“Салонныя” ўмовы не даспадобы

№ 20 (838) 17.05.2008 - 23.05.2008 г

Рубрыка “Прэзентацыя” працягвае знаёміць чытачоў з удзельнікамі намінацыі “Фота” фестывалю “Млын моды”. Сёння прадстаўляем гомельскага фатографа Ірыну Юшкевіч, пераможцу конкурсу “Фота-арт-2007”.

 /i/content/pi/cult/161/1381/Salonnyja1.jpg
Ірына Юшкевіч.
Летась да Ірыны звярнулася маладая парыкмахер-візажыст з просьбай зрабіць якаснае партфоліо для ўдзелу ў “Млыне моды”. Ірыну адразу зацікавіў гэты фестываль, таму ў наступным годзе яна сама прыняла ў ім удзел, стаўшы адной з пераможцаў, якім выпала ўдача спаборнічаць у фінале.

Ірына прызнаецца, што выбрала фатаграфію як прафесію, хаця і не мае адпаведнай адукацыі: “Проста дзед-архітэктар выкладаў фатаграфію, бацька быў фатографам-аматарам”. Вось і Ірына стала актыўна займацца гэтай справай. Гамяльчане ведаюць Ірыну праз рэкламныя плакаты для гомельскіх магазінаў і прадпрыемстваў, многія замаўляюць ёй фотасесіі— ад звычайных сем’яў, якія пажадалі зрабіць мастацкія здымкі сваіх дзяцей на памяць, да прафесійных мадэлей, у тым ліку і навучэнцаў гомельскай дзіцячай школы мадэлей. “Да мяне часта звяртаюцца з просьбай зрабіць партфоліо, — кажа Ірына, — бо альбомы цяпер стараюцца ствараць не з саматужных здымкаў, а менавіта з прафесійных”.

Ірына ставіцца да працы крытычна, не называючы сваё фота высокапрафесійным. “Калі я ўбачыла якасць здымкаў іншых удзельнікаў “Млына моды”, партфоліо мадэлей, зробленыя ў Мінску, то спачатку нават здзівілася, што такіх вынікаў можна дасягнуць у нашых
 /i/content/pi/cult/161/1381/Salonnyja2.jpg
умовах. Потым жа зразумела: да гэтага ўзроўню мне ісці ды ісці. Я ўдзельнічаю ў многіх фотаконкурсах, знаёма з шэрагам гомельскіх фатографаў, аднак такой высокай якасці фота пакуль не сустракала”.

Нягледзячы на самакрытычнасць, Ірыну цэняць і ўжо неаднаразова запрашалі працаваць фатографам у гомельскія фотасалоны. Аднак яна не бачыць сябе ў “салонных” умовах. “Для мяне, — кажа Ірына, — важна пакінуць творчы след у гэтай справе, не хачу працаваць “на паток”. У любое партфоліо я ўкладаю часцінку сябе, выкарыстоўваю творчы падыход. Нават калі раблю звычайны партрэт, то кажу кліенту: маўляў, не чакайце, што я націсну на спуск, і вы пойдзеце са здымкам у руцэ, — мы з вамі патрацім крыху больш часу, але ў выніку атрымаем ці не самы лепшы кадр у вашым жыцці. Канешне, працуючы ў фотасалоне, на такі падыход прыйдзецца забыццца. Таму лепш быць вольным фотамастаком, чым рабіць мёртвыя кадры”.

Святлана ЖУРАЎСКАЯ