Падсістэмы і кампаненты

№ 3 (1286) 21.01.2017 - 28.01.2017 г

Бібліятэка “Лабараторыі”
Працягваем “расцягваць на цытаты“ кніжку А. Макаравай, С. Майсейчук, І. Смарговіч “Тэхналогіі культурна-дасугавай дзейнасці“. Без належнай тэорыі якая практыка? За канкрэтнай думкай заўжды ідзе канкрэтны рух. Думайце і рухайцеся.

Тэхналогія — сістэма, што складаецца з узаемазвязаных падсістэм: арганізацыйнай (кіраванне, фінансаванне, штатны расклад, службовыя інструкцыі, наяўнасць аддзелаў, сектараў і гэтак далей), метадычнай (сцэнарыі, метадычныя рэкамендацыі, апісанне вопыту), рэжысёрскай (задумка, план рэпетыцый, прагон, паказ), псіхалагічнай (матывацыйная сфера, структура асобы наведвальніка, заснавальніка дасугу, сукупнасць стасункаў паміж супрацоўнікамі, прафесійная свядомасць, майстэрства спецыялістаў).

Асноўныя кампаненты тэхналогій: кагнітыўны, пазнавальны вопыт асобы (веды пра прыроду, грамадства, мысленне, тэхніку, спосабы дзейнасці); канкрэтна-практычны вопыт асобы (інтэлектуальныя і практычныя ўменні і навыкі); вопыт крэатыўнай дзейнасці асобы (гатоўнасць вырашаць праблемы новымі спосабамі); камунікатыўны вопыт (матывацыйна-каштоўнасныя і эмацыянальна-валявыя стаўленні асобы да свету, прыроды, грамадства).

Вядучыя этапы тэхналагічнага працэсу: аналіз абстаноўкі, фармулёўка мэты, планаванне праграмы, стварэнне праграмы (карэкціроўка мэты, рэпетыцыі), правядзенне праграмы, аналіз праведзенай праграмы.

Структура кожнай з тэхналогій уключае наступныя часткі: канцэптуальную (навуковае абгрунтаванне мэтазгоднасці), кантэкстуальную (дакладная ацэнка асаблівасцяў соцыума), змястоўную (спосаб дасягнення мяркуемага выніку), працэсуальную (падрабязная распрацоўка паслядоўнасці арганізацыйных дзей), вынікова-аналітычную (рэфлексіі з нагоды зробленага).

Аналіз тэарэтычных распрацовак дае падставу для вылучэння базавых тэхналагічных падсістэм культурна-дасугавай дзейнасці: рэкрэацыйных, камунікатыўных, гульнявых, інфармацыйна-адукацыйных, крэатыўна-творчых, відовішчных, анімацыйных і праектных тэхналогій.

Рэкрэацыя — не толькі прастора ці тэрыторыя для адпачынку, але і яго працэс.

Усе віды сацыяльна-культурнай дзейнасці — пазнаваўчая, пераўтваральная, каштоўнасна-арыентацыйная, культурна-творчая, камунікатыўная — раскрываюць складанасць і шматзначнасць зносін як сацыякультурнай з’явы.

Шырокае распаўсюджванне атрымалі ў практыцы дасугавай дзейнасці гульні, якія навучаюць (дыдактычныя, сюжэтна-дыдактычныя, імітацыйныя). У асобных даследаваннях вылучаюцца ўласна “дасугавыя“ гульні (забаўляльныя, святочна-карнавальныя, тэатральна-пастановачныя, народныя).

Адукацыйная дзейнасць у нашым выпадку — умоўна дастатковая ступень сацыялізаванасці і інкультураванасці індывіда ў грамадстве.

Масавае відовішча як тэатралізаваная дзея мае разнастайныя культурныя формы: свята, фестываль, шоу, карнавал, публічны рытуал, балаган, спартыўныя ды іншыя прадстаўленні. Для кожнай з форм характэрна свая спецыфіка, хоць істотнай якасцю застаецца гульнявая дзея.

Працяг будзе.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"