Сёлета на самым буйным кніжным кірмашы Беларусі будзе прадстаўлена 31 краіна свету: Грэцыя — упершыню, а Злучанае Каралеўства Вялікабрытаніі і Паўночнай Ірландыі ў якасці ганаровага госця. Таксама прымуць удзел такія дзяржавы як Венесуэла, Германія, Іран, Італія, Казахстан, Кітай, Паўднёвая Карэя, Куба, Літва, Палесціна, Польшча, Расія, Сірыя, ЗША, Туркменістан, Турцыя, Украіна, Фінляндыя, Францыя, Швецыя, Эквадор.
У рамках выставы плануецца каля 300 мерапрыемстваў. Галоўнай тэмай, канешне ж, стане 500-годдзе беларускага кнігадрукавання, але не застануцца ў цені і іншыя нагоды, напрыклад, юбілеі народных паэтаў Янкі Купалы і Якуба Коласа. Не абыдзецца і без цырымоніі ўручэння ўзнагарод 56 Нацыянальнага конкурсу “Мастацтва кнігі”.
III Міжнародны сімпозіум літаратараў “Пісьменнік і час” стане яркай падзеяй выставы-кірмашу. Ён збярэ вакол пісьменнікаў і выдаўцоў 19 краін свету. Сярод іх — аўтар самых папулярных італьянскіх трылераў Карла Лукарэлі, тэлевядучы, сцэнарыст і шэкспіразнаўца брытанец Эндру Дзіксан, папулярны дзіцячы пісьменнік з Фінляндыі Ціма Парвэла, ганаровы прэзідэнт “Клуба пісьменнікаў Каўказа” Саліх Гуртуеў, намеснік галоўнага рэдактара часопіса “Наш сучаснік” Аляксандр Казінцаў, мастацкі кіраўнік Міжнароднага фестывалю славянскай паэзіі “Спеўныя пісьмёны” Сяргей Главюк, адказны сакратар Міністэрства культуры і спорту Рэспублікі Казахстан Куатжан Уаліеў, дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Казахстана Жанат Сейдуманаў. У семінары маладых літаратараў “Першацвет” прымуць удзел маладыя аўтары з розных рэгіёнаў Беларусі.
У праграме сімпозіума запланаваныя “круглы стол” на тэму “Літаратурная перыёдыка — мост, які злучае культуры розных народаў” (8 лютага), пленарнае пасяджэнне пад тэмай “500-годдзе беларускага кнігадрукавання як частка сусветнай кніжнай гісторыі” (9 лютага).
Па словах Ігара Луцкага, у 2016 годзе было выдадзена 9581 найменне кніг у агульнай колькасці 23 мільёны экзэмпляраў. Сярэдні тыраж беларускай кнігі на сёння — 2,4 тысячы асобнікаў. Каля 12 % выданняў — на роднай мове.