось ужо 30 гадоў дырыжора — народнага артыста Беларусі, прафесара Міхаіла Фінберга. У абодва дні пасля канцэртаў пад пультам аказваўся вялікі стос нотаў. Пацікавімся: што гэтым разам, у 2017-м, аказалася — на падлозе пад дырыжорскім пультам.

/i/content/pi/cult/625/13877/6-2.jpg

Міхаіл Фінберг і біг-бэнд Заслужанага калектыва Рэспублікі Беларусь Нацыянальнага акадэмічнага
канцэртнага аркестра краіны. / Фота з сайта аркестра

Памятаю пытанне, якое маскоўскія музыказнаўцы задавалі Уладзіміру Мулявіну падчас гастроляў “Песняроў” у сталіцы Расіі: “Дзе вы ў Беларусі знаходзіце такіх музыкантаў?” Так і ў Фінберга. Прыхільнік джаза, які не прапусціў ніводнага з 28 фестываляў, сачу за складам аркестра, за тварамі ў асобных групах: саксафонаў, труб, трамбонаў, рытму. І сведчу: замест музыкантаў, што пакінулі “АБ” з розных нагод, месцы за іх пультамі займаюць новыя.

Апошні набытак, скажам, у групе саксафонаў: Мікіта Пятроў і Раман Шыманец. Першаму — мажнаму брунету-асілку — аніяк не пасаваў сціплы невялікі альт. Але сёлета ён, як гаворыцца, пайшоў на яшчэ большае “змяншэнне”: віртуозную п’есу сыграў на саксафоне-сапрана, які глядзеўся ў яго шпаркіх умелых руках бліскучай люлькай без табакі. Шыманец — з радзіны музыкантаў — знаходка, важкае набыццё аркестра: яго саксафон гучаў ва ўсіх тэнаравых сола.

Гэтыя двое зраўняліся з былымі лідарамі групы: барытаністам Паўлам Бяляўскім і Уладзімірам Ксёнцам — альт, кларнет. Дарэчы, два гады таму Ксёнц стаў заслужаным артыстам Рэспублікі Беларусь — так лідар адзначае шматгадовую адданасць “АБ”. Першымі “з.а.” некалі сталі: “перацягнуты” з цыркавога фінбергаўскага бэнда трубач Валерый Шчарыца, запрошаны з аркестра радыё піяніст і аранжыроўшчык Андрэй Шпянёў ды былыя “песняроўцы” — клавішнік Анатоль Гілевіч і Уладзімір Ткачэнка (гітара, скрыпка, аранжыроўкі).

Закрываючы тэму “заслужанасці”, дадам, што званнем тым уганорваюцца музыканты “АБ” амаль штогод, па адным. Імі па чарзе сталі гітарыст-віртуоз Сяргей Анцішын, бас-гітарыст Аляксандр Каліноўскі і ў мінулым годзе цудадзей-ударнік Вадзім Чайкоў — адзіны музыкант, якому дазволена граць без пінжака: вельмі ж цяжкая фізічная напруга. Такая ж, хаця значна карацейшая, у выканаўцы Аляксея Міньковіча: на бонгах і канічным барабане ён іграе сола, якраз жыхар якогасьці племені, да прыкладу, з Конга.

У гэтым годзе на падлозе ў ног Фінберга ляжалі ноты джазавай класікі: “Караван” і “Сядай у цягнік “А” Дзюка Элінгтана, “Баса-нова” Каўнта Бэйсі, мелодыі Глена Мілера з “Серанады Сонечнай даліны”. А ў дадатак да заакіянскай джазавай музыкі — творы сучаснага кампазітара Гудвіна, якога кіраўнік “АБ” адкрыў нам на фестывалі пяць гадоў таму. На пытанне: адкуль ён набывае тыя цяжкадаступныя ўнікальныя партытуры, дырыжор загадкава пасміхаецца.

Гэта вельмі складаная музыка ХХІ стагоддзя, выканаць якую не здужаюць шараговыя музыканты, а толькі склад віртуозаў — такіх, як у “АБ”. У параўнанні з ёю нават наватарскія ў свой час аранжыроўкі Віталя Далгова слухаюцца і ўспрымаюцца сёння ўжо не так сучасна. А што ўжо казаць пра выдатных выканаўцаў 1960-х! Фінберг неяк паставіў мне запіс тых часоў: сола трамбаніста з былога аркестра Райскага. Праслухалі са спачувальнай усмешкай: сёння так ужо не граюць, — прынамсі, у “АБ”.

А як жа іграюць сёння?

На сцэне Уладзімір Ткачэнка. Гучыць найскладаны твор на акустычнай гітары. Апладысменты — і ён паўтарае тое ж, але… у два разы шпарчэй! Апладысменты, — а ён ізноў паскарае тэмп да таго, што, здаецца, з-пад пальцаў віртуоза вось-вось пойдзе дымок. Так, гэта чыста тэхніка выканання, аднак не губляецца галоўнае: музыка, мелодыя, гарманічнае гучанне акордаў!

Але ж, прадстаўляючы Ткачэнку, дырыжор паабяцаў нейкі сюрпрыз. Што гэта? А вось: на сцэну з мікрафонам выйшла дзяўчо трох з паловай гадкоў і ў промні прыгашанага святла пад дзедаву гітару Машутка Ткачэнка праспявала знаёмую песню па-англійску. Чысцюткае выкананне зала ўспрымала, затаіўшы дыханне. А пасля — авацыі, ускрыкі, кветкі. Сцэна, дэбют!

Дарэчы, моладзь панаўляе творчую “кроў” аркестра. За клавішамі “АБ” сядзелі Андрэй Шпянёў, Аркадзь Эскін, Канстанцін Гарачы, Дзмітрый Хаменка, а сёння — Вадзім Пятроўскі — зусім іншая манера ігры, чым у папярэднікаў. Ён і спявае джаз, і падтанцоўвае — гэта так вабіць моладзь у зале! Тры гады таму Фінберг, прадстаўляючы яго, сказаў, што Вадзіму 19 гадоў, у мінулым, — што таму 18. У гэтым годзе было абвешчана, што Пятроўскаму… 17. Што той зусім малец, відна і без змяншэння ўзросту.

Спяваў джаз, “заводзіў” спевам і танцам залу малады піяніст па адукацыі з музычным прозвішчам Цымбаліст.

А чым жа бліскануў госць другога дня фестываля, народны артыст Расіі Анатоль Крол з ансамблем? Канешне ж, знаёмымі мелодыямі фільмаў з яго ўдзелам “Мы з джаза” і “Зімовы вечар у Гаграх”. Яму акампаніравалі ўдарнік і выканаўца на кантрабасе. Ігру Анатоля Шаевіча, даўняга сябра мінчан, нельга ставіць побач з госцем мінулагодняга фестываля піяністам Даніілам Крамерам. Але залу падкупіла далучанасць Крола да кіно, інфармацыя, што бацькі яго паходзяць з Бабруйска. Пасля эвакуацыі, падчас якой нарадзіўся Анатоль, яны аселі ў Маскве.

Крол прадставіў яшчэ й тэнар-саксафаніста Цімура Някрасава. Так, добры музыкант… “Не горш за тваіх”, — асцярожна даў я ацэнку, а Фінберг мне ў адказ: “Нашы — лепш!”

Было дзіўна: усё ж Анатоль Крол — джазавая зорка еўрапейскага ўзроўню, але… аніводнага карэспандэнта, ніводнага інтэрв’ю… Крол — чалавек немалады, хворы.

І яшчэ большае здзіўленне: ужо 19 апошніх гадоў ля клуба, дзе праходзяць джазавыя фестывалі, няма аўтобусаў тэлебачання, якія транслявалі б ці, прынамсі, запісвалі б гэтыя выдатныя музычныя з’явы. А як іграе аркестр, як выкладваецца! Якія сусветна славутыя джазмены прыязджаюць у Мінск, лічачы тое за гонар! Якія творы гучаць!

Прычым, Фінберг падкрэслівае ў сваім канферансе: “Працуем ужывую, без фанаграм, — без падману!”

Заўважу, што сам бываў на канцэртах, дзе ўжо гучыць фанаграма, а музыкантам только раскладваюць ноты, дзе спевакі не трапляюць артыкуляцыяй у фанараму… Гледачы-слухачы, мо, і не адмыслоўцы з абсалютным слыхам, але яны гэта, безумоўна, заўважаюць.

Як жа такое не цаніць у “АБ”?!

Аркестр мае сучаснае святло, радыёзабеспячэнне, новы інструментарый, касцюмы, выглядаюць музыканты элегантна, па-свецку. Калі перад выхадам у Крола ўзялі касцюм, каб падпрасаваць, той здзівіўся: такое на гастролях — упершыню.

Праграмы Міхаіл Фінберг вядзе сам на цудоўнай беларускай мове. Дарэчы, праграмкі-ўлёткі джазавых фестываляў таксама надрукаваныя па-беларуску. І такія раздавалі ўсім у зале з запрашэннем ужо на сакавіцкія канцэрты.

Гэты год у калектыва — юбілейны: 30 гадоў “АБ” і 21 лютага 70 гадоў выдатнаму музыканту і арганізатару, майму даўнішняму сябру і паплечніку Міхаілу Якаўлевічу Фінбергу.

Трымайся, дружа!

І як ты любіш падштурхоўваць да справы сваім улюбёным слаўцом: “Ну, давай!”

І хай стосы партытур пад тваім пультам нарастаюць.

Ну, “Мишка-Мишка, где твоя улыбка?”

 

Тым часам

Фінберг у эфіры

Канцэрты заслужанага калектыву Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра пад кіраўніцтвам народнага артыста Беларусі Міхаіла Фінберга выйдуць у тэлевізійнай версіі на канале “Беларусь-3” да 70-гадовага юбілею маэстра. Пра гэта паведамляе прэс-служба Белтэлерадыёкампаніі.

У серыі канцэртаў прагучаць вядомыя кампазіцыі ў суправаджэнні знакамітага калектыву ўжо з 18 лютага. Тэлеаўдыторыя пабачыць святочны канцэрт з удзелам салістаў калектыву пад час урачыстага закрыцця Міжнароднага фестывалю “Залаты шлягер-2015“. 19 лютага будзе паказаны канцэрт адкрыцця XVI Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі “Маладзечна-2016”. Акрамя таго, 21 лютага, у дзень нараджэння Фінберга, у дзённым эфіры будзе паказаны спецыяльны выпуск праграмы “Камертон”, госцем якога стане маэстра.

Аўтар: Уладзімір АРЛОЎ
кінарэжысёр