“Маем найбольшае самі”

№ 7 (1290) 18.02.2017 - 24.02.2017 г

Алесь Разанаў: перастварыць Скарыну, каб прабіцца да сучасніка
Пасля запісу гэтага інтэрв’ю знакамітага нашага паэта, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Алеся РАЗАНАВА (давялося пачуць у кулуарах XXIV Мінскай міжнароднай кніжнай выставы-кірмашу адразу два аднолькава пашанотныя вызначэнні яго (і для нашай літаратуры тое таксама гонар): класік і гуру) ён сказаў у адказ на маю рэпліку, маўляў, з вамі за чвэрць гадзіны можна запісаць інтэрв’ю на паласу: “Пакіньце толькі самае істотнае”. Істотным мне падаўся амаль увесь дыктафонны запіс. Нагодай жа для гутаркі стала кніга перастварэнняў Алеся Разанава прадмоў Францыска Скарыны да надрукаваных ім кніг “Бібліі” “Маем найбольшае самі”. Урэшце, гутаркі магло б і не адбыцца, каб не… Але пра тое напрыканцы.

/i/content/pi/cult/625/13876/6-1.jpg

Алесь Разанаў. / Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ

— Алесь Сцяпанавіч, дык у чым розніца паміж іпастасямі перакладчыка і перастваральніка?

— Пытанне слушнае, балазе яно вынікае з таго, што напісана на тытульнай старонцы: “Кніга перастварэнняў Алеся Разанава”. У літаратуры ёсць роды, віды, жанры, якія яшчэ разгаліноўваюцца, бо не з’яўляюцца аднастайнымі. Тое ж тычыцца і перакладаў наогул — яны неаднолькавыя па многіх крытэрыях: ёсць даслоўны, эквілінеярны, “па матывах”, перайманне... А калі я працаваў з паэзіяй Веліміра Хлебнікава, назваў гэту работу адной літарай: “З”. Тут жа адмысловы выпадак, калі нішто з названага (і не названага) ніяк не пасавала, акрамя таго, чым назвалася — перастварэннем. Калі шукаць эквівалент у рускай мове, дык найбліжэйшае бадай “воссоздание”.

— У чым палягае суладдзе настрою прадмоў Францыска Скарыны да надрукаваных ім кніг “Бібліі” паэтычнаму і асобаснаму настрою паэта Алеся Разанава?

— Чытаў я прадмовы Скарыны, вядома, даўно — дзесяцігоддзі таму. Але адразу ж пачуліся інтанацыя, танальнасць, жывое гучанне слова. Усё гэта мела водгук, і я адгукаўся на гэтае чытанне. Адгукаўся таму, што нібыта з-пад нейкіх стандартаў, напластаванняў, “асфальтаў” прабіваецца жывая расліна, жывая травіна, жывая кветка, як з-пад лёду нейкая крыніца — паэтычны пачатак. Не ўсё са створанага друкавалася, але былі фрагменты ў часопісах, у “Кнізе ўзнаўленняў”. А ў 2001-м доктар філалогіі Алег Лойка ў сваім падручніку па старажытнабеларускай літаратуры ўжо зафіксаваў маю працу, хаця яна ў поўным выглядзе нідзе і не публікавалася на той час.

— Як мяркуеце, які шлях больш прадуктыўны ў сучаснай літаратуры — пераклад ці перастварэнне?

— Гледзячы з чым маем справу. У дачыненні да старажытных тэкстаў — гэта перастварэнні. Пераканаўся ў тым, бо ўжо меў досвед узаемадзеяння не толькі з творамі Францыска Скарыны, але і Кірылы Тураўскага, Сымона Буднага, Васіля Цяпінскага, Транквіліёна-Стаўравецкага, Мялеція Сматрыцкага ды многіх іншых выбітных постацяў. Мая выснова: калі гаворым пра з’яву, дык тое — узнаўленні, а калі пра жанр, дык маем перастварэнні — найбольшы адэкват.

У чым тут ключ, метад, падыход? Скарына, як і іншыя творцы папярэдніх эпох з названых і не названых мной, адгаварылі ў свой час, засталіся ў ім, хаця слова іхняе тады гучала надзённа, моцна, актуальна. Прынамсі, сюды, у сучаснасць, праз напластаванні стагоддзяў слова тых творцаў не даходзіць, не прабіваецца, не дастукваецца. Застаецца набыткам для літаратуразнаўцаў, мовазнаўцаў, што здольныя расшыфраваць і расчытаць іхнія пісьмёны. Мая задача і ўся істота гэтай справы была ў тым, каб яны загаварылі як тады — уголас, моцна, па-сучаснаму. Увесці ў сучаснасць — значыць, зрабіць тых асоб нейкім чынам сучаснікамі.

— Якія з пераствораных вамі прадмоў Скарыны падаліся, калі можна так сказаць, простымі ў інтэрпрэтацыі, а якія — складанымі?

— Усе прадмовы Скарыны да кніг “Бібліі” прачытаныя, але не ўсе скарыстаныя. Не ўсё адназначна, не ўсё раўназначна, не ўсё на адным узроўні напісана. Адны прадмовы насычаны проста фактурай, другія маюць паўторы ў іншых, адрозніваючыся граматыкай, асаблівасцямі напісання пэўных словаў. Прычым сям-там гаворыцца пра чытанае недзе больш разлегла, а дзесьці — наадварот сцісла. Так, у “Кнігу Лічбаў” я не знайшоў як і з чым увайсці ў размову. Таму толькі там, дзе тэксты прадмоў выклікалі размову, водгук, браўся і працаваў. Тут, як кажуць, або ёсць, або няма.

Да ўсяго, акрамя задачы перакладаць з таго, што ёсць, паўставала і задача стыліста. Скажам, дзесьці прысутнічае зерне ісціны, але Скарынам яно не выяўленае. Таму яго патрабавалася разгарнуць, нават датлумачыць, то бок увесці ў нейкія жывыя кантэксты.

— Творы, дзейнасць, асоба першадрукара — усё ж гэта з’ява лакальнага (беларускага альбо ўсходнеславянскага) ці сусветнага (прынамсі, еўрапейскага) маштабу?

— Ужо тое паказальна, што ён тварыў для свайго народа (для Полацка, для свайго люду, для гэтага краю), як у прадмовах падкрэсліваецца неаднойчы і, мяркую, мэтанакіравана. (Зазначу, тады “свой народ” называўся “рускім”: “На рускай мове рускаму народу”. Я пакідаў тое, як Скарына казаў, бо яго словы нельга перайначваць — толькі захоўваць і выяўляць. Усе каментарыі потым, за дужкамі.) Падаецца, ён усведамляў, якую значную справу робіць, якую працу здзяйсняе. І сябе Скарына ставіў у шэраг тых творцаў, якія перакладалі “Біблію” на грэчаскую мову, на латынь, бо рабіў такую ж працу для свайго краю, для свайго народа — для людзей, што не мелі падобнай кнігі ў руках. Ён сціпла кажа пра сябе: “Я іхні, няварты іх, паслядоўнік”. Але адназначна ўпісваецца ў іхнюю кагорту, бо на сваім месцы робіць тое ж, што і яны, — даносіць “боскую мудрасць” у свой час і ў свой край.

— Як лічыце, ці патрэбна “прабіваць сцены”, даносячы слова Скарыны ды іншых аўтараў сівой мінуўшчыны да сучасніка, альбо будзе дастаткова канстатаваць цяпер, што “маем найбольшае самі”, а далей даць магчымасць спрацаваць Яго Вялікасці Часу?

— А час не зробіць! Час не толькі стварае — ён і руйнуе. Пасля Скарыны сапраўды натварылася шмат чаго, але і страцілася шмат. Адсюль і тое вялізнае раз’яднанне са старажытнасцю, нават з часамі нашага героя, праз што давялося ў ХІХ стагоддзі папросту ствараць ад пачатку новую беларускую літаратуру. Страцілася і жывое адчуванне многіх рэчаў. У Скарыны, скажам, яшчэ жывое адчуванне Бога — яно больш моцнае, чым у сучасных творцаў. Гэтак жа страцілася повязь з чысцінёю, з пачаткам, з вышынёю. А тады ж творца быў і сутворцам. І тое са старажытнасці ідзе, яшчэ ад Гамера: “Багіня, ухвалі Ахілеса, Пялеева сына” — апеляцыя да багіні. Вяргілій гэтаксама звяртаецца да вышэйшага пачатку ў сваёй “Энеідзе”. Навошта? Каб займець дапамогу, водгук, каб вышэйшае дало згоду “пасупрацоўнічаць”; яшчэ раз: творчасць — сутворчасць. І няхай у часы Скарыны падобнае разуменне ўжо згасала, але ён яшчэ той творца, які гэта адчуваў і які пра гэта гаворыць.

Дадам, што Скарына скарыстоўвае ў прадмовах, падавалася б, простыя біблейскія ісціны. Але ў той складаны, пакручасты, расшкуматаны час — а ў наш дык яшчэ ў большай меры — такія простыя ісціны, можа, больш неабходныя, чым усе складаныя трактоўкі і вытлумачэнні. І падобным чынам ён кажа пра тэксты, з якімі меў справу, пра саму “святую кнігу”. Яна, “як рака цудадзейная”, адначасова і плыткая: па ёй можа і дзіця брысці, і незвычайна глыбокая — “слон плысці мусіць”.

— Як вам далася праца з фрагментамі, што ўсім вядомыя — інтэрпрэтаваць тое, што на слыху? Напрыклад, пра “пчол, якія бароняць вуллі свае”.

— Мяркую, чытачы параўнаюць фрагменты арыгінала і майго перастварэння на гэтай паласе “Культуры”. Скажу толькі: усё, што было, засталося на сваіх месцах. Ставіў сабе за мэту не згубіць танальнасці, інтанацыі, жывога гучання. Каб, да прыкладу, граматычныя канструкцыі, ужо амаль ніякія для нас, але ўласцівыя таму часу, не заміналі, не абцяжарвалі сказу. Каб змест з’ядноўваўся з гучаннем і вымаўляўся ўголас. Каб усё сказанае выйшла на першы план, у людзі. У Скарыны ёсць выраз пра звяроў, што блукаюць у пустыні, пустцы. Для апошняга слова я знайшоў, уклаў у тэкст свой эквівалент. Чаму так? Бо перастварэнне — гэта размова таго, што гаворыцца і сказалася, з тым, што ёсць і што хоча і можа выявіцца. Таму ў гэтым выпадку я выкарыстаў той самы корань, тую самую аснову — і напісаў “у пушчы”. Усё! Пушча — гэта сваё, тэкст наблізіўся да нас, да людзей гэтага часу і гэтай айчыны.

А вось і паабяцанае ў пачатку “напрыканцы”. Рэдакцыя “Культуры” бадай год шукала магчымасці ўзяць інтэрв’ю ў Алеся Сцяпанавіча. Мы тэлефанавалі яму з рознымі варыянтамі для матэрыяла (вядома, найбольш жадалася зладзіць “Рэдакцыю плюс…”), але паэт спасылаўся ці на тое, што даўно не дае інтэрв’ю, ці на тое, што няма асаблівай нагоды. “Вось калі выйдзе кніга ў “Мастацкай літаратуры”…” — загадкава дадаваў ён. Кніга выйшла, з’явілася яна на стэндзе выдавецтва на згаданай кніжнай выставе. Аднак адмыслова прыйшоўшы па аўтограф на новы том (дарэчы, напісаў Разанаў толькі сціплае “Далучаюся”, дату і “сонечны” крыптонім “RA” пад згадкай пра сваю ролю перастваральніка ў гэтым выданні), зноў наш сённяшні герой спрабаваў быў адмовіць. Ветліва зазначыўшы, маўляў, вось з’явіцца новая кніга, ужо здадзеная ў выдавецтва, з інтэрв’ю, гутаркамі, партрэтамі, тады і… Але ж удалося-такі пераканаць Алеся Сцяпанавіча (нават не ведаю чым), што акурат цяпер яго слова прыдасца вельмі своечасова. З нагоды “Маем найбольшае самі”, з нагоды постаці Скарыны, з нагоды ролі самога Разанава ў набліжэнні слыннага першадрукара да нас, да нашага часу. Цікава, што пасля нашай “угоды” Алесь Разанаў, гутарачы з прадстаўнікамі Інстытута Гётэ ў Мінску, сказаў пра тую ролю вельмі цікава, урэшце, нават не згадваючы сябе: “Вось ён, Скарына, такі, якім мы яго зразумеем! Бярыце!” І вось яна, размова.

Ну і зусім напрыканцы. Як кажуць, карыстаючыся выпадкам. Мой універсітэцкі выкладчык па мовазнаўстве, кіраўнік дыплома, кандыдат філалогіі Павел Міхайлаў яшчэ на першым курсе ў нейкім “лірычным адступленні” пасля заняткаў наблізіў для мяне паэта Алеся Разанава ўсяго адной дэталлю (сугучнасць з чыімі творамі ўнутры сябе я ўжо адчуваў, нягледзячы на даволі-такі юны ўзрост і навізну знаёмства з разанаўскім словам). Наблізіў у тым сэнсе, што паказаў адной гісторыяй і адрознасць гэтага паэта, і тое, што паэты — яны няхай сабе і “аднекуль”, але яны і сярод нас. Дык вось, Павел Аляксандравіч прыгадаў, як ён аднойчы ехаў ад бацькоў з роднай вёскі Ушкавіца Кобрынскага раёна, а на месцы побач з ім у аўтобусе аказаўся маладзён, якога нельга было не заўважыць па тым часе на агульным фоне палескага мястэчка: белыя штаны, белая кашуля, белыя туфлі… Гэта быў Алесь Разанаў, што, відаць, кіраваўся са сваёй радзімы — Сяльца на Бярозаўшчыне.

Параўнайма!

Тэкст Францыска Скарыны з прадмовы да кнігі “Юдзіф”

Понеже

от прирожения звери,

ходящия в пустыни,

знають ямы своя,

птици, летающие по возъдуху,

ведають гнезда своя;

рибы, плывающие

по морю и в реках,

чують виры своя;

пчелы и тым подобная

боронять ульев своих,-

тако ж и люди,

и где зродилися

и ускормлены суть по бозе,

к тому месту

великую ласку имають.

Перастварэнне Алеся Разанава

Як звяры,

што блукаюць у пушчы,

ад нараджэння

ведаюць сховы свае,

як птушкі,

што лётаюць у паветры,

помняць

гнёзды свае,

як рыбы,

што плаваюць у моры і ў рэках,

чуюць віры свае

і як пчолы

бароняць вуллі свае -

гэтак і людзі

да месца, дзе нарадзіліся

і ўзгадаваны ў Бозе,

вялікую ласку маюць.

Аўтар: Сяргей ТРАФІЛАЎ
галоўны рэдактар газеты "Культура" у 2012 - 2017 гадах