Даследаваўся Случаск…

№ 4 (1287) 28.01.2017 - 03.02.2017 г

Аднаму са старажытных гарадоў Беларусі, Слуцку, летась споўнілася 900 гадоў. Першы ўспамін пра яго ў летапісе адносіцца да 1116 года і звязаны з драматычнымі для гэтага паселішча падзеямі: “В лето 6624 (1116) поиде Володимир (Манамах, князь кіеўскі), на Глеба (князя менскага). Глеб бо бяше воевал Дреговичи и Случеск пожег и не каяшеться о сем, ни покоряшеться”.

/i/content/pi/cult/622/13818/14-2.jpgГарадзішча сярэднявяковага Слуцка знаходзіцца сёння ў цэнтры сучаснага горада, у сутоцы рэк Бычок і Случы. Апошняя ўласна і дала назву гэтаму паселішчу. На сёння гэта пагорак вышынёю 5 — 6 метраў з памерамі пляцоўкі 80 на 100 метраў. У канцы ХІ — ХІІІ стагоддзі тут размяшчаўся дзядзінец летапіснага Случаска, у ХІV — ХVІІІ стагоддзях — Верхні замак Слуцка. У ХІХ стагоддзі тут быў узведзены Мікалаеўскі сабор, з-за чаго гэтая мясціна атрымала назву Саборная горка. У другой палове 30-х гадоў мінулага стагоддзя сабор быў узарваны і гэтае месца да пачатку 1950-х мела афіцыйную назву “Бязбожная горка” (цяпер называецца “Вялікая горка”).

Разведачныя раскопкі праводзіліся на дзядзінцы яшчэ ў 30-я гады мінулага стагоддзя Аляксандрам Ляўданскім і Сяргеем Дубінскім. Затым у канцы 50-х — пачатку 60-х Эдуардам Загарульскім і Пятром Лысенкам. У выніку гэтых даследаванняў была атрымана інфармацыя пра таўшчыню, склад і час утварэння культурнага пласта гарадзішча.

Археалагічныя раскопкі на гэтым помніку шырокаю плошчаю праводзіліся ў 1985 — 1986-м Леанідам Калядзінскім. Вывучалася пляцоўка гарадзішча і яго абарончы вал. Было ўстаноўлена, што абарончы вал слуцкага дзядзінца меў шырыню ў аснове каля 20 метраў і захаваўся на вышыню да 3 — 4 метраў, вяршыня вала была знівелявана яшчэ ў ХІХ стагоддзі. Раскопкамі былі ўдакладнены стратыграфія і храналогія культурных напластаванняў гарадзішча, атрыманы матэрыял па планіроўцы і забудове слуцкага дзядзінца ў ХІІ — ХІІІ стагоддзях, сабраны рэчавы матэрыял, які нясе інфармацыю пра гаспадарку, быт і ваенную справу насельніцтва Слуцка ХІІ  — ХІІІ стагоддзяў.

Таўшчыня культурных напластаванняў слуцкага гарадзішча дасягае каля чатырох метраў і ўтрымлівае матэрыялы ад ХІ да ХVІІ стагоддзяў. Культурны пласт гарадзішча вільготны і добра захоўвае рэчы арганічнага паходжання: вырабы з дрэва, косці і скуры, што стварае магчымасць атрымліваць значна больш інфармацыі пра жыццё і дзейнасць тагачаснага насельніцтва ў параўнанні з тымі помнікамі, дзе культурны пласт сухі і не захоўвае вырабаў з гэтай сыравіны. Раскопкамі 1985 — 1986 гадоў былі ўскрыты тры вулічныя маставыя, тры дзясяткі пабудоў жылога і гаспадарчага прызначэння, сярод якіх і кузня ХІІ стагоддзя. Сабраная колькасна вялікая калекцыя артэфактаў, сярод якіх чатыры шахматныя фігуры, адна з іх — кароль, знаходка адзіная такога кшталту на ўсёй прасторы Усходняй Еўропы. Адзначым, што гэтыя раскопкі мелі ахоўны, выратавальны характар і праводзіліся ў месцах, прызначаных для пракладкі інжынерных падземных камунікацый. Значная ж частка гарадзішча, на вялікі жаль, была знішчана будаўніцтвам тады новага Гарадскога дома культуры. Выяўлены ў час раскопак матэрыял быў перададзены затым у Слуцкі краязнаўчы музей. Захаванне перададзенага матэрыяла, на жаль, не было забяспечана належным чынам. У выніку чаго частка гэтай калекцыі папсавалася і загінула…

Сёлета, у сувязі з юбілеем горада, на дзядзінцы старажытнага Слуцка зноў пачаліся будаўнічыя работы. Яны былі звязаны з устаноўкаю помніка княгіні Анастасіі Слуцкай і пракладкай інжынерных падземных камунікацый да старога будынка Гарадскога дома культуры, у якім пасля рэканструкцыі будзе Палац шлюбу. Найбольш інфарматыўнымі аказаліся раскопкі, дзе планавалася пракладка інжынерных камунікацый. Тут, на плошчы амаль 60 квадратных метраў, пры таўшчыні культурных напластаванняў у чатыры метры, удалося прасачыць да пяці будаўнічых гарызонтаў ХІІ — ХІІІ стагоддзяў. Найбольш шчыльнай аказалася забудова чацвёртага будаўнічага гарызонта, які папярэдне можна аднесці да канца ХІІ стагоддзя. Тут ускрыта вулічная маставая з тоўстых сасновых плах, пакладзеных на дубовыя лагі, пад якімі ў сваю чаргу былі падведзены масіўныя дубовыя падкладкі. Шырыня вулічнай маставой была 2,8 метраў. Ускрыта яна раскопкамі на даўжыню каля трох метраў. На поўнач ад яе адкрыты дзве пабудовы плошчаю каля 8 квадратных метраў. Пабудовы сечаны з тонкага бярвення тэхнікай “у чашку”. Адна з гэтых пабудоў была прызначана ў тыя часы для ўтрымання жывёлы, другая — майстэрня ювеліра. Менавіта пра такое прызначэнне яе сведчаць адмысловыя знаходкі, выяўленыя ў ёй. Гэта ўпрыгажэнні, нарыхтоўкі да іх вырабу, адходы вытворчасці, сыравіна: кавалачкі срэбра і срэбнага дроту, тыгель для плаўкі каляровага металу. Сярод гатовай прадукцыі сустрэты срэбныя, медныя і алавяныя гузікі, пярсцёнкі, драбнюткія бляшкі, якія нашываліся на вопратку і галаўны ўбор. Асаблівую ўвагу прыцягваюць знаходкі трох срэбных колтаў, упрыгожванняў, якія падвешваліся да галаўнога жаночага ўбору каля скроняў на спецыяльных стужках. Колты па краях аздабляліся перлінным арнаментам, а пасярэдзіне мелі выяву фантастычнай істоты-цмока. Колты былі пакрыты тонкім слоем пазалоты. Майстра, які вырабляў гэтыя ўпрыгожванні, відаць, патраціў на гэтую работу нямала часу. У куце гэтай пабудовы была сабрана не адна жменя лучын, якімі асвятлялася паўзмрочнае памяшканне майстэрні.

Цікава, што майстра быў і паляўнічым. У пабудове знойдзены цэлы лук, а паблізу ад пабудовы і наканечнікі стрэлаў, адзін з якіх касцяны, што прызначаўся на дробную футравую жывёлу, другі — металічны — баявы. Сабрана вялікая калекцыя фрагментаў шкляных бранзалетаў: фіялетавых, сініх, блакітных, зялёных, жоўтых, карычневых. Ёсць шкляныя пацеркі і шкляныя скроневыя колцы. Усё гэта стварае магчымасць для рэканструкцыі аблічча тагачасных случанак. Адзначым, што знаходка ювелірнай майстэрні — з’ява ў археалогіі гарадоў Беларусі досыць рэдкая. Да гэтага ювелірная майстэрня ХІІ стагоддзя была вядома па раскопках Навагрудка.

На жаль, слуцкая ювелірная майстэрня ўскрыта толькі напалову. Другая яе частка ўходзіла ў сцяну раскопа, вывучыць яе сёлета не выпадала па шэрагу прычын. Існуе пільная неабходнасць даследаваць яе цалкам, каб атрымаць больш поўную навуковую інфармацыю пра гэтую ўнікальную па сваім прызначэнні пабудову. А выяўленыя падчас яе новых раскопак знаходкі будуць вабіць вока сваёй прыгажосцю.

Леанід КАЛЯДЗІНСКІ, старшы навуковы супрацоўнік Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, кандыдат гістарычных навук