У Венецыю паедзе…

№ 6 (1289) 11.02.2017 - 17.02.2017 г

3 лютага падведзены вынікі конкурсу на стварэнне куратарскай канцэпцыі беларускага павільёна на 57-м Венецыянскім біенале сучаснага мастацтва.

Для ўдзелу ў конкурсе было пададзена 18 куратарскіх канцэпцый. Рашэннем журы, у склад якога ўваходзілі прадстаўнікі Міністэрства культуры, Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Беларускага саюза мастакоў, Беларускага саюза дызайнераў, Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў і іншых арганізацый, пераможцам конкурсу вызначана куратарская канцэпцыя “Стол” (куратар — Раман Заслонаў, выканаўцы — Раман Заслонаў, Віктар Лабковіч, Сяргей Талыбаў).

У выпадку адмовы пераможцы конкурсу ад прадстаўлення свайго праекта на біенале, для ўдзелу ў мерапрыемстве журы рэкамендавала куратарскую канцэпцыю “500 гадоў. Мастацтва, кніга і мастацтва кнігі” (куратар — Ала Зміёва).

Журы адзначыла арыгінальнасць прэзентацыі нацыянальных традыцый у спалучэнні са здабыткамі сусветнага мастацтва ў куратарскай канцэпцыі “МураНемано” (куратар — Павел Вайніцкі) і рэкамендавала Нацыянальнаму цэнтру сучасных мастацтваў разам з куратарамі прапрацаваць магчымасць яе рэалізацыі пры падрыхтоўцы да наступнага Венецыянскага біенале.

Журы таксама прапанавала Нацыянальнаму цэнтру сучасных мастацтваў звярнуць увагу на супрацоўніцтва са стваральнікамі куратарскіх канцэпцый “Формула ўспрымання” (куратар — Максім Петруль), “Дно” (куратар — Таццяна Радзівілка), “Час як рэнтген” (куратар — Васіль Зянько), “Паэзія сэнсаў”, “Мая Амерыка”, “Алхімія жывога мастацтва”, “Ода да радасці” (куратар — Кацярына Кенігсберг), “Нафта” (куратары — Алена Толабава, Наталля Абрамовіч) шляхам іх прыцягнення да ўдзелу ў Рэспубліканскай выстаўцы сучаснага мастацтва і іншых праектах у сферы сучаснага мастацтва.

Міністэрства культуры выказвае шчырую ўдзячнасць усім удзельнікам конкурсу.