Любові развітальны баль...

№ 5 (1288) 04.02.2017 - 10.02.2017 г

Не магу сабе ўявіць, якое свята грукатала б у гонар юбіляра гэтым летам у адзін з дзён “Славянскага базару ў Віцебску”, будзь у яго ўсё больш-менш у парадку са здароўем. У апошнія гады свае дні нараджэння Аляксандр Ціхановіч спраўляў менавіта ў горадзе на Заходняй Дзвіне. У тых, хто пабываў хаця б на адным з iх, яно назаўжды застанецца ў памяці — настолькі яркімі, неардынарнымі, цёплымі выходзілі такія імпрэзы. Упэўнены, што 13 ліпеня 65-годдзе ўсенароднага спевака ў Віцебску адзначаць абавязкова. І ў тым, што ў гэты дзень яго згадаюць добрым словам, са шчырай любоўю яшчэ шмат у якіх месцах...

/i/content/pi/cult/623/13854/8-3.jpgПрэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка накіраваў спачуванні родным і блізкім народнага артыста Беларусі Аляксандра Ціхановіча, якога не стала 28 студзеня. “Прыміце мае глыбокія спачуванні ў сувязі з адыходам з жыцця выдатнага музыканта і цудоўнага чалавека. Аляксандр Ціхановіч упісаў незабыўную старонку ў гісторыю айчыннай эстрады, песні ў яго выкананні сталі залатымі шлягерамі на ўсе часы”, — гаворыцца ў спачуванні. “Чалавек вялізнага таленту і шчодрай душы, ён выхаваў цэлую плеяду яркіх маладых артыстаў і быў прыкладам адданасці мастацтву і сваім слухачам. Светлая памяць пра Аляксандра Ціхановіча застанецца ў нашых сэрцах”, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

 

Аляксандр Ціхановіч быў вельмі шчырым чалавекам. Такім меркаваннем з журналістамі падзяліўся міністр культуры Рэспублікі Беларусь Барыс Святлоў, які 30 студзеня прыйшоў ушанаваць памяць народнага артыста ў Белдзяржфілармонію, перадае карэспандэнт БелТА. Міністр адзначыў, што Аляксандр Ціхановіч заўсёды быў вельмі шчырым чалавекам, таленавітым выканаўцам, музыкам, педагогам. “Яго шчырая ўсмешка, шчырая душа — гэта тое, што заўсёды запаміналася і прыцягвала ўсіх нас”, — сказаў Барыс Святлоў. “Аляксандр Ціхановіч пражыў вельмі яркае, але кароткае жыццё — усяго 64 гады. Яго песні, творчасць, выхаванцы — найлепшая памяць пра гэтага чалавека”, — сказаў Барыс Святлоў.

 

Вядома, перш за ўсё, ён быў спявак Любові: да Жыцця, Радзімы, Адзінай Жанчыны. Мне заўсёды здавалася, што ледзь яны з жонкай Ядвігай Паплаўскай дзе-небудзь з’яўляліся, прастора вакол іх нібыта азаралася святлом. Гэта былі праменьчыкі сонца, станоўчага зараду, надзеі, упэўненасці. Цяпер адзін з праменьчыкаў асірацеў...

Жыццё таксама любіла яго, адарыўшы выдатнымі дачкой ды ўнукам. Даўшы магчымасць на сто з лішкам працэнтаў рэалізавацца ў абранай прафесіі.

Яго любіла Радзіма. Савецкі Саюз, што ён абвандраваў уздоўж і ўпоперак, у кожным кутку якога артыста чакалі зноў і зноў, і з “Верасамi”, і ў дуэце з Ядвігай. Беларусь, увасабленнем якой з’яўляўся і ён.

Кахала Адзіная Жанчына ў гады цяжкіх выпрабаванняў, дасланых ім... Жыццём з Радзімай, і даказала яму сваё Вялікае Каханне.

І любілі людзі, яшчэ задоўга да таго, як яму афіцыйна прысвоілі званне народнага артыста Беларусі. Гэтую любоў яны прадэманстравалі зараз, калі літаральна ўся краіна, даведаўшыся пра гора, як быццам бы на некалькі хвілін здранцвела, не верачы ў тое, што адбылося. І, не стрымліваючы эмоцый, развіталася з ім, мільёнамі розных галасоў зноў прызнаўшыся ў Любові.

Калі казаць пра беларускую папулярную музыку, асабіста для мяне яго сыход — гэта другі па сіле ўдар пасля смерці Уладзіміра Мулявіна. З ім назаўжды засталася ў гісторыі і яшчэ адна частка савецкай эстрады, яе вышэйшая школа.

З ім сышла сапраўдная натуральнасць. Мне вельмі пашанцавала: і па працы, і па-за ёй я неаднаразова гутарыў з артыстам. Гэта былі і адносна доўгія размовы, і кароткія. Цяпер чамусьці прыгадалася, як ён мне, што ў чарговы раз пусціў стрэлы на адрас чарговага “Славянскага базару...”, палка, нават гнеўна, даводзіў, што і ў крытычных матэрыялах варта заставацца чалавекам інтэлігентным. А потым, выгаварыўшыся ды пару секунд аддыхаўшыся, паклаў на маё плячо далонь і, усміхнуўшыся скрозь вусы сваёй знакамітай усмешкай, калі праменьчыкі маршчын разбягаліся з куткоў яго вачэй, ледзь вінавата сказаў: “Выбачай, стары, што “наехаў” на цябе, бо ты ў нечым маеш рацыю...”

У панядзелак Жыццё, Радзіма, Адзіная Жанчына, што засталіся без Аляксандра Ціхановіча, казалі яму — і ўголас, і пра сябе — апошнія словы Любові. Якія будуць казаць яму і далей, зноў і зноў. Але ўжо без яго...

“…У моей Любви

на щеке слеза,

У моей Любви —

прощальный бал.

В сумерках зал...”

Алег КЛІМАЎ

Як ні жудасна гэта гучыць, а смерць — яшчэ адна нагода падвесці вынік. Можа, не зусім канчатковы, бо тут апошняе слова за Яго Вялікасцю Часам, але такі, пры якім на першы план выходзяць ужо не творчыя планы, а тое, што было здзейснена рэальна. Не сёння і зараз, а за ўсё жыццё. Азірнуўшыся на творчы шлях Аляксандра Ціхановіча, разумееш: зроблена — вельмі многа. Народны артыст Беларусі (не толькі паводле звання, але і ўсенароднага прызнання), ён увайшоў у нацыянальную музычную культуру як спявак, музыкант, аўтар многіх уласных песень, прадзюсар, арганізатар, дзеяч мастацтва. Нарэшце, як творца, адораны самым галоўным боскім дарам — чалавечнасцю, што бывае ўласціва, на жаль, не ўсім зоркам эстраднага Алімпа.

Тое, што ўнесена Аляксандрам Ціхановічам у нашу музыку, ніяк не асацыюецца з нейкім наватарствам, ноу-хау. А між тым, у ягонай творчасці шмат цікавых знаходак! Можа, уся справа ў прозвішчы, дзе тое “нова” спалучаецца з “ціха” і з “ч”? Не прэтэндуючы на ісціну ў апошняй інстанцыі (усё ж паходзіць прозвішча, і гэта абсалютна відавочна, ад імя Ціхан, астатняе — за даволі распаўсюджаным суфіксам), паспрабуем спалучыць імя, разбітае на аскепкі, з адметнай ціхановічаўскай “формулай” жыцця і мастацтва, закладзенай дзесьці на падсвядомым узроўні.

“Ціха” — слоўца няпростае, яно бы своеасаблівы “сінонім” дэмакратычнасці, добразычлівасці, якія былі ўласцівыя Аляксандру заўжды. Пры тым, што ён быў Леў паводле гараскопу, ніколі не паводзіў сябе гэткім “царом-імператарам”, ва ўсе “поры года” чалавечага ўзросту захоўваючы імідж (дададзім, і адпаведны яму ўнутраны стан) “свойскага хлопца”. Ягоныя праекты, вядома, суправаджаліся рэкламай, але ніколі з яго боку не “зашкальвалі” наўмысным “накручваннем” ступені гучнасці ў СМІ. А ў параўнанні з некаторымі (асабліва з тымі, што не маглі б пахваліцца нейкімі мастацкімі якасцямі — хіба добрым піярам) — увогуле праходзілі “ціха”.

А яшчэ тое слоўца, бы насуперак усім законам, складаецца як быццам з двух: “ці” — спасылка на амбівалентнасць, “ха” — сімвал адчайнасці, умення рызыкаваць, уражання нейкай бесшабашнасці. Ці ж не ўласціва было ўсё гэта Ціхановічу? Нават у тэмбры голасу спалучалася неспалучальнае: кранальная мяккасць, нейкая ахінальная аксамітнасць — і адметная хрыпатца, якая зноў-такі асацыявалася са “свойскасцю”, дэмакратычнасцю. Дый выбар інструментаў: у дзяцінстве і юнацтве — труба, у сталай творчасці — гітара.

Што ж да часткі “нові”, дык асабіста для мяне яна зусім не выпадкова неяк перагукаецца з назвай гурта “Navi”, які сёлета будзе прадстаўляць нашу краіну на “Еўрабачанні”. Як бы там у свой час ні гулі-гудзелі-гаманілі, Аляксандр Ціхановіч больш, чым хто іншы, зрабіў для папулярызацыі айчынных адбораў на “Еўрабачанне”, і не толькі ў нашай краіне, але і ў замежжы. Можна прасачыць і пэўную лінію пераемнасці ад колішняга тэлеконкурсу “Зорны дыліжанс” да “Еўрафэсту”: Аляксандр Ціхановіч заўсёды падтрымліваў творчую моладзь і ўсё тое новае, што з’яўлялася на нашай эстрадзе. Галоўным вынікам на гэтай ніве стала дзейнасць адкрытых ім з жонкай Ядвігай Паплаўскай спачатку Тэатра песні, а потым Прадзюсарскага цэнтра і студыі.

А сам спеўны дуэт? Немагчыма ўявіць побач з Ядзяй нейкага іншага саліста. І справа зусім не ў сугучнасці галасоў, а ў гарманічнасці душ, такіх непадобных адна да адной. У кожнай іх сумеснай песні была безліч найтонкіх псіхалагічных дэталяў — сапраўдны “энцыклапедычны даведнік” вельмі цёплага, нейкага “ўтульнага” кахання, сямейных каштоўнасцяў, саюза “правільнай дзяўчынкі” і “вечнага хулігана”, якога толькі яна можа ператварыць у “яршыстага анёла”.

Эстрадныя дуэты, ужо ў сілу спецыфікі жанру, вельмі часта трымаюцца на кантрасце, непадобнасці, нават у той ці іншай меры выяўленай канфліктнасці: менавіта гэтыя рысы становяцца разыначкай, рухавіком развіцця і залогам запамінальнасці пары. Лірычныя ж “дуэты згоды” звычайна вельмі падобныя, ледзь не ўсе — на адзін твар, нягледзячы на тое, што многія такія “мінікалектывы” складаюцца дзеля адной-дзвюх песень. А тут — грацыёзны песенны “шматтомнік-шматтоннік”, які не надакучвае, а штораз раскрывае нейкія новыя падрабязнасці псіхалогіі ўзаемаадносін.

Такімі ж былі і песні, музыка якіх належала самому Ціхановічу: простыя — ды не спрошчаныя. Дэмакратычныя. Сардэчныя. Добрыя.

І раптам, у той самы момант, калі складнікі “ціха” і “нові” пасябравалі, здавалася б, назаўжды, надышоў час “Ч”… Але засталіся песні, справы, пачынанні, якія жывуць сваім жыццём, — і гэта галоўнае.

Надзея БУНЦЭВІЧ

З пошты "К"

Аляксандру Цiхановiчу (светламу чалавеку, музыканту, спеваку)

 

Я нясцерпны боль i жаль

Усiм сэрцам адчуваю.

У акіяне слёзных хваль

Сябе цалкам акунаю.


Аляксандр сябрам быў,

З рэдкай шчодраю душою.

Дзетак i жыццё любiў,

Чараваў нас дабрынёю.


Пранiкнёных песень шмат

Спеў з Ядзвiгаю пяшчотна,

Стаў для кожнага як брат…

Цяжка без яго, сумотна.


Горач з вуснаў не знiкне

З асалодай траў дзяцiнства.

А “Малiнаўка” iмкне

Да малiтвы i адзiнства.


Ты з нябёсаў будзеш пець,

Лiць святло i песцiць вуха.

І, на дзiва, будзе грэць

Светлы смутак — “Завiруха”.

 

Пётр ПЕЧАНЬКОЎ, мастак

27 студзеня 2017 года

Магiлёў

 

Калектыў Вялікага тэатра Беларусі выказвае шчырыя спачуванні родным, блізкім і калегам з прычыны смерці таленавітага эстраднага спевака, цудоўнага чалавека, народнага артыста Беларусі Аляксандра ЦІХАНОВІЧА.

 

Работнікі культуры Валожынскага раёна выказваюць шчырыя спачуванні Паплаўскай Ядвізе Канстанцінаўне і яе сям’і ў сувязі з напаткаўшым іх горам — заўчаснай смерцю мужа, бацькі і дзядулі.

 

Коллективы ГУО “Ивенецкая детская школа искусств” и ГУК “Ивенецкий Дом культуры” выражают искренние соболезнования Ядвиге Константиновне Поплавской, всем близким и родным в связи с постигшим их горем — смертью Александра Григорьевича ТИХАНОВИЧА. Скорбим и разделяем горечь тяжёлой утраты вместе с Вами.

 

Калектыў рэдакцыйна-выдавецкай установы "Культура і мастацтва" выказвае свае шчырыя спачуванні з прычыны сыходу з жыцця народнага артыста Беларусі Аляксандра ЦІХАНОВІЧА яго жонцы, спадарожніцы па жыцці і творчасці Ядвізе Канстанцінаўне Паплаўскай, дачцэ, унуку, блізкім, калегам і прыхільнікам артыста.


Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ, Аліны САЎЧАНКА, Сяргея ТРАФІЛАВА

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"
Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"