Чвэрць стагоддзя і 103 спектаклі

№ 5 (1288) 04.02.2017 - 10.02.2017 г

Рэспубліканскаму тэатру беларускай драматургіі — 25! Да юбілею была падрыхтавана прэм’ера спектакля “Беларусь. Дыдактыка” (гл. “К” №3), адкрыта выстава, выпушчаны аб’ёмны і назвычай інфарматыўны буклет, прысвечаны не толькі ўласна гэтаму тэатру, але і праблемам развіцця сучаснай беларускай драматургіі і рэжысуры. Нарэшце, акурат у дзень сваіх народзінаў трупа прымала віншаванні і творчыя падарункі-прывітанні (у тым ліку, ад замежных партнёраў і гасцей), адказаўшы на іх вельмі крэатыўным капуснікам.

/i/content/pi/cult/623/13858/2-1.jpgТым самым РТБД у чарговы раз даказаў, што яго артысты (на чале, дарэчы, з дырэктарам Уладзімірам Карачэўскім, які падчас урачыстасцяў і спяваў, і на баяне граў) вакальна падрыхтаваныя лепш за многіх эстрадных зорак, а ў пластыцы і харэаграфіі маглі б скласці добрую альтэрнатыву спецыялізаваным калектывам “балетнага” кірунку.

Ды ўсё ж тэатр — гэта не толькі сцэна і гісторыя пастановак на ёй (а за гады існавання тут пастаўлены 103 спектаклі, адбыліся паездкі ў 14 краін). Тэатр — гэта найперш артысты. Таму маналог далей — ад заслужанай артысткі Рэспублікі Беларусь Людмілы СІДАРКЕВІЧ, якая працуе ў РТБД літаральна з першых гадоў яго існавання: яна прыйшла ў калектыў у 1995-м, адразу пасля заканчэння Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, і з’яўляецца адной з вядучых актрыс, плённа супрацоўнічаючы таксама са створаным пры РТБД Цэнтрам беларускай драматургіі.

— Падчас вучобы я “паказвалася” ў некалькі тэатраў, нават атрымала адтуль запрашэнні, але марыла пра РТБД. Бо там працаваў рэжысёр Валерый Мазынскі. Але ён не адразу мяне “рязгледзеў”. Нарэшце, усё ж пагадзіўся ўзяць, ды папярэдзіў: маўляў, у мяне ўжо ёсць падобная гераіня. І сапраўды, спачатку два гады я была на “ўводах”. А потым была “Апошняя пастараль”, якая, насуперак сваёй назве, стала для мяне першай буйной працай. Я ўпершыню зразумела, што гэта такое — працаваць у вялікім спектаклі, “цягнуць” на сабе цэнтральную ролю. Уражаны быў і Мазынскі: ён потым мне прызнаўся, што быў тады прыемна здзіўлены — і пасля таго стаў глядзець на мяне іншымі вачыма, не баючыся давяраць самыя складаныя ролі. Пазней я ўвогуле засталася адзінай з гераінь. Ну, а цяпер надышоў момант пераходу на ўзроставыя ролі: адразу ў некалькіх спектаклях я іграю маці, вельмі адрозных па характары, па сваім псіхалагічным узросце і стаўленні да дзяцей.

Тэатр — гэта таксама наш дом, сям’я, агульныя нягоды і радасці, узлёты і стагнацыі. Усё, як у жыцці. Але тут як і з асобным чалавекам: калі многае перажываецца разам, ён становіцца самым родным. Сёння я магу з упэўненасцю сказаць: як цудоўна, што ў свой час я прыйшла менавіта ў гэты тэатр. Я люблю яго яшчэ і за тое, што ў нас, у адрозненне ад спектакляў, якія мы іграем, не бывае канфлікту пакаленняў. Мы вельмі цёпла сустракаем моладзь, добра ставімся да яе і творча, і па-чалавечы. Гэту рысу адзначыў і Мазынскі, завітаўшы на юбілейны вечар. Ён адразу заўважыў, што ў нас застаўся закладзены калісьці ім дух сяброўства.

За больш чым дваццаць гадоў, як я працую тут, было шмат значных падзей — найперш, выдатных спектакляў (незалежна ад таго, з маім удзелам яны былі ці без). Былі цікавыя гастрольныя паездкі, удзелы ў фестывалях, з якіх найбольш запомніўся Іркуцк, неверагодныя краявіды на возеры Байкал. Неаднойчы мы сустракаліся з запрошанымі рэжысёрамі. Памятаю, Дэніэл Бэнкс з ЗША ставіў у нас сучасную амерыканскую п’есу “Ганна ў тропіках” — усяго за 17 дзён, мы працавалі літаральна па 24 гадзіны на суткі. Адным з самых любімых (пры тым, што нялюбых роляў не бывае) быў для мяне спектакль “Жан і Беатрыса”, дзе мы ігралі ўдваіх з Ігарам Сіговым і, можна сказаць, творча ўзрасталі адзін на адным.

Ды ўсё ж РТБД — гэта найперш беларуская драматургія. Мы ведаем пра яе больш, чым хто іншы. І можам ганарыцца, што яна існуе і што за яе не сорамна і на ўсёй постсавецкай прасторы, і ў больш шырокім еўрапейскім кантэксце. Больш за тое, сучасныя беларускія п’есы атрымліваюць безліч узнагарод на прэстыжных замежных конкурсах і фестывалях. Цэнтр беларускай драматургіі ўзначальвае Аляксандр Марчанка — ён жа таксама з нашых шэрагаў і дагэтуль працягвае паралельна працаваць акцёрам РТБД. Для мяне заўсёды ў радасць удзельнічаць у праектах ЦБД, хаця часцяком за гэта і не плацяць. Бо гэта эксперыментальная пляцоўка, магчымасць не толькі самой пазнаёміцца, але і данесці да размаітай аўдыторыі новыя беларускія п’есы — найперш у выглядзе чытак. Але пасля кожнай такой чыткі, нават калі яна праходзіць усяго аднойчы, застаецца спадзеў, што яна стане нейкім стартавым пунктам для больш шырокага распаўсюджвання новай п’есы. І сапраўды, можна згадаць шмат прыкладаў, калі такія чыткі прыводзілі да паўнавартасных спектакляў: гэта “Ліфт” Юліі Чарняўскай, “Любоў людзей” Дзмітрыя Багаслаўскага, “Гэта ўсё яна” Андрэя Іванова — спіс можна і трэба працягваць. Супрацоўніцтва з сучаснымі драматургамі і маладымі рэжысёрамі — гэта рух наперад, новы погляд на многія рэчы, магчымасць зразумець моладзь і самім заставацца маладымі. А ў глабальным сэнсе — гэта вельмі правільна абраны шлях далейшага развіцця нацыянальнага тэатральнага мастацтва. І калі ты да ўсяго гэтага датычны — ці ж гэта не шчасце?..

На здымках: падчас святочнага капусніка; Людміла Сідаркевіч.

Фота прадастаўлены тэатрам

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"