Вакол Нацыянальнай тэатральнай...

№ 3 (1286) 21.01.2017 - 28.01.2017 г

У Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў пры ўдзеле першага намесніка міністра культуры Рэспублікі Беларусь Ірыны Дрыга адбыўся круглы стол на тэму “Нацыянальная тэатральная прэмія: вопыт і перспектывы развіцця”. Рэжысёраў, мастакоў і дырэктараў вядучых беларускіх тэатраў, вядомых крытыкаў і педагогаў сабралі ў канферэнц-зале, каб абмеркаваць арганізацыйны і творчы вопыт у правядзенні рэспубліканскага конкурсу тэатральнага мастацтва з улікам развіцця беларускай драматургіі, рэжысёрскага і музычнага мастацтва, акцёрскага майстэрства, сцэнаграфіі, тэатральнай крытыкі і менеджменту, іншых складнікаў тэатральнай культуры ва ўмовах сённяшняй рэчаіснасці.

/i/content/pi/cult/621/13804/2-1.jpg

Падчас пасяджэння круглага стала. / Фота Аліны САЎЧАНКА

Першы намеснік міністра культуры прыгадала леташні розгалас у прэсе наконт арганізацыі і правядзення Прэміі і заверыла, што ёсць час яшчэ раз выслухаць прапановы, абмеркаваць іх і, магчыма, скарэкціраваць палажэнне, якое выклікала так многа спрэчак. “Мы знарок адцягнулі яго правядзенне па часе ад фінальных мерапрыемстваў Нацыянальнай тэатральнай прэміі, каб улягліся першыя ўражанні і выкрышталізаваліся нейкія вынікі. Калі гэты конкурс засноўвалі, то ставілася мэта развіцця і папулярызацыі лепшых дасягненняў айчыннага тэатральнага мастацтва, далучэння да іх шырокіх слаёў грамадства, павышэння прафесійнага майстэрства ўдзельнікаў конкурсу. Дык ці садзейнічае Прэмія ў сённяшнім фармаце дасягненню гэтых мэтаў?” — задала пытанне ўсім прысутным спадарыня Дрыга.

Па меркаванні доктара мастацтвазнаўства, прафесара, галоўнага навуковага супрацоўніка Навукова-даследчага аддзела БДАМ Рычарда Смольскага, “узровень Прэміі даволі прыстойны, але не больш за тое”. Па словах дырэктара Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Максіма Горкага Эдуарда Герасімовіча, конкурс ажывіцца, калі арганізатары вызначацца з ацэначным крытэрыем сістэмы, бо Прэмія “першапачаткова была крыху недапрацавана”. Многія зазначалі, што не стае пастаяннай дырэкцыі, якая з году ў год і на працягу міжфэставага перыяду займалася б усімі арганізатарскімі пытаннямі. У прыклад прыводзілі працу Мінскага міжнароднага фестывалю “Лістапад”, Міжнароднага фестывалю тэатральнага мастацтва “ТэАРТ”. Як зазначыў спадар Герасімовіч: “Трэба выдаткаваць хаця б тры штатныя адзінкі для адмысловай дырэкцыі. На ёй ляжыць вельмі вялікая адказнасць, аднак усё адразу стане на прафесійныя рэйкі”.

У адказ Ірына Дрыга зазначыла: “Над усімі дзяржаўнымі арганізацыямі вісіць пытанне аптымізацыі, таму наўрад ці атрымаецца стварыць дырэкцыю як асобную юрыдычную асобу”. Магчымае выйсце — з’яўленне моцнага прыватнага партнёра, які дапаможа з фінансаваннем. Аднак пакуль у Нацыянальнай тэатральнай прэміі такога саўдзельніка няма…

Генеральны дырэктар Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы Павел Палякоў сярод іншага прапанаваў штораз мяняць галоўную пляцоўку правядзення форуму, каб у кожнага тэатральнага калектыву была магчымасць ажыццявіць свае ідэі падчас арганізацыі ўрачыстай цырымоніі адкрыцця і закрыцця.

Ён таксама ўзгадаў сістэму акадэмікаў, калі пераможцаў выбіралі больш за сотню выбітных дзеячаў нацыянальнага мастацтва — гендырэктару яна падаецца больш аб’ектыўнай. І сапраўды, за дзве з паловай гадзіны гучала шмат нараканняў на працу адборачных камісій, гаварылі пра непразрыстасць іх дзейнасці, пра неабходнасць усё ж глядзець спектаклі жыўцом, а не па відэазапісах, у якіх усё залежыць не ад узроўню самой пастаноўкі, а ад якасці здымак і дакладнасці працы аператара. Кіраўнік Цэнтра беларускай драматургіі Аляксандр Марчанка прапанаваў звярнуцца да куратарскай сістэмы, калі за прапанаваны на конкурс спектакль куратар адказвае сваім імем.

Шмат гаварылася і пра неабходнасць пашырыць спіс намінацый. Прасілі вярнуць не толькі намінацыі за лепшую рэжысуру, лепшую сцэнаграфію і лепшы дэбют, якія летась сталі сапраўдным каменем сутыкнення, але і ўвесці намінацыі за тэатральную крытыку, спектаклі малой формы, музычнае афармленне. Першы намеснік міністра культуры паабяцала, што міністэрства зоймецца гэтым пытаннем: “Мы яго распрацуем, выкладзем на паперы і перададзім для разгляду, унясення прапаноў, для сумеснага абмеркавання ў больш шырокім коле, каб прысутнічалі крытыкі, выкладчыкі і ў большай ступені корпус дырэктараў і мастацкіх кіраўнікоў тэатраў — у тым ліку і з рэгіёнаў. Хочацца, каб прапановы былі кансалідаваны”.

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"