Падтрымаць усё таленавітае

№ 4 (1287) 28.01.2017 - 03.02.2017 г

Днямі быў зацверджаны новы склад савета фонда Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы культуры і мастацтва. Загадам кіраўніка дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі старшынёй фонда прызначана народная артыстка Беларусі, адна з вядучых салістак Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі Ніна Шарубіна.

— Для мяне гэта прызначэнне было нечаканасцю, — прызналася Ніна Шарубіна. — Я пакуль не гатова агучыць нейкія канкрэтныя захады са свайго боку, як менавіта будуць павышацца патрабаванні да адбору праектаў, да эфектыўнасці іх рэалізацыі. Пачала з таго, што ўважліва вывучаю новае Палажэнне аб фондзе, задачы, якія паставіў перад намі Кіраўнік дзяржавы. Магу сказаць адно: я і мае калегі — члены савета фонда — будзем вельмі ўважліва і адказна ставіцца да ўсіх заяўленых праектаў, дасланых прапаноў. Я праглядзела новы склад савета фонда, і мяне вельмі радуе, што там — скрозь вышэйшыя прафесіяналы сваёй справы, вельмі ўплывовыя прадстаўнікі розных сфер культуры і відаў мастацтва. Добра і тое, што сярод іх ёсць і новыя чальцы савета, і тыя, хто ўжо мае вопыт падобнай працы. Гэта дапаможа не “пачынаць усё з нуля”, а захоўваць і ўдасканальваць усё лепшае ў дзейнасці фонда, што было назапашана. Назаву хаця б некаторых чальцоў савета — і адразу стане зразумелы найвысокі прафесійны ўзровень, на якім будуць ацэньвацца заяўленыя культурныя праекты. Гэта народны артыст Беларусі, нязменны кіраўнік Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра нашай краіны, прафесар Міхаіл Фінберг, дырэктар Нацыянальнага цэнтра сучаснага мастацтва, мастацтвазнаўца Наталля Шаранговіч, дырэктар Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”, прэзідэнт Сусветнай асацыяцыі фестываляў (САФ) Аляксандр Сідарэнка, народны артыст Беларусі, кампазітар Васіль Раінчык, заслужаны дзеяч мастацтваў, рэжысёр Аляксандр Яфрэмаў, першы намеснік міністра культуры Беларусі Ірына Дрыга, дырэктар Мінскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў Юрый Ляйко і іншыя. Так што ўсё будзем вырашаць разам, сумесна, прыслухоўваючыся адно да аднаго.

Дадам, што наш тэатр у свой час неаднойчы атрымліваў гранты гэтага фонда на свае спектаклі. Падкрэслю таксама саму значнаць дзейнасці фонда. Яна неабходна, і такая падтрымка ўсяго лепшага ўздымае прэстыж не толькі нашай культуры, але і ўсёй краіны, нашай дзяржавы, якая клапоціцца пра нацыянальнае мастацтва.

Сярод новых чальцоў савета фонда Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы культуры і мастацтва — дырэктар Гродзенскага музычнага каледжа Аляксей Саладухін:

— Культура ва ўсё часы патрабуе дапамогі, і дзейнасць фонда — таму пацвярджэнне. Вельмі важна, што такая дапамога сыходзіць не толькі ад мецэнатаў, спонсараў, а менавіта ад самой дзяржавы, што падкрэслівае значнасць вылучаных і падтрыманых праектаў. Таму асабліва важна, каб рашэнні прымаліся прафесіяналамі ў розных галінах культуры і мастацтва, каб абіраліся папраўдзе лепшыя, найбольш яркія і значныя праекты, каб адсочваўся іх далейшы лёс — гэта і ёсць азначаная “эфектыўнасць рэалізацыі”.

Падкрэслю, што падобны фонд не адзіны ў краіне. Наша навучальная ўстанова наўпрост звязана з іншым — са спецыяльным фондам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. Так, у 2002 годзе мы атрымалі грант на прыдбанне музычных іструментаў — і купілі два вельмі добрыя раялі. Да таго ж, гэтым фондам былі адзначаны больш за 60 нашых самых адораных выхаванцаў, лаўрэатаў міжнародных конкурсаў. Такую ж падтрымку за гады існавання абодвух фондаў адчулі на сабе многія ды многія нашы ўстановы культуры і асобныя дзеячы. Так што новаму складу фонду па падтрымцы культуры і мастацтва ёсць на што раўняцца — і рабіць усё больш эфектыўныя захады, скіраваныя на далейшае развіццё нацыянальнай культуры.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"