Прадпітчынг: ідэі новага кіно

№ 4 (1287) 28.01.2017 - 03.02.2017 г

Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь аб’яўляе аб працэдуры прадпітчынгу. Гэта азначае, што беларускія кінематаграфісты могуць папярэдне ў адкрытай форме абараніць творчыя ідэі кінапраектаў ці кінасцэнарыяў, якія мяркуецца ажыццявіць у 2017—2019 гадах пры дзяржаўнай падтрымцы. Разглядаюцца сцэнарыі ў ігравой, дакументальнай і анімацыйнай формах.

Мэта прадпітчынгу — загадзя вызначыць шэраг перспектыўных сацыяльна значных тэм і творчых ідэй для фільмаў. Аўтарам будучых стужак Міністэрства паспрыяе ў пошуку прадзюсараў для рэалізацыі творчай задумы. Да ўдзелу ў працэдуры запрашаюцца грамадзяне Рэспублікі Беларусь, што з’яўляюцца аўтарамі кінасцэнарыяў, рэжысёрамі-пастаноўшчыкамі. Абавязковая ўмова — наяўнасць вышэйшай прафесійнай адукацыі і вопыт работы ў сферы кінематаграфіі.

Для ўдзелу ў прадпітчынгу трэба падаць заяўку на адрас Міністэрства. Форму можна знайсці на яго афіцыйным сайце — kultura.by. Разгляд і ацэнка творчых ідэй праводзяцца ў форме адкрытай абароны перад экспертнай камісіяй. Яна складаецца з членаў Савета вытворцаў фільмаў (прадзюсараў) пры Міністэрстве культуры, прадстаўнікоў кінапракатных і тэлерадыёвяшчальных арганізацый, кінакрытыкаў, кінаведаў, іншых спецыялістаў з вобласці кінематаграфіі і тэлебачання.

Заяўкі прымаюцца да 31 студзеня 2017 года таксама на адрас Мінкультуры. Сама працэдура адбудзецца ў перыяд з 1 па 15 лютага.

Заяўленыя наступныя тэматычныя кірункі для фільмаў у ігравой форме: “Гісторыя Беларусі”, “1155-годдзе Полацка” (2017 г.), “950-годдзе Мінска” (2017 г.), “500-годдзе беларускага кнігадрукавання” (2017 г.), “Міфы і легенды беларускага народа”, “205-годдзе вайны 1812 года” (2017 г.), “100-годдзе заканчэння Першай сусветнай вайны” (2018 г.), “100-годзе Узброеных Сіл Беларусі” (2018 г.), “30-годдзе вываду савецкіх войскаў з Афганістана” (2019 г.), “100-годдзе ўтварэння БССР”, “75-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў (2019 г.) і 75-годдзе заканчэння Вялікай Айчыннай вайны (2020 г.)”, “910-годдзе Грунвальдскай бітвы” (2020 г.), “670-годдзе з дня нараджэння князя Вітаўта” (2020 г.), “Духоўнасць, асветніцтва, культура на беларускай зямлі”, “Пантэон нацыянальных герояў” (гісторыка-біяграфічныя фільмы), “Найноўшая гісторыя Беларусі” (да 30-годдзя прыняцця Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце БССР) (2020 г.), “Экранізацыя твораў класікаў беларускай і сусветнай літаратуры”, “Праблемы пакалення, што падрастае”, “Беларуская навагодняя гісторыя для дзіцячага і сямейнага прагляду”, “Камедыя для сямейнага прагляду”, “Меладрама пра ўзаемаадносіны бацькоў і дзяцей у шматдзетных, прыёмных, няпоўных сем’ях, усынавіцеляў і ўсыноўленых”, “Моладзевая камедыя”, “Героіка-патрыятычны вострасюжэтны фільм”, “Фільм (зборнік кінанавэл) пра Мінск і мінчан”, “Фільм (зборнік кінанавэл) пра жыццё рэгіёнаў Беларусі”.

Што тычыцца фільмаў у неігравой форме, то дзяржавай запатрабаваны тэмы: “1155-годдзе Полацка”, “950-годдзе Мінска”, “205-годдзе вайны 1812 года”, “100-годдзе Кастрычніцкай рэвалюцыі”, “100-годдзе заканчэння Першай сусветнай вайны”, “100-годдзе Узброеных Сіл Беларусі”, “100-годдзе ўтварэння БССР”, “75-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і 75-годдзе заканчэння Вялікай Айчыннай вайны”, “Найноўшая гісторыя Беларусі”, “2017 — Год навукі ў Беларусі”, “Сям’я і дзеці ў Беларусі”, “Беларускія спартсмены”, “Жыццё рабочага класа”, “Моладзь Беларусі”, “Беларуска-малдаўскія сувязі (да гадавіны ўстанаўлення дыпламатычных зносін)”, “100-годдзе творчага аб’яднання УНОВІС” (2020 г.), “130-годдзе Марка Шагала” (2017 г.), “145-годдзе Вітольда Бялыніцкага-Бірулі” (2017 г.), “95-годдзе Міхаіла Савіцкага” (2017 г.), “105-годдзе Максіма Танка” (2017 г.), “100-годдзе Пімена Панчанкі” (2017 г.), іміджавыя ролікі (у анімацыйна-неігравой форме) “Беларусь такая!” для прэзентацыі турыстычнага патэнцыялу Беларусі (прырода, людзі, нораў і звычкі, ежа, адпачынак, славутасці ды іншае).

Анімацыйная форма чакае прапаноў з ідэямі пра поўнаметражны анімацыйны фільм для сямейнага прагляду, пра гісторыю Беларусі для дзяцей, пазнавальныя і дыдактычныя гісторыі для дзяцей, прыгодніцкія фільмы для дзяцей, анімацыйныя фільмы для дарослага гледача.