Заканадаўчыя карэктывы ў сферы культуры

№ 3 (1286) 21.01.2017 - 28.01.2017 г

Згодна з Кодэксам аб культуры Рэспублікі Беларусь, фільмы, якія плануюць дэманстравацца на тэрыторыі краіны, павінны прайсці працэдуру класіфікацыі. Класіфікацыя прадстаўляе суаднясенне фільма ў залежнасці ад яго жанру, тэматыкі, зместу і мастацкага афармлення да пэўнай узроставай катэгорыі. З індэксавымі суаднясеннямі ўжо можна пазнаёміцца на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.

Выдачай рашэнняў аб класіфікацыі кіно бясплатна будзе займацца Інстытут культуры Беларусі, паведамляе БелТА. Гэта прадугледжана пастановай Савета Міністраў №21 “Аб ажыццяўленні асобных адміністрацыйных працэдур у сферы культуры” ад 12 студзеня 2017 года. Апошняя пастанова замацоўвае і карэктуе шэраг пастаноў Саўміна, прынятых да Кодэкса аб культуры.

Зараз замест адміністрацыйнай працэдуры “Дзяржаўнай рэгістрацыі фільма і выдачы дзяржаўнага рэгістрацыйнага пасведчання на фільм” трэба будзе звяртацца за выдачай рашэння аб класіфікацыі. Інстытут культуры Беларусі будзе ажыццяўляць гэта бестэрмінова за 5 каляндарных дзён. У выпадку неабходнасці направіць стужку ў Рэспубліканскую экспертную камісію па прадухіленні прапаганды парнаграфіі, гвалту і жорсткасці ці Рэспубліканскай экспертнай камісіі па ацэнцы інфармацыйнай прадукцыі на наяўнасць (адсутнасць) прыкмет экстрэмізму працэс зойме да 30 каляндарных дзён.

Пытаннямі дазволу на эксплуатацыю кіназалы і кінаабсталявання, згодна пастанове, будуць займацца раённыя (гарадскія) выканкамы. Рашэнні таксама будуць выдавацца бясплатна на тэрмін 5 гадоў.

Пастанова Савета Міністраў №21 таксама ахапіла галіну археалогіі. Цяпер горадабудаўнічыя праекты, якія ўключаюць звесткі аб археалагічных аб’ектах (за выключэннем помнікаў археалогіі), трэба будзе ўзгадняць з Нацыянальнай акадэміяй навук. Помнікі археалогіі застаюцца пад аховай Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь.