Іліятрапіён для Мулявіна

№ 4 (1287) 28.01.2017 - 03.02.2017 г

У Дзяржаўным музеі гісторыі тэатральнай і музыкальнай культуры працуе цікавая выстава твораў Валянціны Маркавец-Бартлавай і Леаніда Бартлава, прысвечаная светлай памяці выдатнага Песняра зямлі беларускай Уладзіміра Мулявіна. Яна называецца “Іліятрапіён”, што ў перакладзе з лацінскага значыць “Сланечнік”. Менавіта гэты старажытны тэрмін — як сувымярэнне зямной чалавечай волі з воляй Божай — і стаў галоўным канцэптам экспазіцыі.

/i/content/pi/cult/622/13829/9-2.jpgАдразу скажу, што Бартлавых і Мулявіна доўгія гады (пачынаючы з 1975-га) звязвала моцнае сяброўства і творчае (па сумеснай рабоце з ансамблем “Песняры”), і чыста чалавечае, побытавае. Мастацкае афармленне мулявінскіх канцэртных праграм “Песня пра долю”, “Праз усю вайну”, “Гусляр” — гэта Леанід Эдуардавіч; шэраг яскравых нацыянальных сцэнічных касцюмаў для ансамбля — гэта Валянціна Пятроўна і яе сястра Галіна Маркавец-Крываблоцкая. Але ў экспазіцыі прадстаўлены толькі станковыя творы мастакоў: камерныя батыкі, габелены Бартлавай і жывапісныя (лірычныя пейзажныя матывы і марыны) — Бартлава. Аднак усе яны так ці інакш звязаны з духоўным і творчым нутром Мулявіна — Чалавека і Музыканта. У асноўным, жывапіс Леаніда створаны пасля яго наведвання святых мясцін, храмаў, манастыроў у Беларусі, Італіі, Ізраілі, на Салаўках, што, на погляд мастака, вельмі адпавядае ўнутранаму стану Песняра, асобы тонкай псіхафізічнай арганікі, якая ўспрымала свет і людзей як боскі падарунак, хаця людзі не заўсёды адказвалі яму тым жа.

А паглядзіце, як чароўныя дэкаратыўныя творы Валянціны ўпрыгожылі выставу, прыдалі ёй вельмі ёмкую і закончаную форму асабістага музычнага ўспрымання вобраза Мулявіна-Песняра. Вось, напрыклад, серыя батыкаў пад назвай “Элегія пачуццяў”, якая яскрава перадае радасць жыцця, перапоўненую пахам квітнеючых макаў, і боль сумных успамінаў, святло і адначасова нейкі ледзяны халадок, — цалкам навеяная мулявінскімі музычнымі шэдэўрамі. І як галоўны акорд экспазіцыі — габелен “Сланечнік”… Дарэчы, з усіх кветак і раслін Мулявіна прыцягвалі больш за іншых прадстаўнікоў флоры менавіта ружа (помніце яго знакамітую песню “Чырвоная ружа”?) і сланечнік — сімвал сонца, сімвал росквіту на зямлі і алегорыя шчаслівага жыцця…

Для Бартлавых Уладзімір Мулявін быў і застаецца той асобай, пра якую добра сказала Валянціна Пятроўна: “Гэта быў вялікі Чалавек і Музыкант ХХ стагоддзя, які не ўмеў дрэнна працаваць, не ўмеў здраджваць блізкаму, не ўмеў спакойна жыць і атрымліваць асалоду ад жыцця…” Затое, па словах Леаніда Эдуардавіча, “Мулявін сябраваў маўкліва і глыбока, асабіста мне з ім было заўсёды лёгка і свабодна…” І мне здаецца, што сённяшняя выстава якраз і напоўненая той мулявінскай цёплай атмасферай, якая заўсёды акружала ўсіх нас, тых, хто любіў і ведаў Уладзіміра Георгіевіча…

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"